Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка на Канферэнцыі АБСЕ распавёў пра «барацьбу з экстрэмізмам» у Беларусі

04 October 2022, 7:55 AM
Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка на Канферэнцыі АБСЕ распавёў пра «барацьбу з экстрэмізмам» у Беларусі

На сайд-івэнце Канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні праваабаронцы з Казахстана, Расіі і Беларусі абмеркавалі, як абараніць свабоду выказвання меркаванняў у сваіх дзяржавах у сучасных варунках. У гэтых краінах улады выкарыстоўваюць падобныя інструменты дзеля барацьбы з іншадумцамі, прыкрываючыся "барацьбой з экстрэмізмам". Свабода выказвання меркаванняў, незалежная журналістыка і доступ да аб'ектыўнай інфармацыі аказаліся пад беспрэцэндэнтна высокім ціскам з боку ўладаў гэтых краін. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавёў пра "барацьбу з экстрэмізмам" і рэпрэсіі ў Беларусі, прывёў актуальную статыстыку і даў рэкамендацыі, у тым ліку, АБСЕ.

Павел Сапелка на Канферэнцыі АБСЕ, 2022 год

"У сярэдзіне 2021 года ў заканадаўства Беларусі, якое рэгулюе барацьбу з экстрэмізмам, былі занесены змены. Мы, праваабаронцы, крытыкавалі падыход заканадаўцы, але гэта была рыторыка экспертаў для экспертаў — хоць і пераканаўчая, але з рознымі дапушчэннямі. Мы абавязкова агаворваліся — не, мы не супраць барацьбы з сапраўдным экстрэмізмам, ксенафобіяй, неанацызмам. Чаго нам бракавала — гэта сказаць пра наступствы: мы казалі пра магчымыя і чаканыя. Напрыклад пра тое, што ўсе людзі, асуджаныя за экстрэмісцкую дзейнасць, трапяць у спецыяльны спіс і будуць пазбаўленыя пэўных правоў на тэрмін асуджанасці і яшчэ пяць гадоў пасля яе пагашэння", — адзначыў Павел Сапелка.

Праваабаронца звярнуў ўвагу на тое, што асноўная частка грамадзян, уключаных у "Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян ці асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці", — гэта тыя, хто пераследуюцца за рэалізацыю свабоды выказванняў. Цяпер там 506 чалавек.

У Крымінальным кодэксе Беларусі існуе пяць складаў злачынстваў, якія маюць у дыспазіцыі паняцце "экстрэмізм". На канец верасня 2022 года, паводле звестак Праваабарончага цэнтра "Вясна" з гэтага Пераліку за стварэнне ці ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні" асуджаны 29 чалавек, за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" — 16 чалавек.

У Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, цяпер уключаны 91 суб'ект. Першае "экстрэмісцкае фармаванне" было прызнана 18 кастрычніка 2021 года. Цяпер у Беларусі, згодна з рашэннем КДБ, "экстрэмісцкімі фармаваннямі" прызнаны шэраг незалежных СМІ: "БелаПАН", "БЕЛСАТ", "Наша Ніва", "Радыё Свабода", "Еўрарадыё", "Хартыя-97", рэгіянальныя сеткавыя выданні і тэлеграм-каналы. Павел Сапелка зважае, што падставы ўключэння, напрыклад, "БелаПАН", не названы. Публічнае абгрунтаванне прынятага рашэння гучыць так: "Група грамадзян з ліку супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва ЗАТ "БелаПАН" ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць".

Праваабаронца таксама звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі асудзілі ўжо трох чалавек, якія хацелі ваяваць у якасці добраахвотнікаў на баку Украіны. Паводле звестак "Вясны", за стварэнне і ўдзел у экстрэмісцкіх арганізацыях былі асуджаны 13 чалавек, за заклікі да санкцый — 10, за абразу прадстаўніка ўлады — 175, за абразу Лукашэнкі — 68, за паклёп на Лукашэнку — 13.

Павел Сапелка на Канферэнцыі АБСЕ, 2022 год

"Парушэнні свабоды слова трэба разглядаць у кантэксце грамадска-палітычных падзей, з улікам глыбокага крызісу правасуддзя, бесперапынных распаўсюджаных парушэнняў прынцыпаў справядлівага суда.

АБСЕ трэба звяртаць увагу урадаў на недапушчальнасць выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў мэтах задушэння свабоды выказвання меркаванняў, пераследу незалежных СМІ", — адзначыў праваабаронца.

Павел Сапелка паўтарыў рэкамендацыі ўраду Беларусі, якія праваабаронцы адзначалі яшчэ некалькі гадоў таму: перагледзець заканадаўства і практыку ўжывання антыэкстрэмісцкага заканадаўства.

Таксама праваабаронца адзначыў, што ўрадам дэмакратычных дзяржаў трэба перагледзець наяўныя шматбаковыя і двухбаковыя дамовы з Беларуссю і іншымі недэмакратычнымі дзяржавамі з тым, каб пераслед за ажыццяўленне правоў і свабод не рабіўся падставай для абмежавання правоў гэтых людзей на тэрыторыі іншых дзяржаў, а тым больш — выдачы для крымінальнага пераследу.

Экспертка расійскага Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра "Сава", кіраўніца аддзела "Неправамерны антыэкстрэмізм" Марыя Краўчанка выказала словы падтрымкі і салідарнасці беларускім праваабаронцам, якія раней займаліся тэмай "экстрэмізму" і цяпер утрымліваюцца ў месцах няволі, — Валянціну Стэфановічу і Насце Лойцы.

Арыгінальны артыкул на сайце ПЦ "Вясна"

See more news

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 October 2024, 12:41 PM
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 September 2024, 9:51 AM
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 September 2024, 3:30 PM
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 September 2024, 4:40 PM
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці