20 лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў указы "Аб прызначэнні выбараў дэпутатаў" і "Аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь". Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і ў мясцовыя саветы дэпутатаў пройдуць у адзіны дзень галасавання — 25 лютага 2024 года. 21 лістапада Цэнтрвыбаркам, пасаду старшыні якога цяпер займае Ігар Карпенка, правёў першае пасяджэнне. У гэты ж час кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвясціла пра пачатак працы экспертнай місіі па назіранні і маніторынгу выбараў.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае, што важнага было вызначана і заяўлена падчас першага пасяджэння ЦВК.
Першае пасяджэнне ЦВК 21 лістапада 2023 года. Крыніца: BELTA
Падчас першага пасяджэння Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі 21 лістапада 2023 года традыцыйна былі прыняты пастановы па растлумачэнні нормаў Выбарчага заканадаўства, якія тычацца падрыхтоўкі і правядзення адзінага дня галасавання, а таксама каляндарныя планы арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў і членаў Савета Рэспублікі. Агулам на парадку дня было 19 пытанняў.
Як піша sb.by, быў прыняты каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года. Ён змяшчае восем раздзелаў, кожны з якіх адлюстроўвае адпаведныя паслядоўныя этапы правядзення выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання і змяшчае канкрэтныя тэрміны фарміравання тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій, участкаў для галасавання, участковых выбарчых камісій.
У адпаведнасці з планам, не пазней за 11 снежня павінны быць сфарміраваны тэрытарыяльныя акруговыя выбарчыя камісіі. Не пазней за 10 студзеня 2024 года неабходна ўтварыць участкі для галасавання. З 17 снежня 2023 года па 15 студзеня 2024 года пройдзе вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Не пазней за 25 студзеня 2024 года прадугледжана ўтварэнне ўчастковых выбарчых камісій, 16-30 студзеня 2024 года адбудзецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. Як чакаецца, 9 лютага 2024 года будуць прадастаўлены спісы грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах для азнаямлення. У перыяд з 31 студзеня па 24 лютага 2024 года можа праводзіцца перадвыбарная агітацыя. Датэрмінова прагаласаваць можна будзе з 20 па 24 лютага 2024 года. 25 лютага адбудзецца адзіны дзень галасавання.
Перад пасяджэннем ЦВК Ігар Карпенка заявіў праўладным журналістам, што "ЦВК адкрыты для працы з усімі ўдзельнікамі выбарчай кампаніі". Ён паведаміў, што 24 лістапада Цэнтрвыбаркам плануем правесці сустрэчу з палітычнымі партыямі і структурамі грамадзянскай супольнасці:
"Дзе дадзім тлумачэнні навацыям заканадаўства, на што трэба звярнуць увагу структурам палітычных партый і грамадзянскай супольнасці пры падрыхтоўцы свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі".
Таксама Карпенка адзначыў, што "спакойна ставіцца да партыйнай актыўнасці напярэдадні адзінага дня галасавання":
"Партыі — не адзіны суб'ект, які можа вылучаць кандыдатаў у дэпутаты і аказваць садзейнічанне ў барацьбе за дэпутацкі мандат. Вылучаць могуць грамадзяне шляхам збору подпісаў — адпаведная ініцыятыўная група адразу пасля фармавання тэрытарыяльных акруговых камісій можа быць зарэгістраваная. І пачнецца збор подпісаў, хутчэй за ўсё, пікеты, падваровыя і пакватэрныя абыходы. Ну і працоўныя калектывы ніхто не выключаў з патэнцыйных удзельнікаў электаральнай кампаніі: яны таксама могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў у якасці кандыдатаў у дэпутаты".
Пры гэтым, нагадаем, што пасля прэзідэнцкіх выбараў і акцый пратэсту супраць іх вынікаў у 2020 годзе дзеючая ўлада пачала з рэпрэсіямі супраць яе ўдзельнікаў пачала масавую "зачыстку" грамадзянскага сектара, ліквідаваў сотні зарэгістраваных у Беларусі грамадскіх аб'яднанняў, фондаў, недзяржаўных устаноў, прафесійных саюзаў, апазіцыйных палітычных партый, рэлігійных арганізацый. Па дадзеных Lawtrend, у Беларусі па стане на канец кастрычніка 2023 года былі ліквідаваныя не менш за 1457 інстытуцыяналізаваных формаў некамерцыйных арганізацый (грамадскіх аб'яднанняў, прафесійных саюзаў, палітычных партый, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, рэлігійных арганізацый). З 15 палітычных партый было ліквідавана 12 (і зарэгістравана новая праўладная партыя – "Белая Русь"). У Беларусі афіцыйна засталіся толькі чатыры праўладныя партыі – астатнія ліквідавалі. Працэс па "зачыстцы" грамадзянскага сектара працягваецца і па сёння, адзначаюць праваабаронцы.
Пры гэтым, 20 лістапада былы старшыня ліквідаванай партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук ужо заявіў у сацыяльных сетках пра сваё рашэнне ўдзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі, разумеючы, што "ў краіне няма сумленных свабодных выбараў", "галасы ніхто не лічыць", а "за палітычную дзейнасць можна трапіць у турму".
Першае пасяджэнне ЦВК 21 лістапада 2023 года. Крыніца: sb.by
Як заявіў старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка, у працы выбарчых камісій падчас электаральнай кампаніі 2024 года будзе задзейнічана больш за 70 тысяч чалавек. Паводле яго, агулам будзе сфарміравана каля сямі тысяч камісій. Каштарысам вызначана фінансаванне 5515 участковых выбарчых камісій, 110 акруговых выбарчых камісій, 1284 тэрытарыяльных камісій і Цэнтральнай камісіі.
"Раней мы публікавалі спіс усіх гэтых грамадзян з іх персанальнымі дадзенымі. Але, як гаворыцца, хацелі ж узяць прыклад з дэмакратычных дзяржаў і паказаць, што ў нас адкрытая сістэма. А ў выніку атрымалі булінг, цкаванне гэтых людзей", — сказаў Карпенка, патлумачыўшы гэта абаронай людзей, якія ўвойдуць у склады камісій.
"Гэта не значыць, што сябры камісіі будуць безназоўным. Калі вы захочаце звярнуцца да старшыні камісіі, ён прадставіцца, калі ў вас ёсць нейкія пытанні і гэтак далей, ён дасць усе неабходныя тлумачэнні. А па вялікім рахунку гэтая інфармацыя для радавога выбаршчыка абсалютна не патрэбна, таму як выбаршчык выконвае сваю функцыю, а камісія — сваю, прадугледжаную заканадаўствам. Таму мы ў гэтым плане прымаем спробы, каб засцерагчы ўсіх тых людзей, якія задзейнічаны ў правядзенні выбараў".
Сёння заканадаўствам замацавана, што ўсе члены камісій знаходзяцца пад абаронай закона.
"Пэўную ролю тут будуць адыгрываць і праваахоўныя органы, якія будуць забяспечваць і грамадскі парадак, і бяспеку на ўчастках для галасавання", — сказаў Карпенка.
Ён нагадаў, што заканадаўства прадугледжвае адпаведную адказнасць для тых, хто паспрабуе нейкім чынам пагражаць членам камісіі, пішуць дзяржаўныя СМІ.
Па дадзеных Праваабарончага цэнтра "Вясна", паводле артыкула 191 Крымінальнага кодэкса (Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэферэндуме, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, альбо працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме) у 2020-2022 годзе было асуджана 15 чалавек. Такія справы ўдзбуджалі за распаўсюд і рассылку ўлётак з заклікам да сябраў выбарчых камісій лічыць галасы выбаршчыкаў сумленна, за раздрукоўку і захоўванне ўлётак з агітацыяй за "два крыжыкі" на бюлетэнях на рэферэндуме, ці за жарт у відэаблогу з заклікам "ісці піць гарбату" да Лідзіі Ярмошынай (экс-старшыні ЦВК), як гэта было ў выпадку Сяргея Ціханоўскага.
На Сяргея Ціханоўскага заведзена новая крымінальная справа – за перашкоду выбарам
Ігар Карпенка 21 лістапада заявіў, што пры падрыхтоўцы выбарчай кампаніі 2024 года ўжо адпрацаваны шэраг пытанняў з Міністэрствам унутраных справаў. У якасці прыкладаў такіх пытанняў ён прывёў пытанні, звязаныя з забеспячэннем грамадскага парадку.
"Але мы павінны разумець, што ў цэлым забеспячэнне бяспекі і грамадскага парадку ў перыяд такіх важных палітычных кампаній, якімі з'яўляюцца выбарчыя кампаніі, — гэта не толькі задача ЦВК, але і ўсіх датычных органаў дзяржаўнай улады. Гэтае пытанне мы абмяркоўвалі ў кіраўніка дзяржавы, ён знаходзіцца на кантролі і прэзідэнта, і праваахоўных органаў. Будзем старацца, каб усё прайшло спакойна і народ мог свабодна праявіць сваю актыўнасць і выказацца ў падтрымку тых ці іншых кандыдатаў", — адзначыў ён.
Нагадаем, толькі падчас датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах было затрымана не меней 86 незалежных назіральнікаў. У выніковай аналітычнай справаздачы па выніках назірання за выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 жніўня 2020 года "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначылі, што кампанія праходзіла ў беспрэцэдэнтнай атмасферы страху і запалохвання грамадства, на фоне рэпрэсій, якія пачаліся фактычна адразу пасля пачатку выбарчай кампаніі і не спыняліся на ўсіх яе этапах. У выніку гэтых рэпрэсій больш за тысячу грамадзян былі падвергнутыя адміністрацыйным затрыманням, сотні арыштаваныя альбо аштрафаваныя, у выніку распачатых крымінальных спраў 23 чалавекі, уключаючы непасрэдных удзельнікаў выбарчай кампаніі: сябраў ініцыятыўных груп, асоб вылучаных у якасці кандыдатаў, а таксама блогераў і ўдзельнікаў мірных акцый пратэстаў і пікетаў па зборы подпісаў.
Як заявіў старшыня ЦВК Ігар Карпенка перад пасяджэннем Цэнтральнай выбарчай камісіі, зменены тэрміны акрэдытацыі нацыянальных назіральнікаў на выбарах. Гэта адна са зменаў у гэтай выбарчай кампаніі.
"Сёння, калі ты мае намер удзельнічаць у назіранні за выбарамі ў той ці іншай камісіі, ты павінен працэс акрэдытацыі прайсці да пачатку датэрміновага галасавання. Гэта значыць з улікам таго, што датэрміновае галасаванне ў нас пачынаецца ў аўторак, 20 лютага 2024 года, то панядзелак, 19 лютага, - апошні дзень рэгістрацыі нацыянальных назіральнікаў для назірання ў той ці іншай камісіі", — сказаў Карпенка.
Таксама старшыня ЦВК адзначыў, што ўжо падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі, у якіх прапісаны ў тым ліку нюансы працы выбаршчыкаў на ўчастках. Паводле яго, такія новаўвядзенні былі прынятыя з меркаванняў зручнасці працы сябраў выбарчай камісіі.
Але, як звярнулі ўвагу прадстаўнікі і прадстаўніцы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", незалежнае назіранне ў створаных уладамі ўмовамі сёння ў Беларусі, амаль немагчыма.
"Пасля зачысткі арганізацый грамадзянскай супольнасці па сутнасці няма суб’ектаў, якія бы маглі накіроўваць назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі для галасавання. Узгаданыя рэпрэсіі стварылі атмасферу страху, якая будзе з’яўляцца стрымліваючым фактарам для ўдзелу ў выбарчай кампаніі актыўных грамадзян, як у якасці назіральнікаў, так і вылучэнцаў у дэпутаты. Ліквідацыя незалежных палітычных партый зробіць і без таго недэмакратычны характар працы выбарчых камісій, якія мы фіксавалі падчас мінулых маніторынгаў, увогуле закрытым. Грамадскасць не будзе ведаць, што там адбываецца. Раней, нагадаем, праца камісій была збольшага пад надглядам незалежных назіральнікаў, а таксама прадстаўнікоў апазіцыйных партый, якія былі прадстаўленыя ў камісіях, хоць мізернай колькасцю", — адзначаюць праваабаронцы.
Пра гэта старшыня ЦВК Беларусі заявіў праўладным журналістам:
"Напрыклад, вы ведаеце, што ў нас упершыню спісы выбаршчыкаў будуць фармавацца з улікам так званага рэгістра насельніцтва — гэта значыць мы адпрацавалі спецыяльную праграму, якая дасць нам выгрузку дадзеных выбаршчыкаў у разрэзе выбарчых участкаў".
Пры гэтым, беларусы і беларускі, якія знаходзіцца за мяжой, як і падчас рэферэндума не змогуць рэалізаваць сваё выбарчае права, бо не прадуглежваецца стварэнне замежных ўчастка для галасавання. Такая практыка ўпершыню адбылася падчас рэферэндума. Тады называлі некалькі прычын: эпідэмія каранавіруса, не хапае супрацоўнікаў, у некаторых пасольствах на ўліку стаіць занадта мала людзей. Цяпер паводле апошніх зменаў у Выбарчы кодэкс утварэнне ўчасткаў для галасавання за мяжой не прадугледжана. Правы на галасаванне пазбаўленыя беларусы і беларускі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Паводле ацэнак ПАРЕ, ад 200 да 500 тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць краіну ў выніку палітычных рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.
"У нас будзе экспертная місія". Праваабаронцы растлумачылі, як будуць ладзіць кампанію па маніторынгу выбараў
Заява аб пачатку экспертнай місіі па назіранні за выбарамі* ў Беларусі 25 лютага 2024 года