Суд пазбавіў Наталлю Мацкевіч ліцэнзіі і назваў гэта «магутным прафілактычным сродкам для іншых адвакатаў»

22 April 2022, 9:46 AM
Суд пазбавіў Наталлю Мацкевіч ліцэнзіі і назваў гэта «магутным прафілактычным сродкам для іншых адвакатаў»

11 сакавіка 2022 года суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Вольга Гусакова адмовіла ў задавальненні скаргі адвакаткі Наталлі Мацкевіч на выключэнне яе з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Мацкевіч была абаронцай Марфы Рабковай, Віктара Бабарыкі, Міколы Дзядка. Адхілілі Наталлю ад адвакацкай дзейнасці падчас слуханняў па справе супраць Сяргея Ціханоўскага — гэта адбылося незадоўга да спрэчак, а праз некалькі дзён Мацкевіч выключылі з калегіі, і судовы працэс працягваўся без яе.

"Вясна" апублікавала падрабязны рэпартаж з судовага працэсу.

Наталля МацкевічНаталля Мацкевіч

Што з'яўлялася падставай для пазбаўлення адвакаткі ліцэнзіі?

Нагадаем, што з 13 кастрычніка мінулага года загадам міністра юстыцыі Наталля Мацкевіч была адхіленая ад ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, а ў дачыненні да яе была распачатая дысцыплінарная вытворчасць. Фармальнай прычынай для пазбаўлення Наталлі Мацкевіч адвакацкага статусу паслужылі шэраг прэтэнзій міністэрства, што датычыліся абароны па справе Віктара Бабарыкі. Так, адной з нагодаў ужывання санкцыі сталася "парушэнне парадку пры вытворчасці следчых дзеянняў", якое выявілася ў перарыванні следчага падчас растлумачэння ім правоў і абавязкаў абвінавачанага 20 чэрвеня 2020 года, а таксама ў вядзенні размоваў з іншым адвакатам падчас вочнай стаўкі 7 ліпеня 2020 года. Іншай прычынай, на думку кіраўніцтва адвакатуры, паслужылі нібы "неэтычныя паводзіны ў судовым пасяджэнні па справе Бабарыкі В.Д. 9 красавіка 2021 года, якія выявіліся ў тым, што на рэпліку адваката Крыловіча М.К., які з'яўляўся адвакатам сведкі Герашчанкі А.А. і звярнуў увагу на тое, што сведка адказваў на пастаўленае пытанне, Мацкевіч Н.В. заявіла, што адвакат сведкі не ўпаўнаважаны пярэчыць супраць дзеянняў бакоў і прасіла суд растлумачыць адвакату сведкі ягоныя магчымасці ў дадзеным працэсе".

25 кастрычніка дысцыплінарная камісія МГКА прыняла рашэнне аб ужыванні ў дачыненні да яе дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе выключэння з калегіі адвакатаў з фармулёўкай "за сістэматычнае парушэнне патрабаванняў і ўмоў ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці". Праз два дні Савет МГКА пастанавіў выключыць Наталлю Мацкевіч з МГКА.

Якія аргументы гучалі на судзе?

Скаргу разглядала суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Вольга Гусакова. Інтарэсы Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў прадстаўляла Іна Барысаўна Легчына, інтарэсы Мінскай гарадской калегіі адвакатаў — Яўгенія Віктараўна Патапава.

Наталля Мацкевіч абскарджвала рашэнне Савета Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, які адмовіў у ейнай скарзе на рашэнне дысцыплінарнай камісіі МГКА. Асноўныя аргументы Мацкевіч: выключэнне яе з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў паводле фактычных падставаў, адной з якіх з'яўляецца неправамернае абмежаванне права на свабоду выказвання меркавання (арт. 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, п. 2 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), выключэнне яе з калегіі адвакатаў з'яўляецца адвольным умяшаннем у права на асабістае жыццё, гарантаванае артыкулам 28 Канстытуцыі і артыкулам 17 Пакта. Адпаведна, рашэнні дысцыплінарнай камісіі МГКА і Савета БРКА з'яўляюцца неправамернымі і парушаюць яе правы.

На судзе Легчына заявіла, што падчас дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да Мацкевіч былі выяўленыя тры парушэнні правіл прафесійнай этыкі, што прывяло да сістэматычнага парушэння прафесійнай этыкі і парушэння законаў аб адвакатуры.

Яна паказала, што на следчых дзеяннях Мацкевіч перапыняла следчага і парушыла правы адваката ў працэсе, паводле якіх адвакат "мае права рэагаваць толькі з дазволу следчага" і на заўвагу следчага, "паводле закону", адвакатка павінна была сказаць "прабачце, паважаны следчы". У судовым працэсе абаронца В. Бабарыкі "дапусціла неэтычныя паводзіны ў дачыненні да адваката Крыловіча", звярнуўшыся да суда з просьбай растлумачыць адвакату сведкі ягоныя магчымасці ў працэсе. А трэба было "адвесці яго якім-небудзь чынам, але не публічна выказваць, што калега не мае рацыі".

Выступаючы ад імя Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, Яўгенія Патапава паказала, што пры ўжыванні спагнання ўлічвалася "спецыфіка дадзенай сітуацыі": крымінальная справа Віктара Бабарыкі была рэзананснай, і ў дадзеным выпадку "дзеянні адваката нават не праз лупу разглядаюцца, а пад мікраскопам". На пытанне Мацкевіч пра тое, з якой мэтай яе выключылі з калегіі адвакатаў, прадстаўніца БРКА паведаміла: "У дадзеным выпадку гэта магутная прафілактыка для тых адвакатаў, якія захоўваюць свае ліцэнзіі і ажыццяўляюць адвакацкую дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

Аднак, на думку Мацкевіч, асноўнай мэтай пазбаўлення ліцэнзіі было забраць у адвакаткі магчымасць адстойваць прынцыповую пазіцыю ў працэсе падчас абароны Сяргея Ціханоўскага і пакаранне за такую самую пазіцыю падчас абароны Віктара Бабарыкі.

Мацкевіч мяркуе, што выключэнне з калегіі адвакатаў, адной з фактычных падставаў для якога з'яўлялася яе выказванне ў судзе, — гэта абмежаванне яе права на свабоду меркавання, гарантаванага Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама Мацкевіч пазбавілі права практыкаваць прафесію, і гэта абмяжоўвае яе права на асабістае жыццё, бо паўплывала на рэпутацыю, заробак. Таму дадзенае рашэнне з'яўляецца ўмяшаннем у права на асабістае жыццё. І, паколькі гэтыя правы абмежаваныя неправамерна, то яны парушаныя.

Паводле Мацкевіч, Савет БРКА не прывёў у сваёй пастанове ніводнай нормы заканадаўства, якая б рэгулявала парадак следчых дзеянняў і якую яна парушыла. У пратаколах допыту і вочнай стаўкі таксама не адлюстравана, за што менавіта следчы рабіў заўвагі, а толькі ягоныя словы пра тое, што ён робіць заўвагу. Пры гэтым у КПК не паказана, што ў следчага ёсць права рабіць заўвагі, а значыць — ён такога права не мае. Выснова пра тое, што Мацкевіч парушыла нейкі парадак, зроблены не на падставе закона, а на падставе незаконных дзеянняў следчага.

Што да судовага пасяджэння, то Правілы адвакацкай этыкі маюць адмысловую норму — артыкул 64, згодна з якім пры неабходнасці запярэчыць супраць дзеянняў удзельнікаў працэсу адвакат павінен зрабіць гэта ў карэктнай форме і ў адпаведнасці з заканадаўствам. Выконваючы гэты абавязак, яна і запярэчыла на дзеянні адваката сведкі абвінавачвання, які паказваў на паўторнасць пытанняў абароны, прычым яна зрабіла гэта ў інтарэсах кліента, на падставе КПК і ў карэктных выразах.

Таксама экс-адвакатка настойвала на тым, што дысцыплінарнае спагнанне ўжытае пасля заканчэння тэрміну прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці і ў выніку адвольнага тлумачэння прыкметы сістэматычнасці дысцыплінарных правінаў.

На судзе Наталля адзначыла, што МГКА не прыняла да ўвагі, што ў той момант яна з'яўлялася адзінай абаронцай Ціханоўскага. Нагадаем, 24 чэрвеня 2021 года распачаўся судовы працэс па справе Сяргея Ціханоўскага ў Гомельскім абласным судзе. Працэс адбываўся у закрытым судовым пасяджэнні ў будынку СІЗА-3. Наталля Мацкевіч з канца ліпеня 2021 года да моманту адхілення яе ад ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці абараняла Ціханоўскага адна. Адхіленне адбылося без папярэджання, пра яго яна даведалася ўвечары 12 кастрычніка. У тэрміновым парадку давялося ажыццяўляць замену абаронцы палітвязню на абаронцу, які не ўдзельнічаў у абсалютнай большасці судовых пасяджэнняў, а працэс пры гэтым працягваўся. У выніку абарона была фактычна падарваная да пэўнага моманту, пакуль яе не атрымалася аднавіць ужо ў адсутнасць Наталлі Мацкевіч.

Прадстаўніца Мінскай гарадской калегіі на судзе запярэчыла тым, што Мацкевіч пра гэта нават не паведаміла дысцыплінарнай камісіі. Мацкевіч адказала, што калі гэтага ў пратаколе іх пасяджэння няма, то гэтае пытанне не да яе. Паводле Наталлі, гэтыя факты былі вядомыя ўсім, і яна казала дысцыплінарнай камісіі, што ёй трэба як мага хутчэй вярнуцца ў працэс, таму што яе кліент [Сяргей Ціханоўскі] нервуецца. Аднак падрабязнасцяў яна не магла паведаміць, таму што гэта было закрытае судовае пасяджэнне.

 "Калі нападаюць на адваката, то органы самакіравання не заўважаюць рэзананснай справы"

Наталля Мацкевіч у судовых спрэчках выказалася пра беларускія органы адвакацкага самакіравання:

"Функцыі органаў адвакацкага самакіравання палягаюць не ў тым, каб адвакатаў выключаць з прафесіі, а яны прызначаныя для абароны і адстойвання правоў адваката. З нагоды рэзананснасці справы Бабарыкі: калі журналіст Мукавозчык пісаў, што Мацкевіч нікчэмная, таму што яна спасылаецца ў спрэчках на нормы міжнароднага права, то ў гэтым выпадку і рэзананс справы, і словы Мукавозчыка, і мая персона вельмі мала цікавілі органы адвакацкага самакіравання і нікому гэта было не важна. Гэта значыць, калі нападаюць на адваката, то органы самакіравання не заўважаюць рэзананснай справы і таго, што пішуць у СМІ і сацсетках. Дарэчы, ні ў адной з сацсетак я не сустракала ніякіх адмоўных каментароў, акрамя слоў Мукавозчыка і што Мацкевіч нейкім чынам растаптала адвакацкі гонар карпарацыі. Наадварот, я і шматлікія іншыя адвакаты, якіх выключылі з калегіі апошнім часам, павялічылі прэстыж прафесіі, паказаўшы сваімі дзеяннямі, што яны могуць актыўна і прынцыпова адстойваць пазіцыю. Калі гэта тая цана, то добра.

Прадстаўніца МГКА спасылалася на тое, што грамадства разглядала ўсе дзеянні пад мікраскопам — можа быць і так, але я атрымлівала толькі станоўчыя водгукі пра сваю працу. А аказваецца, што за неістотныя парушэнні мяне выключылі з прафесіі. Мноства міжнародных адвакацкіх супольнасцяў пісала лісты ў Міністэрства юстыцыі, у тэрытарыяльную калегію адвакатаў, у іх быў погляд звонку на тое, што адбываецца з адвакатурай і як неправамерна парушаюцца правы. Пра гэта было вядома і Міністэрству юстыцыі, і БГКА. Але не, гэта [аказалася] няважна, а важна тое, што невядомы орган, пра які нават не ведаюць органы самакіравання, напісаў праз паўгода і праз паўтара года пасля нейкіх падзеяў у Міністэрства юстыцыі ліст, і паводле гэтага ліста мяне рэзка адхіляюць ад вядзення адвакацкай дзейнасці. Нібыта мяне нельга падпускаць да кліентаў, проста ў той жа дзень трэба адхіліць ад вядзення адвакацкай дзейнасці, нягледзячы на тое, што справа [у судзе] ідзе і ўжо завяршаецца. Гэта агульны зрэз стаўлення органаў самакіравання да адвакатаў сёння.

Ні па адной з такіх жа спраў іншых выключаных адвакатаў судамі станоўчых рашэнняў не прынята было. Але гэта не абясцэньвае тыя аргументы, якія я прыводжу і не робіць неправамерныя дзеянні законнымі. Таму я цалкам падтрымліваю сваю скаргу і прашу яе задаволіць".

Таксама ў сваіх рэпліках Наталля Мацкевіч адзначыла:

"Наяўнасць правіл прафесійнай этыкі адваката — згодная, гэта пэўныя дадатковыя абмежаванні да прафесіі адваката, таму што адвакат грае істотную ролю пры адпраўленні правасуддзя і адвакат з'яўляецца пасярэднікам паміж грамадствам і судамі, і таму на адваката глядзяць, і глядзяць таксама на тое, наколькі свабодна і эфектыўна можа адвакат выконваць свае абавязкі. І давер грамадства да судоў залежыць ад таго, наколькі адвакаты могуць працаваць у становішчы, свабодным ад пагроз, запалохвання, неапраўданага ўмяшання і ад таго, наколькі адвакацкая карпарацыя з'яўляецца інструментам іх абароны ці інструментам выканання волі дзяржаўных органаў.

Само існаванне правіл адвакацкай этыкі — гэта натуральная рэч, асабліва калі б яны прымаліся самімі адвакатамі, а не дзяржавай, і калі б іх ужыванне ажыццяўлялі незалежныя органы. А я цяпер кажу пра залежную цалкам дысцыплінарную працэдуру саветаў і дысцыплінарных камісій, таму што ў іх уваходзяць адвакаты, якіх могуць у любы момант выклікаць на пазачарговую атэстацыю і пазбавіць статусу, і мы бачылі гэтаму прыклады. Калі правілы адвакацкай этыкі тлумачацца залежным органам і адвольным чынам, гэта і ёсць парушэнне свабоды слова адваката".

У выніку суд Маскоўскага раёна Мінска пакінуў скаргу Мацкевіч без задавальнення.

Публікуецца паводле сайту "Вясны"

See more news

Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары заклікае да неадкладнага вызвалення вясноўцаў
18 July 2024, 10:17 AM
Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары заклікае да неадкладнага вызвалення вясноўцаў
Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары (EPDE) заклікае да неадкладнага вызвалення сваіх калегаў і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.
Двое новых «хросных» са Швейцарыі і Чэхіі для палітвязняў у Беларусі
18 July 2024, 10:03 AM
Двое новых «хросных» са Швейцарыі і Чэхіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Беат Флах (партыя "Грунліберале", Швейцарыя) і Майкл Тонгі ("Зялёныя", Швейцарыя) сталі "хроснымі" Арцёма Караткевіча і Руслана Завадзіча.
Белорусский Хельсинкский Комитет опубликовал анализ динамики Национального индекса прав человека за 5 лет
16 July 2024, 8:21 AM
Белорусский Хельсинкский Комитет опубликовал анализ динамики Национального индекса прав человека за 5 лет
Национальный индекс прав человека создает группа экспертов гражданского общества при общей координации Белорусского Хельсинкского Комитета.
Заявление проекта «Право на Защиту» в связи с признанием сайта экстремистскими материалами
16 July 2024, 7:54 AM
Заявление проекта «Право на Защиту» в связи с признанием сайта экстремистскими материалами
«Если государство настроилось исключительно на репрессии, то говорить о праве на защиту — уже экстремизм».

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці