У АБСЕ прэзентавалі даклад Маскоўскага механізму пра парушэнні правоў у Беларусі. У МЗС яго назвалі «юрыдычна нікчэмным»

12 June 2023, 6:50 PM
У АБСЕ  прэзентавалі даклад Маскоўскага механізму пра парушэнні правоў у Беларусі. У МЗС яго назвалі «юрыдычна нікчэмным»

«Зеркало»

У Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) прэзентавалі даклад Маскоўскага механізму для ацэнкі выканання правоў чалавека ў Беларусі. Сярод іншага дакумент заклікае беларускія ўлады вызваліць палітвязняў, увесці мараторый на смяротнае пакаранне, спыніць пераслед незалежных СМІ і адвакатаў. Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры АБСЕ ўбачыла ў ім «прапагандысцкую акцыю па шальмаванні непажаданай дзяржавы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: osce.org

У сакавіку 38 краін — чальцоў АБСЕ запусцілі Маскоўскі механізм для ацэнкі выканання правоў чалавека ў Беларусі.

А сёння, 11 траўня, у пастаянным савеце арганізацыі быў прадстаўлены даклад «Пра сур’ёзную пагрозу чалавечаму вымярэнню АБСЕ ў Беларусі з 5 лістапада 2020 года», яго аўтар — прафесар Эрве Асэнсіа.

Дакладчык адзначыў, што не атрымаў дапамогі ад беларускага ўрада, нягледзячы на просьбу пра супрацоўніцтва. У працы яму давялося абапірацца на дакументы, якія знаходзяцца ў вольным доступе або атрыманыя «з надзейных крыніц», а таксама на ранейшыя даклады міжнародных арганізацый і інтэрв'ю.

Прафесар пацвердзіў, што пасля выбараў 2020 года ў Беларусі праводзяцца рэпрэсіі супраць народа, у тым ліку супраць нязгодных з вайной ва Украіне, і знішчаецца грамадзянская супольнасць.

Сярод яго рэкамендацый, накіраваных беларускім уладам:

  • вызваліць палітычных зняволеных;

  • увесці мараторый на смяротнае пакаранне;

  • змякчыць нацыянальнае заканадаўства;

  • спыніць пераслед адвакатаў, незалежных СМІ і арганізацый;

  • аднавіць супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі;

  • забяспечыць выкананне артыкула 18(2) Канстытуцыі, згодна з якім Беларусь выключае акты ваеннай агрэсіі супраць іншых дзяржаваў са сваёй тэрыторыі.

МЗС Беларусі: «Каэфіцыент карыснага дзеяння такой прапаганды роўны нулю»

Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры АБСЕ чакана раскрытыкавала як саму справаздачу «так званага дакладчыка», так і ініцыятыву запуску Маскоўскага механізму ў цэлым. Іх назвалі «палітычна матываванымі, перадузятымі і юрыдычна нікчэмнымі».

«Размаўляючы з Беларуссю напышлівай мовай разбуральных санкцый, ізаляцыі і ціску, бяздумна адмаўляючыся ад адказнага дыпламатычнага пошуку кампрамісу, калектыўны палітычны Захад уласнаручна пазбавіў сябе магчымасці быць пачутым беларускімі ўладамі», — заявіў беларускі бок.

У праўладнай дэлегацыі паскардзіліся на «прапагандысцкую акцыю па шальмаванні непажаданай дзяржавы» і заявілі, што адзіным яе вынікам будзе «толькі яшчэ большае адчужэнне бакоў і падрыў магчымасці хуткага аднаўлення міждзяржаўнага дыялогу».

«Каэфіцыент карыснага дзеяння такой прапаганды роўны нулю», — дадалі ў пастаянным прадстаўніцтве.

Маскоўскі механізм

Маскоўскі механізм АБСЕ выкарыстоўваецца для маніторынгу выканання абавязанняў, узятых на сябе дзяржавамі — удзельніцамі арганізацыі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі. Гэты інструмент дае дадатковую магчымасць дзяржавам — удзельніцам АБСЕ фарміраваць з ліку незалежных экспертаў спецыяльныя місіі для садзейнічання ў вырашэнні канкрэтных праблем на іх уласнай тэрыторыі або на тэрыторыі іншай дзяржавы — удзельніцы АБСЕ.

Да гэтага механізм запускаўся ў дачыненні да Беларусі ўжо двойчы — у верасні 2020 года і ў 2010 годзе.

У лютым 2023 года лідарка дэмсіл Святлана Ціханоўская выступіла перад пасламі АБСЕ і заклікала іх трэці раз перазапусціць Маскоўскі механізм па Беларусі на тэму гуманітарнай катастрофы, масавых парушэнняў правоў чалавека і суўдзелу рэжыму ў вайне.

У сакавіку адпаведную заяву падпісалі 38 краін.

Арыгінал артыкула на сайце "Люстэрка"

See more news

«Трэба рабіць больш». Праваабаронца «Вясны» выступіў на адкрыцці Асамблеі Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства
16 November 2023, 10:07 AM
«Трэба рабіць больш». Праваабаронца «Вясны» выступіў на адкрыцці Асамблеі Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства
У Брусэлі з 14 па 16 лістапада адбылася 15-ая штогадовая Асамблея Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.
Палітвязні, дакументаванне, псіхалагічная дапамога. Што казала Наталля Сацункевіч на Беларускай канферэнцыі
15 November 2023, 11:24 AM
Палітвязні, дакументаванне, псіхалагічная дапамога. Што казала Наталля Сацункевіч на Беларускай канферэнцыі
На панэлі "Парушэнні правоў чалавека і дасягенне адказнасці рэжыму ў Беларусі" выступіла і прадстаўніца ПЦ "Вясна" Наталля Сацункевіч.
«ЕС будзе падтрымліваць беларускі народ столькі, колькі трэба на яго шляху да дэмакратычнай краіны», — Жазэп Барэль
15 November 2023, 11:21 AM
«ЕС будзе падтрымліваць беларускі народ столькі, колькі трэба на яго шляху да дэмакратычнай краіны», — Жазэп Барэль
У Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю, які быў абвешчаны ў памяць пра 31-гадовага Рамана Бандарэнку, Высокі прадстаўнік Еўрапейскага саюза Жазэп Барэль выступіў з заявай у падтрымку беларускага народу.
Тлумачыць «Вясна». Як Еўрапейскі суд уплывае на абарону правоў чалавека
08 November 2023, 11:29 AM
Тлумачыць «Вясна». Як Еўрапейскі суд уплывае на абарону правоў чалавека
Расказваем, як грамадзяне ўплывалі дзякуючы рашэнням ЕСПЧ на заканадаўства і практыку сваёй краіны.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці