У АБСЕ прэзентавалі даклад Маскоўскага механізму пра парушэнні правоў у Беларусі. У МЗС яго назвалі «юрыдычна нікчэмным»

12 чэрвеня 2023, 18:50
У АБСЕ  прэзентавалі даклад Маскоўскага механізму пра парушэнні правоў у Беларусі. У МЗС яго назвалі «юрыдычна нікчэмным»

«Зеркало»

У Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) прэзентавалі даклад Маскоўскага механізму для ацэнкі выканання правоў чалавека ў Беларусі. Сярод іншага дакумент заклікае беларускія ўлады вызваліць палітвязняў, увесці мараторый на смяротнае пакаранне, спыніць пераслед незалежных СМІ і адвакатаў. Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры АБСЕ ўбачыла ў ім «прапагандысцкую акцыю па шальмаванні непажаданай дзяржавы».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: osce.org

У сакавіку 38 краін — чальцоў АБСЕ запусцілі Маскоўскі механізм для ацэнкі выканання правоў чалавека ў Беларусі.

А сёння, 11 траўня, у пастаянным савеце арганізацыі быў прадстаўлены даклад «Пра сур’ёзную пагрозу чалавечаму вымярэнню АБСЕ ў Беларусі з 5 лістапада 2020 года», яго аўтар — прафесар Эрве Асэнсіа.

Дакладчык адзначыў, што не атрымаў дапамогі ад беларускага ўрада, нягледзячы на просьбу пра супрацоўніцтва. У працы яму давялося абапірацца на дакументы, якія знаходзяцца ў вольным доступе або атрыманыя «з надзейных крыніц», а таксама на ранейшыя даклады міжнародных арганізацый і інтэрв'ю.

Прафесар пацвердзіў, што пасля выбараў 2020 года ў Беларусі праводзяцца рэпрэсіі супраць народа, у тым ліку супраць нязгодных з вайной ва Украіне, і знішчаецца грамадзянская супольнасць.

Сярод яго рэкамендацый, накіраваных беларускім уладам:

  • вызваліць палітычных зняволеных;

  • увесці мараторый на смяротнае пакаранне;

  • змякчыць нацыянальнае заканадаўства;

  • спыніць пераслед адвакатаў, незалежных СМІ і арганізацый;

  • аднавіць супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі;

  • забяспечыць выкананне артыкула 18(2) Канстытуцыі, згодна з якім Беларусь выключае акты ваеннай агрэсіі супраць іншых дзяржаваў са сваёй тэрыторыі.

МЗС Беларусі: «Каэфіцыент карыснага дзеяння такой прапаганды роўны нулю»

Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры АБСЕ чакана раскрытыкавала як саму справаздачу «так званага дакладчыка», так і ініцыятыву запуску Маскоўскага механізму ў цэлым. Іх назвалі «палітычна матываванымі, перадузятымі і юрыдычна нікчэмнымі».

«Размаўляючы з Беларуссю напышлівай мовай разбуральных санкцый, ізаляцыі і ціску, бяздумна адмаўляючыся ад адказнага дыпламатычнага пошуку кампрамісу, калектыўны палітычны Захад уласнаручна пазбавіў сябе магчымасці быць пачутым беларускімі ўладамі», — заявіў беларускі бок.

У праўладнай дэлегацыі паскардзіліся на «прапагандысцкую акцыю па шальмаванні непажаданай дзяржавы» і заявілі, што адзіным яе вынікам будзе «толькі яшчэ большае адчужэнне бакоў і падрыў магчымасці хуткага аднаўлення міждзяржаўнага дыялогу».

«Каэфіцыент карыснага дзеяння такой прапаганды роўны нулю», — дадалі ў пастаянным прадстаўніцтве.

Маскоўскі механізм

Маскоўскі механізм АБСЕ выкарыстоўваецца для маніторынгу выканання абавязанняў, узятых на сябе дзяржавамі — удзельніцамі арганізацыі ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі. Гэты інструмент дае дадатковую магчымасць дзяржавам — удзельніцам АБСЕ фарміраваць з ліку незалежных экспертаў спецыяльныя місіі для садзейнічання ў вырашэнні канкрэтных праблем на іх уласнай тэрыторыі або на тэрыторыі іншай дзяржавы — удзельніцы АБСЕ.

Да гэтага механізм запускаўся ў дачыненні да Беларусі ўжо двойчы — у верасні 2020 года і ў 2010 годзе.

У лютым 2023 года лідарка дэмсіл Святлана Ціханоўская выступіла перад пасламі АБСЕ і заклікала іх трэці раз перазапусціць Маскоўскі механізм па Беларусі на тэму гуманітарнай катастрофы, масавых парушэнняў правоў чалавека і суўдзелу рэжыму ў вайне.

У сакавіку адпаведную заяву падпісалі 38 краін.

Арыгінал артыкула на сайце "Люстэрка"

Глядзiце таксама

БХК звярнуўся да спецдакладчыкаў ААН па прычыне прызнання іх рэсурсаў экстрэмісцкімі матэрыяламі
25 жніўня 2024, 10:12
БХК звярнуўся да спецдакладчыкаў ААН па прычыне прызнання іх рэсурсаў экстрэмісцкімі матэрыяламі
Праваабаронцы звярнуліся да спецыяльных дакладчыкаў ААН па пытаннях аб свабодзе меркаванняў і іх вольным выказванні, становішчы праваабаронцаў і па сітуацыі ў Беларусі з інфармацыяй аб прызнанні рэсурсаў правабарончай арганізацыі "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Не забыць ніводнага, хто за кратамі. У Хельсінкі адкрылі стэнд пра журналістаў за кратамі і размаўлялі пра падтрымку Беларусі
08 жніўня 2024, 12:31
Не забыць ніводнага, хто за кратамі. У Хельсінкі адкрылі стэнд пра журналістаў за кратамі і размаўлялі пра падтрымку Беларусі
8 жніўня ў Хельсінкі адкрылі стэнд з паштовымі скрынямі для лістоў беларускім журналістам за кратамі. Сцяна са скрынямі размешчаная ў сталічным музеі медыя Merkki.
БАЖ: Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў чарговыя скаргі беларускіх журналістаў
08 жніўня 2024, 12:25
БАЖ: Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў чарговыя скаргі беларускіх журналістаў
Як стала вядома БАЖ, 30 ліпеня 2024 года Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргі журналістаў-фрылансераў Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача на парушэнне іх правоў Беларуссю.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці