«Усё жудаснае скончыцца, а гонар і годнасць застануцца непахіснымі». Адкрытыя лісты да палітзняволеных адвакатаў

23 May 2023, 11:32 AM
«Усё жудаснае скончыцца, а гонар і годнасць застануцца непахіснымі». Адкрытыя лісты да палітзняволеных адвакатаў

Цяпер у Беларусі налічваецца сем палітзняволеных адвакатаў і адвакатак, якія сталі фігурантамі крымінальных справаў: Максім Знак, Аляксандр Данілевіч, Віталь Брагінец, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юргілевіч, Міхаіл Макараў, Аляксей Бародка. Праз пераслед адвакатаў і моцны ціск на іх, усё цяжэй знайсці абаронцаў для палітзняволеных. Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека сумесна з праектам "Права на абарону" напярэдадні Дня палітычнага зняволенага 21 траўня прапанавалі далучыцца да акцыі "Напішы адвакату!".

"Вясна" публікуе некаторыя адкрытыя лісты да палітзняволеных адвакатаў ад іх калегаў і ад неабыякавых людзей.

"Асабліва балюча мне бачыць за кратамі сваіх студэнтаў"

Юрыстка-міжнародніца, экспэртка Беларускага Хельсінкскага камітэта Кацярына Дэйкала да Аляксея Бародкі:

Дарагі Лёша, прывітаннечка!

Ведаеш, асабліва балюча мне бачыць за кратамі сваіх студэнтаў. Ведаю, гэта не слушна, лічыць дарослых людзей дзецьмі і ставіцца да іх з такім пасылам. Але ж я сумяшчала: канешне запытвала з вас як з дарослых, але ж у душы лічыла трошкі сваімі дзецьмі. Таму і адчуваю асаблівыя пачуцці. Памятаю капуснік вашага першага курса. Вы танчылі з парасонамі. Шчыра кажучы, увогуле не памятаю, да чаго гэта было)).

Я не ведала нічога пра цябе пасля выпуску, не ведала, што ты стаў адвакатам. Вось даведалася толькі з навіны пра затрыманне. І даведалася адразу, што сумленным. І гэта кожны раз мой гонар. Мне вельмі балюча ад таго, што цябе прыходзіцца адчуваць на сабе як важна тое, аб чым мы гутарылі ў адыторыі, на нашых занятках, як важна ісці да гэтага. Але ж хачу нагадаць табе, што ты вытрымаў больш жахлівыя рэчы — мае залікі і экзамены па міжнародным публічным праве)). Таму я ўпэўнена, што вытрымаеш і гэта ўсё. Гэта цяжка, але ж памятай пярсцёнак Саламона — "і гэта пройдзе". Дарэчы, памятаешь на першай лекцыі пра сутнасць міжнароднага права разнакаляровыя праменьчыкі? Вось арыентуйся на іх.

А я вось усё збіраюся выкласці свае лекцыі ў ютуб, як думаеш, ці будзе карысна?

Але ж пакуль што дам табе трошкі матэрыяльчыку для паўтору (я была б не я)): прыгадай сабе, калі ласка, што важнага было ў гэтых справах Міжнароднага суда (нагадваю самыя класічныя справы): Храм Прэах-Веар (Камбоджа супраць Тайланду), 1962, Нікарагуа (Нікарагуа супраць ЗША), 1984, Кантынентальны шэльф Паўночнага мора (Германія супраць Даніі/Нідэрландаў), 1969, Канал Корфу (Вялікая Брытанія супраць Албаніі), 1949, справа Нотэбома (Ліхтынштэйн супраць Гватэмалы), 1955, справа Лотус (Францыя супраць Турэччыны), 1927.

Ня ведаю, ці прапусціць гэта цэнзар, гэтак жа як і не ведаю, ці ўвогуле дойдзе да цябе гэты ліст, але ж веру, што даляціць мой пасыл.

PS. А!! І прывітанне табе ад Кацярыны Уладзіміраўны (Канстытуцыйнае права замежных краін), хаця канешне ты памятаешь, хіба можна такое забыць)).

"Усё жудаснае скончыцца, а гонар і годнасць застануцца непахіснымі"

Адвакат Уладзімір Пыльчанка да Анастасіі Лазарэнкі:

"Вітаю! Маю спадзеў, што гэты ліст дойдзе та цябе, так ці інакш. Бо інфармацыйны век такі, што незалежна ад чыіх-небудзь жаданняў захоўваюцца амаль усе звесткі, якія здольны прарвацца нават праз тоўшчу халодных муроў. А нават калі і не — ты гэты ліст зможаш пабачыць пасля вызвалення, якое, безумоўна, адбудзецца. І адбудзецца значна раней, чым у тыя бязглуздыя тэрміны, якія малююць у партыйных пісульках пад назвай "вырак суда".

Нягледзячы на адлегласць і мяжу, што раздзяляе дзьве паралельныя рэальнасці, я меў магчымасць хутка дазнавацца пра твой стан і вынікі судзілішча. Кажуць, ты сябе вельмі годна паводзілася, не зважаючы на цыркавое шоу. Так трымаць! Усё жудаснае скончыцца, а гонар і годнасць застануцца непахіснымі.

Чакаю сустрэчы і спадзяюся, што яна адбудзецца нават хутчэй, чым у тыя тэрміны, якія я сабе ўяўляю. Дарэчы, нядаўна мелася падстава задумацца аб набыцці шампанскага:) Бачу па асяродку, што настрой ва ўсіх крыху прыўзняўся.

Раю знаходзіць час для мастацкай літаратуры - яна дазваляе вырвацца са змрочнай рэчаіснасці — а таксама часцей узгадваць улюбёныя мелодыі. Бо нішто іншае, як мастацтва, не акрыляе так чалавека, уздымаючы над сценамі, што ўтрымліваюць у няволі.
Да сустрэчы, Насця!"

"Я ведаю цябе вельмі разумным і сумленным чалавекам"

Адвакатка Юлія Князь да Анастасіі Лазарэнкі:

"Прывітанне Насця, я ніколі не ўяўляла, што надыдзе такі час, калі я буду пісаць табе ліст у турму. Гэта нейкае вар'ятства!
Добра памятаю, як мы разам скончылі стажыроўку ў адвакатуры і пачалі працаваць у ЮК № 2 Маскоўскага раёна ў Мінску. Здаецца гэта было зусім нядаўна, аднак мінула больш за 10 гадоў.

Неяк апошні час усё як у тумане, бо мне вельмі цяжка зразумець, што насамрэч адбываецца. Чаму ты была вымушана выступаць не ў прэніях, а з апошнім словам у тых судах, дзе мы былі па сто разоў са сваімі кліентамі. Я сапраўды лічу, што ў жыцці не адразу, аднак праз некаторы час усё вернецца з галавы на ногі.

Я ведаю цябе вельмі разумным і сумленным чалавекам, а яшчэ моцнай натурай, таму ўпэўнена, што ты зможаш захаваць у сваёй душы веру ў людзей, дабро і справядлівасць.

Шмат пра цябе думаю апошнім часам. Яшчэ хачу папрасіць, каб ты не марнавала там час і знайшла сабе нейкі занятак да спадобы. Абдымаю моцна".

"Мяне захапляла твая вытрымка"

Адвокат Дзмітрый Лепрэтар да Аляксандра Данілевіча:

Прывітанне, Саша!

Вельмі хочацца верыць, што ў цябе адносна ўсё ў парадку. У наш час стала занадта шмат адноснага. Адносна спакойна, адносна мірна, адносна весела. Хоць, калі прызнацца, апошняе здараецца нячаста. Шмат чаго адбылося апошнім часам. Свет перавярнуўся з ног на галаву. І вось ужо наша інтэрнацыянальная вуліца, на якой знаходзіліся нашы офісы адзін насупраць аднаго, здаецца такой далёкай, быццам і зусім яе не было. Але я памятаю нашы сустрэчы ў любімай кавярні і жарты пра тое, што ты — Карлсан, які жыве на даху, а я — гном, які працуе са сваёй пячоры. Цокальны паверх старога дарэвалюцыйнага дома, дзе знаходзілася мая кансультацыя, як нельга падыходзіў пад такое вызначэнне.

Памятаю нашы доўгія абмеркаванні справаў агульных кліентаў і тваё жаданне зрабіць усё для таго, каб адстаяць іх інтарэсы. Памятаю судовыя пасяджэнні, дзе ты вызначаўся, і доўгія тэлефонныя размовы пра перспектывы справы, стратэгіі далейшых дзеянняў па ёй. Твае зносіны з кліентамі, супрацоўнікамі суда, праваахоўнікамі. Столькі ў гэтым было годнасці, што было немагчыма адарваць позірк! Мяне захапляла твая вытрымка. У мяне так не атрымлівалася — тэмперамент не той.

Ведаеш, я ўпэўнены, што да нас вернецца і наша любімая вуліца Інтэрнацыянальная, і наша прафесія. Таму што тое, што адбываецца з табой — гэта настолькі несправядліва, што падобна на начны кашмар. Ведаю, што ён рана ці позна скончыцца. Чым раней, тым лепш для ўсіх нас.

Вельмі хочацца хутчэй цябе ўбачыць на волі, каб моцна паціснуць табе руку і падзякаваць за тое, што ты рабіў і, спадзяюся, працягнеш рабіць для рэпутацыі нашай любімай да адуры прафесіі.

"Ахі і ўздыхі — гэта не пра цябе!"

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна да Аляксандра Данілевіча:

Прывітанне, Алесь!

Дарэчы, гэта мой 15 ліст. Але я ўпэўнена, што ты ніводны не атрымаў.

Калегі перажываюць за цябе па ўсім свеце. Пісалі кранальныя словы пра цябе …

Чытала, што ты казаў у апошнім слове на так званым судзе.Ныць не буду, ведаю, што ты гэтага не ўхваліш. Ахі і ўздыхі — гэта не пра цябе! Навін пра Беларусь пісаць не буду, ніякіх добрых навін няма.

Па нашай дамоўленасці я ўсё яшчэ працягваю быць адданай падпісчыцай "Часопіса міжнароднага арбітражу". У нумары за красавік выйшаў артыкул Томаса Дылана "Права чалавека на свабоду выказвання меркаванняў у арбітражы паміж інвестарамі і дзяржавай". Артыкул аб сутыкненні грамадскіх интарэсаў і арбітражаў. Ты зразумеў пра каго там яшчэ напісалі=)). Я хачу табе яе паслаць, але цэнзар не чытае на англійскай.

На вуліцы ўжо расцвілі магноліі, а я зараз саджаю кветкі. Мабыць, мяне ўжо цягне да зямлі.

Я планую ехаць у сплаў імя А. Данілевіча на байдарках. Пакуль ты не выйдзеш, мы будзем вучыцца хадзіць на байдарках самі, а потым — усе разам!

Зберажы сябе там, а то патонем без цябе!

Цісну руку! Спадзяюся, да хуткай сустрэчы!

"Мае думкі і сэрца побач з табой"

Наталля Локіць да Юліі Юргілевіч:

Ведаеш, заўсёды адчуваеш віну, калі не паспеў сказаць нешта важнае ці ласкавае чалавеку, спадзяючыся, што наперадзе шмат часу і ты яшчэ паспееш. Ён жа тут, побач. І раптам.. Гэтае беларускае "раптам". Раптам захварэў, з'ехаў, сеў, памёр... Неяк мы саромеемся быць удзячнымі, саромеемся гаварыць адзін аднаму добрыя словы.

Дзякуй табе, Юля, шчыры і сумленны чалавек! За неабыякавасць, нязломнасць і прафесіяналізм. Мае думкі і сэрца побач з табой. А ў тваёй асобе — з усімі сумленнымі адвакатамі і адвакаткамі. Няхай беражэ вас усемагутны Бог.

Абдымаю цябе і шчыра жадаю зрабіць гэта жыўцом, як мага хутчэй!

"Тваім голасам стала напісаная табою кніга Зэкамерон"

Адвакатка Людміла Казак да Максіма Знака: 

"Прывітанне, Максім!

Ужо шмат месяцаў няма ніякіх навінаў пра цябе. Застаецца толькі меркаваць, што адбываецца з табой за сценамі Віцьбы. Шчыра спадзяюся, што рэальнае становішча лепш, чым мы сабе ўяўляем, і гэты кашмар хутка скончыцца.

Насуперак спробам беларускага рэжыму аддаць цябе забыццю, цябе ведаюць, памятаюць, падтрымліваюць у многіх еўрапейскіх краінах. Не толькі калегі-адвакаты, але і звычайныя людзі.

Тваім голасам стала напісаная табою кніга Зэкамерон, якая дае чытачу поўнае і праўдзівае ўяўленне пра будні тых, хто ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА на Валадарцы. Прэзентацыі кнігі з нязменным поспехам прайшлі ў многіх еўрапейскіх гарадах. Мне давялося прачытаць кнігу на нямецкай мове (тэксту на рускай або беларускай пад рукой не было), і цяпер я — адданы прыхільнік твайго літаратурнага таленту.

Упэўнена, табе цікава ведаць, як гучыць турэмная лексіка ў перакладзе на нямецкую мову. Прывяду пару прыкладаў:
die Pritsche — нары
die Zelle —камера
der Schnabel — "кармушка"
der Tadel — вымова
der Kassiber — малява
der Freispruch — апраўдальны прысуд.

Вельмі чакаю, калі ты вернешся, каб падзякаваць табе за ўсё, што ты зрабіў і робіш, за тваю мужнасць і прынцыповасць.
Моцна абдымаю.
Да хуткай сустрэчы.
P. S. 11 мая ў Амстэрдаме прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміяй Lawyers for lawyers 2023, дзе ты ў чарговы раз не змог паўдзельнічаць. Цябе падтрымліваюць і дзякуюць за вернасць ідэалам прафесіі юрысты усяго свету".

"Ноч найцямнейшая перад світанкам. І світанак абавязкова будзе"

Адвакат Міхаіл Баднарчук да Віталя Брагінца:

Віталь, прайшло ўжо шмат часу, а я ніяк не магу асэнсаваць і прыняць той факт, што ты зараз за кратамі. Адчай, нянавісць да тых, хто гэта зрабіў, бяссілле. Часам здаецца, што ніколі гэта не скончыцца.

Але я ўсё ж такі спрабую ўявіць, як усё зменіцца. Як я зноў буду бачыць твой аптымізм і ўпартасць у працы. Як буду захапляцца тваімі справамі. Ты і далей будзеш прыкладам для нас усіх, будзеш, як і раней, нас усіх падтрымліваць. У нейкім сэнсе выпрабаванні лёсу, канешне, зменяць цябе, але не зменяць тваю непахіснасць, не зломяць цябе і тваю адданасць справе, сябрам і кліентам.

Я бачу момант сустрэчы. Будзе сонечна, усе мы будзем усміхацца, у кожнага будзе шмат гісторый, будзе чым падзяліцца, аб чым паразважаць і пасумаваць.

А потым будзе другое жыццё, у якім ты будзеш прыкладам для кожнага адваката, а ўвесь гэты планктон, які па непаразуменню зараз завецца адвакатурай, проста ператворыцца ў чорную старонку гісторыі і знікне назаўсёды. А далей будзе тое, што ты любіш - цяжкая самаадданая праца, ад якой, аднак, мы ўсе будзем у моцным захапленні.

Але гэта ўсё потым.

Зараз, калі ласка, трымайся. Як бы цяжка ні было, трымайся. Ноч найцямнейшая перад світанкам. І світанак абавязкова будзе.

Думкамі з табой, сябра!

See more news

Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
15 February 2024, 4:44 PM
Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
"Вясна" распавядае пра вынікі пераследу беларусаў за прадукты для сем'яў палітзняволеных.
Запрашаем на канферэнцыю. Штрафны ізалятар, карцар, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?
15 February 2024, 4:41 PM
Запрашаем на канферэнцыю. Штрафны ізалятар, карцар, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?
“Пакаранне ў зняволенні: інструмент выпраўлення ці знявагі? Міжнароднае і нацыянальнае права і практыка” – канферэнцыю на гэтую тэму праводзіць 20 лютага ў Вільні праваабарончая ўстанова “Лекары за праўду і справядлівасць”.
«Не будзе АБСЕ, ну дык што?» Хто будзе назіраць за выбарамі* ад місіі СНД
15 February 2024, 4:33 PM
«Не будзе АБСЕ, ну дык што?» Хто будзе назіраць за выбарамі* ад місіі СНД
Ужо на наступным тыдні пройдзе адзіны дзень галасавання, падчас якога прапануюць выбраць дэпутатаў у парламент і мясцовыя саветы.
Аналітычны агляд БХК. «Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка»
15 February 2024, 4:25 PM
Аналітычны агляд БХК. «Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка»
Беларускі Хельсінкскі Камітэт падрыхтаваў агляд найбольш значных зменаў у беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыях на яе з боку міжнароднай супольнасці. Аналітыка дапамагае лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дае магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, пашырыць правачалавечны фокус аналітыкі ў сумежных галінах.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці