У межах кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou сімвалічныя "хросныя" з’явіліся ў палітзняволеных Анжэлы Асад, Ганны Аблаб, Антона Шніпа, Івана Пацейчука, Аляксандра Васілевіча, Валянціна Цераневіча, Андрэя Войніча, Яўгена Афнагеля ды Ірыны Касцючэнкі.
Дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад Свабоднай дэмакратычнай партыі Клаўдзія Рафэльхюшэн так пракаментавала сваё рашэнне стаць "хроснай" Анжэлы Асад:
«Мая парламенцкая фракцыя і я падтрымліваем усіх людзей, якіх пераследуюць, несправядліва арыштоўваюць і якім пагражаюць у Беларусі. Мірны пратэст за вяршэнства закона і дэмакратыю, за правы і свабоду чалавека не з'яўляецца крымінальным злачынствам, гэта незаменны дэмакратычны інструмент свабоднага грамадства. Мы салідарныя з усімі людзямі, адданымі барацьбе. Мы, дэмакратычная партыя ў нямецкім Бундэстагу, заклікаем Беларусь неадкладна спыніць гвалт і вызваліць усіх палітычных вязняў. Прыспеў час для новых свабодных выбараў пад міжнародным назіраннем, пасля якіх мусяць быць зладжаныя дэмакратычныя канстытуцыйныя рэформы».
Беатэ Мюлер-Гемэке, дэпутатка нямецкага Бундэстага ад Партыі зялёных, узяла на сябе "хроснае бацькоўства" Ганны Аблаб і заявіла:
«Ужо больш за год людзі ў Беларусі рашуча выходзяць на вуліцы за дэмакратыю, свабоду і свабодныя выбары і не дазваляюць запалохаць сябе рэпрэсіямі і самавольствам рэжыму Лукашэнкі. Яны шмат дзеля гэтага рызыкуюць, і я іх за гэта паважаю. Сярод тых, хто пацярпеў ад гэтага дзяржаўнага тэрору, таксама чальцы незалежных прафсаюзаў і рабочыя, такія як Ганна Аблаб, якая ўдзельнічала ў стачках і ўваходзіла ў «Рабочы рух» Беларусі. 22 верасня 2021 года Ганну Аблаб кінулі за краты. Я стала яе хроснай з дапамогай НДА «Libereco» і заклікаю беларускі рэжым неадкладна вызваліць Ганну Аблаб і ўсіх іншых палітвязняў! #WeStandBYYou».
Юліян Пальке — дэпутат нямецкага Бундэстагу ад Партыі зялёных і "хросны бацька" Антона Шніпа. Ён сказаў:
«Антон Шніп — адзін з незлічоных палітвязняў у Беларусі. Ён, яго калегі з музычнага гурта і ўсе людзі, якія выступаюць за дэмакратыю ў сваёй краіне, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, выклікаюць у мяне агромністую павагу. Арышт Антона і і яго працяглае ўтрыманне ў СІЗА да суду выключна палітычна матываваныя. Гэта папросту здзек. Я патрабую неадкладнага і безумоўнага вызвалення Антона Шніпа, як і астатніх удзельнікаў гурта ды ўсіх палітвязняў».
Ніна Штар з'яўляецца дэпутаткай нямецкага Бундэстага ад Партыі зялёных. Беручы на сябе абавязкі "хроснай" Івана Пацейчука, яна сфармулявала выразныя патрабаванні:
«Я патрабую вызваліць Івана Пацейчука і ўсіх палітвязняў Беларусі. Мы не павінны прымаць гэтую дыктатуру пасярод Еўропы, мы не павінны адводзіць ад яе свой позірк. І мы не павінны пакідаць саміх людзей, якія змагаюцца за дэмакратыю, вяршэнства закона і свабодныя і справядлівыя выбары, рызыкуючы сваім жыццём і асабістай свабодай. Нават зусім маладыя людзі або непаўналетнія, як Іван, рызыкуюць вельмі моцна. Яны сапраўдныя героі Еўропы і яны жывуць тут і цяпер. Я хачу паказаць ім прыклад. Таму што зразумела: Лукашэнка дыктатар. Ён не з'яўляецца законным прэзідэнтам. Таму я цалкам салідарная з прадстаўнікамі беларускага дэмакратычнага руху».
Олівер Качмарэк з’яўляецца дэпутатам нямецкага Бундэстагу ад Сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён пераняў “хроснае бацькоўства” над Аляксандрам Васілевічам ад былога дэпутата Рэнэ Роспеля і заявіў:
«Аляксандр Васілевіч — адзін з больш чым 1800 чалавек у Беларусі, якія месяцамі (а ў выпадку з Аляксандрам Васілевічам — амаль паўтара года) ні за што сядзяць за кратамі з-за сваіх мірных дзеянняў супраць сфальсіфікаваных выбараў, гвалту і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. У знак салідарнасці і ў падтрымку намаганняў па вызваленні Аляксандра Васілевіча я пераняў "хроснае бацькоўства" ад свайго былога калегі Рэнэ Роспеля. Заклікаю вінаватых неадкладна вызваліць Аляксандра Васілевіча. Іншыя мае патрабаванні таксама відавочныя: вызваленне ўсіх палітвязняў, неадкладнае спыненне гвалту і рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, арганізацый і СМІ, а таксама свабодныя і справядлівыя новыя выбары».
Лёранс Фельман-Рыель з’яўляецца сябрай Швейцарскага нацыянальнага савета і камісіі па прававых пытаннях. Узяўшы на сябе ролю “хроснай” Валянціна Цераневіча, яна сказала:
«Я падтрымліваю прафсаюзнага дзеяча Валянціна Цераневіча, намесніка старшыні незалежнага прафсаюза ААТ «Гродна Азот» у Беларусі. Ён знаходзіцца пад вартай з 20 верасня 2021 года. Ён і некалькі рабочых, якія падтрымалі стачку, знаходзяцца пад следствам за «здраду дзяржаве». Быць абвінавачаным у дзяржаўнай здрадзе за рэалізацыю сваіх прафсаюзных правоў відавочна несправядліва і абсалютна непрапарцыйна. Спадар Валянцін Цераневіч мусіць быць вызвалены!»
Робін Мезарош, дэпутат нямецкага Бундэстагу ад СДПГ, пераняла "хроснае бацькоўства" над Андрэем Войнічам ад былога дэпутата Марціна Шульца і заявіў:
«Я арганізоўваў шмат дэманстрацый у сваёй роднай краіне, таму што хацеў нешта змяніць у палітычным плане. Такая магчымасць павінна быць у кожнага. Гэта яшчэ больш важна ў такіх краінах, як Беларусь, дзе шмат каму жывецца цяжка, а дзяржава толькі стварае і абвастрае праблемы, замест таго, каб іх вырашаць. Андрэй Войніч заслугоўвае павагі за свае намаганні. Я агітую за яго вызваленне. Проста цяпер беларускія ўлады адмаўляюць спадару Войнічу ў тэрміновым лекаванні, нягледзячы на тое, што хваробы пагражаюць ягонаму жыццю! Я заклікаю мясцовыя ўлады аказаць спадару Войнічу неадкладную і належную дапамогу і абараніць яго жыццё».
Дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Верэна Хуберц пераняла "хроснае бацькоўства" над Яўгенам Афнагелем ад былога дэпутата Андрэаса Штаера. Яна адзначыла:
«Палітычны крызіс дамінуе ў Беларусі ўжо больш за год — з таго часу, як Лукашэнка зноў быў абвешчаны прэзідэнтам, нягледзячы на фальсіфікацыі падчас выбараў. З таго часу тысячы людзей сядзяць у турмах і сотні знаходзяцца пад вартай. І гэта толькі праз тое, што яны мірна агітуюць за дэмакратыю, вяршэнства закона і свабодныя выбары. Сярод гэтых людзей і апазіцыйны актывіст Яўген Афнагель, асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі. Я заклікаю, каб Яўгена Афнагеля, не зашкодзіўшы ягонаму здароўю, неадкладна вызвалілі! Свабода СМІ і свабода слова не з'яўляюцца злачынствамі — урады Германіі і Еўропы павінны тэрмінова разгледзець пытанне аб узмацненні санкцый. Рэжыму несправядлівасці ў Мінску мусіць супрацьстаяць сіла закону!»
Дэбора Дзюрынг — дэпутатка Бундэстага і сябра Камітэта па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці, прымаючы на сябе "хроснае бацькоўства" Ірыны Касцючэнкі, абвесціла:
«Я цалкам салідарная з усімі людзьмі ў Беларусі, якія церпяць гвалт з боку дзяржавы дзейнасць якіх крыміналізуюць праз іх прыхільнасць да дэмакратыі і вяршэнства закона, а таксама да сумленных і свабодных выбараў. Свабода СМІ і свабода слова — гэта не злачынствы, а ўніверсальныя правы чалавека, якія павінны падтрымлівацца паўсюдна. Я цвёрда стаю на баку дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці і таму стала хроснай Ірыны Касцючэнкі. Яна працавала юрысткай на незалежным інфармацыйным партале TUT.BY і знаходзіцца пад вартай з 18 траўня 2021 года. Яна і ўсе іншыя палітвязнімусяць быць неадкладна і безумоўна вызваленыя».
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.