#WeStandBYyou: Яшчэ дзевяць еўрапейскіх парламентарыяў сталі "хроснымі" для палітвязняў

01 February 2022, 9:36 AM
#WeStandBYyou: Яшчэ дзевяць еўрапейскіх парламентарыяў сталі "хроснымі" для палітвязняў

У межах кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou сімвалічныя "хросныя" з’явіліся ў пяці палітвязняў - Аляксандра Нурдзінава, Дзмітрыя Кулакоўскага, Вольгі Такарчук, Юліі Гарачка, Уладзіміра Жураўкі, а яшчэ чатыры дэпутата перанялі абавязкі "хросных" у сваіх калегаў і працягнулі апекаваць палітзняволеных Рамана Гваздзёлку, Сяргея Капанца, Дзмітрыя Івашкова, Вячаслава Рагашчука.

Тобіас Б. Бахерле, дэпутат нямецкага Бундэстага і Камітэту па замежных справах, стаў «хросным» Аляксандра Нурдзінава. Ён тлумачыць:

«Мастак Аляксандр Нурдзінаў выступаў супраць самавольства, парушэнняў правоў чалавека, жорсткасці рэжыму Лукашэнкі і далучыўся да мірных акцый пратэсту за дэмакратычную Беларусь. За гэта яму цяпер трэба адседзець чатыры гады ў турме. Праз сімвалічнае хроснае бацькоўства я хачу выказаць глыбокую салідарнасць і захапленне грамадзянскай мужнасцю Аляксандра Нурдзінава, які прадстаўляе вялікую колькасць мужных беларусаў і беларусак. З велічэзнай рызыкай для сябе, сям'і і сяброў яны падтрымліваюць патрабаванне дэмакратыі і правоў чалавека і вольную Беларусь. Мы не забудземся на вас, #WeStandByYou».

kati_piri.jpg

Каці Піры з'яўляецца дэпутаткай галандскага парламента ад Рабочай партыі і «хроснай маці» Дзмітрыя Кулакоўскага. Яна заявіла:

«Сёння я “усынаўляю” Дзмітрыя Кулакоўскага. Яго асудзілі на два гады турмы за тое, што ён выступаў супраць дыктатара Лукашэнкі. Давайце і далей дзейнічаць для адважных людзей Беларусі, якія працягваюць кожны дзень змагацца за сваю свабоду».

axel_echeverria.jpg

Аксель Эчэверыя — дэпутат нямецкага Бундэстага. Ён пераняў «хроснае бацькоўства» Рамана Гваздзёлкі ад былога дэпутата Ральфа Капшака і заявіў:

«Больш за год Раман Гваздзёлка знаходзіцца за кратамі ў Беларусі за пратэст супраць вельмі спрэчных вынікаў апошніх прэзідэнцкіх выбараў — як і тысячы ягоных суайчыннікаў. У рамках кампаніі #WeStandBYyou я ўзяў на сябе хроснае бацькоўства спадара Гваздзёлкі. Недапушчальна, што ў нашым бліжэйшым еўрапейскім суседстве такія несправядлівыя дзяржавы, як лукашэнкаўская, топчуць правы чалавека».

jamila_schaefer.jpg

Яміла Шэфер з'яўляецца намесніцай старшыні Альянсу 90/Зялёныя, дэпутаткай нямецкага Бундэстага і камітэта па замежных справах. Яна стала «хроснай» Вольгі Такарчук і сказала:

«У турмах Беларусі па-ранейшаму больш за 950 палітвязняў. Мы павінны працаваць разам, каб такія людзі, як блогер Вольга Такарчук, не зніклі з поля зроку сусветнай грамадскасці. Не забываць іх імёны і выказваць салідарнасць. Еўрасаюз не павінен аслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, пакуль усе палітвязні не будуць вызваленыя без умоў».

marlene_schonberger.jpg

Марлене Шёнбергер з'яўляецца дэпутаткай нямецкага Бундэстага і членам камітэта па адукацыі, даследаваннях і тэхналогіях. Шёнбергер стала «хроснай» Юлі Гарачкі і заявіла:

«Тут, у Еўропе, ля варот ЕС, мужныя грамадзяне і грамадзянкі Беларусі змагаюцца супраць апошняй дыктатуры Еўропы. З рэпрэсіямі і аўтарытарным стылем кіравання насельніцтва знаёма даўно, але пасля пратэстаў супраць фіктыўных выбараў у 2020 годзе жорсткасць яшчэ больш узмацнілася. Я салідарна з усімі людзьмі, якія выступаюць за свабоду, дэмакратыю і асноўныя правы. Недапушчальна, каб пратэстоўцы баяліся гвалту, турмы і катаванняў. Як дэпутатка нямецкага Бундэстагу, я лічу сваім абавязкам не глядзець у іншы бок і прыцягнуць увагу да становішча палітвязняў Беларусі. Таму я вырашыла стаць хроснай маці актывісткі Юлі Гарачкі, якая была арыштаваная 14 ліпеня 2021 года і з таго часу чакае суда. Маё патрабаванне відавочнае: рэжым павінен вызваліць Юлю і ўсіх іншых палітвязняў!»

olaf_in_der_beek.jpeg

Олаф ін дэр Бек з'яўляецца дэпутатам нямецкага Бундэстагу. Ён пераняў «хроснае бацькоўства» Сяргея Капанца ад былога дэпутата Рудольфа Хенке і патлумачыў:

«Адстойванне свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека нельга караць турэмным зняволеннем. За тое, што Сяргей Капанец мірна выказваў сваё свабоднае меркаванне аб прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, ён быў асуджаны да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі пад падставай "арганізацыі масавых беспарадкаў", а таксама "арганізацыі і падрыхтоўкі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўнага ўдзелу ў іх". Як дэмакрат я салідарны з Сяргеем Капанцом і беларускім дэмакратычным рухам. Я заклікаю вызваліць Сяргея Капанца і ўсіх іншых несправядліва зняволеных у Беларусі».

Сабінэ Грюцмахер з'яўляецца дэпутаткай нямецкага Бундэстага ад Альянсу 90/Зялёныя. Яна стала «хроснай» Дзмітрыя Івашкова замест дэпутата Карла Ламерса, які выйшаў на пенсію, і заяўляе:

«Сітуацыя ў Беларусі паказвае нам, што насамрэч значыць жыць у несвабодным рэжыме, дзе адмаўляюцца свабода слова і свабода прэсы, а палітычная актыўнасць вядзе к турэмнаму зняволенню. Як член каманды Святланы Ціханоўскай, Дзмітрый Івашкоў агітаваў за палітычныя змены ў Беларусі. У рамках кампаніі #WeStandBYyou для палітвязняў у Беларусі я стала яго хроснай маці. Я заклікаю вызваліць Дзмітрыя Івашкова і падтрымліваю ўсіх, хто выступае за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі!»

rachael_maskell.jpg

Рэйчэл Маскелл — дэпутатка ад лейбарыстаў у парламенце Вялікабрытаніі. Яна стала «хроснай маці» Уладзіміра Жураўкі і патрабуе:

«Я лічу, што людзі павінны мець магчымасць гаварыць шчыра і свабодна, калі яны нязгодныя з уладай. Уладзімір Жураўка быў аператарам цэха Аміяк-3 на заводзе "Гродна Азот". Рабочыя ў складзе Рабочага Руху праводзілі вытворчыя акцыі для паляпшэння ўмоў працаўнікоў. Правы працоўных — гэта правы чалавека, і іх трэба падтрымліваць. Уладзімір далучаецца да тысяч людзей, якія трапілі за краты за рэалізацыю сваіх правоў. Улады Беларусі павінны вызваліць яго і іншых, каб прадэманстраваць, што яны выконваюць Канвенцыю ААН па правах чалавека, і я спадзяюся, што яны зробяць гэта хутка».

mareike_wulf.jpeg

Марайке Вульф з'яўляецца дэпутаткай нямецкага Бундэстага ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюза і камітэта па працы і сацыяльных пытаннях. Яна стала «хроснай» Вячаслава Рагашчука замест дэпутата на пенсіі Херыберта Хіртэ і заяўляе:

«Гісторыя Вячаслава Рагашчука палохае: адвольны арышт, драконаўскае турэмнае зняволенне па надуманых абвінавачаннях, затым жорсткія катаванні і адмова ў медыцынскай дапамозе. У сярэдзіне Еўропы ў ХХІ стагоддзі гэта рэчаіснасць у Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Таму мне важна звярнуць увагу на цяжкія злоўжыванні нават пасля жорсткага падаўлення пратэстаў дэмакратычнага руху. Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна вызваліць Вячаслава Рагашчука і ўсіх іншых палітвязняў».


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Пераклад артыкула на беларускую мову: ПЦ "Вясна"

See more news

Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары заклікае да неадкладнага вызвалення вясноўцаў
18 July 2024, 10:17 AM
Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары заклікае да неадкладнага вызвалення вясноўцаў
Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары (EPDE) заклікае да неадкладнага вызвалення сваіх калегаў і ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.
Двое новых «хросных» са Швейцарыі і Чэхіі для палітвязняў у Беларусі
18 July 2024, 10:03 AM
Двое новых «хросных» са Швейцарыі і Чэхіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Беат Флах (партыя "Грунліберале", Швейцарыя) і Майкл Тонгі ("Зялёныя", Швейцарыя) сталі "хроснымі" Арцёма Караткевіча і Руслана Завадзіча.
Белорусский Хельсинкский Комитет опубликовал анализ динамики Национального индекса прав человека за 5 лет
16 July 2024, 8:21 AM
Белорусский Хельсинкский Комитет опубликовал анализ динамики Национального индекса прав человека за 5 лет
Национальный индекс прав человека создает группа экспертов гражданского общества при общей координации Белорусского Хельсинкского Комитета.
Заявление проекта «Право на Защиту» в связи с признанием сайта экстремистскими материалами
16 July 2024, 7:54 AM
Заявление проекта «Право на Защиту» в связи с признанием сайта экстремистскими материалами
«Если государство настроилось исключительно на репрессии, то говорить о праве на защиту — уже экстремизм».

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці