Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся яшчэ дзевяць дэпутатаў з парламентаў еўрапейскіх краінаў, а таксама прадстаўнікі Еўрапейскага парламента. Сімвалічныя “хросныя” выступілі ў падтрымку Аляксандра Целешмана, Алеся Пушкіна, Арцёма Мядзведскага, Аляксея Раманава, Аляксея Самусенкі, Сяргея Ярашэвіча, Мікіты Літвіненкі, Мікалая Малюты, Рамана Сідзюка, піша Праваабарончы цэнтр "Вясна".
Дэпутат Еўрапарламента Якап Далундэ стаў “хросным” Аляксандра Целяшмана.
“Я патрабую неадкладнага вызвалення Аляксандра Целяшмана і ўсіх іншых палітычных зняволеных у Беларусі. Адкрытае ігнараванне правоў Аляксандра як непаўналетняга падчас першага затрымання выклікае асаблівае абурэнне”, — сказаў ён.
Дэпутатка шведскага парламента Каміла Хансэн стал “хроснай” Алеся Пушкіна.
“Я рашуча асуджаю арышт Алеся Пушкіна. Беларусь павінна неадкладна спыніць парушэнні асноўных правоў сваіх грамадзян на свабоду меркаванняў і свабоду выказвання меркаванняў ва ўсіх аспектах, уключаючы мастацкае выказванне”, — заявіла яна.
Дэпутат Еўрапарламента Шон Келі падтрымаў Арцёма Мядзведскага.
“Я падтрымліваю 23-гадовага Арцёма Мядзведскага, які быў асуджаны на тры гады абмежавання волі. Ён адзін з многіх мірных дэманстрантаў, якія ўтрымліваюцца ў турмах за рэалізацыю свайго права ўдзельнічаць у мірных сходах, выказваць свае меркаванні і ўдзельнічаць у палітычнай дзейнасці”, — заявіў спадар Келі з гэтай нагоды.
Дэпутат Брытанскай Палаты абшчын і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сэр Эдвард Дэві ўзяў на сябе абавязкі “хроснага” Аляксея Раманава.
“Я і мая партыя заклікаем урад Беларусі ўстрымацца ад далейшага гвалту і паважаць асноўныя правы чалавека беларускага народа”, — сказаў ён.
Джо О'Райлі, намеснік старшыні Ірландскага сената і сябра ірландскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, стаў “хросным” Аляксея Самусенкі.
“Я ганаруся тым, што магу падтрымаць Аляксея Самусенку, якога несправядліва пазбавілі волі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў Беларусі. Права на мірны пратэст – асноўны прынцып любога цывілізаванага грамадства”, — заявіў дэпутат.
“Хросным” Сяргея Ярашэвіча стаў дэпутат ірландскага парламента Шон Шэрлак.
“Я заклікаю неадкладна вызваліць Сяргея Ярашэвіча, які знаходзіцца ў турме з 2 кастрычніка 2020 года за ўдзел у мірнай дэманстрацыі. Ягоная жонка Антаніна Канавалава, актывістка штаба Святланы Ціханоўскай, таксама з'яўляецца палітзняволнай. Палітычна матываваны пераслед гэтай сям'і павінен скончыцца, як і запалохванне праваабаронцаў “Вясны”, — адзначыў спадар Шэрлак.
Дэпутат Бундэстага Германіі Томас Эрндль стаў “хросным” Мікіты Літвіненкі.
“Абуральным з’яўляецца той факт, што аўтакрат і дэспат прыгнятае свой народ непасрэдна побач з ЕС. Я патрабую неадкладнага вызвалення Мікіты і ўсіх палітвязняў! #WeStandBYyou!” — сказаў ён.
Дэпутат Бундэстага Фолькер Ульрых падтрымаў Мікалая Малюту.
“Мікалай Малюта прыняў удзел у мірнай дэманстрацыі. Беручы на сябе абавязкі яго “хроснага”, я патрабую яго неадкладнага вызвалення”, — заявіў дэпутат.
Дэпутат Еўрапарламента Ханэс Хайдэ будзе “хросным” Рамана Сідзюка.
“Жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі паказвае, наколькі беларускі ўрад адышоў ад дэмакратыі і вяршэнства закона! Я патрабую неадкладнага вызвалення Рамана Сідзюка і ўсіх астатніх палітвязняў у Беларусі!” — заявіў спадар Хайдэ з гэтай нагоды.
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.