Заява аб прызнанні 22 новых палітычных зняволеных (Павел Салагуб і іншыя)

07 December 2023, 6:57 PM
Заява аб прызнанні 22 новых палітычных зняволеных (Павел Салагуб і іншыя)

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

7 снежня 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, што падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, што выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, павінна быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.

Нам вядома аб асуджэнні:

Паўла Салагуба ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 342, арт. 130 КК па абвінавачванні ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і распальванні "іншай сацыяльнай варожасці", за ўдзел у мірных пратэстах і каментары — да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Віталя Цыдзіка паводле арт. 342, арт. 130, арт. 368 КК паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, распальванні "іншай сацыяльнай варожасці" і абразе А. Лукашэнкі, за ўдзел у мірных пратэстах і каментары — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Андрэя Ігнатовіча па арт. 342, арт. 130 КК па абвінавачванні ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і распальванні "іншай сацыяльнай варожасці" за ўдзел у мірных пратэстах і каментары — да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Уладзіміра Грыбанава, па арт. 130 КК па абвінавачванні ў распальванні "іншай сацыяльнай варожасці" — да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Ігара Барысава паводле артыкулаў: 364, 366, 368, 369 КК паводле абвінавачвання ў пагрозах службовым асобам МУС, абразе А. Лукашэнкі і службовай асобы, за каментары — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Сяргея Рудзянкова ў закрытым судовым пасяджэнні паводле артыкулаў:361-4, 130, 368, 369 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, абразе А. Лукашэнкі, абразе прадстаўніка ўлады, за публікацыі ў сетцы Інтэрнэт — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Алега Казлова па артыкулах: 188, 130, 361-1, 367, 368, 369 КК па абвінавачванні ў паклёпе, распальванні іншай сацыяльнай варожасці, паклёпе на А. Лукашэнку, абразе А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады ў каментарах у сетцы Інтэрнэт — да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Максіма Мнацаканава па артыкулах КК: 130, 342, 361, 361-4, 364, 366, 368, 369, 389, 391 па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, арганізацыі групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды Рэспубліцы Беларусь, пагрозам у дачыненні да службовых асобаў і суддзяў, паклёпе на А. Лукашэнку, абразе А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады ў каментарах у сетцы Інтэрнэт — да сямі гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Пятра Ярмашука па артыкулах 354 і 361-2 па абвінавачванні ў выкарыстанні шкоднасных праграм і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання; за выкарыстанне ў інтарэсах Украіны, што абараняецца ад расійскай агрэсіі, шкоднаснай праграмы ў дачыненні да суб'ектаў РФ і ахвяраванні для падтрымкі ахвяр палітычна матываванага пераследу — да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Андрэя Савінскага паводле артыкулаў 130 і 361-2 КК паводле абвінавачвання ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці, за каментары ў сетцы Інтэрнэт і ахвяраванні пратэсным супольнасцям — пазбаўленне волі ў папраўчай калоніі.

Улады неабгрунтавана ўжываюць утрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах". "Утрыманне пад вартай асобаў, што чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам... вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разбору па крымінальным абвінавачванні, гэта значыць пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту... Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Заключэнне пад варту павінна быць заснаванае на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшальніцтва ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства... Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістыя і шырокія стандарты, такія як "грамадская небяспека"... Дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".

Так, нам вядома пра ўтрыманне пад вартай:

Сняжаны Цадавай па арт. 130 КК па абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці;

Алега Ермаковіча па артыкулах 130, 342, 368, 369 КК па абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці ды іншых дыфамацыйных дзеяннях за выказванні ў сетцы Інтэрнэт;

Юрыя Мініна па арт. 130 КК па абвінавачванні ў распальванні сацыяльнай варожасці за каментары ў сетцы Інтэрнэт;

Яўгена Пяляхатага па артыкулах 130 і 368 КК па абвінавачванні ў распальванні "іншай сацыяльнай варожасці" і абразе А. Лукашэнкі ў каментарах;

Яўгена Шчарбіны па артыкулах 342 і 130 КК па абвінавачванні ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і распальванні "іншай сацыяльнай варожасці" за заклікі да ўдзелу ў мірных пратэстах ды іншыя каментары;

Валянціна Дуброўшчыка па артыкулах 130, 342, 367, 368, 369 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, абразе службовай асобы, А. Лукашэнкі і паклёпе на яго, за паведамленні ў сетцы Інтэрнэт;

а таксама Мікіты Сцяпуркі, Алега Сычова, Анастасіі Пілько, Ларысы Кучынскай, Аляксандра Кучынскага, Андрэя Сцяпуркі паводле ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму) за аказанне дапамогі грамадзяніну, які здзейсніў напад на самалёт расейскіх Узброеных сіл, што базаваўся на беларускім вайсковым аэрадроме; нягледзячы на абвінавачванне ва ўчыненні другарадных дзеянняў, якія следчыя органы разглядаюць як акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай, названыя асобы доўгі час утрымліваюцца ў следчым ізалятары і абвінавачваюцца ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  • d) асоба пазбаўленая волі выбіральна ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Паўла Салагуба, Віталя Цыдзіка, Андрэя Ігнатовіча, Уладзіміра Грыбанава, Ігара Барысава, Сяргея Рудзянкова, Алега Казлова, Максіма Мнацаканава, Пятра Ярмашука, Андрэя Савінскага, Сняжаны Цадавай, Алега Ермаковіча, Юрыя Мініна, Яўгена Пяляхатага, Яўгена Шчарбіны, Валянціна Дуброўшчыка, Мікіты Сцяпуркі, Алега Сычова, Анастасіі Пілько, Ларысы Кучынскай, Аляксандра Кучынскага, Андрэя Сцяпуркі з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі вязнямі. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і абраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, што паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;

  • вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

See more news

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка
23 February 2024, 1:20 PM
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці палітвязня Ігара Ледніка
Права на жыццё ў належнай ступені не ахоўваецца законам і не забяспечваецца на практыцы, што рэгулярна прыводзіць да трагедый.
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Ульяна Яковіч і іншыя)
23 February 2024, 1:18 PM
Заява аб прызнанні шасці чалавек палітычнымі зняволенымі (Ульяна Яковіч і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Ульяну Яковіч, Аксану Ючкавіч, Дзмітрыя Халяўкіна, Сяргея Кульшу, Аляксандра Ільіна, Арцёма Закржэўскага і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ірына Такарчук і іншыя)
23 February 2024, 1:13 PM
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Ірына Такарчук і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Дзіяну Стульбу, Аляксандра Вароніна, Ірыну Такарчук, Наталлю Ладуцьку, Яўгенія Глушкова, Таццяну Сцепу, Аляксея Швяцова.
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі (Артур Голубеў і іншыя)
06 February 2024, 6:57 PM
Заява праваабаронцаў аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі (Артур Голубеў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Артура Голубева, Арцёма Антонава, Алега Зыкуна, Максіма Каранькова, Андрэя Ломшу, Вячаслава Панасюка, Аляксандра Скварцова, Міхаіла Чумакова, Руслан Шукалу, Філіпа Залескага, Вераніку Казак, Генадзя Жукеля і спыніцьіх крымінальны пераслед.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці