Заява аб прызнанні праваабаронцы Алеся Капуцкага палітвязнем

20 January 2022, 8:40 AM
Заява аб прызнанні праваабаронцы Алеся Капуцкага палітвязнем

заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

19 студзеня 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, з глыбокай занепакоенасцю адзначаем, што пераслед у межах адміністрацыйнага працэсу ўжываецца ўладамі дзеля падаўлення свабоды выказвання меркаванняў, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку ці мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар.

Праваабаронца Алесь Капуцкі быў затрыманы 17 снежня 2021 года і тры разы запар пакараны адміністрацыйным арыштам за публікацыі ў сацыяльных сетках, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі. На гэты момант ён знаходзіцца ў зняволенні больш за 30 сутак.

Варта адзначыць, што заканадаўства аб процідзеянні экстрэмізму адвольна выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі ў мэтах барацьбы з іншадумствам і свабодай выказвання меркаванняў, што з'яўляецца недапушчальным у дэмакратычным грамадстве, паколькі мае іншыя мэты, чым прызнаныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах дапушчальныя абмежаванні права на свабоду выказвання меркаванняў.

Практыка асуджэння адразу да некалькіх адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць выступала з заявамі з асуджэннем падобнай практыкі. Арышт Алеся Капуцкага мы таксама звязваем з пераследам вядомага ў сваім рэгіёне праваабаронцы за шматгадовую дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека і асноўных свабод.

Нагадваем, што паводле п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на III Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з'яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.

Гэтыя крытэры ў поўнай ступені тычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх правоў і свабод. Адпаведна, усе пакараныя адміністрацыйным арыштам за рэалізацыю сваіх прызнаных міжнароднай супольнасцю правоў і свабод, у тым ліку Алесь Капуцкі, прызнаюцца намі палітычнымі вязнямі на перыяд іх ізаляцыі.

Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Алеся Капуцкага і патрабуем:

  • адмены вынесеных у дачыненні да яго судовых пастановаў са спыненнем  адміністрацыйнага працэсу;

  • спынення рэпрэсій у дачыненні да праваабаронцаў, іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў; вызвалення ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод;

  • неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

See more news

Міжнародны дзень адвакатаў у небяспецы 24 студзеня сёлета прысвечаны Беларусі
21 January 2025, 11:33 AM
Міжнародны дзень адвакатаў у небяспецы 24 студзеня сёлета прысвечаны Беларусі
Менавіта ў гэты дзень у 1977 годзе адбыўся «Расстрэл на вуліцы Аточа», калі ў Мадрыдзе на вуліцы Аточа, 55, былі забітыя чацвёра юрыстаў.
«Вясна»: Патрабуем спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай
17 October 2024, 8:16 AM
«Вясна»: Патрабуем спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай
Мы патрабуем адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Алены Маслюковай.
Portraits of Strength 2024: Taciana Niadbaj, Belarus
11 October 2024, 11:54 AM
Portraits of Strength 2024: Taciana Niadbaj, Belarus
This interview was organised by the Barys Zvozskau Belarusian Human Rights House for the third edition of the “Portraits of Strength” photo exhibition. The photo was taken by Tatsiana Ulasenka at the Ales Bialiatski mural, Vilnius, Lithuania, in July 2024.
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
02 August 2024, 9:27 AM
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
Чацвёртага жніўня адзначаецца Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе быў першы раз арыштаваны Алесь Бяляцкі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці