Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
7 чэрвеня 2023 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя з пазбаўленнем волі на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павінна ўкладвацца ў гэта паняцце.
Пад тэрарызмам у міжнародным праве звычайна разумеюцца акты гвалту, якія здзяйсняюцца ў адносінах да грамадзянскага насельніцтва ў палітычных ці ідэалагічных мэтах.
У Дэкларацыі аб мерах па ліквідацыі міжнароднага тэрарызму, сфармуляванай у рэзалюцыі 49/60, Генеральная Асамблея заявіла, што тэрарызм уяўляе сабою "злачынныя акты, накіраваныя ці разлічаныя на стварэнне абстаноўкі тэрору сярод шырокай грамадскасці, групы асоб ці пэўных асоб у палітычных мэтах".
У адпаведнасці з рэзалюцыяй 1566 (2004)2004 Савета Бяспекі, дзеянні, якія павінны прадухіляцца і карацца незалежна ад таго, ці апраўдваюцца яны меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага ці іншага падобнага характару, маюць наступныя тры характарыстыкі:
здзяйсняюцца, у тым ліку, супраць грамадзянскіх асоб, з намерам прычыніць смерць ці сур'ёзную шкоду здароўю ці захапіць закладнікаў;
здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, ці групы людзей, ці асобных асоб, запалохаць насельніцтва або прымусіць урад ці міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне ці ўстрымацца ад яго здзяйснення;
уяўляюць сабой злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.
У адсутнасць гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і павінны кваліфікавацца як злачынствы супраць парадку кіравання (пагроза ўжывання гвалту супраць службовых асоб) ці супраць уласнасці (напрыклад, наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці) з ужываннем санкцый, якія адпавядаюць цяжкасці і грамадскай небяспецы здзейсненага.
Нам вядома пра асуджэнне:
Наталлі Мацвеевай да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 400 базавых велічынь (12 800 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 (падрыхтоўка да акта тэрарызму), ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за справакаваную спецслужбамі Беларусі падрыхтоўку да падпалу лесанарыхтоўчых аўтамабіляў;
Вадзіма Гулевіча да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 600 базавых велічынь (19 200 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 290-2 (садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 арт. 13 і арт. 290-3 (падрыхтоўванне да праходжання навучання ці іншай падрыхтоўцы для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за справакаваную спецслужбамі Беларусі падрыхтоўку да пашкоджання вайсковага аб'екта Расійскай Федэрацыі;
Кірыла Ашурка да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 400 базавых велічынь (12 800 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 289 КК (дапамаганне ў акце тэрарызму) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за справакаваную спецслужбамі Беларусі падрыхтоўку да пашкоджання вайсковага аб'екта Расійскай Федэрацыі;
Аляксея Глотава да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 700 базавых велічынь (22 400 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 (падрыхтоўка да ўдзелу ў акце тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 295, ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за справакаваную спецслужбамі Беларусі падрыхтоўку да пашкоджання вайсковага аб'екта Расійскай Федэрацыі;
Дзмітрыя Сасноўскага да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 700 базавых велічынь (22 400 рублёў) паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча [перакваліфікавана на судовым працэсе з "падрыхтоўкі"]), ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай вражды і варажнечы) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за справакаваную спецслужбамі Беларусі падрыхтоўку да нападу на тэлевядучага-прапагандыста дзяржаўнага каналу.
Судовы разгляд у дачыненні да ўсіх абвінавачаных адбыўся з грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага суда і працэсуальных правоў абвінавачаных, у адсутнасць незалежнасці і аб'ектыўнасці суда, ва ўмовах ігнаравання судом заяў пра ўжыванне катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, у адсутнасць сапраўднай спаборнасці бакоў і бесстаронняй ацэнкі доказаў.
Гэта пацягнула неправамерна жорсткую кваліфікацыю дзеянняў усіх абвінавачаных і прызначэнне ўсім ім надзвычай суровага пакарання.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы бачым палітычны матыў пераследу абвінавачаных. Мы лічым, што судовыя рашэнні прынятыя ў парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.
У чарговы раз падкрэсліваем, што характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым ці фактычна ў закрытым судовым пасяджэнні, у адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы, у створаным уладамі становішчы нецярплівасці да дзеянняў праваабарончых аршанізацый і праваабаронцаў і незалежных журналістаў груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і крытычна дыскрэдытуе ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці доказаў абвінавачвання.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Наталлі Мацвеевай, Вадзіма Гулевіча, Кірыла Ашурка, Аляксея Глотава, Дзмітрыя Сасноўскага. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
вызваліць згаданых палітвязняў, прымяніўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Беларускі ПЭН;
Human Constanta;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Lawtrend;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю.