)
16 кастрычніка 2025 г.
У сувязі з новымі выпадкамі асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А. Лукашэнкі і іншыя формы мірнай рэалізацыі свабоды мяркаванняў:
Максім Гелясін асуджаны па арт. 361 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў “закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” да пазбаўлення волі;
Аляксандр Старасцін асуджаны па арт. 367 КК па абвінавачванні ў паклёпе на А. Лукашэнку да 1 года 6 месяцаў пазбаўлення волі;
Андрэй Нехвядовіч асуджаны па арт. 361 і 368 КК па абвінавачанні ў “закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” і абразе А. Лукашэнкі да пазбаўлення волі;
Сяргей Зініч асуджаны па арт.367 КК па абвінавачванні ў паклёпе на А. Лукашэнку да 4 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, адбывае пакаранне;
Сяргей Міцюшкін змешчаны пад варту па арт. 188 КК за паклёп;
Аляксей Развадоўскі асуджаны па арт. 367 і 368 КК па абвінавачанні ў абразе А. Лукашэнкі і паклёпе на яго да 3 гадоў пазбаўлення волі;
Альберт Шыла асуджаны па арт. 368 і 369 КК па абвінавачанні ў абразе А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да пазбаўлення волі;
Сяргей Пяткевіч асуджаны па арт. 361 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў “закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь” да пазбаўлення волі;
Мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
Неадкладна вызваліць палітвязняў Максіма Гелясіна, Аляксандра Старасціна, Андрэя Нехвядовіча, Сяргея Зініча, Сяргея Міцюшкіна, Аляксея Развадоўскага, Альберта Шыла, Сяргея Пяткевіча і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 361, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Lawtrend;
Respect-Protect-Fulfill;
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
)
)
)
)
)