Мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, выказваем рашучы пратэст супраць прызнаньня Праваабарончага цэнтра «Вясна» экстрэмісцкім фармаваньнем і выказваем сваю салідарнасьць з калегамі.
23 жніўня Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь прыняло рашэньне аб прызнаньні Праваабарончага цэнтра "Вясна" экстрэмісцкім фармаваньнем. Паводле гэтага рашэньня група грамадзянаў зь ліку прадстаўнікоў "Праваабарончы цэнтр «Вясна»" ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць у тым ліку з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў з аднайменнай назвай, у тым ліку рэгіянальных прадстаўніцтваў. Паводле інфармацыі БелТА, рашэньне прынятае ў сувязі з "арганізацыяй дзейнасьці па падрыхтоўцы і зьдзяйсьненьні замахаў на суверэнітэт і грамадзкую бясьпеку Беларусі, дыскрэдытацыяй і абразай службовых асобаў". Дзейнасьць групы і зьвязаных з ёй больш за 30 рэсурсаў забароненая на тэрыторыі Беларусі. Рашэньне МУС дае падставу для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 7 гадоў грамадзян, якія ўдзельнічаюць у дзейнасьці або ажыцьцяўляюць любую перадачу зьвестак або рэсурсаў прадстаўнікам "Вясны".
Праваабарончы цэнтр "Вясна" ёсьць адной з найстарэйшых і найаўтарытэтнейшых праваабарончых арганізацыяў Беларусі, якая дапамагла дзясяткам тысячаў беларускіх грамадзянаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсіяў. За час свайго існаваньня ПЦ "Вясна" і ейныя сябры быў узнагароджаныя шматлікімі прэстыжнымі прэміямі і ўзнагародамі ў галіне правоў чалавека, таксама ўвайшоў у лік ляўрэатаў прэміі ААН у галіне правоў чалавека за 2023 год. Заснавальнік Цэнтра Алесь Бяляцкі ў 2022 годзе стаў ляўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Рашэньне ўладаў прызнаць Праваабарончы цэнтр "Вясна" "экстрэмісцкім фармаваньнем" ёсьць палітычна матываваным перасьледам, зьвязаным зь мірнай рэалізацыяй людзьмі сваіх правоў і свабодаў. Мы расцэньваем яго як чарговы крок у рамках маштабнай палітыкі зьнішчэньня арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, беларускага праваабарончага руху, адвольнага выкарыстаньня беларускімі ўладамі антыэкстрэмісцкага заканадаўства з мэтай прыгнёту грамадзянскага актывізму. Мы расцэньваем яго як чарговы крок ціску на законную праваабарончую дзейнасць канкрэтнай арганізацыі — Праваабарончага цэнтра "Вясна", які адбыўся, у тым ліку, пасля адміністрацыйнага і крымінальнага перасьледу ягонага кіраўніцтва, сябраў, валанцёраў, прызнаньня экстрэмісцкімі ягоных інфармацыйных рэсурсаў.
Нацыянальнае заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму не адпавядае міжнародным стандартам, ня мае законных мэтаў, сфармуляванае шырока і абстрактна, што дае празьмерную свабоду дзеяньняў дзяржаўным органам і дазваляе ім адвольна ўжываць прававыя палажэньні з мэтай палітычных рэпрэсіяў. Дзяржава апраўдвае прызнаньне арганізацыяў, якія ажыцьцяўляюць мірную дзейнасьць па абароне правоў чалавека і адстойваюць грамадзкія інтарэсы, экстрэмістамі надуманымі прычынамі нацыянальнай бясьпекі і грамадзкага парадку, у той час як сапраўднай падставай ёсьць прыцісканьне кожнай нязгоды зь дзеяньнямі ўладаў.
Мы падкрэсьліваем, што прызнаньне Праваабарончага цэнтра "Вясна" і іншых арганізацыяў экстрэмісцкімі фармаваннямі ўяўляе сабой недапушчальнае ўмяшаньне ў рэалізацыю свабоды выказваньня меркаваньняў, свабоды асацыяцыяў, якія ёсьць правамі, гарантаванымі Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога ёсьць Рэспубліка Беларусь, парушае правы, замацаваныя ў Дэклярацыі аб праваабаронцах — ключавым рамачным дакумэнце ААН, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
З нагоды сказанага, мы патрабуем ад беларускіх уладаў:
Скасаваць рашэньне аб прызнаньні Праваабарончага цэнтра "Вясна", роўна як і іншых арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, экстрэмісцкім фармаваньнем.
Прывесьці заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму ў адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.
Спыніць практыку прызнаньня арганізацыяў, ініцыятываў экстрэмісцкімі без разумных і прапарцыйных падставаў, а таксама практыку прызнаньня матэрыялаў, накіраваных на інфармаваньне грамадзкасьці аб сітуацыі з правамі чалавека, экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Мы заклікаем праваабаронцаў, арганізацыі грамадзянскай супольнасці розных краін праявіць салідарнасць з Праваабарончым цэнтрам "Вясна" і беларускім праваабарончым рухам, а міжнародныя органы і арганізацыі даць належную ацэнку парушэнням правоў чалавека ў Беларусі, звярнуцца да беларускіх уладаў і запатрабаваць выканання міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, спынення практыкі адвольнага прызнання арганізацый экстрэмісцкімі, а іх рэсурсаў — экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Праваабарончая арганізацыя Lawtrend
Беларускі Хельсінкскі Камітэт
Беларускі ПЭН
Прававая ініцыятыва
Офіс па правах людзей з інваліднасцю
Human Constanta
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Беларуская асацыяцыя журналістаў