Журналіста Анджэя Пачобута асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

08 February 2023, 4:55 PM
Журналіста Анджэя Пачобута асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Сёння, 8 лютага, у абласным судзе Гродна суддзя Дзмітрый Бубенчык вынес прысуд палітзняволенаму журналісту і актывісту польскай меншасці Анджэю Пачобуту. Суддзя прыгаварыў журналіста да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд Анджэю Пачобуту — помста за іншадумства. БАЖ патрабуе вызвалення журналіста

Судовы працэс пачаўся 16 студзеня і праходзіў у закрытым рэжыме. Перад гэтым суд некалькі разоў пераносіўся.

Анджэя Пачобута абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • арт. 361 КК — заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь,

  • арт. 130 КК — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.

Суддзя Дзмітрый Бубенчык вядомы сваімі палітычнымі прысудамі. Ён караў тэрмінамі людзей, якія асуджалі вайну ва Украіне, выказвалі нязгоду з рэжымам Лукашэнкі і гвалтам з боку сілавікоў да мірных грамадзян. Падставай для прысудаў ад 4 да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, якія выносіў суддзя, станавіліся каментары і рэпосты ў сацсетках.

Вечарам 8 лютага ў Беластоку (Польшча) адбудзецца акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам, якую арганізуюць мясцовыя актывісты, знаёмыя, калегі і сябры журналіста.

Анджэй Пачобут — журналіст і адзін з лідараў непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Ён быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі грамадскай арганізацыі польскай меншасці.

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». У матэрыяле Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуруюць заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.

Увесь час зняволення —  а гэта амаль два гады — журналісту былі забароненыя спатканні са сваякамі, ягоныя лісты цэнзураваліся, блакавалася ліставанне журналіста з 12-гадовым сынам, а адвакаты працягваюць маўчаць, баючыся быць пазбаўленымі ліцэнзіі. З 14 красавіка па 17 мая 2021 года Пачобут знаходзіўся ў мінскім СІЗА на Валадарскага ў ізалятары, дзе праводзяць апошнія дні асуджаныя да смяротнага пакарання — так званым калідоры смерці. Пасля Анджэй утрымліваўся ў СІЗА Жодзінскай і Гродзенскай турмаў. Нягледзячы на ціск, журналіст неаднаразова адхіляў прапанову аб вызваленні ў абмен на просьбу аб памілаванні і ад’езд з краіны.

У сярэдзіне жніўня 2022 года Анджэй пачаў знаёміцца са справай. Каб паспець усё прачытаць, нават адмаўляўся ад абедаў. У кастрычніку 2022 года КДБ РБ унёс Анджэя Пачобута ў спіс тэрарыстаў. Беларускія праваабарончыя колы, польскія ўлады і міжнародная супольнасць прызналі крымінальныя справы супраць прадстаўнікоў польскай меншасці, у тым ліку Анджэя Пачобута «палітычна матываванымі», размова ідзе пра рэпрэсіі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і свабод грамадзян.

У адным са сваіх лістоў на волю Анджэй Пачобут напісаў:

«Ідзе 17 месяц майго зняволення. Калі азіраюся назад, дык здаецца яшчэ нядаўна я быў у Жодзіна і пазнаваў, ці лепш сказаць знаёміўся, з «турэмнымі ўніверсітэтамі», а ўжо хутка канец следства і перадача справы ў суд. Хоць, канешне, я не маю ніякіх ілюзіяў наконт прысуду, але ўсё адно хочацца хутчэй мець гэта за сабой і ехаць у лагер.

Дарэчы ў маі 2021 года, калі я этапам ехаў з Валадаркі ў Жодзіна — гэта быў самы прыемны момант майго зняволення. Цягнік вырваў з турэмнай статыкі, вецер праз адкрытую канваірамі фортку — была спёка — нагадваў пра волю... Цёплая атмасфера ў камеры-купэ — хлопцы ўсе палітычныя ехалі пасля прысудаў у лагеры з вялікімі — як мне тады здавалася прысудамі — 3, 4, 7 гадоў пазбаўлення волі... Я быў адзіны ў каго не было яшчэ суду.

Што ж, мінула з таго часу ўжо больш за год, шмат чаго змянілася, але нягледзячы на гэта настрой у мяне бадзёры, а натхненнем служаць лёсы людзей, якія сядзелі ў сталінскія часы. Шмат каго з іх я меў гонар ведаць асабіста. Цяпер узгадваю іхныя аповеды, і яны, шмат хто ўжо з таго свету, дадаюць мне веры, упэўненасці і аптымізму».

Арыгінальны артыкул на сайце БАЖ

See more news

Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.
Подборка Human Constanta: Пять фильмов об употреблении языка вражды и последствиях
18 September 2024, 2:13 PM
Подборка Human Constanta: Пять фильмов об употреблении языка вражды и последствиях
Язык вражды заключается в проявлении дискриминационной ненависти к людям по признаку конкретного аспекта их идентичности.
Информационный бюллетень LawtrendMonitor № 8, август 2024 года
12 September 2024, 11:53 AM
Информационный бюллетень LawtrendMonitor № 8, август 2024 года
В этом выпуске LawtrendMonitor мы традиционно информируем вас о новых нормативных актах, принятых в Республике Беларусь и касающихся вопросов создания и деятельности организаций гражданского общества.
Lawtrend про лицензирование социальных услуг в Беларуси
12 September 2024, 11:21 AM
Lawtrend про лицензирование социальных услуг в Беларуси
С 1 июля 2024 г. вступают в силу основные положения Закона Республики Беларусь от 13.12.2023 № 318-З «Об изменении законов по вопросам социального обслуживания и социальных выплат».

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці