4 жніўня — Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі

05 жніўня 2022, 15:23
4 жніўня — Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі

Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі адзначаецца 4 жніўня. Гэтая дата была абраная не выпадкова – менавіта 4 жніўня ў 2011 годзе ў Мінску быў арыштаваны кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. Тады яго асудзілі да 4,5 года калоніі за "ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры". Сваёй віны праваабаронца не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасць. Алесь Бяляцкі быў вызвалены па амністыі ў чэрвені 2014 года.

Але ціск на праваабаронцаў і актывістаў Беларусі не спыніўся. Па сутнасці, на працягу ўсяго існавання Праваабарончага цэнтра "Вясна" яе сябры сутыкаліся з пераследам і ціскам з боку ўладаў, перашкодамі ў сваёй дзейнасці, пачынаючы з пазбаўлення рэгістрацыі ў 2003 годзе і сканчваючы арыштам сямі сябраў арганізацыі і фактычным выгнаннем арганізацыі з краіны пасля выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе. 

"Вясна" нагадвае храналогію пераследу праваабаронцаў у сувязі з падзеямі 2020 года і распавядае, як раней адзначалі Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі і як далучыцца сёлета.

2020-2022 гады  беспрэцэндэнтыя часы па рэпрэсіях вясноўцаў

Толькі ў 2020 годзе 18 сябраў і валанцёраў Праваабарончага цэнтру “Вясна” падвергліся прамому пераследу і рэпрэсіям з боку беларускіх уладаў. Іх затрымлівалі, кідалі на "суткі" і арыштоўвалі па крымінальных артыкулах. Кампанія па запалохванні вясноўцаў і знішчэнні арганізацыі пачалася 31 жніўня 2020 года, калі быў затрыманы валанцёр "Вясны" Павел Гарбуз. Праз 10 сутак яго выпусцілі з "Валадаркі" і сказалі перадаць, што "хутка іх усіх [вясноўцаў] таксама закрыюць, проста час не прыйшоў".

У хуткім часе, 17 верасня 2020 года, затрымалі каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову, а праз два тыдні — валанцёра «Вясны» Андрэя Чапюка. Іх змясцілі ў СІЗА, дзе яны ўтрымліваюцца да гэтага часу. Адразу Марфе прад'явілі абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці, а Андрэю — па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Да суда склад іх абвінавачванняў вырас у разы. З 25 красавіка гэтага года над імі ідзе суд у закрытым рэжыме. Марфе пагражае да 20 гадоў калоніі, Андрэю — да васьмі.

Кіраўнік Гомельскай філіі "Вясны" Леанід Судаленка быў затрыманы раніцай 18 студзеня 2021 года па дарозе на офіс у межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Таксама затрымалі памочніцу Леаніду Марыю Тарасенка — яе вызвалілі праз трое сутак пад падпіску аб нявыездзе. Праз пяць дзён была затрыманая Таццяна Ласіца — валанцёрка Гомельскай філіі. Трэцяга лістапада ў Гомелі асудзілі палітзняволеных Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцу да трох і двух з паловай гадоў калоніі адпаведна, у тым ліку, за дапамогу пацярпелым ад дзеянняў уладаў з аплатай штрафаў, пошлін за зварот у суд і працу адвакатаў. Леанід Судаленка 27 студзеня 2022 быў этапаваны ў папраўчую калонію №3 "Віцьбу", а Таццяна — у жаночую гомельскую калонію №4. Ім засталося адбываць зняволенне ў 1,5 гады і адзін год адпаведна.

16 лютага ў Мінску і іншых гарадах Беларусі прайшлі шматлікія ператрусы ў межах арт. 342 КК у офісах і па месцы жыхарства сябраў ПЦ «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў, Незалежнага прафсаюза РЭП і іншых грамадзянскіх актывістаў. Ператрусы адбыліся і ў рэгіянальных аддзяленнях ПЦ «Вясна» ў Магілёве, Рэчыцы, Мазыры, Брэсце, а таксама ў офісах арганізацыі ў Мінску.

"У рамках папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэснай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя", – пракаментаваў тады масавы напад на актывістаў грамадзянскай супольнасці Следчы камітэт.

У многіх праваабаронцаў і актывістаў канфіскавалі тэхніку, якую не вярнулі па гэты дзень. Прэтэнзія дзяржавы да праваабаронцаў па гэтым артыкуле складаецца ў тым, што нібыта дапамога пацярпелым ад дзеянняў уладаў падахвочвала людзей да далейшага ўдзелу ў пратэстах. 

14 ліпеня 2021 года стала "чорнай серадой" грамадзянскай супольнасці. Тады па ўсёй Беларусі былі затрыманыя 11 праваабаронцаў-вясноўцаў, а таксама два былых сябры "Вясны". Ператрусы адбыліся ў офісе Праваабарончага цэнтра па вул. Мяржынскага ў Мінску, гарадзенскім офісе арганізацыі, асветніцкай пляцоўцы "Тэрыторыя правоў". Шэсць чалавек апынуліся ў ІЧУ. Трое з іх — дагэтуль утрымліваюцца за кратамі. Гэта старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзь Лабковіч. Ім прад’явілі абвінавачванні па арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў). 

Прэтэнзія дзяржавы да праваабаронцаў складаецца ў тым, што яны «не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццяўлёных выплатах, асобаў, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам і выканання яго абавязкаў» 

Следства над Валянцінам, Алесем і Уладзем працягнута да 14 кастрычніка: у СІЗА-1 пад следствам яны ўтрымліваюцца ўжо больш за год. 

1 снежня 2021 года адбылася масавая атака на валанцёраў "Вясны" і назіральнікаў за судамі. У больш за 20 чалавек былі праведзеныя ператрусы, пасля якіх адбыліся затрыманні і допыты; у валанцёраў былі адабраныя падпіскі аб неразгалошванні дадзеных, а ў некаторых — паперы аб несупрацоўніцтве з "Вясной".

У хуткім часе тэлеграм-канал "Вясны", а потым сайт, лагатып і амаль усе медыяпрадукты праваабарончай арганізацыі былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Праваабаронцы "Вясны" заяўляюць, што ўся дзейнасць валанцёраў і сябраў арганізацыі мае выключна мірны, праваабарончы характар і скіраваная на дапамогу людзям, якія церпяць за свае палітычныя погляды і перакананні, за абарону правоў чалавека ў Беларусі. Іх пераслед расцэньваецца як працяг кампаніі па запалохванні і ціску на прадстаўнікоў ПЦ "Вясна" і ўсю праваабарончую супольнасць краіны ў цэлым. Усё гэта — адвольная рэпрэсіўная рэакцыя ўладаў на выключна легітымную, мірную і адкрытую дзейнасць па абароне, прасоўванні і заахвочванні правоў чалавека, у прыватнасці — на валанцёрскую падтрымку праваабарончай дзейнасці і назіранне за выкананнем стандартаў справядлівага правасуддзя.

Праваабаронца: "Вясна" ёсць і будзе, пакуль хоць адзін палітвязень застаецца за кратамі, а справядлівасць не адновіцца!"

Праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук адзначае, што пакуль існуе беларускі таталітарны рэжым і ў краіне працягваюцца жахлівыя рэпрэсіі, Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі будзе актуальнай датай:

"Пасля вызвалення Алеся Бяляцкага ў 2014 годзе дату 4 жніўня многія сталі забываць, а Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю нібы перастаў быць актуальным. Але сама праблема нікуды не знікла. Старшыню “Вясны” выпусцілі па амністыі, але рэгістрацыю арганізацыі не аднавілі і ўмовы для працы праваабаронцаў у Беларусі, па сутнасці, не палепшыліся. Тая сітуацыя, у якой мы апынуліся цяпер, яскрава паказвае, што калі мы будзем забываць і адыходзіць ад сапраўдных прычын палітычных рэпрэсій у Беларусі, то яны будуць вяртацца да нас у яшчэ большых маштабах. За гэты час рэпрэсіўная машына пускае карані ў глебу і робіцца яшчэ больш магутнай і жахлівай. У нашым выпадку гаворка ідзе пра рэпрэсіўны беларускі таталітарны рэжым. У 2019 годзе быў адзін палітвязень — Міхаіл Жамчужны — і насамрэч не шмат беларусаў маглі ўзгадаць яго прозвішча ці наогул адказаць, ці ёсць у Беларусі палітычныя зняволеныя. Цяпер у краіне 1253 палітвязняў — і пра сотні несправядліва арыштаваных ведае кожны і кожная.

У 2011 годзе быў арыштаваны адзін вясновец, а цяпер за кратамі ўтрымліваецца сем праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны". Большасць сябраў і сябровак арганізацыі вымушаныя былі пакінуць родную краіну праз пераслед і каб працягнуць праваабарончую дзейнасць, дапамогу рэпрэсаваным беларусам. Нам трэба змагацца не толькі за вызваленне ўсіх палітвязняў, паралельна падтрымліваючы іх, а яшчэ і за аднаўленне справядлівасці і прасоўванне правоў чалавека ў Беларусі. Для гэтага трэба выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы. Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі — адна з нагодаў, каб яшчэ раз нагадаць дзяржаве свае патрабаванні вызваліць палітвязняў, а беларускай і міжнароднай супольнасці — пра тое, што нашая барацьба не скончаная. "Вясна" ёсць і будзе, пакуль хоць адзін палітвязень застаецца за кратамі, а справядлівасць не адновіцца!"

Як раней адзначалі Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі

У дзясятках краін свету з 2011 года на працягу некалькіх гадоў адзначаўся Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Так, напрыклад, 4 жніўня 2013 года ў Вільні каля беларускай амбасады адбылася моцная акцыя ў падтрымку зняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага: людзі выйшлі ў масках з яго тварам, каб сказаць, што, нягледзячы на арышт праваабаронцы, арганізацыя будзе працягваць сваю дзейнасць.

akcija_2015.jpegАкцыя ў Вільні 4 жніўня 2013 года. На парэднім плане — праваабаронца Валянцін Стэфановіч і цяпер палітзняволены па "справе Вясны"

Акцыя ў Вільні 4 жніўня 2013 годаАкцыя ў Вільні 4 жніўня 2013 года

Акцыя ў Вільні 4 жніўня 2013 годаАкцыя ў Вільні 4 жніўня 2013 года

Пасля вызвалення Алеся Бяляцкага Дзень салідарнасці працягнулі адзначаць як магчымасць яшчэ раз нагадаць пра палітычных вязняў у Беларусі. Так, у наступныя гады 4 жніўня ладзіліся акцыі салідарнасці і падпісанне паштовак палітвязням, дыскусіі на тэму правоў чалавека, круглыя сталы, канцэрты, прагляды дакументальных фільмаў, фотавыставы, перформансы і іншыя актыўнасці.

Так, у 2015 годзе на Ратушнай плошчы ў Вільні сабраліся беларускія і літоўскія праваабаронцы, грамадскія і палітычныя актывісты, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Літве ды выпадковыя мінакі. У акцыі прыняў удзел дэпутат Лінас Бальсіс — адзін з  літоўскіх палітыкаў-апекуноў беларускіх палітвязняў. Спадар Бальсіс з’явіўся ў адмысловай футболцы з фотаздымкам свайго падшэфнага – Мікалая Дзядка

Акцыя 4 жніўня 2015 года. Фота: humanrightshouseАкцыя 4 жніўня 2015 года. Фота: humanrightshouse

Як можна далучыцца да Дня салідарнасці сёлета?

  1. Арганізуйце акцыю салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, зняволенымі праваабаронцамі і ўсімі палітвязнямі. Акцыя салідарнасці з імі — гэта магчымасць выказаць ім нашу падтрымку і паказаць, што яны не адныя ў сваёй барацьбе, а таксама расказаць жыхарам розных краін і гарадоў пра змагароў за свабоду і паўтарыць на розных мовах: "Салідарнасць мацнейшая за рэпрэсіі!"

  2. Падтрымайце адрасна палітвязняў лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі;

  3. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі;

  4. Распавядзі ў сацсетках пра палітвязняў ці зрабі пост падтрымкі грамадзянскай супольнасцю Беларусі з хэштэгам #4august #4августа #bysoliday #standwithbelarus 

  5. Падтрымайце данатамі “Вясну” на Patreon і іншыя беларускія грамадскія арганізацыі і фонды па дапамозе палітвязням (напрыклад, BYSOL).

Арыгінал артыкула на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

Фотапраект «Партрэты моцы»: Таццяна Нядбай, Беларускі ПЭН
11 кастрычніка 2024, 11:54
Фотапраект «Партрэты моцы»: Таццяна Нядбай, Беларускі ПЭН
Фонд Дамоў правоў чалавека зладзіў фотаконкурс партрэтаў жанчынаў-праваабаронцаў. Ад Беларускага дому правоў чалавека ў ім узяла ўдзел Таццяна Нядбай.
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
02 жніўня 2024, 09:27
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
Чацвёртага жніўня адзначаецца Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе быў першы раз арыштаваны Алесь Бяляцкі.
Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў
25 чэрвеня 2024, 11:47
Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў
Мы патрабуем адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі.
Праваабаронца Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў
27 мая 2024, 11:58
Праваабаронца Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў
"Вясна" падрыхтавала чарговы дайджэст аб пераследзе праваабаронцаў на постсавецкай прасторы і набольш значных парушэннях правоў чалавека.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці