Адкрыты ліст Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары: Не – еўрапейскім палітыкам, якія адбельваюць крамлёўскія псеўда-рэферэндумы
Каму: сябрам нацыянальных і рэгіянальных парламентаў краінаў-удзельніц ЕС, сябрам Еўрапейскага парламента
«У святле заяў Крамля аб падрыхтоўцы да правядзення так званых «рэферэндумаў» на тэрыторыях, акупаваных падчас ваеннай агрэсіі супраць Украіны, Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары (EPDE) заклікае ўсе нацыянальныя і рэгіянальныя парламенты Еўрапейскага Саюза, Еўрапейскі парламент, Парламенцкую асамблею Савета Еўропы і АБСЕ праявіць асаблівую пільнасць і перашкодзіць удзелу іх сябраў у незаконным «назіранні за выбарамі», арганізаваным з мэтай абяліць незаконныя выбарчыя працэсы.
Тое ж самае датычыцца і да мясцовых выбараў у Расіі ў верасні – у краіне, дзе фальсіфікацыя выбарад не аднойчы фіксавалася міжнароднымі і мясцовымі назіральнікамі.
Небесстаронняе назіранне – форма палітычна матываванага назірання за выбарамі, галоўнай мэтай якога з'яўляецца абяленне фальсіфікацыі выбараў шляхам прадастаўлення недакладнай інфармацыі аб правядзенні нелегітымных выбараў як выбаршчыкам, так і міжнароднай аўдыторыі – шырока распаўсюдзілася ў рэгіёне АБСЕ.
Аўтарытарныя рэжымы арганізуюць і фінансуюць прысутнасць міжнародных «назіральнікаў», чыя функцыя заключаецца ў дыскрэдытацыі высноў незалежных міжнародных і нацыянальных назіральных місій, такіх як БДІПЧ-АБСЕ ці ЕС.
Палітычна небесстаронныя назіральнікі на выбарах (або «фальшывыя назіральнікі») часта вярбуюцца агентамі гэтых рэжымаў сярод лаяльных палітыкаў, парламентарыяў, у тым ліку ў Еўрапарламенце, Парламенцкай асамблеі Еўропы і ў АБСЕ. Выдаючы сябе ў мясцовых СМІ за афіцыйных прадстаўнікоў заходніх дэмакратый і сталых інстытутаў, яны не толькі дапамагаюць узаконіць нелегітымныя, незаконныя ці ашуканскія выбары, але і дыскрэдытуюць інстытуты, якія яны прадстаўляюць.
Яскравымі прыкладамі такой практыкі з'яўляюцца прэзідэнцкія «выбары» 2018 года ў так званых Данецкай і Луганскай народных «рэспубліках», дзе EPDE выявіла 57 «фальшывых назіральнікаў». Сярод гэтых псеўда-назіральнікаў былі, напрыклад, дзейныя і былыя парламентарыі Францыі, Германіі, Італіі і Бельгіі.
Іншы прыклад – парламенцкія выбары 2020 года ў Азербайджане, дзе выявілі 43 «фальшывых назіральнікаў». Сярод іх – дзейныя і былыя парламентарыі Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі, Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Грэцыі і Славакіі.
Расейскія парламенцкія выбары 2021 года адбельваліся дзевяццю «фальшывымі назіральнікамі», сярод якіх былі французскія парламентарыі.
На падставе доказаў, сабраных EPDE, асноўнымі арганізатарамі «фальшывага назірання» ў рэгіёне АБСЕ з'яўляюцца Расійская Федэрацыя і Азербайджан. Аднак зусім нядаўна мы выявілі, што такая практыка выкарыстоўваецца і ў Венгрыі, якая ўваходзіць у ЕС. Па нашых дадзеных, удзел у небесстароннім назіранні за выбарамі быў асабліва распаўсюджаны сярод грамадзян Францыі, Італіі, Германіі і Балгарыі (гл. прыкладзены графік).
Мы высока ацэньваем рашучыя крокі Еўрапарламента і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, зробленыя ў апошнія гады супраць гэтай выбарчай нядобрасумленнасці.
У той жа час мы разумеем, што яшчэ шмат чаго трэба зрабіць на ўзроўні нацыянальных і рэгіянальных парламентаў краін-удзельніц ЕС. EPDE прапануе свой досвед і дапамогу тым парламентам, якія жадаюць актыўна змагацца з гэтай спецыфічнай формай перадвыбарнай дэзінфармацыі.
EPDE працягне маніторынг выкарыстання небесстаронняга назірання за выбарамі. З усімі нашымі вынікамі на сёньняшні дзень можна азнаёміцца тут: www.fakeobservers.org.
Рэкамендацыі ўсім нацыянальным, міжнародным і рэгіянальным парламентам ЕС:
заклікаць сваіх парламентарыяў устрымацца ад удзелу ў любой міжнароднай «місіі» па назіранні за выбарамі, якая не ўхваленая ні самім парламентам, ні ЕП, ПАСЕ, Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад Рады Еўропы або любой іншай арганізацыяй , якая падпісала Дэкларацыю прынцыпаў міжнароднага назірання за выбарамі;
старанна кантраляваць удзел сваіх сябраў у любой міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі;
старанна правяраць фінансавыя дэкларацыі сябраў парламента ў адносінах да выгод, атрыманых у сувязі з удзелам у міжнародных місіях па назіранні за выбарамі, не ўхваленых самім парламентам;
перагледзець і ў выніку абнавіць кодэкс паводзін свайго парламента ў дачыненні да ўдзелу яго сябраў у міжнародных місіях па назіранні за выбарамі;
стварыць незалежныя органы для рэгулярнай праверкі вышэйзгаданых рэкамендацый».
З павагай, Штэфані Шыфер, Старшыня праўлення EPDE
Арыгінал адкрытага ліста (на ангельскай мове) на сайце EPDE
Пераклад на беларускую мову - БДПЧ