«Каб вясна прыйшла незваротна»: пра гадавіну расправы над калегамі-праваабаронцамі распавядаюць вясноўцы

07 сакавіка 2024, 10:55
«Каб вясна прыйшла незваротна»: пра гадавіну расправы над калегамі-праваабаронцамі распавядаюць вясноўцы

Два мацнейшыя ўдары вынес Праваабарончы цэнтр "Вясна" за апошнія гады. 14 ліпеня 2021 года амаль адначасова былі затрыманыя практычна ўсе сябры арганізацыі, якія на той час заставаліся ў Беларусі: былі допыты, ператрусы, нехта паспеў з'ехаць. Але за кратамі засталіся Алесь БяляцкіВалянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч. Так, яны маглі пакінуць краіну, але мужна палічылі зрабіць інакш, піша "Вясна".

Трэцяга сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёну Мінску ім быў абвешчаны несправядлівы прысуд: Алесю Бяляцкаму, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, прызначылі 10 гадоў калоніі; Валянціну Стэфановічу, намесніку старшыні і віцэ-прэзідэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зняволення; Уладзіміру Лабковічу, каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрысту, — 7 гадоў зняволення; Дзмітрыю Салаўёву, якога судзілі завочна, — 8 гадоў зняволення.

Таікм чынам улада хацела паставіць тлустую кропку на дзейнасці Праваабарончага цэнтра "Вясна". Але не выйшла. Арганізацыя існуе, дзейнічае і гэта прызнаюць нават улады: іх публічныя каментары, прызнанне цэнтра "экстрэмісцкім фармаваннем", несупынны пераслед аж да гэтага часу актывістаў арганізацыі – сведчаць пра адно: "Вясну" знішчыць не ўдалося.

У гадавіну прысуду нашых кіраўнікоў, калегі і сябры распавядаюць пра тое, як не хапае ім зняволеных Алеся, Уладзя і Валянціна, чаму і як выстаяла арганізацыя, дзе яны бяруць сілы для далейшай правабарончай дзейнасці, пра што мараць.

Ад 7 да 10 гадоў калоніі: агучылі прысуд палітзняволеным праваабаронцам "Вясны"

Суддзя Марына Запаснік абвесціла прысуд па крымінальнай справе супраць заснавальніка "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" і юрыста Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна).

Былы палітвязень, рэпрэсаваны і аб'яўлены ў вышук гомельскі правааабронца Леанід Судаленка: "Дай Бог нам дачакацца іх жывымі і здаровымі"

"Пасля вызвалення з турмы адчуванні роспачы і безвыходнасці мяне наведваюць амаль штодня. Гадавіна расправы над нашымі сябрамі-вясноўцамі толькі ўзмацняе гэтыя пачуцці і мяне яшчэ раз накрывае бездапаможнасць. Зноў не адпускаюць думкі аб нечалавечых умовах, у якіх за кратамі даводзіцца выжываць палітвязням. Я на даволі кароткім тэрміне выжыў, а ў Валіка, Уладзя і Алеся тэрміны ў некалькі разоў большыя, і дай Бог нам дачакацца іх жывымі і здаровымі. І не толькі іх, а ўсіх беларускіх палітычных вязняў!

Інтэлектуальна там кожны задумваецца над сэнсам жыцця, пераасэнсоўвае і магчыма не раз развітваецца з ім. Маральна цяжка ўдвая, бо ні на хвіліну не адпускае разуменне прававога бязмежжа — ты за кратамі без злачынства, толькі за тое, што не згодзен!

Эмацыйны ўзровень там спрабуе цябе захаваць. Пачынаеш верыць у амністыю, у памілаванне, у перамены і іншыя лайфхакі, якія дапамогуць выйсці раней за тэрмін. Бо надзея — гэта адзінае тое, што ў асуджаных не адабраць, яна ратуе і дапамагае трымацца ментальна".

sudalenka-ales-valik-1.jpgВалянцін Стэфановіч, Леанід Судаленка, Алесь Бяляцкі.

А вось стрэсы і пастаяннае агрэсіўнае асяроддзе павольна забіраюць здароўе. Асабліва ў ШІЗА, дзе катуюць холадам, дзе адбіраюць споднюю бялізну, не выдаюць матрац і пасцельную бялізну, дзе беднае харчаванне, адсутнасць вітамінаў і прагулак. Дзе палітычныя месяцамі ў адзіночных камерах без сувязі са знешнім светам, дзе поўная адсутнасць медычнай дыягностыкі здароўя, дзе без сувязі з знешнім светам.

А ў перапынках паміж штрафнымі ізалятарамі нашых сяброў прымусова накіроўваюць на брудную і шкодную працу ў халодныя прамысловыя цэхі. З улікам вялікіх тэрмінаў гэтых выпрабаванняў мала хто вытрымае без шкоды для свайго здароўя. Вось мае пачуцці, вось што мяне сёння турбуе і не пакідае ў спакоі...

Мара і жаданне ў мяне адны — як мага хутчэй перавярнуць сумную старонку беларускага жыцця апошніх гадоў, каб нашы калегі-вясноўцы, як і ўсе палітычныя вязні хутчэй вярнуліся да нас, у свае семьі, дзе іх чакаюць блізкія, бацькі, мужы і жонкі, дзеці, бабулі і дзядулі.

А яшчэ як мага хутчэй вярнуцца ў вольную ад палітычных рэпрэсій Беларусь, дадому, у родную хату! Каб сустрэццца з Алесем і разам вярнуцца да гутарак аб правах чалавека ў нашай роднай краіне! Бо гэтай працы нам праваабаронцам хопіць на доўгія гады!"


Праваабаронца "Вясны" Наста Васільчук:  "Я проста хачу, каб яны вярнуліся"

"Калі думаю пра гадавіну прысуду, то першая думка, якая ўзнікае, гэта "Як прайшоў год? Гэта ж толькі ўчора было!". А далей разумееш, што гэта для нас, тут на волі, у вэрхале падзей, хоць з большага і сумных, час ляціць хутка, а для іх там хутчэй за ўсё ён амаль спыніўся.

vasilchuk-nasta-1.jpgНаста Васільчук

Я прызвычаілася, што іх побач няма. Прызвычаілася, што не запытаеш у іх нейкай важнай працоўнай парады, не абмяркуеш бягучыя падзеі, не пасмяешся з чарговага жарта. А сітуацый, калі іх досвед і мудрасць вельмі спатрэбіліся б, меней не становіцца.

Мы ўжо даўно не кажам, што нашы палітвязні не даседзяць свае тэрміны і выйдуць значна хутчэй. Цяпер мы кажам: "Хоць бы вярнуліся жывымі". І калі я думаю пра сваіх дарагіх калег увесь гэты год, калі звестак пра іх стан амаль няма, я проста хачу, каб яны вярнуліся. Мне часцяком страшна ад гэтай думкі, але гэта наша рэальнасць.

І нават у гэтай рэальнасці мы будзем працягваць сваю працу. Бо Беларусь мусіць пабачыць, як Вясна нарэшце прыйдзе".


Праваабаронца "Вясны" са Светлагорску Алена Маслюкова: "Мы проста абавязаныя працягваць працу"

"Нашыя зняволеныя вясноўцы — гэта стрыжань арганізацыі. І гэтага стрыжня нам моцна не хапае. Не хапае стратэгічных здольнасцяў Алеся, ягонага мудрага такту, мудрасці і сілы. Не хапае досведу і прынцыпаў Валянціна, яго праматы і праўдзівасці. А як без Лабковіча, якія адразу бярэцца за любую юрыдычную калізію!

masliukova-ales-minsk.pg.jpgАлена Маслюкова і Алесь Бяляцкі.

Так, нам не хапае іх, але гэта не азначае, што ўладам удалося нас прыпыніць. Мы проста абавязаныя працягваць працу дзеля людзей, мы абавязаны працягваць працу нашых сябраў, справу абароны правоў чалавека".


Праваабаронца з Барысава Алег Мацкевіч: "Яны толькі ўмацавалі нашу веру ў нашу справу"

"Алеся, Валянціна і Уладзя бачыў апошні раз у студзені мінулага года ў будынку суда Ленінскага раёна горада Мінска, дзе ўлады ўчынілі над імі паказальную расправу, завуаляваную пад “суд”.

Першая спроба патрапіць на працэс 5 студзеня, калі ўсё толькі пачалося, не ўдалося. Нягледзячы на тое, што COVID ужо ўняўся, перад судовым пасяджэннем аб’явілі аб абмежаванай колькасці месцаў у залі, так званай антыкавіднай рассадцы. У выніку акурат перад Эдуардам Акуліным, сябрам Алеся, які стаяў перада мной, сакратарка аб’явіла, што месцы ў залі скончыліся.

Праваабаронца Алег Мацкевіч. Фота: spring96.orgАлег Мацкевіч

Добра памятаю, што ў будынку суда была ўзмоцненая ахова, давялося прайсці аж праз дзве “рамкі” – адна на ўваходзе ў суд, іншая – мабільная, усталяваная ў калідоры перад судовай залай. Шмат было людзей у форме і “цывільным”, былі дзяржаўнымі інфармацыйныя работнікі з камерамі і без іх, дыпламаты, сваякі зняволеных і некаторая колькасць старонніх, хто прыйшоў іх падтрымаць. Не ўсе, аднак, патрапілі.

Ужо на наступны дзень, усё ж, на судзе я пабываў. Але не проста як прысутны, а як сведка. Адказваючы на пытанне “суддзі” і “пракурора” ўвесь час імкнуўся камунікаваць вачыма з маімі сябрамі, якія сядзелі ўтрох за кратамі на адлегласці некалькіх метраў.

Гэта выглядае дзіўна, але часам моўчкі можна сказаць больш, чым вербальна. Пустая размова языкамі з людзьмі, апранутымі ў мантыю і кіцель, і поўная сэнсаў камунікацыя праз вочы і рухі з закратаванымі Алесем, Уладзем і Валянцінам. “Трымайцеся, мы ў парадку” – казаў Алесь. “Мы не здамося” – казаў Валянцін. “Веру ў вас” – казаў Уладзь.

Ні магутны метал кратаў, ні цынічныя суддзя і пракурор, ні старанныя і гатовыя выканаць любы загад вертухаі не ў сілах былі спыніць гэтую невербальную камунікацыю.

Яны хацелі публічнасці, каб зганьбаваць Вясну, каб зганьбаваць нашых слаўных сябраў, каб зганьбаваць нас. Але ў іх нічога не атрымалася.

НІ-ЧО-ГА.

Яны толькі ўмацавалі нашу веру ў нашу справу. У нашу рацыю. У нашу перамогу.

Цаной жыцця бязвінных ахвяраў бесчалавечнага лукашэнкаўскага рэжыму, цаной здароўя Алеся, Уладзя, Валянціна і тысячаў іншых палітычных зняволеных – вельмі дарагой цаной – яны хочуць застацца пры сваіх пасадах, пры сваіх дабротах і прывілеях.

Але ў іх нічога не выйдзе.

НІ-ЧО-ГА.

Беларусь будзе вольнай. Беларусь будзе дэмакратычнай. Беларусь будзе. А іх – не будзе.

Будуць Алесь. Валянцін. Уладзь... І тысячы іншых нашых дарагіх сэрцу сябраў, якія зараз, у гэтую хвіліну, у гэтую часіну, пакутуюць за нас з вамі. За Беларусь".


Журналістка і праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук: "Я вельмі востра адчуваю іх адсутнасць"

"Трэцяга сакавіка, як і 14 ліпеня, і іншыя "чорныя" дні ў гісторыі нашай арганізацыі, калі яна цярпелі моцныя ўдары, праходзяць у мяне з сумам і тугой, і паралельна з рашучасцю дамагацца іх свабоды. Пра нашых зняволеных калегаў я думаю ўвесь час, але ў такія дні думкі пра іх яшчэ глыбей засядаюць у галаве. Я туманна ўзгадваю той дзень год таму, калі жорсткім выракам суда Партызанскага раёна Мінска было вызначана, што праваабарончая дзейнасць у Беларусі – злачынства.

Нібыта гэта было прадказальна, але ўсё роўна да апошняга тое чалавечае і адэкватнае ўнутры не ўспрымае гэта і супраціўляецца. У такія гадавіны мне дапамагае салідарнасць калегаў, партнёраў, грамадства, неабыякавых беларусаў і людзей з іншых краінаў. Важна бачыць, што мы не кінутыя са сваёй праблемай, што Алеся, Валянціна і Уладзя памятаюць і працягваюць змагацца за іх свабоду. Такая салідарнасць надае сілы і веру ў лепшую і свабодную будучыню.

pinchuk_dziyana.jpgДзіяна Пінчук

Сёння я адчуваю вялікую адказнасць перад зняволенымі калегамі за нашую агульную справу. Таму маё стаўленне да працы за гэты час, за час эміграцыі, дэфармавалася ў "місію". Місію, якую я з гонарам нясу – як гэта робяць Алесь, Валянцін і Уладзь.

За гэтыя тры гады – сваёй эміграцыі і моцных рэпрэсій супраць "Вясны", па ўласных адчуваннях я моцна змянілася. Вельмі змяніліся жыццёвыя прыарытэты і каштоўнасці. Я нібыта пасталела ў адно імгненне і стала больш мудрэйшай. Некаторыя рэчы, якія калісьці казалі Алесь, Валянцін і Уладзь, я нібы зразумела толькі цяпер. Часам мне здаецца, што пры нашай сустрэчы яны мяне не пазнаюць...

Ці адчуваецца іх адсутнасць і ў чым? Я вельмі востра адчуваю іх адсутнасць. Бо Валік, Алесь і Уладзь былі тымі людзьмі для мяне, хто амаль штодзённа давалі ўпэўненасць і веру ў нашую агульную справу. Гэта вельмі важна. Таму жыву ўспамінамі і ўзгадкамі, а таксама тым, што яны пісалі ў лістах з "Валадаркі", калі яшчэ хадзілі лісты...

"Шкадую, што не з вамі зараз, я б вам дакладна сумаваць не даў. Ніхто не ведае, што нас чакае. Але адно я ведаю: праца наша годная і патрэбная людзям", – пісаў у адным з лістоў Валянцін Стэфановіч.

Сапраўды, ён ніколі не даваў нам сумаваць і заўсёды запэўніваў у неабходнасці і правільнасці нашай праваабарончай дзейнасці. Алесь заўсёды жартаваў і зараджаў аптымізмам. А Уладзь заўсёды мог знайсці правільныя словы ў любой сітуацыі. Гэтага мне вельмі не хапае і я сумую за гэтым.

Мая вялікая мара адна: каб Вясна прыйшла незваротна..."


Праваабаронца "Вясны" Марына Кастылянчанка: "Я ўсё думаю пра тое, як цягнецца час для іх"

"Мінуў год з моманту агучанага прысуду нашым сябрам і калегам. Час такі імклівы... для нас тут, на свабодзе. Я ўсё думаю пра тое, як цягнецца час для іх – Алеся, Валіка і Уладзя? Часам, калі не спіцца  – я чакаю а шостай раніцы і думаю пра тое, што вось там вясноўцы і іншыя палітвязні ўжо ўстаюць і пачынаюць свой чарговы дзень па раскладзе. Ці ўвечары  – а дзесятай – я ўяўляю, як гучыць званок адбоя і ўсе павінны легчы спаць. Пра што яны думаюць у гэтыя моманты? Пра што мараць?

kastylianchanka-3.jpgМарына Кастылянчанка

Мне агулам складана паверыць, што хутка тры (!) гады, як мы не бачыліся, не мелі магчымасці шчыра паразмаўляўць, пажартаваць і пасмяяцца, падтрымаць адзін адну. Але я веру, што настане той дзень, калі гэта абавязкова адбудзецца! І спадзяюся, што Алесь, Валік і Уладзь таксама не губляюць гэтую надзею".


Журналіст і праваабаронца "Вясны" Сяржук Сыс: "Дачакацца іх вызвалення і смела глянуць таварышам у вочы"

akcija_vilnja.jpgАляксей Колчын і Сяржук Сыс


"Цягам тыдня двойчы сніліся мае сябры-таварышы – Алесь, Валік, Уладзя. Яны ў турме. А снілася – што іх вызвалілі і я вось сустракаюся з імі. Алесь і Уладзя ў карычневых палітонах, смяюцца, абдымаюцца, бязладная гаворка. Стэфановіч прысніўся паасобку і сумна казаў пра тое, што ён на волю выйшаў пакуль адзін, а хлопцы яшчэ за кратамі

Можа вясна так уплывае? Вунь яна, вытыркаецца з кожнага кутка! Ці тое, што подлы прысуд праваабаронцам "Вясны" абвясцілі амаль год таму, 3 сакавіка? Не ведаю. Балюча проста мне ад такіх сноў, вельмі балюча. Ды ўсё ж кажу: "І ўсё ж такі ляшчына зелянее".

Нам трэба і надалей рабіць сваю справу і зараз не за сябе, а таксама і за зняволеных сяброў: зацята, упарта адстойваць свае ідэалы, абараняць правы чалавека нават у гэтых нечалавечых умовах.

Можа я і рамантык, але хачу аднаго: дачакацца іх вызвалення і смела глянуць таварышам у вочы".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

Фотапраект «Партрэты моцы»: Таццяна Нядбай, Беларускі ПЭН
11 кастрычніка 2024, 11:54
Фотапраект «Партрэты моцы»: Таццяна Нядбай, Беларускі ПЭН
Фонд Дамоў правоў чалавека зладзіў фотаконкурс партрэтаў жанчынаў-праваабаронцаў. Ад Беларускага дому правоў чалавека ў ім узяла ўдзел Таццяна Нядбай.
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
02 жніўня 2024, 09:27
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
Чацвёртага жніўня адзначаецца Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе быў першы раз арыштаваны Алесь Бяляцкі.
Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў
25 чэрвеня 2024, 11:47
Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў
Мы патрабуем адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі.
Праваабаронца Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў
27 мая 2024, 11:58
Праваабаронца Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў
"Вясна" падрыхтавала чарговы дайджэст аб пераследзе праваабаронцаў на постсавецкай прасторы і набольш значных парушэннях правоў чалавека.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці