Камітэт ААН па правах чалавека даслаў праваабаронцу Леаніду Судаленка рашэнне (№2929/2017) наконт скаргі аб сістэматычных парушэннях недатыкальнасці яго прыватнага жыцця, гарантаванага артыкулам 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх ды палітычных правах. Ён звяртаўся туды наконт паглыбленых даглядаў на мяжы і існавання "палітычнага спісу" ў памежнікаў у 2015 годзе. Праваабаронца Леанід Судаленка называе прынятае рашэнне КПЧ ААН у адносінах да сябе прэцэдентным.
Леанід Судаленка
У 2015 годзе праваабаронца на сваім аўтамабілі вяртаўся з Літвы. На КПП "Каменны Лог" яго машына падверглася дбайнаму ператрусу, яго прымусілі зняць нават штаны і шкарпэткі. Пры гэтым, ні адзін іншы чалавек, які перасякаў тады мяжу, не падвяргаўся падобнаму кантролю.
У гэтым жа годзе Леанід Судаленка ехаў на цягніку з Вільні ў Мінск. У пункце пропуску "Гудагай" пры сканаванні пашпарта памежнік паклікаў свайго начальніка і ўказаў на манітор сканара. Той забраў пашпарт праваабаронцы і сышоў без тлумачэння прычынаў. Па прыбыцці цягніка на станцыю “Маладзечна” каля дзесяці памежнікаў і мытнікаў жорстка схапілі яго пад пахі і ногі і панеслі з цягніка для паглыбленага дагляду.
"Гэта адно з першых рашэнняў Камітэта ААН па правах чалавека датычна недатыкальнасці прыватнага жыцця беларусаў. Я б назваў прынятае рашэнне прэцэдентным, бо яно тычыцца таемнай мадыфікацыі асабістых дадзеных грамадзян у кампутарных сістэмах дзяржаўных органаў", — падкрэсліў Леанід.
У гэтай справе Камітэт ААН прыйшоў да высновы, што кожны чалавек павінен мець права ведаць якія персанальныя дадзеныя і для якіх мэт захоўваюцца ў аўтаматычных базах дадзеных дзяржаўных органаў. Таксама кожны павінен мець магчымасць высветліць, якія дзяржорганы кантралююць ці могуць кантраляваць персанальныя дадзеныя і іх адпаведнасць рэчаіснасці.
Праваабаронца Леанід Судаленка спрабаваў гэта высветліць праз суды ўнутры краіны, падаўшы адпаведныя зыскі супраць памежнага камітэту, але гэта было безвынікова. Пасля гэтага ён звярнуўся ў Камітэі ААН па правах чалавека.
Паводле прынятага рашэння, беларускі ўрад павінен прадаставіць пацярпеламу праваабаронцу эфектыўную прававую абарону, уключна з поўнай кампенсацыяй шкоды і любых выдаткаў, якія ён меў. Беларусь абавязана таксама прыняць меры для папярэджання аналагічных парушэнняў у будучым. Акрамя таго, Беларусі прапанавана цягам 180 дзён падаць у КПЧ ААН інфармацыю пра выкананнерашэння, а таксама распаўсюдзіць інфармацыю пра рашэнне Камітэта на сваіх афіцыйных мовах.
Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі з боку дзяржавы, звяртайцеся па дапамогу з абскарджаннем да юрыдычнай службы "Вясны": Telegram: @zvarot96 і Email: zvarot@spring96.org.