Грамадзяне і грамадзянская супольнасць, якія крытыкуюць беларускія ўлады, сутыкаюцца з рэпрэсіямі, што ўзмацняюцца, з адвольнымі затрыманнямі, жорсткім абыходжаннем і прыгнётам ужо амаль чатыры гады пасля масавых пратэстаў, заявіла незалежная экспертка ААН па правах чалавека Анаіс Марэн.
У сваім заключным штогадовым дакладзе Радзе па правах чалавека ў Жэневе Спецыяльная дакладчыца ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн падзяліла даўнюю занепакоенасць ААН і міжнароднай супольнасці з нагоды ўціску дэмакратычных свабодаў ды іншых сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў краіне.
"Рэпрэсіі ў Беларусі дасягнулі такіх маштабаў і інтэнсіўнасці, што гэтую краіну варта лічыць небяспечнай для тых, хто калі-небудзь выказваў нязгоду з урадам або яго палітыкай. Таму я паўтараю свой заклік устрымлівацца ад экстрадыцыяў і высылак у Беларусь", — заявіла Марэн, паліталагіня і грамадзянка Францыі, што была прызначаная на сваю пасаду ў 2018 годзе Радай правоў чалавека, якая базуецца ў Жэневе.
"Агульная тэндэнцыя, якую я назіраю, — гэта далейшае закручванне гаек у дачыненні да любой рэальнай ці меркаванай апазіцыі дзейнаму ўраду і сістэматычны пераслед усіх, хто адважваецца выказваць нязгоду з яго палітыкай", — паведаміла яна Радзе па правах чалавека, якая з'яўляецца галоўным форумам ААН, дзе дзяржавы-сябры абмяркоўваюць і вырашаюць важныя пытанні датычна сітуацыі ў галіне правоў чалавека.
Праз тое, што Беларусь адсутнічала на сустрэчы Рады і не магла адказаць на яе даклад, Спецыяльная дакладчыца таксама адзначыла, што, уступіўшы ў новы выбарчы цыкл, краіна не прадэманстравала "ніякіх прыкметаў таго, што наступныя прэзідэнцкія выбары пройдуць інакш, чым папярэднія".
Каб праілюстраваць ціск, з якім сутыкаецца грамадзянская супольнасць у Беларусі, якая, паводле яе слоў, адхіліла просьбы Спецыяльнай дакладчыцы аб наведванні краіны, Марэн адзначыла, што за апошнія гады "знікла" больш за 1 500 зарэгістраваных асацыяцый — амаль палова ад іх колькасці, што была да рэпрэсіяў пасля выбараў 2020 года.
"Гэта было дасягнута таксама шляхам прылічэння іх да "экстрэмісцкіх фармаванняў" і наступных судовых разглядаў супраць іх лідараў ды чальцоў, што змушала іх пераязджаць за мяжу", — патлумачыла яна.
У сваёй справаздачы, якая ахоплівае перыяд з 1 красавіка 2023 года па 31 сакавіка 2024 года, незалежная экспертка сцвярджае, што ў Беларусі пацярпелі ўсе віды незалежных аб'яднанняў: арганізацыі ды ініцыятывы грамадзянскай супольнасці, палітычныя партыі, прафсаюзы, калегіі адвакатаў, рэлігійныя ці культурныя арганізацыі, інтэрнэт-супольнасці.
Апроч таго, паводле словаў Спецыяльнай дакладчыцы, незалежныя прафсаюзы ў Беларусі былі ліквідаваныя, а колькасць палітычных партый скарацілася з 16 да чатырох у перыяд, які папярэднічаў парламенцкім выбарам у лютым 2024 года.
"Усе, хто калі-небудзь адважваліся выступаць супраць урада або яго палітыкі, знаходзяцца альбо за кратамі, альбо ў выгнанні", — адзначыла Марэн у асобнай заяве, дадаўшы, што дысідэнты і дысідэнткі ў выгнанні "працягваюць сутыкацца з пераследваннямі, іх называюць здраднікамі або экстрэмістамі і завочна судзяць за меркаваныя злачынствы".
Сярод заканадаўчых захадаў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі для ўціску свабоды сходаў і асацыяцый, незалежная экспертка пералічыла кампаніі па абавязковай перарэгістрацыі, абмежаванні на доступ да фінансавання і "адплату" за ахвяраванні, а таксама ліквідацыю асацыяцый у судовым або пазасудовым парадку, прызнанне непажаданых асацыяцый "экстрэмісцкімі фармаваннямі" і пераслед іх лідараў, чальцоў, валанцёраў ды прыхільнікаў.
Датычна асобаў, якія знаходзяцца ў турме, незалежная экспертка адзначыла больш за дзясятак зарэгістраваных выпадкаў смерці ў зняволенні з 2020 года. Са слоў Марэн, гэта "хутчэй за ўсё, было выклікана адсутнасцю належнай або своечасовай медычнай дапамогі"; таксама яна дадала, што некалькі зняволеных больш за год утрымліваюцца без сувязі са знешнім светам, а іх сем'і не ведаюць пра іх стан.
Таксама, паводле словаў Спецыяльнай дакладчыцы, расце колькасць заяваў аб жорсткім абыходжанні са зняволенымі, асуджанымі паводле абвінавачванняў, якія ўяўляюцца палітычна матываванымі, а таксама з занепакоенасцю адзначаецца пераслед меншасцяў і прадстаўнікоў ЛГБТІК+ супольнасці ды запалохванне сваякоў "экстрэмістаў", што жывуць у выгнанні.