Суд Івацэвіцкага раёна 15 студзеня пастанавіў замяніць палітвязню Рыгору Кастусёву, асуджанаму да 10 гадоў калоніі, рэжым утрымання на турэмны. Такое рашэнне прыняў суддзя Сяргей Кухацкаволец па выніках пасяджэння па відэасувязі. У зняволенні ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.
З гэтай нагоды юрысты "Вясны" адправілі запыт спецдакладчыкам ААН.
Рыгор Кастусёў на судзе 29 ліпеня 2022 года
Рыгор Кастусёў — 66-гадовы вядомы апазіцыйны палітык і старшыня партыі БНФ. Яго арыштавалі ў красавіку 2021 года па крымінальным абвінавачванні ў "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам" і асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пасля арышту ў спадара Кастусёва дыягнаставалі рак, аднак гэта не паўплывала на змякчэнне ўмоваў утрымання. У жніўні 2023 года ён прайшоў анкалагічнае абследаванне, але вынікі праверкі не былі паведамленыя ні яму, ні яго сям'і, ні яго адвакату. Нягледзячы на пагаршэнне здароўя, Кастусёў чатыры разы змяшчаўся ў штрафны ізалятар (ШІЗА) на тэрмін да 15 сутак кожны. 11 лістапада 2023 года палітвязня змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на чатыры месяцы, а цяпер — на турэмны рэжым.
Праваабаронцы канстатуюць, што за час утрымання пад вартай стан здароўя Кастусёва сур'ёзна пагоршыўся. Доступ да інфармацыі пра яго здароўе і адпаведнага лячэння строга абмежаваны. Устаноўленыя ўмовы адбыцця крымінальнага пакарання не ўлічваюць цяжкі стан яго здароўя, не дазваляюць яму прайсці якаснае лячэнне і ставяць пад пагрозу яго жыццё.
З гэтай нагоды юрысты "Вясны" звярнуліся да спецыяльных дакладчыкаў ААН па Беларусі і па здароўі, каб тыя патрабавалі ва ўладаў Беларусі інфармацыю пра ўмовы ўтрымання і стан здароўя Рыгора Кастусёва, а таксама лячэнні, якое яму аказваецца. Акрамя гэтага, юрысты заклікалі спецдакладчыкаў накіраваць тэрміновы заклік да ўладаў з просьбай забяспечыць Кастусёву належнае лячэнне.