21 траўня — Дзень палітвязняў у Беларусі. Далучайцеся да акцыяў салідарнасці!

12 May 2023, 11:47 AM
21 траўня — Дзень палітвязняў у Беларусі. Далучайцеся да акцыяў салідарнасці!

Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Крымінальная справа па факце яго смерці да гэтага часу не ўзбуджаная, а сітуацыя з палітычнымі зняволенымі за гэты час значна пагоршылася. Летась тэмай Дня палітвязняў была жоўтая бірка — спецыяльная метка ў калоніях, пра якую ўпершыню ў лісце распавёў Вітольд.

Сёлета праваабаронцы тэмай Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі прапануюць ліст і права на ліставанне, якога беларускія ўлады пазбавілі сотні палітычных зняволеных.

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава далучаецца да акцыяў з нагоды Дня палітвязняў Беларусі.

Мы заклікаем 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да іх праблемаў і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў вызвалення ўсіх палітзняволеных. 

Ілюстрацыя Вольгі ПранкевічІлюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Чаму 21 траўня важны дзень для Беларусі?

Праваабаронцы абралі дату Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — гадавіна смерці ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка.

Вітольд — вядомы актывіст з Бярозаўкі, якога ў закрытым рэжыме асудзілі да пяці гадоў зняволення за падзеі 2020 года. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак раптоўна памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Крымінальнай справы па факце ягонай смерці да гэтага часу няма. Менавіта Вітольд быў першым, хто ў лісце распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі: 

"Палітычных тут [у шклоўскай калоніі] не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк".

У лістах на волю Вітольд Ашурак шмат пісаў пра салідарнасць і падтрымку беларусаў. Вось, што ён напісаў у апошнім лісце да маці ад 14-га красавіка 2021 года:

Вітольд Ашурак, фота з FacebookВітольд Ашурак, фота з Facebook

"На шчасьце, у нас цудоўныя людзі, і яны мяне падтрымалі ўсёй душой! А цяпер, калі я часова патрапіў у турму, людзі яшчэ больш падтрымліваюць мяне, дасылаюць лісты і паштоўкі, перадаюць перадачы і перасылаюць грошы, выпісваюць мне газэты і моляцца па ўсёй Беларусі ў цэрквах і касьцёлах!

Лістоў столькі, што я ледзь пасьпяваю адказваць! Я нават пакуль што прыпыніў вывучэньне ангельскай мовы, каб было болей часу на пісаньне адказаў. Пішуць зь Бярозаўкі і Ліды, Горадні і Менску, Берасьця і Віцебску, Магілёва і Гомлю! Пішуць з Брытаніі нашыя беларусы, якія зьехалі за мяжу, але перажываюць за сваю Айчыну! Пішуць беларусы з Бэльгіі, Фінляндыі, ЗША і нават беларусы Бразыліі!

Учора за адзін вечар мне прыйшло 17 лістоў! Ідуць тэлеграмы са словамі падтрымкі! Увесь сьвет ганарыцца і падтрымлівае нас! Мне пішуць беларускія ксяндзы зь Менску і Віцебску, каб павіншаваць зь Вялікаднем і выказаць словы падтрымкі і захапленьня тым, што мы ня мірымся зь няпраўдай!

Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна! Упэўнены, што табе гавораць на вуліцы ў Бярозаўцы часта гэтыя словы!"

Праблема палітзняволеных у Беларусі з часам толькі ўзмацняецца: іх колькасць бесперапынна расце, жанчын і мужчын утрымліваюць у нечалавечых умовах, некаторых з іх катуюць і збіваюць, не аказваюць належную медычную дапамогу. У месцах зняволення на іх аказваецца ціск і парушаюцца правы: абмяжоўваюць у праве на абарону і праве на перапіску, пазбаўляюць перадачаў і спатканняў з роднымі, прыцягваюць да цяжкай працы.

Што можна зрабіць да Дня палітвязняў?

  1. арганізуй ці далучыся да акцыі салідарнасці ў тваім горадзе 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязняў і акцыю памяці Вітольда Ашурка;

  2. арганізуй мерапрыемства па падпісанні лістоў і паштовак салідарнасці;

  3. начапі 21 траўня на адзенне папяровую птушку з прозвішчам палітзняволенага ці жоўтую бірку, сфатаграфуйся і выкладзі ў сацсеткі з хэштэгам #дзеньпалітвязняў;

  4. зачытай на відэа ліст ад палітвязня і выкладзі ў сацсетках з хэштэгам #дзеньпалітвязняў;

  5. напішы ліст палітвязню, апублікуй яго ў сацсетках з хэштэгам #лістыпалітвязням (даслаць ліст можна анлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці);

  6. падтрымай палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай, падтрымкай сям'і;

  7. прыдумай і рэалізуй іншае дзеянне на знак салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.

Дзяліся акцыямі салідарнасці ў сацсетках з хэштэгамі #дзеньпалітвязняў #свабодупалітвязням #свободуполитзаключенным #freepoliticalprisoners #FreeThemAll і адзначай “Вясну”.

Да якіх мерапрыемстваў можна далучыцца?

Мерапрыемствы да Дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі пройдуць у розных краінах і гарадах. 

19 траўня (пятніца)

  • Вільня (Літва), 15:00 – 17:00. Падпісанне паштовак і лістоў для палітзняволеных у Беларусі. Месца: CreateCulture Space, Karmelitų g. 5

20 траўня (субота)

  • Варшава (Польшча), пачатак у 18:30. Вечар памяці Вітольда Ашурка. На сустрэчы будуць гаварыць пра Вітольда, якім яго памятаюць сябры і сваякі, пра прынцыпы ягонага жыцця. Таксама гасцей чакае музычная частка. Месца: Беларускі Дом у Варшаве (ul. Kryniczna 6);

  • Брэмен (Германія). Беларусы Брэмена з Razam Bremen сумесна з актывістамі Salidarnast 20 траўня збяруцца разам, каб напярэдадні Дня палітзняволеных зрабіць паштоўкі і напісаць лісты палітзняволеным і падтрымаць іх. Час і месца можна даведацца праз суполку.

21 траўня (нядзеля)

  • Вільня (Літва), 11:00. Каля муралу палітзняволенаму лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму адбудзецца акцыя “АСОБ(Н)А”: чытанне імёнаў палітзняволеных. Удзел у мерапрыемстве возьмуць прадстаўнікі амбасадаў з розных краінаў.

  • Вільня (Літва), 12.00. Акцыя ў падтрымку палітзняволеных. Падрабязнасці пазней

  • Варшава (Польшча), пляц Канстытуцыі 6, 12:45 – 14:00, Мітынг да Дня беларускіх палітвязняў. Пасля мітынгу адбудзецца шэсце ад Плошчы Канстытуцыі да Кракоўскага прадмесця, дзе працягнуцца мерапрыемствы

  • Варшава (Польшча), плошча Каперніка, 14.30 – 16.00. Мітынг і ланцуг салідарнасці з суайчыннікамі, якія цяпер за кратамі паводле палітычных матываў. Арганізатары акцыі падтрымкі – група былых палітвязняў. Пры падтрымцы Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, Музею Свабоднай Беларусі, Ветэранаў "Палка Каліноўскага", Ініцыятывы BY_POL, Асацыяцыі беларускіх бізнесоўцаў "ABBA".

  • Нью-Ёрк. 21 траўня ў Цэнтральным парку ў фармаце пікніка пройдзе сустрэча беларусаў Нью-Ёрку і ваколіц у падтрымку беларускіх палітвязняў і ўшанаванне памяці Вітольда Ашурка. Мерапрыемства арганізавана для знаёмства аднадумцаў, каму неабыякавы лёс нашых землякоў за кратамі. Плануецца падпісанне лістоў і паштовак салідарнасці пры падтрымцы ініцыятывы Майстэрні паштовак салідарнасці. Падрабязнасці на старонцы ў інстаграм.

Літургіі 21 траўня

  • У Рыме адбудзецца імша ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Месца і час: 21 траўня, 11:00; Via di San Sebastianello 11, Roma

  • Праваслаўная супольнасць Усяленскага патрыярхату ў Вільні далучыцца да Дня палітзняволеных. Месца: Bokšto g. 2, Vilnius. Час:

8:40 – 9:50 — Літургія. Малітва аб вызваленні ўсіх несправядліва асуджаных.
9:50 – 10:05 — Малебен за ўсіх несправядліва асуджаных і зняволеных перад іконаю "Усіх тужлівых радасць". Памінанне імёнаў палітзняволеных беларусаў.
10:00 — Сімвалічнае запальванне "Свечкі малітоўнага хадайніцтва за свабоду".

Інфармацыя дапаўняецца.

"Гэта глыток свежага паветра"

Праваабаронцы "Вясны" абралі тэмай сёлетняга Дня палітвязняў ліст і права на ліставанне, каб прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да праблемы блакавання карэспандэнцыі палітзняволеным.

“На сёння ў Беларусі склалася беспрэцэдэнтная сітуацыя, калі ўлады, па сутнасці, пазбавілі сотні палітзняволеных права на ліставанне. Яно ўсё гэтак жа гарантуецца заканадаўствам, але, як і многія іншыя правы, у часы прававога дэфолта нахабна парушаецца. Сітуацыя значна пагоршылася з пачаткам вайны ва Украіне ў 2022 годзе — палітзняволеным масава перасталі аддаваць у следчых ізалятарах, турмах і калоніях лісты салідарнасці не толькі ад неабыякавых людзей і сяброў, але часта і ад родных. Часам супрацоўнікі калоній знішчаюць лісты на вачах палітвязняў.

Ліст — гэта глыток свежага паветра. Улады хочуць пазбавіць яго палітвязняў, але забіраюць паветра і ў тых, хто піша лісты за краты. Атрымліваецца, грамадства без кісларода. Ліст за кратамі — часта адзінае, што прыносіць радасць палітвязням. Ліст з-за кратаў — гэта крыніца інфармацыі і вестачка пра тое, што чалавек жывы і здаровы. Менавіта з ліста Вітольда мы дазналіся пра жоўтыя біркі і запомнілі на ўсё жыццё, што беларус беларусу беларус.

Улады, блакуючы ліставанне палітвязням, хочуць, каб мы забыліся на слова "салідарнасць" і жылі так, нібыта нашыя турмы і калоніі не перапоўненыя палітычнымі зняволенымі, а штодзень не адбываюцца новыя затрыманні.

Але ў нашай краіне сёння беларус беларусу не толькі беларус, але яшчэ і знаёмы палітзняволены ці палітзняволеная. Немагчыма выкрасліць са свайго жыцця і сэрца родных, сяброў і блізкіх, якія пакутуюць у зняволенні. І мы будзем падтрымліваць іх надалей, бо як казаў на судзе Алесь Бяляцкі: "У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе”, — тлумачыць праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук.

Праваабаронцы перакананыя, што варта працягваць пісаць палітвязням лісты: нават калі яны не дойдуць да адрасата, то ў месцах зняволення пабачаць, што пра чалавека памятаюць, хвалююцца і чакаюць яго на волі.

"Варта змагацца не толькі за свабоду палітвязняў, але і за кожны ліст да іх". 

“Вясна” нагадвае пра важнасць іншых спосабаў падтрымкі палітзняволеных і іх сямей: пасылкі, грашовыя пераводы, дапамога ў зборы перадач і матэрыяльная падтрымка сем’яў. 

Публікуецца паводле сайту "Вясны". Інфармацыя абнаўляецца

See more news

Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
15 April 2024, 12:44 PM
Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
Беларуская прапаганда спрабуе ачарніць і крыміналізаваць грамадскі кантроль: у прыватнасці, назіранні за выбарамі і судамі. Разам з праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч разбіраемся, чаму гэта — не проста цалкам законнае права, але і абавязак жыхароў краіны.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
15 April 2024, 11:37 AM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
Савет па правах чалавека ААН сёлета 15 сакавіка апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
15 April 2024, 11:31 AM
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў.
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
15 April 2024, 11:13 AM
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou Дэвід Лега, Элізабэт Гётцэ, Лукас Мандл і Барбара Гізі сталі "хроснымі" Кацярыны Джыг, Таццяны Курылінай, Алега Завадскага і Юліі Лаптановіч.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці