БАЖ: Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №4 (74)

07 January 2024, 4:00 PM
БАЖ: Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» №4 (74)

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

 Жнівень-лістапад 2023 года. Спампаваць PDF

Працягваліся ціск на журналістаў і абмежаванні свабоды слова ў Беларусі. Яны уключалі у сябе:

  • крымінальны пераслед супрацоўнікаў медыяў;

  • ужыванне заканадаўства супраць экстрэмізму ў якасці фармальнай падставы для абмежавання свабоды слова;

  • прымус блогераў, нават не звязаных з палітычнай павесткай, спыніць публічную дзейнасць;

  • цэнзуру ці прымус да самацэнзуры ў пакуль «легальных» незалежных СМІ Беларусі.

Дзейнасць Беларускай асацыяцыі журналістаў па падтрымцы незалежнай беларускай прэсы была адзначана прэміяй Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, уручанай 14 лістапада.

Крымінальны пераслед

Узбуджана крымінальная справа за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці супраць арганізатараў і удзельнікаў дабрачыннага Марафону салідарнасці з беларускімі палітвязнямі «Нам не ўсё адно!», які праводзіўся напрыканцы ліпеня 2023 года пры падтрымцы больш як дваццаці незалежных медыяарганізацый. Міністэрства ўнутраных спраў заявіла, што падазраванымі з'яўляюцца каля 60 чалавек з ліку арганізатараў марафону і іх памочнікаў.

Былі вынесены тры новыя прысуды па крымінальных справах супраць журналістаў. Былая супрацоўніца тэлеканала «Белсат» Ларыса Шчыракова з Гомеля атрымала тры з паловай гады калоніі, а яе калега з Віцебска Вячаслаў Лазараў – 5,5 года.

Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» (Маладзечна) Аляксандр Манцэвіч быў пакараны пазбаўленнем волі тэрмінам на 4 гады і штрафам у памеры 14 800 рублёў (прыблізна 4350 еўра) паводле артыкула 369-1 Крымінальнага кодэкса за нібыта діскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь.

У выніку разгляду 21-22 лістапада апеляцыйных скаргаў віцебскага аператара Вячаслава Лазарава і яго жонкі Таццяны Пыцько на прысуд Віцебскага абласнога суда тэрмін зняволення Лазарава быў зменшаны на паўгода — да 5 гадоў, а Пыцько атрымала тое самае пакаранне — тры гады пазбаўлення волі, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады, што дае ёй магчымасць знаходзіцца дома з пэўнымі абмежаваннямі.

З’явілася новая крымінальная справа за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат»: у Гомелі быў затрыманы і абвінавачаны паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) былы журналіст-фрылансер Андрэй Толчын.

Рэдактар Аршанскага незалежнага сайта orsha.eu Ігар Казмерчак даведаўся, што на яго кватэру ў Беларусі накладзены арышт (найбольш верагодна, што падставай для гэтага стала крымінальная справа за «абразу прэзідэнта», узбуджаная ў адносінах да яго яшчэ ў 2022 годзе).

Пераслед блогераў

Улады скіравалі сваю пільную ўвагу на блогераў, не ўцягнутых напрамую ў палітычную павестку. Так, былі абвінавачаны ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса) і змешчаны пад варту спартовы блогер і аўтар Тэлеграм-канала «Сярэбраны век. Футбол Беларусі» Дзмітрый Сельвяструк і аўтар блога «Пра Столін», былы рэдактар незалежнай раённай газеты Століна Аляксандр Ігнацюк.

Паведамлялася пра затрыманні ўплывовых мінскіх блогераў і медыяперсонаў Ганны Бонд (адбыла 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі»), Ларысы Грыбалёвай (знаходзіцца ў так званым «чорным спісе» за асуджэнне гвалту ў 2020 годзе) і Дзяніса Кур’яна, нягледзячы на тое, што яны не закраналі палітычную тэматыку ў сваёй дзейнасці.

Выглядае, што ўлады імкнуцца, каб у краіне проста не было ўплывовых публічных асобаў, адносна незалежных ад рэжыму.

Цэнзура і ціск на журналістаў і СМІ

Было зафіксавана 6 затрыманняў на працягу жніўня-лістапада 2023 года, якія ў двух выпадках скончыліся адміністрацыйнымі арыштамі.

Стала відавочнай тэндэнцыя, калі цэнзура выйшла за межы палітычнай тэматыкі і стала распаўсюджвацца на хоць сколькі крытычныя матэрыялы, што тычацца дзейнасці афіцыйных колаў. Першым такім выпадкам стаў разгром телеканала «Ранак», які ўключаў арышты і штрафы для яго супрацоўнікаў за распаўсюд інфармацыі пра аварыю на прамысловым прадпрымстве.

Міністэрства інфармацыі працягвала ажыццяўляць цэнзуру, блакуючы доступ да кантэнту незалежных СМІ. У прыватнасці, былі заблакаваныя сайты Plan B, Media IQ, resport.by (новы сайт футбольнай газеты «Прессбол», створаны пасля таго, як у чэрвені ранейшы сайт быў заблакаваны).

Часова былі заблакаваныя брэсцкі сайт BrestNote (з-за гіперспасылкі на «экстрэмісцкае» СМІ ў архіўнай публікацыі), а таксама сайт мазырскай раённай дзяржаўнай газеты «Жыццё Палесся». Апошняя трапіла пад абмежаванні на час праверкі з-за ананімнай скаргі, што з’явілася ў адным з міліцэйскіх Тэлеграм-каналаў: нехта палічыў падазроным, што рэклама набору ў Ваенную акадэмію размешчана побач з рэкламай пахавальных паслугаў у выпуску газеты ад 19 кастрычніка.

Цікавая з’ява «самацэнзуры» выявілася ў выпадку раённай газеты «Веснік Глыбоччыны», якая па ўласнай ініцыятыве абмежавала доступ да свайго сайта з-за мяжы.

На фоне сістэматычнага пераследу за крытычныя выказванні ў Інтэрнэце, блакавання доступу да дзясяткаў незалежных СМІ і класіфікацыі анлайн-кантэнту пэўных груп як «экстрэмісцкага», беларускія ўлады арганізавалі ў лістападзе «Форум па кіраванні інтэрнэтам» («Belarus IGF»), які не праводзіўся з 2020 па 2023 гады, з мэтай стварыць уражанне нармальнасці і легітымізаваць рэпрэсіўныя практыкі. З гэтай нагоды БАЖ разам з іншымі праваабарончымі арганізацыямі выступіла з заявай.

Выкарыстанне «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства для пераследу за распаўсюд «забароненай» інфармацыі

На працягу жніўня-лістапада былі прызнаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» светлагорскі тэлеканал «Ранак», Ex-press.livе, інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы, звязаныя з праваабарончай арганізацыяй «Гомельская вясна», а таксама акаўнты ў сацыяльных сетках некалькіх незалежных блогераў.

Вярхоўны суд прызнаў «экстрэмісцкай арганізацыяй» Беларускі расследавальніцкі цэнтр — аб’яднанне журналістаў-расследавальнікаў, што знаходзяцца за межамі Беларусі.

Асуджаныя супрацоўніцы TUT.BY Людміла Чэкіна і Марына Золатава, журналісты Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Павел Падабед, Павел Мажэйка, а таксама Андрэй Фамін былі ўнесены ў спіс грамадзян, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

У спіс асоб, «якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці», Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўключыў палітычную аглядальніцу Таццяну Кузіну, асуджаную да 10 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады, заклікаў да санкцый і распальванні варожасці.

Шматлікія публікацыі прызнаваліся «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (напрыклад, кантэнт выдання «Ганцавіцкі час», Інстаграм-акаўнт тэлевядоўцы Кацярыны Пытлевай і інш.).

Суды працягвалі выносіць рашэнні, у якіх «распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў» лічылася не толькі публікацыя ці перасылка пэўнага кантэнту, але і падпіска на забароненыя крыніцы інфармацыі. На YouTube-канале, звязаным з сілавікамі, «растлумачылі», што падпіска на забароненыя рэсурсы фармальна не з'яўляецца правапарушэннем, аднак усё роўна з’яўляецца падставай для пераследу: «Але мы цудоўна разумеем, што калі чалавек такім цікавіцца, значыць, у яго знойдуцца і іншыя парушэнні. Фармальная адсутнасць складу — гэта не нагода ігнараваць парушальніка».

Падзеі ў дзяржаўным медыясектары

У 2023 годзе факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту  набіраў абітурыентаў толькі на бюджэтныя месцы. Дэкан факультэта Аляксей Бяляеў заявіў, што ў навучанні на платнай аснове няма неабходнасці: журфак выконвае дзяржзаказ і рыхтуе спецыялістаў для дзяржаўных СМІ.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў, праводзячы сустрэчу з першакурснікамі факультэта журналістыкі, назваў іх «баявымі штыкамі ў інфармацыйнай вайне».

3 жніўня, у сувязі з прыняццем чарговага пакета санкцый Еўрапейскага Саюза ў адносінах да Расіі і Беларусі, былі ўведзены абмежавальныя меры ў дачыненні да некалькіх беларускіх прапагандыстаў: супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання Ксеніі Лебедзевай, Яўгена Пуставога, Анастасіі Бенедзісюк, а таксма цяперашняга кіраўніка таварыства «Веды» Вадзіма Гігіна.

У кастрычніку ў Малдове за рэтрансляцыю тэлепраграм «Беларусь 24» былі аштрафаваны два тэлеканалы, якія дзейнічаюць у Гагаузскай аўтаноміі. З гэтай нагоды Міністэрства інфармацыі Беларусі выказала абурэнне «жаданнем афіцыйных уладаў Малдовы пазбавіць грамадзян сваёй краіны доступу да любой альтэрнатыўнай інфармацыі».

Публікуецца паводле сайта БАЖ

See more news

Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
15 April 2024, 12:44 PM
Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
Беларуская прапаганда спрабуе ачарніць і крыміналізаваць грамадскі кантроль: у прыватнасці, назіранні за выбарамі і судамі. Разам з праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч разбіраемся, чаму гэта — не проста цалкам законнае права, але і абавязак жыхароў краіны.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
15 April 2024, 11:37 AM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
Савет па правах чалавека ААН сёлета 15 сакавіка апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
15 April 2024, 11:31 AM
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў.
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
15 April 2024, 11:13 AM
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou Дэвід Лега, Элізабэт Гётцэ, Лукас Мандл і Барбара Гізі сталі "хроснымі" Кацярыны Джыг, Таццяны Курылінай, Алега Завадскага і Юліі Лаптановіч.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці