Дапаможнік "Вясны": Якія абмежаванні могуць накладацца на чалавека пасля вызвалення?

13 March 2023, 12:43 PM
Дапаможнік "Вясны": Якія абмежаванні могуць накладацца на чалавека пасля вызвалення?

Усё часцей становіцца вядома пра розныя метады ціску, якія выкарыстоўваюцца ў дачыненні да палітзняволеных, якія выходзяць з СІЗА і калоній. Юрыстка “Вясны” Святлана Галаўнёва тлумачыць, чаго можна чакаць пасля таго, як чалавек цалкам адбудзе тэрмін, звязаны з пазбаўленнем волі.

Якія абмежаванні могуць быць пасля вызвалення?

Аўтаматычна пасля адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ніякія абмежаванні, акрамя “статуса” судзімасці не накладаюцца. Гэта значыць, што пэўны час пасля вызвалення могуць быць больш цяжкімі наступствы новага злачынства: так, калі чалавек здзейсніць новае злачынства падчас перыяду судзімасці, пры разглядзе справы ў судзе гэта можа стаць абцяжарваючым фактарам пры вынясенні прысуду. Таксама ў перыяд судзімасці ёсць некаторыя абмежаванні паводле працы: напрыклад, нельга займаць пасады на дзяржаўнай службе.

Як зразумець, калі закончыцца тэрмін судзімасці?

Судзімасць будзе пагашаная аўтаматычна праз пэўны вызначаны законам час пасля вызвалення чалавека. Гэты час залежыць ад цяжкасці злачынстваў і можа складаць ад аднаго да васьмі гадоў. Напрыклад, для самых распаўсюджаных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх разглядаюць палітычна матываваныя крымінальныя справы, працягласць судзімасці пасля вызвалення будзе складаць два гады. Гэта датычна ч. 1 арт. 342 ("удзел ці арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"), арт. 368 ("абраза Лукашэнкі”), арт. 369 ("абраза прадстаўніка ўлады"), ч. 1 арт. 130 ("распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці") Крымінальнага кодэкса.

Ці могуць на чалавека накласці прафілактычнае назіранне?

Так, людзей, якія адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, часта ставяць на прафілактычнае назіранне, якое цягнецца ўвесь тэрмін судзімасці. У такім выпадку ў чалавека з’яўляецца абавязак паведамляць органы ўлады – часцей за ўсё, гэта інспектары крымінальна-выканаўчай інспекцыі мясцовых РУУС – аб змене месца жыхарства, выездзе ў іншую мясцовасць на тэрмін больш за адзін месяц. Таксама чалавек, на якога накладзенае такое назіранне, мусіць па выкліку асобы, якая праводзіць нагляд, з’яўляцца ў орган, які ажыццяўляе гэтае назіранне.

Прафілактычнае назіранне — мера нагляду, якая прымяняецца датычна да тых, хто выходзіць з месцаў пазбаўлення волі. Мінімальнае абмежаванне палягае ў тым, што чалавеку неабходна паведамляць пра пэўныя змяненні ў сваім жыцці — напрыклад, змене месца жыхарства. Таксама па патрабаваннях супрацоўнікаў міліцыі былому зняволенаму патрэбна з’яўляцца да іх і распавядаць пра свой лад жыцця. 

Калі чалавек здзяйсняе тры адміністрацыйныя правапарушэнні цягам году, прафілактычнае назіранне ў дачыненні да яго можа трансфармавацца ў прэвентыўны нагляд, больш жорсткую меру назірання. Гэта раўназначна крымінальнаму пакаранню: чалавек губляе магчымасць выязджаць па-за межы месца жыхарства, мусіць знаходзіцца дома з 20 гадзін вечара да 8-й раніцы. Наяўнасць прафілактычнага нагляду азначае, што судзімасць застаецца непагашанай. 

Ці можна выязджаць з краіны пасля вызвалення?

Пасля вызвалення на тэрмін прафілактычнага ўліку – судзімасці – выезд з Беларусі чалавеку могуць часова абмежаваць “у мэтах нацыянальнай бяспекі". Але і ў такім выпадку магчымасць выехаць з краіны захоўваецца, каб атрымаць медычную дапамогу, якая не можа быць аказаная ў Беларусі. Нагодамі для выезду таксама могуць стаць цяжкія захворванні блізкіх сваякоў, якія жывуць па-за краінай, альбо смерць кагосьці з іх. 

Нагадаем, паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу да блізкіх сваякоў адносяцца бацькі, дзеці, усынавіцелі, усыноўленыя (удачараваныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабка, унукі, муж (жонка) пацярпелага альбо асобы, якая здзейсніла злачынства, альбо тыя ж сваякі мужа ці жонкі пацярпелага_ай альбо асобы, якая здзейсніла злачынства

Ці ёсць у чалавека абавязак працаўладкавацца пасля вызвалення?

Згодна з задаканадаўствам, у чалавека няма абавязка працаўладкавацца ў дзяржаўную арганізацыю ці на любую іншую афіцыйную працу. Аднак на практыцы бачна, што органы ўлады могуць патрабаваць ад чалавека афіцыйнага працаўладкавання, і невыкананне гэтага патрабавання стварае рызыкі і можа паўплываць на працягласць і інтэнсіўнасць прафілактычнага назірання за чалавекам.

Ці абавязкова жыць па месцы рэгістрацыі?

Такога абавязку ў вызваленага чалавека няма, але ў той жа час нельга мяняць месца жыхарства без папярэдняга паведамлення. Звычайна першапачатковым месцам жыхарства лічыцца мейсца рэгістрацыі (прапіскі), за выключэннем, калі раней (напрыклад, падчас судовага пасяджэння) заяўляўся іншы адрас. Калі ж іншы адрас нідзе не заяўляўся, чалавек мусіць жыць па месцы рэгістрацыі ці паведаміць пра змену мейсца жыхарства.

Ці могуць затрымаць паўторна?

На жаль, вядомыя паўторныя затрыманні палітвязняў пасля вызвалення. Некаторых затрымлівалі паводле новых крымінальнах справаў: як, напрыклад, Аніту Бакуновіч, якая чакае новага суду, ці Аляксандра Казакевіча, якога асудзілі да “хіміі” за яшчэ адзін каментар –  ён быў вымушаны пакінуць краіну і цяпер знаходзіцца ў бяспецы. Таксама былых палітзняволеных затрымліваюць на суткі, як Ларысу Танкашкур ці Іллю Міронава. Таму, на жаль, палітзняволеным нельга адчуваць сябе ў поўнай бяспецы нават пасля вызвалення.

Артыкул з сайту "Вясны"

See more news

Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года
17 April 2025, 12:57 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года
На 15 красавіка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 165.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў сакавіку 2025 года
14 April 2025, 1:08 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў сакавіку 2025 года
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца крытычна цяжкай.
Тбіліскі Дом правоў чалавека вінавацяць у сабатажы і падтрымцы гвалту, яго рахункі заблакаваныя
07 April 2025, 3:51 PM
Тбіліскі Дом правоў чалавека вінавацяць у сабатажы і падтрымцы гвалту, яго рахункі заблакаваныя
На рахунках арганізацыі, якія былі замарожаныя на патрабаванне пракуратуры Грузіі, знаходзіліся ахвяраванні, сабраныя для пакрыцця штрафаў.
«Рэакцыя на грамадскі супраціў». У Беларусі за «экстрэмісцкія фармаванні» асудзілі мінімум 258 чалавек
07 April 2025, 12:27 PM
«Рэакцыя на грамадскі супраціў». У Беларусі за «экстрэмісцкія фармаванні» асудзілі мінімум 258 чалавек
У апошнія гады рэжым Лукашэнкі маштабна выкарыстоўвае антыэкстрэмісцкае заканадаўства для пераследу іншадумцаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці