Першага чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень абароны дзяцей. З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі праз затрыманне і крымінальны пераслед бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. Некаторых непаўнагадовых нават збівалі і катавалі. Сёння ў краіне налічваецца дзевяць палітзняволеных падлеткаў, якія сустрэлі 18-годдзе за кратамі: Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Павел Піскун, Арцём Вайцяховіч. Усе яны былі непаўнагадовымі на момант затрымання, а потым асуджаныя да пазбаўлення волі.
З нагоды Дня абароны дзяцей "Вясна" распавядае, як у 2023 годзе беларускія ўлады пераследуюць падлеткаў паводле палітычных матываў і за што хлопцы апынаюцца ў зняволенні.
Малюнак: childrenofprisoners.eu
Сусветны дзень дзіцяці дзевяць палітвязняў-падлеткаў адзначаюць у зняволенні. Сярод іх Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Павел Піскун, Арцём Вайцяховіч.
Таксама былі затрыманыя непаўнагадовымі Віталь Прохараў, Давід Збаранскі, Данііл Калеснікаў і Максім Куксачэнка : яны ўжо цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю. У верасні 2022 года Максіму Шатохіну замянілі пакаранне па памілаванні і перавялі на «хатнюю хімію».
Сусветны дзень дзіцяці за кратамі: гісторыі дзесяці палітвязняў-падлеткаў Беларусі
Але гэта не поўны спіс рэпрэсаваных дзяцей. У 2023 годзе, як і раней, улады працягваюць затрымліваць маладзёнаў, якім не споўнілася 18.
У красавіку 2023 году ў Гомелі непаўнагадовага затрымалі за тое, што ён спаліў чырвона-зялёны сцяг. На «пакаяльным» відэа Глеб Шамрэеў казаў, што быў затрыманы за тое, што разам з сябрамі запісаў відэа спальвання чырвона-зялёнага сцяга. Хлопец «прызнаецца» ў тым, што нібыта рабіў гэта ў нецвярозым стане. Таксама ў віну яму ставілі падпіску на тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь»
У пачатку лістапада 2022 году сілавікі затрымалі пецярых удзельнікаў «Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта», супраць якіх узбуджана крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (арт. 361-1 КК). Некаторым з іх 16 і 17 гадоў, сама суполка прызнаная «экстрэмісцкай». У красавіку 2023 году гісторыя пераследу працягнулася: праўладныя каналы справаздачыліся аб затрыманні непаўнагадовага адміністратара тэлеграм-суполкі СБНШ. Па яго прыйшлі пасля таго, як хлопец вырашыў праверыць сябе «на наяўнасць кампрамятуючай інфармацыі» ў фэйкавым чат-боце плана «Перамога», створаным сілавікамі. Хлопец меў нік у тэлеграме «Ваўчара ў латах» — гэта ўсё, што вядома пра сітуацыю на дадзены момант.
Па факце сходу прыхільнікаў субкультурнага аб'яднання ПВК «Рэдан» у Гомелі Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Паведамлялася, што 28 лютага сілавікі затрымалі 200 чалавек ва ўзросце ад 13 да 21 года. З іх 183 — непаўналетнія. Вядома, што на выхадзе з ГЦ «Сакрэт» міліцыя прымяніла дубінкі. Паведамлялася, што ўсе неўпаналетнія затрыманыя пераданы бацькам.
У студзені ГУБАЗіК затрымліваў дваіх студэнтаў гістфаку БДУ, Аляксея Рамановіча і Андрэя Янука. Вядома, што адзін з іх на момант затрымання быў непаўнагадовым. Пасля затрымання студэнтаў на гістфаку БДУ адміністрацыя зладзіла сход у інтэрнаце № 1, на якім прысутнічалі студэнты факультэта і супрацоўнікі Следчага камітэта. ГУБАЗіК пісаў, што Аляксей «атрымае штраф і пойдзе на волю».
Напрыканцы 2022 году таксама стала вядома, што ў Магілёве сілавікі затрымалі непаўнагадовага навучэнца каледжа мастацтваў Дзмітрыя Сіліна. На «пакаяльным відэа», якое з'явілася на праўладным тэлеграм-канале, хлопец кажа, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога». Паводле сілавікоў, хлопец «паспеў зарабіць сабе шэраг артыкулаў», сярод якіх «распальванне варожасці» (арт. 130 КК). Дзе ён знаходзіцца цяпер — невядома.
Пра ранейшы пераслед падлеткаў «Вясна» распавядала ў лістападзе 2022 году.
У траўні 2023 году ў судзе Пінскага раёна і горада Пінска асудзілі 17-гадовага Кірыла Граноўскага паводле ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). Суддзя Андрэй Бычыла прызначыў Кірылу два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
У Сянне за правядзенне пікету быў аштрафаваны вучань 11 класа. Суддзя суда Сенненскага раёна Іна Досава 31 сакавіка за правядзенне пікету ў інтэрнэце аштрафавала на 74 рублі непаўналетняга выпускніка Сярэдняй школы №2, сябра БРСМ, кандыдата ў майстры спорту па барацьбе ў грэка-рымскім стылі Сцяпана Падрэза. Аднак пастанова была прынята з грубым парушэннем дзейнага заканадаўства і была адменена Старшынёй Віцебскага абласнога суда. А менавіта, у адпаведнасці з арт.3.5 ПВКаАП справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, учыненых непаўналетнімі, павінна разглядаць камісія па справах непаўналетніх Сенненскага райвыканкама, а не суд. Адміністрацыйная справа Падрэза мусіла быць разгледжанай раённай камісіяй па справах непаўналетніх, як гэта патрабуе працэсуальны закон.
У лютым усуд Жлобінскага раёна вынес прысуд непаўнагадоваму Леону Салдаценку, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх(ч.1 арт. 342 КК). Справу разглядала суддзя Святлана Андрэева. Як устаноўлена ў ходзе судовага следства, непаўнагадовы Салдаценка увечары 9 жніўня 2020 года прыбыў у цэнтральную частку Жлобіна, дзе адбывалася акцыя пратэсту. Па матэрыялах абвінавачання Леон, «стаяў на праезнай частцы вуліцы Першамайскай і перашкаджаў руху грамадскага і іншага транспарту. Выкрыкваў розныя лозунгі, рабіў гучныя воплескі рукамі і свістаў». У выніку суд прызначыў Салдаценку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Непаўнагадовыя, асуджаныя да пазбаўлення волі, адбываюць пакаранне ў бабруйскай выхаваўчай калоніі №2. Ад дарослых месцаў пазбаўлення волі яна адрозніваецца колькасцю людзей: напрыклад, у 2012 годзе тут было ўсяго тры атрады, у кожным з якіх месцілася па 80 чалавек. За кожным атрадам было замацавана па чатыры выхавацеля. У астатнім, асабліва па строгасці ўтрымання, выхаваўчая калонія нічым не саступае дарослым.
У траўні 2021 году стала вядома, што ў калоніі таксама выкарыстоўваюцца жоўтыя біркі: на фотаздымку з уручэння выхаванцам атэстату іх заўважылі на некаторых зняволеных.
Акрамя таго, што ўлады пераследуюць непаўнагадовых паводле палітычных матываў, праз маладзёнаў часта адбываецца ціск на іх сваякоў. Так, у снежні 2022 году затрымалі журналістку Ларысу Шчыракову, а яе непаўнагадовага сына Святаслава міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Толькі праз пэўны час яго забраў адтуль бацька, якія адмыслова прыляцеў з Расіі.
Непаўнагадовы палітвязень Арцём Вайцяховіч узяты пад варту па абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 208 Крымінальнага кодэксу і ўтрымліваецца ў следчым ізалятары, у той час, калі яго брат, адміністратар пратэснага тэлеграм-каналу, атрымлівае патрабаванні пра спыненні дзейнасці ў якасці ўмовы для вызвалення Арцёма.
Падтрымайце Арцёма лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:
СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Арцём Юр'евіч Вайцяховіч
Мінімальныя стандартныя правілы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якія тычацца адпраўлення правасуддзя ў дачыненні да непаўналетніх (Пекінскія правілы) прадугледжваюць:
"Рашэнні аб абмежаванні асабістай свабоды непаўналетняга павінны прымацца толькі пасля ўважлівага разгляду пытання і абмежаванне павінна быць па магчымасці зведзена да мінімуму; непаўналетняга правапарушальніка не варта пазбаўляць асабістай свабоды, калі толькі ён не прызнаны вінаватым у здзяйсненні сур'ёзнай дзеі з ужываннем гвалту супраць іншай асобы або ў неаднаразовым ажыццяўленні іншых сур'ёзных правапарушэнняў, а таксама ў адсутнасць іншай адпаведнай меры ўздзеяння;
Ні адзін непаўнагадовы не можа быць забраны з-пад нагляду бацькоў, часткова або цалкам, калі гэта не апраўдана абставінамі яе ці яго справы (разлучэнне дзяцей і бацькоў з'яўляецца крайняй мерай; да яе можна звяртацца толькі ў тых выпадках, калі факты справы апраўдваюць гэты сур'ёзны крок (напрыклад, жорсткае абыходжанне з дзецьмі)"
Згодна з Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН, якія тычацца выканання правасуддзя ў дачыненні на непаўналетніх, сістэма правасуддзя ў дачыненні да непаўналетніх скіравана ў першую чаргу на забеспячэнне дабрабыту непаўналетняга і забеспячэння таго, што любыя меры ўздзеяння на непаўналетніх правапарушальнікаў былі заўсёды сувымерныя як з асаблівасцямі асобы правапарушальніка, так і з акалічнасцямі правапарушэння. Утрыманне пад вартай да суда прымяняецца толькі ў якасці надзвычайнай меры і на працягу найкарацейшага перыяду часу. Утрыманне пад вартай да суда па магчымасці замяняецца іншымі альтэрнатыўнымі мерамі, такімі, як сталы надгляд, актыўная выхаваўчая праца ці змяшчэнне ў сям'ю альбо ў выхаваўчую ўстанову ці дом.
Таксама ў 2019 годзе UNICEF выпусціў дапаможнік “Рэкамендацыі для дзяцей, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам”. Партнёрамі UNICEF выступілі Брытанскае пасольства ў Мінску і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. Мэтай дапаможніка заяўлена спроба пазнаёміць з асновамі адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці падлеткаў, іх бацькоў і ўсіх, каму трэба будзе мець зносіны з прадстаўнікамі праваахоўных і судовых органаў.