Па ўсёй Беларусі 23 студзеня і цягам наступнага тыдня супрацоўнікі КДБ зладзілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне. Паводле "Вясны", па стане на 7 лютага пад пераслед трапілі сама меней 224 чалавекі, абсалютная большасць з якіх — жанчыны. Пасля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошванні. Але на волю выйшлі не ўсе — праваабаронцы высвятляюць лёс затрыманых. Па папярэдняй інфармацыі, прычынай зацікаўленасці да некаторых з боку КДБ стала дапамога сем'ям палітвязняў ад ініцыятывы "INeedHelpBY", якую днямі ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". "Вясна" распавядае, што цяпер вядома пра масавы пераслед родных палітзняволеных, а праваабаронца Павел Сапелка каментуе рэйд КДБ і нагадвае пра важныя меры бяспекі, якія дапамогуць пазбегнуць пераследа.
Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі КДБ 23 студзеня пачалі прыходзіць з ператрусамі да блізкіх палітвязняў ад самай раніцы. Да кагосьці прыйшлі дадому, а да некаторых — наўпрост на працу. Пасля ператрусаў сілавікі забіралі іх на допыт, а ў некаторых выпадках — усёй сям'ёй.
Паводле звестак "Вясны", сілавікі прыйшлі больш чым да 220 чалавек, у тым ліку і былых палітвязняў. Шмат хто з іх ужо на волі з падпіскай аб нявыездзе і неразгалошванні, але некаторыя да гэтага часу застаюцца за кратамі — cупраць іх распачалі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Тэлефоны некаторых затрыманых пасля ператрусаў і допытаў сілавікі забралі для праверкі, а камусьці аддалі тэлефон з ўстаноўленым міліцэйскім тэлеграм-ботам "Магніт", які дазваляе сілавікам дыстанцыйна сачыць за акаўнтам людзей.
Супраць тых, у каго сілавікі знайшлі "экстрэмісцкія рэпосты і падпіскі", або тых, хто "крычаў і размахваў рукамі падчас гутаркі з міліцыянтамі", былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Так, напрыклад, жонку палітвязня і экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча — Марыну Адамовіч — асудзілі да 15 сутак за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП).
Таксама пасля затрымання не выпусцілі і былога палітвязня Аляксея Раманава, у якога раней дыягнаставалі анкалогію. Яго забралі на допыт у КДБ па падазрэнні ва ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні". Як стала вядома "Свабодзе", пасля шматгадзіннага допыту ў гомельскім упраўленні КДБ Аляксей трапіў у ізалятар часовага ўтрымання. Увечары таго дня яго падвезлі пад ягоны дом, каб сваякі перадалі яму рэчы і лекі. Пазней Раманава асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Палачанку Людмілу Анашкевіч арыштавалі на 15 сутак за "экстрэмісцкую" спасылку ў прыватнай перапісцы. Супрацоўнікі КДБ забралі ў яе мабільны тэлефон і лісты палітзняволенай лідаркі незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольгі Брыцікавай. Падставай для складання пратакола стала прыватная перапіска са знаёмым, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы: жанчына пераслала яму спасылку на артыкул з рэсурса, які прызналі "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй".
Таксама стала вядома, што некалькі чалавек асудзілі да штрафаў паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП – "выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам". Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.
У Беларусі пачалі судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці"
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе новую рэпрэсіўную практыку беларускіх уладаў.
Пакуль няма дакладнай інфармацыі, з чым звязана такая ўвага да родных палітвязняў. Але вядома, што ў пастановах на ператрусы былі пазначаны артыкулы за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-2 КК) і "ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні" (арт. 361-1 КК).
Апроч гэтага, 23 студзеня стала вядома, што праект "INeedHelpBY", які аказваў прадуктовую дапамогу рэпрэсаваным, прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем". Адпаведнае рашэнне было прынятае яшчэ 16 студзеня КДБ, але апублікавана было толькі ў дзень рэйду КДБ. На сайце ініцыятывы пазначана, што з 2020 году яны ўжо аказалі падтрымку на суму 1 551 400 даляраў, а дапамогу аказвалі больш за 15 000 разоў.
Для дапамогі ініцыятыва выкарыстоўвала папулярныя сэрвісы дастаўкі ад "Гіппа" і "Еўраопта".Праз іх можна анлайн замовіць дастаўку з крамы і аплаціць або на сайце, або пры атрыманні прадуктаў.
Па інфармацыі праваабаронцаў, менавіта дапамога ад "INeedHelpBY" у шматлікіх выпадках і цікавіла сілавікоў. Сярод іншага, супрацоўнікі пыталі, "хто дапамагае з перадачамі і хто аплачвае кошыкі з прадуктамі". Некаторым паказвалі раздрукоўкі аплат з "Е-кошыкаў", шукалі ў тэлефонах прылады замежных банкаў, а таксама патрабавалі тлумачэнняў наконт грашовых пераводаў на беларускую картку з-за мяжы. Паведамляецца, што сілавікі нібыта праглядаюць аплаты ў сэрвісах з літоўскіх і польскіх картак і збіраюць інфармацыю пра сумы аплат.
Падкрэслім, што атрыманне прадуктовых даставак праз анлайн-сэрвісы, нават калі аплата была здзейснена з замежных картак, не з'яўляецца правапарушэннем. Такім спосабам карыстаюцца тысячы беларусаў як унутры краіны, так і за яе мяжой, а на сайце сэрвісу няма забароны на карыстанне замежнымі карткамі.
Тым не менш, прызнанне ініцыятывы "экстрэмісцкім фармаваннем" нясе сур'ёзныя наступствы для тых, хто звяртаўся ці звяртаецца да іх па дапамогу. Цяпер за любое супрацоўніцтва з "INeedHelpBY" можа пагражаць крымінальная адказнасць па арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Такім чынам улады намагаюцца знішчыць салідарнасць беларусаў і пакінуць беларусаў сам-насам з рэпрэсіямі. Але праваабаронцы заклікаюць шукаць бяспечныя спосабы падтрымаць адзін аднога ў такія складаныя часы.
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў напад сілавікоў на сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама нагадаў пра меры бяспекі, якія дапамогуць пазбегнуць пераследу:
"Атака на людзей і ініцыятывы, якія ў цяжкіх умовах не пакідаюць беларусаў без дапамогі, пераследуе некалькі мэтаў, галоўныя з якіх — адпомсціць за салідарнасць, разбурыць структуру падтрымкі, запалохаць людзей, уцягнутых у гэтую дзейнасць.
Усе нападкі рэжыму не маюць нічога агульнага з абаронай закона і правапарадку, гэта неадэкватная рэакцыя на правамерную дзейнасць грамадскіх структур, аднак улады ўжо нават не спрабуюць гэтага хаваць. Дабрачынная дапамога людзям у цяжкай сітуацыі па вызначэнні не можа несці небяспекі для канстытуцыйнага ладу і функцыянавання дзяржавы і яго інстытутаў — калі гэта, вядома, не таталітарны рэжым, які страціў падтрымку народа і сілай узурпаваў уладу, і які існуе толькі дзякуючы рэпрэсіям.
Улады карысталіся і будуць карыстацца любымі прабеламі і недахопамі ў схемах узаемадапамогі — для гэтага на іх працуе вялікі рэпрэсіўны апарат. Знайсці ў сабе сілы супраціўляцца такому рэжыму і яго вар'яцкім намаганням цяжка, але ўсе адказныя ініцыятывы і арганізацыі, у прыватнасці мы ў "Вясне", робім усё для таго, каб мінімізаваць рызыкі для мужных людзей, якія дапамагаюць нам і адзін адному супрацьстаяць тыраніі.
Мы раім азнаёміцца з правіламі лічбавай бяспекі і строга іх выконваць; старанна хаваць ад іншых адчувальную інфармацыю; не пакідаць на сваіх лічбавых прыладах фармальных падстаў для адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу — відэа, здымкаў, падпісак, рэпостаў матэрыялаў з забароненых уладамі рэсурсаў. Бо менавіта невыкананне гэтых рэкамендацый часцей за ўсё становіцца прычынай пазбаўлення волі.
Звяжыцеся з намі і паведаміце пра факты парушэння правоў чалавека — гэта не пакіне злачынствы рэжыму незаўважанымі і беспакаранымі. Калі вы ў бяспецы — падтрымлівайце ініцыятывы па дапамозе палітвязням і іх сем'ям, стварайце і развівайце дэцэнтралізаваную сетку салідарных дзеянняў".
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі ці дапытвалі наконт падтрымкі палітвязняволеных, калі ласка, паведамляйце нам: праз тэлеграм-бот @viasna_bot; на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasnа