Леанід Судаленка — у Еўрапарламенце: «Неабходна неадкладна ратаваць людзей»

20 April 2024, 6:56 PM
Леанід Судаленка — у Еўрапарламенце: «Неабходна неадкладна ратаваць людзей»

У Бруселі адбылася сустрэча дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Еўрапейскага парламента, піша "Вясна".

У якасці спікераў з Беларусі на сустрэчы выступілі праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна і каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда.

Леонид Судаленко в Европарламенте. Фото: фейсбук ЛеонидаЛеанід Судаленка ў Еўрапарламенце. Фота: фэйсбук Леаніда

Праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка распавёў пра асабісты досвед і катаванні, праз якія давялося прайсці ў зняволенні:

"Я Леанід Судаленка, беларускі праваабаронца, за мірную дзейнасць па абароне ахвяр рэпрэсій 2020 года кінуты на тры гады ў турму. Вызваліўшыся пасля заканчэння тэрміну, быў вымушаны праз рэпрэсіі, якія працягваюцца, пакінуць Беларусь. Следам рэжым Лукашэнкі выставіў новыя абвінавачванні, пагражаючы завочным судом адправіць у турму ўжо на сем гадоў, абвінаваціўшы ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", а фактычна за тое, што не маўчу, распавядаю пра катаванні, пра нечалавечыя ўмовы, у якіх знаходзяцца тысячы беларускіх палітвязняў.

Пасля выхаду з турмы пачуццё адчаю і безнадзейнасці не пакідаюць мяне ні на адзін дзень. Чарговая смерць беларускага палітвязня за турэмнымі кратамі толькі ўзмацняе гэтыя пачуцці і мяне зноў ахоплівае бездапаможнасць. Зноў усплываюць думкі пра катаванні, пра нечалавечыя ўмовы, у якіх утрымліваюць палітычных.

Інтэлектуальна там кожны задумваецца пра сэнс жыцця, пераасэнсоўвае яго і, магчыма, не раз з ім развітваецца. Маральна там удвая цяжка, таму што разуменне прававога хаосу не адпускае ні на хвіліну – палітычныя за кратамі без злачынства, толькі за тое, што нязгодныя, за тое, што патрабуюць пераменаў!

Стрэс і пастаяннае агрэсіўнае асяроддзе павольна адымаюць здароўе. Асабліва ў штрафных ізалятарах, дзе катуюць холадам, дзе адбіраюць споднюю бялізну, не даюць матрацы і пасцельную бялізну, дзе дрэннае харчаванне, недахоп вітамінаў і шпацыроў. Дзе палітычных месяцамі і нават гадамі трымаюць у адзіночных камерах без сувязі са знешнім светам, дзе поўная адсутнасць медыцынскай дыягностыкі здароўя, дзе няма сувязі са знешнім светам.

А ў перапынках паміж ізалятарамі палітычных сілком адпраўляюць на брудную і шкодную працу ў халодныя прамысловыя цэхі. Улічваючы вялікую працягласць гэтых выпрабаванняў, нешматлікія выжывуць без шкоды для свайго здароўя. І мае думкі сёння пра 60-гадовага беларускага паплечніка па праваабароне Алеся Бяляцкага, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, кінутага ў турму на 10 гадоў. Яго трымаюць у халоднай адзіночнай камеры, адкуль прыходзяць навіны аб прыкметным пагаршэнні яго здароўя. І я не знаходжу адказ на пытанне, што мы будзем рабіць, калі ў адзін з дзён даведаемся, што яго здароўе не вытрымала катаванняў…
Мае думкі сёння пра тысячы іншых палітвязняў, пра праваабаронцаў, пра журналістаў, прафсаюзных лідараў і палітыкаў, пра проста неабыякавых беларусаў, што выжываюць у турмах без злачынстваў. Мае пачуцці — пачуцці выжылага сведкі, гэта тое, што турбуе і не пакідае мяне ў спакоі сёння", — сказаў праваабаронца.

Леанід Судаленка таксама распавёў, што ў віцебскай калоніі № 3, дзе ён адбываў пакаранне, з 1 000 зняволеных — 300 былі палітвязнямі, гэта значыць практычна траціна. Вязні сумлення вымушаныя хадзіць са спецыяльнымі жоўтымі біркамі і ўмовы ўтрымання для палітвязняў непараўнальна больш жорсткія, чым у астатняга кантынгенту.

Па словах праваабаронцы, неабходна неадкладна ратаваць людзей, паколькі выжыць у турме сёння вельмі складана.

"Лукашэнку неабходна паставіць жорсткі ўльтыматум і запатрабаваць вызваліць палітвязняў, інакш смерцяў у турмах будзе больш", — упэўнены Судаленка.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

Кандидаты на мандат Спецдокладчика о ситуации с правами человека в Беларуси
16 July 2024, 8:33 AM
Кандидаты на мандат Спецдокладчика о ситуации с правами человека в Беларуси
Совет по правам человека ООН готовится к назначениям на вакансии независимых экспертов ООН в Совете.
ФДПЧ: «Заклікаем усе дзяржавы зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы беларусам, што знаходзяцца ў выгнанні»
08 July 2024, 1:21 PM
ФДПЧ: «Заклікаем усе дзяржавы зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы беларусам, што знаходзяцца ў выгнанні»
3 ліпеня 2024 года Фонд Дамоў правоў чалавека выступіў з заявай на 56-й сесіі Рады ААН па правах чалавека.
Спецыяльная дакладчыца ААН: «Беларусь небяспечная для тых, хто крытыкуе ўрад»
08 July 2024, 12:49 PM
Спецыяльная дакладчыца ААН: «Беларусь небяспечная для тых, хто крытыкуе ўрад»
Грамадзяне і грамадзянская супольнасць, якія крытыкуюць беларускія ўлады, сутыкаюцца з рэпрэсіямі, што ўзмацняюцца.
БАЖ звярнуўся да спецыяльнай працэдуры ААН па справе праваабаронцы Леаніда Судаленкі
08 July 2024, 12:02 PM
БАЖ звярнуўся да спецыяльнай працэдуры ААН па справе праваабаронцы Леаніда Судаленкі
Прававы цэнтр Беларускай асацыяцыі журналістаў накіраваў звароты да спецдакладчыкаў ААН з нагоды завочнага прысуду да зняволення гомельскаму юрысту і праваабаронцу Леаніду Судаленку.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці