Мірныя сходы і асацыяцыі. Праваабаронцы Беларусі падрыхтавалі даклад аб прыцягненні службовых асобаў Беларусі да крымінальнай адказнасці

23 February 2023, 1:55 PM
Мірныя сходы і асацыяцыі. Праваабаронцы Беларусі падрыхтавалі даклад аб прыцягненні службовых асобаў Беларусі да крымінальнай адказнасці

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі — ПЦ "Вясна", Беларускі Хельсінкскі Камітэт, "Прававая ініцыятыва", Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў і "Lawtrend" — падрыхтавалі даклад на тэму прыцягнення да крымінальнай адказнасці за сур'ёзныя парушэнні правоў на свабоду асацыяцый і мірных сходаў. Даклад быў накіраваны ў межах закліку Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі для яго выступу на 53-й сесіі Рады па правах чалавека ААН.

"Вясна" публікуе скарочаную версію дакладу.

Свабода аб'яднанняў (асацыяцый)

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (артыкул 36) замацоўвае права кожнага на свабоду аб'яднання. А абарона гэтага права прадугледжваецца крымінальным заканадаўствам. Так, да крымінальнай адказнасці могуць прыцягнуць за перашкаджэнне законнай дзейнасці грамадскіх аб'яднанняў (арт. 195 КК РБ). Прадугледжваецца адказнасць і для службовых асоб у выпадках злоўжывання ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, якія нанеслі шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян. Бяздзейнасць службовых асоб, якая пацягнула такую шкоду, таксама вядзе да адказнасці (арт. 425 КК РБ). Акрамя таго, прадугледжана крымінальная адказнасць і за найболей цяжкія парушэнні правоў, якія маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці (арт. 128 КК РБ):

"Дэпартацыя, незаконнае ўтрыманне ў зняволенні, схіленне ў рабства, масавае ці сістэматычнае ажыццяўленне смяротных пакаранняў без суда, выкраданне людзей, за якім адбываецца іх знікненне, катаванні ці акты жорсткасці, якія здзяйсняюцца ў сувязі з расавай, нацыянальнай, этнічнай прыналежнасцю, палітычнымі перакананнямі і веравызнаннем грамадзянскага насельніцтва, — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да дваццаці пяці гадоў, ці пажыццёвым пазбаўленнем волі, ці смяротным пакараннем".

Тым не менш дзяржаўная палітыка ў галіне свабоды аб'яднанняў іншая. Па стане на 13 лютага 2023 года ў Беларусі былі прынятыя рашэнні аб прымусовай ліквідацыі 777 недзяржаўных некамерцыйных аб'яднанняў. А пералік арганізацый і ініцыятыў, якіх дзяржава вызначыла як тыя, што "ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць", уключае ўжо 115 суб'ектаў. У гэты спіс уваходзяць праваабарончыя арганізацыі, экалагічныя арганізацыі і ініцыятывы, прафсаюзы, незалежныя СМІ і інш. А ў гэты час у зняволенні знаходзяцца не менш за 20 прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку 6 праваабаронцаў, і каля 40 актывістаў і лідараў дэмакратычных прафсаюзаў. Суды прызначаюць ім пазбаўленне волі на велізарныя тэрміны, якія дасягаюць і 15 гадоў зняволення.

Міжнародная супольнасць адрэагавала на прысуд Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка

Міжнародная супольнасць адрэагавала на прысуд праваабаронцы Марфы Рабковай, валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў, якіх 6 верасня агулам пакаралі 94 гадамі пазбаўлення волі.

Акрамя таго, з пачатку 2022 года ў Крымінальны кодэкс вярнулі артыкул, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за "арганізацыю дзейнасці ці ўдзел у дзейнасці грамадскага аб'яднання, у дачыненні да якога ёсць рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб яго ліквідацыі" — гэта караецца штрафам, арыштам ці зняволеннем на тэрмін да двух гадоў.

Таму, нягледзячы на наяўнасць у заканадаўстве Беларусі нормаў аб прыцягненні да адказнасці за парушэнні права на аб'яднанне, усё эфектыўныя механізмы прыцягнення да адказнасці за такія парушэнні ў краіне адсутнічаюць. Беларускай дзяржаве варта зрабіць крокі па аднаўленні сітуацыі са свабодай слова. Дзеля гэтага неабходна:

  1. Спыніць практыку пераследу, у тым ліку крымінальнага, у сувязі з сяброўствам у арганізацыях грамадзянскай супольнасці;

  2. Перагледзець і адмяніць усё палітычна матываваныя судовыя рашэнні, вызваліць і рэабілітаваць палітычных зняволеных;

  3. На падставе інфармацыі, сабранай праваабарончымі арганізацыямі, міжнароднымі органамі і структурамі, правесці расследаванне і прыцягнуць вінаватых (у тым ліку супрацоўнікаў спецслужбаў, пракурораў, суддзяў і інш.);

  4. Спыніць практыку прымусовай ліквідацыі НДА, а ліквідаваным арганізацыям кампенсаваць страты;

  5. Выключыць практыку прымусу да ўваходжання ў аб'яднанні.

Дзеля таго, каб гэтага дасягнуць, неабходна ў тым ліку і спыніць практыку злоўжывання міжнароднымі стандартамі па барацьбе з тэрарызмам і адмываннем грошай, атрыманых злачынным шляхам. Міжнародныя органы і структуры павінны звярнуць пільную ўвагу на такія злоўжыванні і распрацаваць механізмы іх прадухілення.

Свабода сходаў

Канстытуцыя Беларусі (артыкул 35) вызначае свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання. А Закон РБ "Аб масавых мерапрыемствах" ўключае патрабаванне аб неўмяшанні дзяржаўных органаў у правядзенне масавых мерапрыемстваў (арт. 13). Крымінальны кодэкс вызначае адказнасць за перашкаджэнне правядзенню мірнага сходу, а таксама за прымус да ўдзелу ў ім (арт. 196 КК) — гэта караецца штрафам ці пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, або арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

Тым не менш у Беларусі адсутнічае прэзумпцыя на карысць рэалізацыі права на мірныя сходы: там ужываецца дазвольны парадак іх правядзення. Сходы, у тым ліку спантанныя, якія праводзяцца без такога дазволу з боку дзяржавы, успрымаюцца ўладамі як незаконныя. Адным з самых жорсткіх прыкладаў ужывання ўладамі сілы ў адказ на мірныя сходы зрабіліся падзеі ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У выніку гэтага як мінімум тры чалавекі загінулі (Аляксандр Тарайкоўскі, Аляксандр Віхор і Генадзь Шутаў). Улады адмаўляюць сваю адказнасць за гэтыя забойствы, але не праводзяць эфектыўнага расследавання па іх.

За чатыры дні, ад 9 па 13 жніўня 2020 года, было затрымана больш за 7000 чалавек. Нягледзячы на тое, што інфармацыя пра збіванні і катаванні са сведчаннямі пацярпелых затрыманых пачала з'яўляцца ў СМІ яшчэ 12 жніўня 2020 года, у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў не было распачата ніводнай крымінальнай справы.

Каля ізалятара на Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фотаКаля ізалятара на Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фота

У перыяд з траўня 2020 года па травень 2021 года не менш за 37 000 чалавек былі адвольна затрыманыя і арыштаваныя.

А ўсяго за два дні — 27 і 28 лютага 2022 года (у дзень рэферэндуму і пасля) — у Беларусі затрымалі каля 1100 чалавек, пры гэтым не менш як 630 чалавекам прызначылі адміністрацыйны арышт за ўдзел у антываенных пратэстах.

Але ўрад нічога не зрабіў для прыцягнення да адказнасці асобаў, звязаных з вышэйзгаданымі сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека ў дачыненні да тых, хто ажыццяўляў сваё права на свабоду сходаў.

Як адзначаюць праваабаронцы ў сваім дакладзе, для парушэнняў права на мірныя сходы ў Беларусі выкарыстоўваюцца тыя ж механізмы, што і для права на свабоду аб'яднанняў. Так, улады не расследавалі справы аб ужыванні катаванняў да ўдзельнікаў мірных сходаў. У структуры Следчага камітэта няма адмысловага падраздзялення па разглядзе спраў, злучаных з ужываннем катаванняў. Дзейнасць СК шмат у чым залежыць ад прэзідэнта Беларусі, а гэта ставіць пад пагрозу незалежнасць гэтай структуры. Аналагічная сітуацыя назіраецца і з пракуратурай, у кампетэнцыю якой уваходзіць правядзенне праверак па заявах наконт ужывання катаванняў. Неэфектыўнасць такіх спраў звязаная з неаб'ектыўнасцю пракуратуры. Акрамя таго, скаргі на ўжыванне катаванняў нярэдка накіроўваюцца пракуратурай у органы ўнутраных спраў — супрацоўнікаў якіх і абвінавачваюць у здзяйсненні катаванняў.

26 жніўня 2020 года Генеральная пракуратура паведаміла, што створаная міжведамасная камісія ў мэтах каардынацыі і вывучэння акалічнасцяў, якія выкладзеныя ў зваротах грамадзян аб ужыванні да іх катаванняў. Аднак праваабаронцам адмовілі ў доступе да інфармацыі пра асабовы склад камісіі і яе працу. 26 жніўня 2021 СК паведаміў пра завяршэнне праверкі 680 скаргаў на катаванні затрыманых у Мінску. Але, нягледзячы на наяўнасць неабвяргальных доказаў масавых катаванняў, у завядзенні крымінальнай справы было адмоўлена.

А для аднаўлення свабоды мірных сходаў беларускім уладам неабходна перагледзець усё палітычна матываваныя судовыя рашэнні, вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў і забяспечыць ім кампенсацыю. А таксама правесці расследаванне і прыцягнуць вінаватых (супрацоўнікаў спецслужбаў, органаў юстыцыі і інш.). Дзеля таго, каб не дапусціць падобнай сітуацыі ў будучыні, праваабаронцы рэкамендавалі ўладам:

  1. Прывесці заканадаўства аб мірных сходах у адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі. У прыватнасці, важна адмяніць дазвольны парадак правядзення мірных сходаў, а таксама ўстрымацца ад патрабаванняў выплаты неабгрунтаваных збораў з арганізатараў сходаў за ахову і прыборку тэрыторыі, на якой праводзіцца сход;

  2. Спыніць практыку адвольных затрыманняў удзельнікаў мірных сходаў;

  3. Правесці сістэмную і комплексную судовую рэформу;

  4. Стварыць эфектыўны механізм кантролю за выкананнем правоў чалавека, у тым ліку нацыянальны незалежны механізм па правах чалавека.

Роля іншых удзельнікаў у прыцягненні да адказнасці за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека ў кантэксце ажыццяўлення правоў на свабоду мірных сходаў і аб'яднанняў

У дакладзе праваабаронцы падкрэслілі і тое, якую ролю маюць ці могуць мець іншыя ўдзельнікі ў прыцягненні вінаватых да адказнасці.

IAPB

24 сакавіка 2021 года была запушчана Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB). IAPB уяўляе сабою кааліцыю незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб'ядналі свае высілкі дзеля збору, кансалідацыі, праверкі і захавання доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, што ўяўляюць сабой злачынства паводле міжнароднага права, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі і іншымі асобамі ў падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, а таксама іх наступствы.

Роля нацыянальных праваабарончых устаноў

Нягледзячы на неаднаразовыя рэкамендацыі камітэтаў ААН і Спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у краіне дагэтуль няма незалежнай нацыянальнай праваабарончай арганізацыі, якая была б створаная ў адпаведнасці з Парыжскімі прынцыпамі ААН (у іх вядзецца гаворка пра статус нацыянальных устаноў, якія займаюцца заахвочваннем і абаронай правоў чалавека).

А тыя ўстановы, якія прадстаўленыя беларускімі ўладамі ў якасці праваабарончых, Парыжскім прынцыпам не адпавядаюць.

Роля Міжнароднага крымінальнага суда (ICC)

Нягледзячы на тое, што Беларусь не з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай Міжнароднага крымінальнага суда (МКС), ён валодае юрысдыкцыяй у дачыненні да злачынстваў, прадугледжаных Рымскім статутам, якія здзяйсняюцца (прынамсі, часткова) на тэрыторыі яе суседзяў: Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны.

Абапіраючыся на прэцэдэнт, створаны МКС у сітуацыі ў М'янме (Бангладэш), МКС можа расследаваць у судовым парадку злачынствы супраць чалавечнасці, звязаныя з дэпартацыяй і пераследам, праз што грамадзянскія асобы вымушаныя ўцякаць на тэрыторыю дзяржавы-ўдзельніцы МКС. Адпаведнае Паведамленне ў адпаведнасці з артыкулам 15(2) Рымскага статуту ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) "Сітуацыя ў Беларусі/Літве/Польшчы/Латвіі і Украіне: злачынствы супраць чалавечнасці ў выглядзе дэпартацыі і пераследу" было накіраванае некалькімі арганізацыямі: International Partnership for Human Rights, Norwegian Helsinki Committee, Global Diligence LPP і Truth Hounds. Аднак у гэты час рашэнне аб пачатку расследавання пракурорам МКС не прынятае.

Роля трэціх дзяржаў у дачыненні да сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека

Адным з механізмаў прыцягнення да адказнасці з дапамогай трэціх краін з'яўляецца ўніверсальная юрысдыкцыя. 9 снежня 2020 года Генеральны пракурор Літвы распачаў дасудовае расследаванне паводле арт. 1003 (1) "Катаванні" Часткі XV "Злачынствы супраць чалавечнасці і вайсковыя злачынствы" Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Літвы. Такое рашэнне было прынятае пасля дэталёвага вывучэння заявы, пададзенай у Генеральную пракуратуру 30 лістапада 2020 года грамадзянінам Беларусі пра гвалт, які ён зазнаў 13 кастрычніка 2020 года ў Мінску. У той дзень, як сцвярджаў грамадзянін, на яго быў здзейснены напад і катаванні, якія, на ягоную думку, ажыццяўляліся афіцэрамі сілавых структур, лаяльных рэжыму Лукашэнкі. У заяве таксама гаварылася, што сам грамадзянін быў вымушаны выехаць у Вільню, асцерагаючыся за сваю бяспеку, і не мог з гэтай прычыны абараняць свае правы ў Беларусі. У цяперашні час дасудовае расследаванне арганізуе, кантралюе і вядзе Дэпартамент крымінальнага пераследу Генеральнай пракуратуры Літвы.

Але для завядзення крымінальных спраў у трэціх краінах, акрамя адпаведнага заканадаўства, неабходная яшчэ і палітычная воля гэтых дзяржаў. Больш за тое, у пытаннях універсальнай юрысдыкцыі ўсё яшчэ застаюцца наступныя праблемы:

  • Папярэдняе следства не складаецца выключна з допытаў пацярпелых;

  • Усе дакументы, якія падаюцца, падлягаюць перакладу і складанню пратаколаў вымання і агляду. Да справы прыцягваюцца перакладчыкі, якія ўдзельнічаюць у допытах, што патрабуе дадатковых чалавечых і фінансавых рэсурсаў;

  • Допыт вядзе толькі адзін следчы, рэсурсы невялікай следчай групы не пакрываюць запыт усіх беларусаў за мяжой;

  • Людзі, з якімі была праведзеная поўная падрыхтоўчая праца, часам адмаўляюцца ад давання паказанняў пасля таго, як у Беларусі пракацілася чарговая хваля ўжывання сілы ў дачыненні да сваякоў іншых пратэстоўцаў;

  • Людзі расчараваныя адсутнасцю хуткага выніку і адмаўляюцца ўдзельнічаць у працягу следчых дзеянняў. Шанцаў затрымаць меркаваных злачынцаў у ЕС мала, бо пераважная большасць з іх уключаныя ў санкцыйныя спісы і маюць забарону на ўезд у ЕС.

Арыгінал артыкулу на сайце "Вясны"

See more news

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 October 2024, 12:41 PM
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 September 2024, 9:51 AM
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 September 2024, 3:30 PM
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 September 2024, 4:40 PM
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці