«Мы аднаўляем справядлівасць». Праваабаронцы растлумачылі вялікую заяву аб наданні статусаў «былых палітвязняў»

18 September 2023, 10:02 AM
«Мы аднаўляем справядлівасць». Праваабаронцы растлумачылі вялікую заяву аб наданні статусаў «былых палітвязняў»

Праваабарончая супольнасць Беларусі 18 верасня прыняла вялікую заяву, у якой запатрабавала поўную рэабілітацыю адразу 150 чалавек, асуджаных за ўдзел у паслявыбарчых мірных акцыях пратэсту паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Па розных прычынах гэтыя людзі не мелі статуса палітзняволеных падчас свайго зняволення, але, негледзячы на гэта, праваабаронцы ў заяве надаюць ім статус "былых палітвязняў".

Чаму менавіта цяпер узнікла небаходнасць унясення рэпрэсаваных людзей у спіс былых палітвязняў? Якая працэдура прызнання і хто можа звяртацца да праваабаронцаў? Чаму гэта важна, як для саміх людзей, зазанаўшых пераслед, так і для ўсяго беларускага грамадства? На гэтыя і іншыя пытанні адказваюць праваабаронцы "Вясны" Наста Васільчук і Павел Сапелка. 

ne_daruem.jpgІлюстрацыйнае фота

"З кожным месяцам вызваленых людзей, пра чый палітычны пераслед мы не ведалі, будзе станавіцца ўсё болей"

Як распавядае Наста Васільчук, у Праваабарончы цэнтр "Вясна" ўсё часцей сталі звяртацца людзі, якія не былі ў свой час прызнаныя палітычнымі зняволенымі, аднак знаходзіліся ў месцах несвабоды па палітычных прычынах. Галоўнай прычынай ненадання такога статуса людзям праваабаронца называе тое, што пра іх зняволенне не паведамлялі блізкія. Цяпер гэтыя людзі звяртаюцца да праваабаронцаў і просяць унесці іх у спісы рэпрэсаваных, каб факт іх пераследу быў афіцыйна зафіксаваны праваабаронцамі.

"На дадзены момант з большага гэта тыя, хто адсядзеў некалькі месяцаў да суда ў СІЗА па “народным” 342 артыкуле, а затым выйшаў на волю, асуджаны да "хіміі" ці "хатняй хіміі". Таксама пачалі звяртацца людзі, якія цалкам адбылі тэрміны ў калоніі па палітычных артыкулах і цяпер знаходзяцца ў бяспецы, але пра якіх нам не было раней вядома. Пакуль што гэта адзінкавыя выпадкі, але мы ўпэўнены, што з кожным месяцам вызваленых пасля адбыцця пакарання людзей, пра чый палітычны пераслед мы не ведалі, будзе станавіцца ўсё болей.

Галоўная прычына, чаму людзі не паведамляюць пра сваіх блізкіх, зняволеных па палітычных матывах, гэта страх яшчэ большых рэпрэсій у дачыненні да блізкага, а таксама ў дачыненні да сябе. І хоць мы заўсёды кажам, што замоўчванне рэпрэсій не ўратуе ўжо затрыманага чалавека, і што нават у цяперашняй сітуацыі застаюцца шляхі бяспечна перадаваць інфармацыю праваабаронцам, мы цалкам усведамляем, што калі сітуацыя ў Беларусі будзе захоўвацца на цяперашнім узроўні, застанецца значная колькасць людзей, якія не будуць нікому казаць пра рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх блізкіх. Улічваючы ўсё гэта, а таксама разумеючы, што ўсе гэтыя людзі, пра якіх мы раней не ведалі, фактычна нічым не адрозніваліся ў момант зняволення ад прызнаных, бо вядомых нам палітвязняў, мы прынялі рашэнне прымаць па іх спецыяльныя заявы, праз якія афіцыйна замацоўваем іх статус як былых палітвязняў", – распавядае Наста.

Яна адзначае, што ў планах праваабаронцаў прымаць два тыпы заяў адносна былых палітвязняў:

"Першы тып – як наша першая заява па тых, хто быў зняволены паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса – з патрабаваннем поўнай рэабілітацыі гэтых людзей. Другі тып – з патрабаваннем перагляду прысудаў. Калі казаць пра артыкулы, то гэта і ўжо ўзгаданы "народны" артыкул 342 Крымінальнага кодэкса, і дыфамацыйныя артыкулы (калі чалавек змяшчаўся ў СІЗА ці адбыў тэрмін на "хіміі" ці ў калоніі за абразу Лукашэнкі, чыноўнікаў, мініцыянтаў (арт. 368, 369, 367, 130 КК і г.д.), а таксама артыкулы, звязаныя з "экстрэмісцкай" дзейнасцю (удзел у "экстрэмісцкім фармаванні", данаты, перадача звестак “экстрэмісцкім фармаванням” (арт. 361-1, 361-2, 361-4 КК)). Гэта могуць быць і іншыя артыкулы, якія былі выкарыстаны ў мэтах палітычнага пераследу чалавека".

"Мы настойваем на рэабілітацыі і пашыраем магчымасці для іх атрымаць падтрымку з боку грамадскасці"

Павел Сапелка адзначае, што гэтым і наступнымі заявамі праваабаронцы падкрэсліваюць, што ніхто з ахвяр палітычна матываванага крымінальнага пераследу не павінен застацца забытым.

"У таго, што людзі не былі прызнаныя палітвязнямі ў той час, калі яны былі пазбаўленыя волі, можа быць мноства прычын, у аснове якіх адчайныя намаганні ўладаў у спробах захаваць у таямніцы маштаб і характар палітычна матываваных рэпрэсій. Ганебныя людзі, якія захапілі ўладу ў Беларусі, зрабілі многае для таго, каб беларусы застылі ў страху за сваю свабоду, недатыкальнасць, жыццё і здароўе, аднак, разумеючы злачынны характар крымінальнага пераследу за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных і міжнародна прызнаных правоў, улады ў цэлым і кожны канкрэтны злачынец у мундзіры або ў мантыі ў прыватнасці хаваюць праўду пра рэпрэсіі, прымушаюць забыць яе і падмяніць у свядомасці штучнай рэальнасцю ад прапагандысцкіх рэсурсаў.

Канстатацыяй факту таго, што людзі падвергліся крымінальнаму пераследу і былі пазбаўленыя волі па палітычных матывах, мы аднаўляем справядлівасць у падыходах да розных жыццёвых сітуацый людзей, якія мірна абаранялі і рэалізоўвалі свае правы. Мы настойваем на праве гэтых грамадзян на рэабілітацыю, а акрамя таго, пашыраем магчымасці для іх атрымаць падтрымку з боку грамадскасці і інстытутаў грамадзянскай супольнасці і абарону дэмакратычных урадаў, нагадваем уласнай дзяржаве аб яе абавязацельствах у галіне правоў чалавека, фіксуем факты і ацэнкі на будучыню. Гэтыя ацэнкі заснаваныя на нашых каштоўнасцях і ідэалах, якія застаюцца непарушнымі і непахіснымі".

Праваабаронцы заклікаюць бяспечнымі шляхамі паведамляць усё, што вядома пра ўсе віды рэпрэсій у Беларусі, прапануюць усе свае магчымасці для падтрымкі пацярпелых ад катаванняў, іншых забароненых відаў абыходжання, пераследу і пазбаўлення волі па палітычных матывах.

Што трэба для таго, каб чалавека ўнеслі ў спіс былых палітвязняў?

Для таго, каб інфармацыя пра чалавека трапіла ў спіс былых палітвязняў, то яму самому ці яго блізкім трэба звярнуцца ў "Вясну" (@ViasnaSOS@Viasnainfo) і распавесці пра сваю справу. Наста Васільчук падрабязней растлумачыла працэдура ўнясення чалавека ў спіс былых палітвязняў:

"Трэба даслаць хоць нейкія дакументы, якія датычацца справы чалавека і ў якіх будзе зафіксавана, што ў пэўны перыяд дадзены чалавек знаходзіўся ў месцы несвабоды. Напрыклад, калі чалавек да суда ўтрымліваўся ў СІЗА, то гэта будзе пазначана ў тэксце прысуда. Бо калі ў праваабаронцаў да моманту звароту не было зусім ніякіх звестак пра чалавека, то ў сваім рашэнні далучыць яго ці яе да спісу былых палітвязняў мы мусім абапірацца не толькі на словы чалавека, але і на дакументы. Потым, пасля звароту, праваабаронцы разглядаюць справу чалавека і прымаюць рашэнне аб наданні статуса "былога палітвязня". Пасля гэтага прымаецца адпаведная заява і профіль былога зняволенага з’явіцца на сайце "Вясны" ў раздзеле былых палітвязняў".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

Хакатон па адвакацыі праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі
12 May 2024, 2:21 PM
Хакатон па адвакацыі праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі
29-31 траўня Правабарончы цэнтр Вясна і Беларускі нацыянальны моладзевы савет "РАДА" ў межах Кампаніі праваабронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, разам з Генеральным дырэктаратам па правах чалавека і вяршынстве права Рады Еўропы запрашаюць прыняць удзел у хакатоне ў Вільнюсе, дзе мы зможам распрацаваць ідэі дзеянняў па скасаванні смяротнага пакарання ў Беларусі.
VACANCY AT THE BELARUSIAN HRH: EXECUTIVE DIRECTOR
06 May 2024, 11:45 AM
VACANCY AT THE BELARUSIAN HRH: EXECUTIVE DIRECTOR
BHRH Executive Director is responsible for the planning, development, overall coordination/implementation, and supervision of strategic areas of the BHRH activities; for fundraising, liaising with donors and partners; for overseeing staff and ensuring smooth operations of the organization.
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси за март 2024 года
30 April 2024, 8:14 AM
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси за март 2024 года
Ситуация в отношении свободы ассоциаций и положения беларусских НКО в Беларуси остается по-прежнему плохой.
Информационный бюллетень LawtrendMonitor №3, 2024 год
30 April 2024, 8:02 AM
Информационный бюллетень LawtrendMonitor №3, 2024 год
В этом выпуске LawtrendMonitor представлены обзоры ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества за 2023 год и за март 2024 года.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці