Прэмія праваабарончай супольнасці Беларусі-2025: рэпартаж БАЖ

10 December 2025, 9:00 PM
Прэмія праваабарончай супольнасці Беларусі-2025: рэпартаж БАЖ

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

 Традыцыйна 10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека ў Вільні прайшла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год.

Ларыса Шчыракова, Алена Якжык і Кацярына Абромчык — лаўрэаты намінацыі «Журналіст года-2025». Фота: БАЖ

Намінацыя «Праваабаронца года-2025»

У першыню за гісторыю Прэміі пераможцам ў намінацыі «Праваабаронца года-2025» сталі тры чалавекі: Павел Левінаў, Таццяна Нядбай і Алена Маслюкова.

На намінацыю «Праваабаронца года» вылучаецца асоба, чые дзеянні за мінулы і папярэднія гады найбольш яскрава, выразна, эфектыўна спрыялі прасоўванню і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Павел Левінаў — праваабаронца, прасоўвае правы чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Аўтар 161 індывідуальнага паведамлення ў Камітэт ААН па правах чалавека, актыўна супрацоўнічае з КПЧ і спецдакладчыкамі.

Пачаў дзейнасць у БХК у 2000 годзе. У кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» прасоўваў на ўсіх узроўнях стандарты права на жыццё.

Пасля ператрусаў 16 лютага 2021 года быў вымушаны пакінуць Беларусь, але працягнуў актыўную абарону правоў чалавека і ў выгнанні.

Таццяна Нядбай — літаратарка, праваабаронца, менеджэрка культурных праектаў.

Як старшыня Беларускага ПЭНа наладзіла сістэмную праваабарончую дзейнасць, прадуктам якой стаў першы маштабны маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў.

Адстойвае думку, што культура павінная быць у фокусе ўвагі для пабудовы дэмакратычнай незалежнай Беларусі.

Таццяна Нядбай, Алена Маслюкова і Павел Левінаў —пераможцы ў намінацыі «Праваабаронца года-2025». Фота: БАЖ

Алена Маслюкова — праваабаронца і экалагічная актывістка; узначальвала Светлагорскую філію «Вясны».

Яна была адной з лідарак барацьбы жыхароў Светлагорска супраць завода бялёнай цэлюлозы, фіксуючы парушэнні экалагічных правоў і абараняючы права людзей на чыстае паветра і мірныя сходы.

Пасля вымушанага выезду з Беларусі ў 2021 годзе працягвае праваабарончую дзейнасць у выгнанні. У кастрычніку 2024 года Алену Маслюкову завочна асудзілі ў Беларусі да трох гадоў калоніі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за яе публічную і праваабарончую актыўнасць.

Намінацыя «Журналіст года-2025»

Лепшай у намінацыі «Журналіст года-2025» названая Кацярына Абромчык.

Кацярына Абромчык— пераможца ў намінацыі «Журналіст года-2025». Скрыншот відэатрансляцыі цырымоніі ўзнагароджвання

На намінацыю «Журналіст года» вылучаецца журналіст/ка альбо блогер/ка, які/якая цягам мінулага года найбольш актыўна і яскрава асвятляў/ла пытанні правоў чалавека ў Беларусі, альбо чые публікацыі, ТВ- ці радыёпраграмы мелі найвялікшы грамадскі рэзананс альбо ўплыў на вырашэнне праблем у галіне правоў чалавека і фундаметальных свабод у краіне.

Кацярына з 2019 года з’яўляецца журналісткай і праваабаронцай ПЦ «Вясна». У 2019–2020 годах спадарыня Кацярына была слухачкай курсаў БАЖ па журналістыцы.

Яна асвятляе такія тэмы, як рэпрэсіі ў Беларусі, правы чалавека, гісторыі палітвязняў, уразлівыя групы, міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека. Таксама стварае праваабарончую праграму «Вясна» на Беларускім радыё «Рацыя» і праваабарончы падкаст «Вясна прыйдзе».

У 2021 годзе праз пераслед калегаў вымушана была пакінуць Беларусь, каб працягваць сваю дзейнасць на карысць правоў чалавека.

Намінацыя «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2025»

У намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2025» перамагла кампанія «У турмы не жаночы твар».

Намінацыя «Праваабарончая кампанія (ініцыятыва) года» была створаная менавіта дзеля таго, каб надаць асаблівую ўвагу новым ініцыятывам, актуальным кампаніям, якія ўзнікаюць у праваабарончым полі. Ідэя гэтай намінацыі палягае ў тым, каб вітаць і падтрымаць невялікія ініцыятывы і кампаніі, якія, як правіла, не могуць канкураваць за ўвагу з вялікімі інстытуцыяналізаванымі арганізацыямі, якія існуюць ужо даўно, маюць сталае фінансаванне і інш.

У межах кампаніі «У турмы не жаночы твар» правабааронцы і лекары пабрабязна прааналізавалі ўмовы ўтрымання жанчын у зняволенні.

Яны правялі сацыялагічнае даследаванне, як зняволенне адбілася на далейшым жыцці былых асуджаных.

Правабааронцы і лекары распрацавалі рэкамендацыі для дзяржавы, што варта змяніць. Свае распрацоўкі яны падрабязна выклалі прэсе і экспертнай супольнасці, а таксама выдалі зборнік матэрыялаў па тэме.

Намінацыя «Праваабарончая салідарнасць»

Лаўрэаткай у намінацыі «Праваабарончая салідарнасць» стала Вольга Брыцікава.

На намінацыю «Праваабарончая салідарнасць» вылучаецца асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску сёлета і/ці ў папярэднія гады за сваю дзейнасць па прасоўванні і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Вольга Брыцікава актыўна абараняла правы рабочых у Наваполацку, кіравала незалежным прафсаюзам «Нафтана», дзе працавала 16 гадоў.

У жніўні 2020 года работнікі «Нафтана» выйшлі на мітынг, высунулі палітычныя патрабаванні — іх публічна агучыла Вольга.

У траўні 2022 адсядзела запар 75 дзён за антываенныя выказваньні, агулам у той год адсядзела 105 дзён. У 2023 годзе была затрыманая і асуджаная на 3 гады калоніі, потым ёй дадалі яшчэ 3 гады.

Share

See more news

Праваабаронцы «Вясны» сталі лаўрэатамі Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год
06 January 2026, 10:52 AM
Праваабаронцы «Вясны» сталі лаўрэатамі Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год
Па традыцыі, у Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня, у Вільні былі названыя пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год. Сярод іх — двое праваабаронцаў "Вясны": журналістка Кацярына Абромчык і светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова.
Названыя лаўрэаты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год
10 December 2025, 5:00 PM
Названыя лаўрэаты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год
Па традыцыі, у Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня, у Вільні былі названыя пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год.
Доўгі спіс Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці – 2025
24 November 2025, 3:59 PM
Доўгі спіс Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці – 2025
Аргкамітэт Прэміі беларускай праваабарончай супольнасці-2025 апублікаваў лонг-ліст намінантаў Прэміі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці