Названыя лаўрэаты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год

10 December 2025, 5:00 PM
Названыя лаўрэаты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год

Па традыцыі, у Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня, у Вільні былі названыя пераможцы Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2025 год. Прэмія, заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым альянсам”, пяты раз уручаецца не ў Беларусі.

Прэмія ў 2025 годзе ўручалася па чатырох намінацыях: “Праваабаронца года”, “Журналіст года”, “Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года” і “Праваабарончая салідарнасць года”. 

У намінацыі “Праваабронца года-2025” у кароткі спіс увайшлі:

Павел Левінаў – праваабаронца, пачаў дзейнасць у БХК у 2000 г., прасоўвае правы чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Аўтар 161 індывідуальнага паведамлення ў Камітэт ААН па правах чалавека, актыўна супрацоўнічае з КПЧ і спецдакладчыкамі. У кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» прасоўваў на ўсіх узроўнях стандарты права на жыццё. Актыўна ўдзельнічаў як назіральнік у выбарчых кампаніях усіх узроўняў. За праваабарончую дзейнасць шмат разоў цярпеў адміністратыўны і крымінальны пераслед. Пасля ператрусаў 16 лютага 2021 года быў вымушаны пакінуць Беларусь, але працягнуў актыўную абарону правоў чалавека і ў выгнанні.

Алена Маслюкова - праваабаронца і экалагічная актывістка; узначальвала Светлагорскую філію «Вясны», была адной з лідарак барацьбы жыхароў Светлагорска супраць завода бялёнай цэлюлозы, неаднаразова падвяргалася ператрусам, допытам і адміністрацыйным штрафам. Удзельнічала ў кампаніях «Вясны» супраць смяротнага пакарання і за свабодныя выбары, была абраная ў кіруючы склад Асамблеі НДА, а пасля вымушанага выезду з Беларусі ў 2021 годзе працягвае праваабарончую дзейнасць у выгнанні; у кастрычніку 2024 года Алену Маслюкову завочна асудзілі ў Беларусі да трох гадоў калоніі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за яе публічную і праваабарончую актыўнасць.

Таццяна Нядбайлітаратарка, праваабаронца, менеджэрка культурных праектаў. Як старшыня Беларускага ПЭНа наладзіла сістэмную праваабарончую дзейнасць, прадуктам якой стаў першы маштабны маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры і культурных правоў. Сітуацыя ў сферы культуры і з культурнымі правамі сістэмна фіксуецца, аналізуецца, матэрыялы па выніках маніторынга становяцца істотнай часткай інфармацыі пра рэпрэсіі ў Беларусі. Адстойвае думку, што культура павінная быць у фокусе ўвагі для пабудовы дэмакратычнай незалежнай Беларусі. Захавала функцыянаванне Беларускага ПЭНа ў выгнанні. Заснавала выдавецтва “Полацкія лабірынты”, адным з фокусаў якога ёсць правы чалавека: выдадзеныя кнігі “Алесь” (пра) Алеся Бяляцкага, “Зэкамерон. Вершы. Гутаркі” Максіма Знака. Аўтарка кнігі вершаў “Там, за сцяной”, у якой таксама падымаюцца пытанні рэпрэсій у сферы культуры і палітзняволеных дзеячаў культуры.

Упершыню за ўсю гісторыю Прэміі галасы падзяліліся пароўну паміж трыма намінантамі, і ляўрэатамі сталі Павел Левінаў, Алена Маслюкова, Тацяна Нядбай.

У намінацыі «Журналіст(ка) года-2025» былі вылучаныя:

Кацярына Абромчыкз 2019 года з’яўляецца журналісткай і праваабаронцай ПЦ “Вясна”. Яна асвятляе такія тэмы, як рэпрэсіі ў Беларусі, правы чалавека, гісторыі палітвязняў, уразлівыя групы, міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека. Стварае Праваабарончую праграму “Вясна” на Беларускім радыё Рацыя і праваабарончы падкаст “Вясна прыйдзе”. У 2021 годзе праз пераслед калегаў вымушана была пакінуць Беларусь, каб працягваць сваю дзейнасць на карысць правоў чалавека.

Ларыса Шчыракова – журналістка, краязнаўца і культурная актывістка з Гомеля, шмат гадоў як фрылансерка супрацоўнічала з незалежнымі медыямі і праваабарончым сайтам «Гомельская Вясна», асвятляючы парушэнні правоў чалавека і тэмы гістарычнай памяці, у тым ліку праз матэрыялы для тэлеканала «Белсат» і ўласны праект «Забітыя і забытыя» пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. За сваю прафесійную і грамадзянскую пазіцыю яна неаднаразова падвяргалася затрыманням і штрафам, у снежні 2022 года была арыштаваная, а 31 жніўня 2023-га асуджаная на тры з паловай гады калоніі па палітычна матываваных абвінавачваннях у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і «дыскрэдытацыі Беларусі», прызнаная палітзняволенай, у 2025-м гвалтоўна вызваленая з калоніі і прымусова вывезеная ў Літву (Вільню), дзе ўжо на волі працягвае адстойваць свае правы і сведчыць пра дзяржаўныя рэпрэсіі супраць журналістаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Алена Якжыкзначную частку сваёй прафесійнай дзейнасці ў газеце "Салідарнасць" Алена Якжык прысвяціла асвятленню правабарончай тэматыкі і прыцягненню грамадскай увагі да значнасці абароны правоў прадстаўнікоў уразлівых групаў у Беларусі, а таксама пашырэнню ідэяў талерантнасці ды інклюзіі ў рэдакцыі свайго выдання. Гэта – шматгадовая адданая журналісцкая і рэдакцыйная праца на карысць правоў чалавека. У "Салідарнасці" за мінулы год было шмат тэкстаў пра палітзняволенных, шмат інтэрв'ю з вызваленнымі палітзняволеннымі, што прыцягвае ўвагу да праблемы..

Лаўрэаткай Прэміі ў намінацыі "Журналіст года-2025" стала Кацярына Абромчык.

У намінацыі “Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2025” былі намінаваныя:

Кампанія "У турмы не жаночае аблічча" - У межах кампаніі правабааронцы і лекары пабрабязна прааналізавалі ўмовы ўтрымання жанчын у зняволенні, правялі дэталёвыя інтэрв'ю з былымі асуджанымі, сацыялагічнае даследаванне, як зняволенне адбілася на іх далейшым жыцці, распрацавалі рэкамендацыі для дзяржавы, што варта змяніць, падрабязна выклалі свае распрацоўкі прэсе і экспертнай супольнасці, выдалі зборнік матэрыялаў па тэме;

Маніторынг выканання права на прытулак беларусаў у Грузіі - У межах гэтай ініцыятывы праваабаронцы сістэматычна збіраюць і аналізуюць факты, статыстыку і тэндэнцыі, звязаныя з выкананнем і парушэннямі права беларусаў, якія шукаюць прытулак у Грузіі, і вядуць інфармацыйны рэсурс — тэлеграм-канал «Права на прытулак». Юрысты рэгулярна сустракаюцца з беларусамі ў Батумі і Тбілісі, аказваюць прававыя кансультацыі тым, хто шукае прытулак або плануе эвакуацыю з краіны, суправаджаюць справы ў судах і адміністратыўных органах, дапамагаюць звяртацца ў міжнародныя дагаворныя органы, арганізуюць пікеты і іншыя акцыі супраць парушэнняў правоў беларусаў у сферы права на прытулак.

Ініцыятыва "Нас вырашылі зусім звесці са свету" - Праваабаронцы сабралі і сістэматычна прааналізавалі сведчанні жанчын, пазбаўленых свабоды па палітычных матывах, і падрыхтавалі агляд пра гендарную дыскрымінацыю, катаванні і іншыя парушэнні правоў жанчын у месцах несвабоды Беларусі. Вынікам стала спецыяльная публікацыя, якая спалучае юрыдычны аналіз і асабістыя гісторыі пацярпелых, візуальныя дакументальныя матэрыялы і рэкамендацыі, накіраваныя на прызнанне гендарнага вымярэння рэпрэсій і абарону правоў жанчын-зняволеных. Ініцыятыва адкрывае праўду пра тое, што адбываецца за сценамі беларускіх турмаў, і патрабуе справядлівасці для ўсіх, хто пацярпеў ад сістэмнага гвалту.

Перамогу ў намінацыі "Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года-2025" атрымала кампанія ”У турмы не жаночае аблічча".

У намінацыі “Праваабарончая салідарнасць года-2025” былі намінаваныя:

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч - Алесь Бяляцкі, заснавальнік і старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», яго намеснік Валянцін Стэфановіч, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), і юрыст «Вясны» Уладзімір Лабковіч — знакавыя асобы беларускай праваабарончай супольнасці, якія на працягу многіх гадоў дакументавалі парушэнні правоў чалавека, дапамагалі пацярпелым ад рэпрэсій і абаранялі права грамадзян на мірныя пратэсты і свабоду аб’яднанняў. За гэтую дзейнасць яны сталі мішэнню ўладаў: 14 ліпеня 2021 года ўсе трое былі затрыманыя, а 3 сакавіка 2023 года ў так званай «справе Вясны» асуджаныя на 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна па палітычна матываваных абвінавачаннях у «кантрабандзе» і «фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», пры гэтым застаюцца міжнародна прызнанымі сімваламі беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку дзякуючы наданню Алесю Бяляцкаму Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.

Вольга Брыцікава – актыўна абараняла правы рабочых у Наваполацку, кіравала незалежным прафсаюзам “Нафтана”, дзе працавала 16 гадоў. У жніўні 2020 года работнікі “Нафтана” выйшлі на мітынг, высунулі палітычныя патрабаванні – іх публічна агучыла Вольга. У траўні 2022 адсядзела запар 75 дзён за антываенныя выказваньні, агулам у той год адсядзела 105 дзён. У 2023 годзе была затрыманая і асуджаная на 3 гады калоніі, потым ёй дадалі яшчэ 3 гады.;

Анджэй Пачобут - Беларуска-польскі журналіст, карэспандэнт «Gazeta Wyborcza» і адзін з лідараў не прызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі, які шмат гадоў абараняў правы польскай меншасці, захаванне польскай мовы і гістарычнай памяці, а таксама паслядоўна пісаў пра парушэнні правоў чалавека ў краіне. За сваю прафесійную і грамадскую дзейнасць ён неаднаразова пераследаваўся, а 25 сакавіка 2021 года быў затрыманы па так званай «польскай справе» і 8 лютага 2023 года асуджаны да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле палітычна матываваных артыкулаў аб «распальванні варожасці» і «закліках да санкцый», застаючыся ў зняволенні сімвалам салідарнасці і стойкасці, што пацвярджаецца, у тым ліку, наданнем яму прэміі Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава і званнем ганаровага грамадзяніна Варшавы.

У намінацыі "Праваабарончая салідарнасць-2025" супольнасць адзначыла Вольгу Брыцікаву.

Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе. Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко. За гады з моманту заснавання прэмія пашырылася і сёння ёсць прэміяй, якой беларуская праваабарончая супольнасць штогод адзначае праваабаронцу года, журналіста года, адваката года (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 г. – праваабарончую кампанію ці ініцыятыву года - за ўнёсак у абарону і прасоўванне правоў чалавека. 

Падрабязней пра Прэмію.

Share

See more news

Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в октябре 2025 года
04 November 2025, 1:50 PM
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в октябре 2025 года
Несмотря на непрекращающиеся попытки беларусских властей ограничить доступ к информации, можно с уверенностью констатировать, что репрессии в стране не прекращаются.
Гайд БАЖ для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў
03 November 2025, 12:48 PM
Гайд БАЖ для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў
Эксперты на запыт Беларускай асацыяцыі журналістаў распрацавалі кароткі спіс рэкамендацый для незалежных медыя.
Сумесная заява з нагоды Міжнароднага дня палітычных зняволеных
29 October 2025, 9:00 PM
Сумесная заява з нагоды Міжнароднага дня палітычных зняволеных
Праваабарончыя арганізацыі з усяго свету 30 кастрычніка прынялі сумесную заяву з нагоды Міжнароднага дня палітычных зняволеных.
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в сентябре 2025 года
13 October 2025, 12:40 PM
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси в сентябре 2025 года
Казавшаяся приостановленной практика принудительной ликвидации некоммерческих организаций вновь получила свое развитие.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці