«Націснуць на чалавека там можна рознымі спосабамі», — былы вязень «Амерыканкі»

08 November 2023, 10:09 AM
«Націснуць на чалавека там можна рознымі спосабамі», — былы вязень «Амерыканкі»

Праз следчы ізалятар КДБ — вядомы як "Амерыканка"  з 2020 года прайшлі дзясяткі зняволеных па гучных палітычных справах. Там утрымліваліся фігуранты і фігуранткі такіх гучных справаў як "справы Белгазпрамбанку", "справы падпала лецішча Гайдукевіча", "справы Рабочага Руху", "справы змоўшчыкаў", справаў за "зраду дзяржаве" і іншыя. Цяпер там утрымліваюцца фігуранты "справы за дыверсію ў Мачулішчах". Былы палітвязень распавёў сайту "Вясны" пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ 2021 года.

СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільмаСІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

"Заўсёды былі перапоўненыя камеры"

Паводле былога палітвязня ў СІЗА КДБ агулам 18 камер, у якіх утрымліваюцца вязні.

"Звычайна туда садзяць людзей, якія праходзяць па гучных палітычных справах, топ-мэнэджэраў, чыноўнікаў. З размоваў са сваім следчым я зразумеў, што яны [супрацоўнікі КДБ] сябе лічаць самымі прасунутымі ва ўмовах утрымання ў параўнанні з іншымі СІЗА. Гэта абумоўлена ў тым ліку багатым тэхнічным абсталяваннем. Наогул КДБ лічыцца "элітай" — пад іх ведамствам знаходзяцца самыя складаныя справы, і яны таксама прасунутыя ў следчых дзеяннях".

Былы палітвязень узгадвае, што яму было не страшна патрапіць у СІЗА КДБ, а хутчэй цікава. Ён гэта звязвае з тым, што яго затрыманне праходзіла спакойна:

"Дзверы ніхто не ламаў, проста пазванілі ў дзверы — мы адчынілі. Я не адчуваў ніякіх пагрозаў. Таму мне гэта ўсё было больш цікава — я ўспрымаў гэта як новы вопыт. Мяне раней неаднаразова затрымлівалі і я пабываў у розных ізалятарах. Таму цікава было паглядзець месца знутры, дзе шмат хто ўжо пабываў да мяне".

За час знаходжання ў СІЗА КДБ былы палітвязень змяніў некалькі камер.

"У першай камеры было тры месцы, але там я быў чацвёртым. У СІЗА КДБ часта навічкі павінны былі класціся на падлогу з лежаком — збітым драўляным паддонам — пакуль не вызваліцца месца. Гэта быў ужо нібыта рытуал. У СІЗА КДБ заўсёды былі перапоўненыя камеры. Былі і пяць чалавек у трохмясцовай камеры".

"Калі да нашага шпацыру пачнецца дождж, то нас усё роўна пагоняць туды"

СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільмаСІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

Былы палітвязень кажа, што ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ сапраўды нашмат лепш, чым, напрыклад, у СІЗА-1.

"Ежа там сапраўды добрая. Гэта савецкая звычка засталася — ежа па ГОСТу. Без перадач там можна выжыць, хоць усё і прыядаецца. Пры гэтым там недахоп малочкі, свежых садавіны і гародніны, таму вельмі патрэбная вітамінная перадача. Але з рыбай праблемаў там няма! Штовечар нам давалі рыбу — салёную сялёдку з варанымі буракамі ці бульбай.

Але ў адрозненні ад "Валадаркі" ў СІЗА КДБ можна перадаваць прыгатаваную ежу, а таксама ваду. Вялікім попытам і папулярнасцю карысталіся тварожныя сырнікі, бо вельмі не хапала кальцыю. Сваякам я пісаў, каб перадавалі якія-небудзь дранічкі, а яны рабілі мне гэткія дранічкі з мясам — калдуны. Праблем з ежай у мяне там не было".

Пры закрытай фортцы ў камеры на сценцы збіраўся кандэнсат, які правакаваў на з'яўленне цвілі і грыбка, узадвае былы палітвязень. Пры адкрытай фортцы ў камеры было халодна да таго, што зімой трэба было апранаць вопратку. 

СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільмаСІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

"Гэта адбывалася ў халодную пару года. Заўсёды была дылема: або моцна мерзнуць з адкрытай форткай, або зачыніць фортку і зарабляць сабе туберкулёз. Батарэі пры гэтым не выратоўвалі. У цёплую пару году там невыносна горача і душна. Нават у +25 у камеры была душна. Я ўжо не кажу пра тэмпературу ў +30. Нават доўгачаканая ноч не прыносіла прахалоды, бо вокны знаходзіліся высока над зямлёю, а тоўстыя сцены доўга астывалі. Мая пасцельная бялізна ў такія дні заўсёды была мокрай ад поту.

У маёй першай камеры стаяў унітаз — гэта была раскоша. У двух наступных яго не было. Наогул толькі ў 1/3 камер ёсць унітазы, у астатніх — вёдры. Гэта робяць для таго, каб у вязняў з розных камер не было сувязяў паміж сабой. Вядро, якое стаіць замест унітаза, выносіцца два разы на дзень".

Агулам шэсць дворыкаў для шпацыру. Зняволеных СІЗА КДБ выводзяць на шпацыр у тры змены. Шпацыры у першую і другую цягнуцца паўтары гадзіны, а ў трэцюю — каля гадзіны. На раннішнім абыходзе супрацоўнік запытвае просьбы і пытанні ў вязняў.

"Раніцай запытваюць, ці пойдзем мы на шпацыр. Потым адмовіцца было ўжо немагчыма, калі ўжо з раніцы заявілі, што камера пойдзе на шпацыр. Таму дождж для нас быў праблемай. Калі да нашага шпацыру пачнецца дождж, то нас усё роўна пагоняць туды, бо раніцай мы ж прасілі. У дворыку для шпацыру ёсць навесік, але пад яго ўсё роўна ўсе не змяшчаюцца. Разы два я там вымакаў цалкам. А ў камеры ж нельга сушыць рэчы..."

"Перад тым, як супрацоўнікі КДБ затрымаюць чалавека, яны вельмі доўгі час збіраюць пра яго інфармацыю" 

СІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільмаСІЗА КДБ. Скрыншот з прапагандысцкага фільма

Былы палітвязень адзначае, што ціск падчас зняволення ў СІЗА КДБ прысутнічае ўвесь час. 

"Націснуць на чалавека там можна рознымі спосабамі. Гэта выяўляецца ў дробязях: апошнімі выводзіць на шпацыр ці ў лазню, не выдаваць бялізну, змяшчаць у камеру з дрэннымі ўмовамі без унітазу і з цвіллю, даць дрэнную характарыстыку для суда, выводзіць з камеры і не даваць спаць, выводзіць на ноч у прыбіральню ў калідоры. Таксама спосабы ціску шукаюць супрацоўнікі КДБ, напрыклад, выклікаюць на допыты сваякоў і блізкіх людзей, трымаючы ў СІЗА трое сутак і паведамляючы пра гэта вязню ці "выпадкова" перасякаючы іх у калідорах КДБ. Са мной таксама такое было. І гэта самае балючае.

Перад тым, як супрацоўнікі КДБ затрымаюць чалавека, яны вельмі доўгі час збіраюць пра яго інфармацыю: капаюцца ў яго жыцці, ведаюць усе важныя даты для чалавека, вывучаюць, хто з кім у якіх стасунках. Звычайна шантажуюць тым, што пасадзяць родных ці людзей, якіх ты лічыш блізкімі. Напярэдадні затрымання я вельмі моцна пасварыўся са сваёй сяброўкай — ніколі такога не было. Я збіраўся ісці да яе мірыцца, але мяне затрымалі. Праз некалькі дзён у яе, а таксама маіх бацькоў былі Дні народзінаў. Кдбшнікі ведаюць усе гэтыя даты або калі ты мусіш ляцець у вандроўку — у гэтым выпадку могуць затрымаць за дзень ці калі ты набыў квіткі ўжо. Шмат людзей распавядалі там, што іх затрымлівалі напярэдадні важных мерапрыемстваў, напрыклад, перад гадавінаў вяселля, адпачынка з сям'ёй ці ў Дзень народзінаў чалавека.

Гэта ўсё робіцца, каб было маральней цяжэй. Людзі перажываюць у такіх выпадках, могуць пачаць прасіць у іх штосьці, а кдбшнікі гэтым маніпулююць. Таксама яны могуць доўга "марозіць" лісты напачатку. Гэта жахліва, калі ты не ведаеш, што адбываецца на волі з тваімі блізкімі. Вельмі важна, наколькі хутка прыйдзе першы ліст. Бывала, што людзі месяцамі не ведалі, што адбывалася".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 September 2024, 2:08 PM
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці