Парушана права на жыццё. КПЧ ААН адказаў уладам Беларусі па пакараных у 2018 годзе Беражным і Гершанковым

17 April 2024, 6:57 PM
Парушана права на жыццё. КПЧ ААН адказаў уладам Беларусі па пакараных у 2018 годзе Беражным і Гершанковым

На фота: Справа Беражнога і Гершанкова ў Вярхоўным судзе 20 снежня 2017 года. Фота: ПЦ "Вясна"

Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў рашэнне па індывідуальным звароце ад імя Сямёна Беражнога ды Ігара Гершанкова, асуджаных да смяротнага пакарання і пакараных уладамі Беларусі ў 2018 годзе, піша кампанія "Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня".

Сярод парушэнняў Камітэт угледзеў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, адзначыў, што ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця, і запатрабаваў ад уладаў Беларусі выплаціць маці пакараных адпаведную кампенсацыю.

Перадгісторыя

21 ліпеня 2017 года Сямён Беражны ды Ігар Гершанкоў былі асуджаныя да смяротнага пакарання Магілёўскім абласным судом пасля таго, як былі прызнаныя вінаватымі па некалькіх пунктах абвінавачвання ў забойстве, замаху на забойства, рабаванні і махлярстве, учыненым арганізаванай групай. Беражной і Гершанкоў падалі апеляцыі ў Вярхоўны суд, а таксама хадайніцтвы аб правядзенні нагляднай праверкі ў Генеральную пракуратуру і хадайніцтва аб правядзенні нагляднай праверкі ў Вярхоўны суд, але ўсё гэта было адхілена. Іх прашэнні аб прэзідэнцкім памілаванні таксама былі адхіленыя.

Камітэт па правах чалавека ААН прыняў тэрміновыя часовыя меры: 29 чэрвеня і 13 ліпеня 2018 года Камітэт прасіў улады Беларусі не прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды Беражному і Гершанкову да таго, як Камітэт не разгледзіць індывідуальны зварот ад іх імя. Аднак 29 лістапада 2018 года Камітэту паведамілі, што Беражны і Гершанкоў былі пакараныя. У гэтым Камітэт угледзеў адсутнасць супрацоўніцтва з боку ўладаў Беларусі.

"Камітэт адзначае, што бясспрэчна тое, што пакаранне адбылося пры поўным ігнараванні просьбы аб прыняцці часовых мер абароны, адрасаванай дзяржаве-ўдзельніцы [уладам Беларусі — заўв.], — гаворыцца ў адказе КПЧ ААН. — Дзяржава-удзельніца здзейсніла сур'ёзнае парушэнне сваіх абавязацельстваў паводле Факультатыўнага пратакола, пакараўшы смерцю меркаваных ахвяр да таго, як камітэт завяршыў разгляд паведамленняў... [ таму ўлады Беларусі] не выканалі свае абавязальніцтвы паводле артыкула 1 Факультатыўнага пратаколу".

Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця

Аўтарамі звароту ў Камітэт ад імя Гершанкова і Беражнога выступілі іх маці, прадстаўленыя каардынатарам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэем Палудам. У сваёй скарзе яны паказвалі, што Гершанкоў і Беражны былі асуджаныя да смяротнага пакарання ў выніку несправядлівага судовага разбору.

На думку ж уладаў Беларусі, пакаранне было заснаванае на прынцыпе "індывідуалізацыі пакарання, пры наяўнасці абставінаў, якія абцяжарваюць адказнасць і адсутнасць абставінаў, што змякчаюць адказнасць". І што дзяржавай "было цалкам гарантаванае права на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом".

Камітэт жа тут вырашыў, што хоць Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах дапускае вынясенне смяротнага прысуду "за найбольш цяжкія злачынствы", аднак парушэнне гарантый справядлівага судовага разбору, прадугледжаных у артыкуле 14 Пакта, у разглядах, якія прыводзяць да вынясення смяротнага прысуду, робіць прысуд адвольным па сваім характары і парушае артыкул 6 Пакта: "Права на жыццё ёсць неад'емнае права кожнага чалавека. Гэтае права ахоўваецца законам. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцця".

Семен Бережной. Фото: tut.byСямён Беражны. Фота: tut.by

У чым жа несправядлівасць?

З парушаных артыкулаў Пакта, пералічаных заяўнікамі і прынятых Камітэтам прымальнымі, фігуравалі, акрамя 6-га, наступныя.

  • 9 (3) кожная арыштаваная або затрыманая па крымінальным абвінавачванні асоба ў тэрміновым парадку дастаўляецца да суддзі або да іншай службовай асобы, якой належыць па законе права ажыццяўляць судовую ўладу, і мае права на судовае разбіральніцтва на працягу разумнага тэрміну або на вызваленне.

Заяўнікі звароту паказвалі, што Беражны і Гершанкоў былі арыштаваныя 26 сакавіка 2015 года, у той час як ордэр на іх змяшчэнне пад варту быў выдадзены намеснікам пракурора Магілёўскай вобласці толькі 3 красавіка 2015 года. Нарэшце, Беражны і Гершанкоў упершыню паўсталі перад суддзём 9 лістапада 2016 года, гэта значыць праз 580 дзён пасля арышту.

На гэта ўлады Беларусі адказалі, што "папярэдняе заключэнне аўтараў [звароту] ажыццяўлялася ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам".

Аднак жа камітэт палічыў, што, паводле заўваг агульнага парадку №35 (2014 г.), пракурор не можа разглядацца як службовая асоба, упаўнаважаная законам ажыццяўляць судовую ўладу па сэнсе артыкула 9 (3) Пакта. І што Беражны і Гершанкоў не былі аператыўна дастаўленыя да суддзі або іншай службовай асобы, упаўнаважанай па законе ажыццяўляць судовую ўладу, як таго патрабуе артыкул 9 (3). Такім чынам, як прыйшоў да высновы Камітэт, правы Беражнога і Гершанкова тут былі парушаныя.

  • 14 (2) кожны абвінавачаны ў крымінальным злачынстве мае права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць яго не будзе даказаная згодна з законам.

Як паказвалі заяўнікі ў сваім звароце да Камітэта, Беражнога і Гершанкова падчас судовага разбору па справе ў Магілёўскім абласным судзе і апеляцыйнага слухання ў Вярхоўным судзе ўтрымлівалі ў металічных клетках і кайданках. Ім таксама даводзілася насіць турэмную форму з надпісам "зняволены, асуджаны да смяротнага пакарання" на спіне. А падчас працэсу шэраг СМІ транслявалі фота- і відэаматэрыялы, атрыманыя ад следчых органаў, і называлі Беражнога і Гершанкова "вінаватымі", што прывяло да прадузятай грамадскай думкі супраць іх і да праблем з пошукам адвакатаў, гатовых узяцца за іх крымінальныя справы. Акрамя таго, старшынствуючы суддзя Магілёўскага абласнога суда дазволіў сваякам пацярпелых паводзіць сябе ў адносінах да іх вельмі агрэсіўна ў зале суда, крычаць, што яны забойцы, якія павінны быць асуджаныя да смяротнага пакарання. Акрамя таго, на разгляд апеляцыйнай скаргі ў Вярхоўны суд Беражнога і Гершанкова суправаджалі шэсць ахоўнікаў, якія прымушалі іх хадзіць у зневажальнай і вельмі нязручнай позе, прызначанай выключна для асуджаных да смяротнага пакарання, гэта значыць з апушчанай галавой да каленяў.

Улады Беларусі тут адкінулі сцвярджэнні аўтараў аб тым, што "суд першай інстанцыі знаходзіўся пад уплывам грамадскасці і СМІ і неаднаразова дапускаў дзеянні, якія паказваюць на прадузятае стаўленне да іх, што парушыла б прэзумпцыю невінаватасці".

Камітэт жа тут узяў да ведама сцвярджэнні аўтараў звароту аб тым, што ўлады Беларусі парушылі прэзумпцыю невінаватасці Беражнога і Гершанкова.

"Абвінавачаныя, як правіла, не павінны ўтрымлівацца ў клетках падчас судовых працэсаў ці іншым чынам прадстаўляцца суду такім чынам, каб паказваць на тое, што яны могуць быць небяспечнымі злачынцамі", — гаворыцца ў рашэнні Камітэта.

Выснова Камітэта

Камітэт па правах чалавека ААН вырашыў, што Беларусь павінна выплаціць аўтарам звароту адэкватную грашовую кампенсацыю за гібель іх сыноў, а таксама, калі гэта дастасавальна, пакрыццё панесеных судовых выдаткаў.

"Дзяржава-удзельніца таксама абавязана прадухіляць падобныя парушэнні ў будучыні і, з улікам сваіх абавязацельстваў па Факультатыўным пратаколе, добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам, у прыватнасці шляхам выканання яго просьбаў аб прыняцці часовых мер", — гаворыцца ў меркаванні Камітэта.

Акрамя таго, Камітэт жадае атрымаць ад Беларусі на працягу 180 дзён інфармацыю аб мерах, прынятых для ажыццяўлення меркавання камітэта. Беларусі таксама прапануецца апублікаваць яго і забяспечыць іх шырокае распаўсюджванне.

Як паводзіць сябе Беларусь?

Сваім меркаваннем падзяліўся каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда.

— Гэта не першы раз, калі ўлады Беларусі ігнаруюць тэрміновыя часовыя меры Камітэта, гэта значыць расстрэльваюць людзей да таго, як Камітэт разгледзіць індывідуальны зварот ад іх. Чаму так адбываецца?

paluda_mini.jpgАндрэй Палуда: — Сапраўды, гэта не тое, што не раз — я не ведаю ніводнага выпадку, калі ўлады Беларусі адрэагавалі на меры тэрміновага характару і нейкім чынам прыпынілі б выкананне смяротных прысудаў у Беларусі. Больш за тое, мы сутыкаліся і раней з такімі выпадкамі, калі паведамлялася, напрыклад, што на пададзены зварот у Камітэт па правах чалавека ААН улады Беларусі праз літаральна некалькі дзён абвяшчалі: "А насамрэч гэты чалавек ужо расстраляны". І ўлічваючы, што вельмі сур'ёзная заслона сакрэтнасці вакол смяротнага пакарання, праверыць, калі гэты чалавек быў расстраляны: у тую дату, якую ўлады могуць паказваць, альбо ўжо пасля таго, як было абвешчана аб тым, што быў зварот у Камітэт правоў чалавека, не выпадае. Таму, калі адказваць на пытанне, чаму так адбываецца, — гэта такая ўстойлівая, на жаль, практыка, якая была ў Беларусі ўвесь час, пакуль дзейнічае прынамсі кампанія "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". Мы не сутыкаліся з іншымі, На жаль, выпадкамі, хоць кожны раз, звяртаючыся ў Камітэт, кожны раз, калі Камітэт звяртаўся да ўладаў Беларусі з такой просьбай, былі надзеі на тое, што гэта прыпыніць дзеянні, накіраваныя на прывядзенне смяротнага прысуду да разгляду і разгляду звароту ў Камітэце ААН па правах чалавека.

— Хоць улады Беларусі ў лютым 2023 года дэнансавалі Факультатыўны пратакол да МПГПП, але на звароты, пададзеныя да дэнансацыі, усё яшчэ абавязваецца рэагаваць. Тым не менш мы бачым у гэтым рашэнні, што Камітэт звяртае ўвагу ўладаў Беларусі ў тым, што тая "не выканала свае абавязацельствы па артыкуле 1 Факультатыўнага пратаколу". Вы можаце гэта пракаментаваць?

— Калі мы гаворым пра першы артыкул, ён як раз пацвярджае, што калі дзяржава-ўдзельніца дамоўленасцяў далучаецца да Пакту, то яна павінна выконваць абавязкі, якія на яе накладаюцца. Вядома, у 2018 годзе, у той перыяд Беларусь з'яўлялася ўдзельніцай і далучалася да Пакту, і яна павінна была выконваць свае абавязальніцтвы, але яна ніколі не выконвала іх. І гэта не толькі не было ніякіх рэакцый на меры тэрміновага характару, як мы казалі вышэй. Напрыклад, улады Беларусі ніколі не паведамлялі рашэнні ў Камітэт у тым ліку па іншых справах, не толькі па праблеме смяротнага пакарання. Калі прымаюцца рашэнні, то ўлады Беларусі, напрыклад, абавязваюцца на працягу не больш за 180 дзён абвясціць аб прынятым рашэнні, гэта значыць данесці да грамадскасці беларускай, што прынята такое рашэнне, што Камітэтам прызнана парушэнне краінай-удзельніцай тых ці іншых правоў таго ці іншага грамадзяніна, які звяртаецца. Гэта таксама тычыцца пытання выплаты кампенсацый, і шэрагу іншых пытанняў, якія заўсёды прапісваюцца ў рашэннях камітэта, і якія ўладамі Беларусі заўсёды ігнараваліся.

— Не ўсе парушэнні правоў, апісаныя вамі ў індывідуальным звароце, камітэт палічыў прымальным. Напрыклад, вы паказвалі на артыкулы 7 Пакта ("Ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткім, бесчалавечным або зневажальным яго годнасці абыходжанню або пакаранню") і 14 (3) (g) ("Кожны мае права [...] не быць прымушаным да дачы паказанняў супраць самога сябе або да прызнання сябе вінаватым"). Там вы казалі пра тое, што Беражны і Гершанкоў падвяргаліся ў перыяд паміж іх арыштам і першым допытам фізічным і псіхалагічным катаванням, у выніку якіх яны далі самаабвінавачаныя паказанні. Але камітэт палічыў, што "аўтары не змаглі ў дастатковай ступені абгрунтаваць гэтыя сцвярджэнні Для мэт прымальнасці". Пракаментуйце, калі ласка.

— Так, сапраўды, на той момант, калі мы рыхтавалі гэты зварот у Камітэт правоў чалавека ААН у 2018 годзе, мы валодалі пэўнай інфармацыяй, і зыходзячы з яе, мы фармавалі сваю пазіцыю ў Камітэт. Трэба адразу сказаць, што наша пазіцыя фармавалася на інфармацыі, якую мы маглі атрымліваць толькі з такіх крыніц, якія былі больш-менш адкрытымі. Непасрэдна з судовых пасяджэнняў, на якіх заяўлялася абвінавачанымі Гершанковым і беражлівым аб тым, што яны пад прымусам давалі паказанні. Гэта рабілася на вывадзе іх зваротаў у розныя міжнародныя інстанцыі, і на нацыянальным узроўні, калі мы абскардзілі і казалі пра тое, што яны пад прымусам давалі паказанні і што потым на падставе гэтых паказанняў фармавалася абвінавачванне ў іх бок. Але, натуральна, мы павінны таксама сказаць пра тое, што ўжо на той час мы (не толькі як праваабаронцы, а ў прынцыпе грамадскасць) не мелі, а тым больш цяпер наогул, не маем доступу і магчымасцяў грамадскага кантролю за ў тым ліку грамадска-важнымі справамі, справамі, якія рэзанансныя ў грамадстве. Таму натуральна, што магчыма ў нас не хапала ўсіх інструментаў, якія можна было б выкарыстоўваць, ну і камітэт палічыў, што нашы дамаганні адносна парушэння вось гэтых артыкулаў не знайшлі свайго пацверджання менавіта на тым узроўні і ў той дастатковай ступені, каб абгрунтоўваць тое, што яны сапраўды пацверджана парушаныя.

Арыгінальная публікацыя на сайце кампаніі "Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня"

See more news

Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
16 October 2024, 12:41 PM
Новы спецыяльны дакладчык ААН аб стане правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс
11 кастрычніка ў Жэневе на пасяджэнні 57-й сесіі Рады ААН па правах чалавека на пасаду спецдакладчыка па Беларусі быў прызначаны Нільс Муйжніекс, эксперт у абароне правоў чалавека з 25-гадовым досведам.
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
28 September 2024, 9:51 AM
«Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»
Падкаст «Вясна прыйдзе» пагаварыў з Анаіс пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, як зарабляла на жыццё (бо быць Спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца).
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
24 September 2024, 3:30 PM
«Задушэнне іншадумства». Незалежныя эксперты па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі выступілі ў ААН
«Вясна» расказвае, што казалі незалежныя эксперты, дэлегацыя Беларусі, праваабаронцы, і каго ў выніку падтрымалі розныя дзяржавы.
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
19 September 2024, 4:40 PM
Пашпарты, бежанцы, прымусовае лячэнне... Як беларускія ўлады справаздачыліся ў Камітэце па правах людзей з інваліднасцю
"Вясна" паглядзела шасцігадзіннае пасяджэнне Камітэта правоў людзей з інваліднасцю і распавядае пра самыя асноўныя пытанні, якія Камітэт задаў беларускім уладам.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці