Патрабуем перагляду прысудаў і вызвалення трох палітычных зняволеных (Аляксей Коршун і іншыя)

11 August 2021, 3:57 PM
Патрабуем перагляду прысудаў і вызвалення трох палітычных зняволеных (Аляксей Коршун і іншыя)

Сумесная заява праваабарончай супольнасці Беларусі

Мінск, 11 жніўня 2021 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем павелічэнне ліку судовых рашэнняў, прынятых па палітычна матываваных крымінальных справах з парушэннем асноўных працэсуальных правоў абвінавачваных, якія пры адсутнасці незалежнага, непрадузятага, аб'ектыўнага судовага разгляду надаюць асуджэнню рысы адвольнага. Прызначаныя крымінальныя пакаранні па гэтых справах выходзяць за межы тых, што звычайна ўжываюцца пры адсутнасці палітычнага матыву, і з'яўляюцца празмерна строгімі, не адпаведнымі ступені грамадскай небяспекі зробленаму і асобе асуджаных. 

Крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт.130 КК) следствам і судом селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т.п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным. У прыватнасці:

Аляксей Коршун асуджаны па 130 КК (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці) за публікацыю каментара, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе 2 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Каментары такога кшталту, як размешчаныя абвінавачваным, не з'яўляюцца прамым заклікам да здзяйснення гвалтоўных дзеянняў, а з'яўляюцца элементам дыскусіі.

Яўген Сямёнаў быў асуджаны судом Савецкага раёна Мінска 7 ліпеня па артыкулах 369, 364, 415, ч.1 і 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса да пяці гадоў зняволення ў калоніі. Па арт. 369 і 364 — за два каментары ў тэлеграм-чаце ў адносінах да супрацоўнікаў ГУБАЗіК Івана Тарасіка і Аляксандра Алёксы, інфармацыю пра якія ён узяў у телеграм-канале BYPOL пад публікацыяй пра датычнасць іх да катаванняў Мікалая Дзядка, і распаўсюдзіў яе ў іншым тэлеграм-чаце са сваімі каментарамі. Акрамя таго, ён асуджаны за крадзеж (ч.1 і ч. 2 арт. 205 УК) і за ўхіленне ад адбывання абмежавання волі.

Усе склады злачынстваў, якія ставяцца ў віну Я. Сямёнаву, адносяцца да катэгорыі меней цяжкіх, за здзяйсненне якіх прадугледжаны таксама меры пакарання, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Разам з тым суд без належнага абгрунтавання абраў абвінавачванаму найболей цяжкі від пакарання, пры гэтым вызначыў празмерна строгі яго памер. Такім чынам, ён асуджаны выбарча ў параўнанні з іншымі асуджанымі без наяўнасці палітычнага матыву.

Ягор Міхайлаў асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска 26 ліпеня па ч. 1 арт. 289 КК (акт тэрарызму) да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў падпале танка на чыгуначнай платформе на чыгуначнай станцыі на ўскрайку Мінска. Дзяржаўныя СМІ назвалі відэа падпалу фэйкам, а Мінабароны прадэманстравала гэты танк без пашкоджанняў.

Акт тэрарызму прадугледжвае падпал менавіта агульна небяспечным спосабам або такім, які стварае небяспеку смерці людзей, нанясення ім целавых пашкоджанняў ці з'яўлення іншых цяжкіх наступстваў, а таксама пэўныя вызначаныя мэты: аказанне ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або перашкода палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або застрашванне насельніцтва, або дэстабілізацыя грамадскага парадку. Па прысудзе наяўнасць гэтых акалічнасцяў не даказана; у прыватнасці, падпал здзейснены спосабам, які не пацягнуў пашкоджанне маёмасці, у адасобленым, аддаленым ад людзей месцы, а з тэксту, які быў размешчаны ад імя абвінавачванага, мэта гэтай пратэстнай акцыі — прыцягненне ўвагі вайскоўцаў да антыканстытуцыйных працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

Пры такіх акалічнасцях мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, падкрэсліваючы сваю прыхільнасць выключна мірным спосабам пратэсту, лічым, што свабода выказвання меркавання ў адносінах да Я. Міхайлава была парушана з прычыны непрапарцыйнасці і неадэкватнасці абраных мер — асуджэння да найболей цяжкага віду пакарання на празмерна працяглы тэрмін.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў супрацьпраўнасць і сумнеўны характар дзеянняў абвінавачваных былі наступствам адсутнасці магчымасці вольнага выказвання меркавання, былі выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у адносінах да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў спыніць беззаконне.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.

Ужыванне ўнутранага заканадаўства ў пералічаных справах, ацэнка фактаў і доказаў у той ці іншай ступені насілі адвольны характар і склалі відавочныя памылкі, чым суд парушыў свой абавязак у адносінах да незалежнасці і бесстароннасці, а прызначэнне дэманстратыўна суровых пакаранняў істотна пагоршыла становішча абвінавачваных у параўнанні з іншымі асуджанымі ў падобнай сітуацыі без палітычнага матыву.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  • b) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў выстаўленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйснення іншай асобай;

  • c) працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо было прызнана вінаватай;

  • d) асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобам.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Аляксея Коршуна, Яўгена Сямёнава і Ягора Міхайлава з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў адносінах да іх меры і судовыя рашэнні пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на прысуд;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";

"Прававая ініцыятыва";

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта".

See more news

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 August 2024, 12:01 PM
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 August 2024, 11:38 AM
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 August 2024, 11:22 AM
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 August 2024, 8:13 AM
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці