Палата прадстаўнікоў у двух чытаннях прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць смяротнае пакаранне за замах на акт тэрарызму. На думку дэпутатаў, гэта дапаможа "стрымліваць дэструктыўныя элементы" і дэманструе "рашучую барацьбу дзяржавы з тэрарыстычнай дзейнасцю". Сёння законапраект аб змене Крымінальнага кодэкса ў частцы прызначэння смяротнага пакарання быў апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. Юрыст "Вясны" Павел Сапелка прааналізаваў новы законапраект і расказвае, што з ім не так.
Адразу юрыст звяртае ўвагу на ініцыятараў гэтага законапраекта — дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў:
"Найболей адыёзныя законапраекты пачалі ўносіцца на разгляд заканадаўцаў нязвыклым суб'ектам — дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Так-так, дагэтуль дэпутаты абмяжоўваліся аднадушным галасаваннем за тыя праекты, якія ўносіў прэзідэнт і Савет міністраў. Заканадаўцаў законапраектнай працай не нагружалі: ёсць спецыялісты, якім гэтая галіна бліжэйшая і больш зразумелая. Перад выбарнікамі дэпутаты не падсправаздачныя (іх ніхто не абірае, па сутнасці), так што выхваляцца перад імі ініцыятывай па ўдасканаленні законаў сэнсу няма".
Павел Сапелка адзначае, што раней законапраекты ад заканадаўцаў мелі дакладны акрэслены аб'ект: пратэсная актыўнасць і ўсё, што з ёй звязана. Акрамя законапраекта "Аб змене законаў па пытаннях донарства крыві і яе кампанентаў", які "вандруе" з сесіі ў сесію. Юрыст узгадвае нядаўнія законапраекты ад дэпутатаў.
Першым быў прыняты праект закона "Аб змене Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь", які распрацавалі заканадаўцы згодна з даручэннем прэзідэнта "ў сувязі з распаўсюдам новых спецыфічных відаў супрацьпраўных паводзін і з мэтай узмацнення прэвентыўнага патэнцыялу артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь". Ён быў унесены ў Палату прадстаўнікоў дэпутатам Алегам Белаконевым. У выніку гэтага законапраекта артыкул 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) выкладаецца ў новай рэдакцыі. Пры гэтым робіцца больш жорсткай крымінальная адказнасць за такія дзеянні, у тым ліку з указаннем у назве, дыспазіцыях частак 1 і 2 на такую крымінаўтваральную прыкмету гэтага злачынства, як "заклікі, накіраваныя на ўжыванне санкцый у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, фізічных і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь". А дыспазіцыя часткі 3 дапаўняецца кваліфікуючай прыкметай "якія пацягнулі цяжкія наступствы". Прапанавалася караць паказаныя дзеянні паводле часткі 1 артыкула 361 КК абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да шасці гадоў, паводле часткі 2 — пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў, паводле часткі 3 — пазбаўленнем волі на тэрмін ад чатырох да дванаццаці гадоў.
"Закон прынялі. 12 гадоў калоніі "за словы" зрабіліся рэальнай перспектывай..." — кажа Павел Сапелка.
Вядомы закон аб генацыдзе беларускага народа прапанавала дэпутатка і экс-міністарка інфармацыі Лілія Ананіч. Ім упершыню на заканадаўчым узроўні прызнаецца факт генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Акрамя таго, уводзілася крымінальная адказнасць за адмаўленне генацыду беларускага народа ў публічным выступе, друкаваным творы, СМІ, інфармацыі, размешчанай у інтэрнэце.
"Адмаўляць генацыд — небяспечна. Гэта цяпер можа каштаваць да пяці гадоў зняволення, а для ўпартых у ерасі — да 10. Але нагадаем пра тое, што Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго была прынятая рэзалюцыяй 260 (III) Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый трохі пазней — пры канцы 1948 года, а набыла моц 12 студзеня 1951 года, вызначыўшы міжнародны прававы статус паняцця "генацыд" як найцяжкага злачынства супраць чалавецтва, а таксама даўшы ягонае юрыдычнае вызначэнне. Ратыфікаваная БССР наогул у 1954 годзе."
Потым была паспяховая ініцыятыва дэпутата Аляксандра Дубава. Крымінальны кодэкс дапоўніўся артыкулам 193-1 аб адказнасці за арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, якія не прайшлі ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, ці ў дачыненні да якіх ёсць рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа пра іх ліквідацыю ці прыпыненне іх дзейнасці, якое набыло законную моц, пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 423-1 КК. А артыкул 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях дапоўніўся часткай 7 пра адказнасць за збор, атрыманне, выкарыстанне грашовых сродкаў, іншай маёмасці, у тым ліку маёмасных правоў, а таксама выключных правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, а таксама выкананне прац, аказанне паслуг для мэт пакрыцця выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем асобы да адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў.
І вось учора, як адзначае юрыст, адбыўся новы крок ва "ўдасканаленні рэпрэсіўнага заканадаўства". Праектам Закона прапануецца занясенне змен у частку 1 артыкула 59 і частку 2 артыкула 67 КК, якія вызначаюць магчымасць ужывання выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за замах на здзяйсненне актаў тэрарызму.
"Новае — смяротнае пакаранне ўжо магчымае не толькі ў выпадку скончанага злачынства са спісу, але і за замах, то бок калі былі здзейснены наўмысныя дзеянне ці бяздзейнасць асобы, непасрэдна накіраваныя на здзяйсненне злачынства, але пры гэтым злачынства не было даведзена да канца праз акалічнасці, якія не залежаць ад гэтай асобы. Улічваючы бязмежнасць фантазій і навыкі правакацый у спецслужбаў, тонкую мяжу паміж "падрыхтоўкай" і "замахам", адсутнасць працэсуальных межаў у спосабах здабычы доказаў ва ўмовах прававога крызісу, мы сапраўды будзем сведкамі накіравання ў суд спраў, паводле якіх з новымі нормамі зрабілася магчымым прызначэнне смяротнага пакарання.
Няма сумневаў у тым, што беларускія ўлады могуць адмовіцца ад ранейшай крывадушнай пазіцыі, калі яны сцвярджалі, што "ў дачыненні да смяротнага пакарання як выключнай меры шляхам яе паслядоўнага скарачэння ў Рэспубліцы Беларусь зроблены ўпэўненыя крокі", — каментуе Павел Сапелка.