Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY

15 February 2024, 4:44 PM
Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY

Падчас масавага рэйду сілавікоў напрыканцы студзеня пад пераслед трапілі не менш за 257 чалавек, большасць з якіх — жанчыны. Адной з прычын ператрусаў, допытаў і затрыманняў стала дапамога сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". З пачатку лютага людзей па ўсёй Беларусі пачалі масава судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці" паводле арт. 24.15 КаАП. Паводле праваабаронцаў, пад судовы пераслед патрапілі не менш за 65 чалавек. Па рашэннях судоў некаторым ужо прызначылі вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы "замежнай" аплаты. "Вясна" распавядае пра вынікі пераследу беларусаў за прадукты для сем'яў палітзняволеных.

Артыкул 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам) раней у Беларусі не выкарыстоўваўся. Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка адзначыў, што гэта "адвольны пераслед людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правілаў".

Цяпер жа новую рэспрэсіўную практыку актыўна выкарыстоўваюць супраць сем'яў палітвязняў. Па данных праваабаронцаў, за апошнія два тыдні адбудуцца ці ўжо адбыліся мінімум 65 судоў за атрыманне дапамогі.

У пратаколах паводле арт. 24.15 КаАП адзначаецца, што людзі "атрымалі і выкарысталі замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых у інтэрнэт-краме "Еўраопт" ад замежнага аб'яднання "INeedHelpBY", у мэтах іншай экстрэмісцкай дзейнасці, выяўленай у публічнай загаддзя неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія ўчынілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатуса "палітвязняў", незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці, чым стварыла пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам".

Гэты артыкул прадугледжвае штраф памерам ад 10 да 30 базавых велічыняў з канфіскацыяй гэтай дапамогі.

Так, напрыклад, у судзе Барысаўскага раёна 9 лютага разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Аксаны Хіневіч — маці былога палітвязняАнатоля ХіневічаСуддзя Святлана Баранава прызначыла ёй штраф у 20 базавых велічыняў (800 рублёў), а таксама кампенсацыю дапамогі ў памеры 2 854 рублі і 45 капеек.

Маці экс-палітвязня, якая з’ехала ў Вільню, праз Viber асудзілі за Е-дастаўку. Аўдыё суда

"Вясна" публікуе падрабязнасці суда, а таксама аўдыё з працэса.

Таксама 26 студзеня суд Лідскага раёна аштрафаваў дзвюх лідчанак па гэтым артыкуле. Адна з іх атрымала "замежную дапамогу" таварамі на 5 241 рубель з інтэрнэт-крамы "Еўраопт", другая — на агульную суму 18 143 рублі. Абедзвюх жанчын аштрафавалі на 1 000 рублёў кожную (25 базавых велічыняў) з кампенсацыяй сумы атрыманай дапамогі. Іх пастановы апублікавалі на pravo.by.

Што рабіць, калі вас асудзілі за "выкарыстанне замежнай дапамогі"?

Згодна з заканадаўствам, штраф чалавек мусіць аплаціць не пазней за адзін месяц з моманту ўступлення судовай пастановы ў сілу. Аднак суму дапамогі прыйдзецца выплаціць амаль адразу пасля ўступлення рашэння ў сілу, бо інакш праз некалькі дзён справа аб спагнанні гэтай сумы перадаецца органу прымусовага выканання. Тады судовыя выканаўцы прымусова канфіскуюць у кошт пазыкі грашовай сумы, якая складае кошт "прадмета адміністрацыйнага правапарушэння" — "грашовай замежнай дапамогі".

Але кожны мае права абскардзіць рашэнне суда цягам дзесяці дзён з моманту вынясення рашэння. Абскарджванне пастановы аб прыцягненні чалавека да адміністрацыйнай адказнасці дае шанец на адмену пастановы, а таксама дазваляе адцягнуць час для выплаты штрафа (мінімум на два месяцы). Апроч усяго, гэта дае магчымасць дакументальна пацвердзіць факт палітычнага пераследу.

"На практыцы, судовыя выканаўцы могуць арыштаваць рахункі, спісаць з рахунку грошы і нават арыштаваць маёмасць, пры гэтым, дзеянні асуджанага паводле арт. 24.15 КаАП павінны адпавядаць памеру сумы, калі гэта некалькі пакупак у "Еўраопце" — арыштаваць нерухомасць будзе непрапарцыйна і занадта жорстка.

Абскарджанне дазваляе, прынамсі, падоўжыць тэрмін перадачы справы судовым выканаўцам на месяц, як мінімум. Калі вы прапусцілі тэрмін на абскарджанне, можна прасіць аднаўленне тэрміну на абскарджанне падачай адпаведнага хадайніцтва ў суд. Прычыны пропуску тэрміну трэба растлумачыць і, пажадана, пацвердзіць дакументальна.

Пасля абскарджання ёсць магчымасць прасіць адтэрміноўку або растэрміноўку аплаты штрафу. Для гэтага патрэбныя таксама дакументальна пацверджаныя прычыны немагчымасці аплаты штрафу адразу і цалкам", — адзначаюць юрысткі "Вясны".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці