«Разгубленасць і бездапаможнасць». Што распавядаюць былыя палітвязні пра фатаграфаванне ў калоніях. Праект Дзіяны Пінчук

07 March 2024, 10:47 AM
«Разгубленасць і бездапаможнасць». Што распавядаюць былыя палітвязні пра фатаграфаванне ў калоніях. Праект Дзіяны Пінчук

З 2020 года праз фотасесію ў месцах няволі прайшлі сотні тысяч беларусаў і беларусак, затрыманых па палітычных прычынах. Былыя палітзняволеныя распавялі ў праекце "Магшоты палітвязняў", як гэта адбывалася ў гомельскай жаночай, віцебскай, шклоўскай і магілёўскай калоніях. Прыводзім некалькі такіх аповедаў.

Фігурантка "справы студэнтаў" Кася Будзько ўзгадвае, што магшот зрабілі 20-22 кастрычніка 2021 года пасля цяжкага этапу ў жаночую гомельскую калонію № 4:

 "Як толькі ты трапляеш на тэрыторыю калоніі, цябе адразу абшукваюць, усе твае рэчы забіраюць і выдаюць жудасную форму. Як толькі ты апранаеш гэтую форму — адбываецца фатаграфаванне. Стан, у якім цябе захавалі на гэтай фатаграфіі, вельмі дзіўны. Ты толькі што перажыла этап — больш за восем гадзін транспарціроўкі ў аўтазаках, цягніку, кайданках. Не лепшы перажыты час. І вось ты нарэшце дабралася да калоніі, дзе ў цябе толькі што забралі ўсе твае рэчы, ты пакуль наогул не разумееш, што адбываецца... І вось даюць ружовую сукенку і кажуць: "Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!" Там нельга зрабіць некалькі дубляў. Адзін дубль — на ўвесь твой тэрмін.

Мне не вельмі падабаецца гэтая фатаграфія. Мне здаецца, што я выглядаю на ёй вельмі па-дурному. Я памятаю, як адчувала сябе ў моманце, і гэта непрыемнае адчуванне. Мне было вельмі непрыемна знаходзіцца ў гэтай сукенцы. Гэта былі першыя хвіліны, як я надзела на сябе гэты ружовы мяшок, і мне было настолькі дыскамфортна... Я не ведаю як гэта апісаць — гэта было агідна. Я ненавіджу сукенкі — гэта першае. Не вельмі люблю ружовы колер — гэта другое. Ну і трэцяе — я не вельмі люблю знаходзіцца ў турме. Таму гэта ўсё было непрыемна і ў цэлым ўсведамленне, што табе прыйдзецца ў гэтай сукенцы правесці бліжэйшыя два гады. Мяне вельмі прыгнятаў гэты стан і мне здавалася, што я вельмі дрэнна выглядаю і дрэнна сябе адчуваю. Так і атрымалася гэтая фатаграфія".

Праваабаронцу Леаніда Судаленку фатаграфавалі на "жоўтую бірку" на "каранціне" ў віцебскай калоніі № 3 у студзені-лютым 2022 года:

"Здымак рабіўся ў спальным пакоі на "каранціне" каля сцяны. Тады я знаходзіўся, калі не ў поўнай прастрацыі, то ў цяжкім ды стрэсавым псіхалагічным стане (мне ў той час было ўсё абыякава навокал). Мяне фатаграфаваў на лічбавы фотаздымач іншы асуджаны, які там працуе ў клубе фатографам. Побач яшчэ знаходзіўся днявальны "каранціну".

Калі гляджу на гэтае фота, то адчуваю сваю поўную разгубленасць і бездапаможнасць у той час. Узгадваю, што я паўтары гады быў вымушаны насіць гэтае фота на бірцы турэмнай вопраткі (кліфт), а таксама амаль штодня глядзець на гэты здымак на бірцы, якая знаходзілася таксама на спінцы другога ярусу "нараў" у спальным пакоі акурат на ўзроўні твару. Унізе біркі надпіс: "Склонны да экстрэмізму ды іншай дэкструктыўнай дзейнасці!" Іншыя асуджаныя жартавалі: "Ну і рожа ў цябе Шарапаў!" Але, калі там паглядзець на здымкі іншых, дык навокал адны Шарапавы!"

Былы палітзняволены студэнт Віктар Акцістаў так узгадвае сваю фотаздымку ў магілёўскай калоніі № 15 у 2021 годзе :

"Рабілі фота на "каранціне" ў першы дзень знаходжання ў калоніі. Ставілі нас да сцяны па чарзе і актывіст (зняволены, які выконвае некаторыя абавязкі для адміністрацыі) з фотаапаратам здымаў. Я не спрабаваў, але кажуць, усміхацца для гэтага фота не дазваляюць.

Гледзячы на гэта фота, ды і проста ўзгадваючы адлюстраванне ў люстэрку на зоне, я ўспамінаю, наколькі я быў забітым і напалоханым першыя паўтара года, а таксама думаю пра тое, наколькі гэта нармальна — пазбаўляць чалавека такіх базавых правоў як, напрыклад, банальна адгадаваць валасы. Я ніколі не лічыў, што пазбаўленне волі павінна прымяняцца ў такіх маштабах, у якіх яно ўжываецца ў свеце, і пасля свайго тэрміну толькі пераканаўся ў гэтым".

Вольга Дубовік, асуджаная па "справе цюкоў", распавяла пра фатаграфанне ў красавіку 2022 года ў жаночай калоніі № 4:

"Супрацоўнікі калоніі фатаграфавалі ў першы ж дзень па чарзе ўсіх, хто толькі прыехаў. Дзень выдаўся нялёгкі, мітуслівы, але і дрэнным яго нельга назваць. Позна ўвечары пачаўся этап з Магілёва ў Гомель. Ехалі ў "сталыпіне" ўсю ноч, таму нармальна не выспаліся. Потым, як звычайна: "шмон", душ, сартаванне рэчаў (што можна браць з сабой, а што ідзе на склад). Нам усім выдалі аднолькавую форму, мы запаўнялі нейкія тэсты і была іншая мітусня. Затое мы ўбачылі вуліцу — дрэвы і дамы, нармальныя вокны без вейчыкаў, з якіх бачны прагулачны дворык і нейкія склады. Убачыла сваё адлюстраванне ў люстэрку пры нармальным асвятленні. І хутка было заканчэнне тэрміну — праз тры тыдні! Але ў гэтым я не была дакладна ўпэўненая, баялася, што маглі адкапаць яшчэ што-небудзь з мінулага. Так што, была стомленая, але настрой быў нядрэнны".

Былы палітзняволены Дзяніс Краўчук вось так узгадваў сваё фатаграфанне ў шклоўскай калоніі № 17 у снежні 2022 года:

"Аднойчы мяне выклікаў да сябе заўгас карантына і і загадаў ісці да сталовай, дзе ў гэты час мяне ўжо чакаў нейкі чалавек апрануты ў цывільнае. З ім разам быў нейкі афіцэр ў форме. Мне загадалі падыйсці да сцяны, на якой быў замацаваны белы фон і стаць да яго спіной. Для чагосьці рабілі некалькі фота анфас. Першае не задаволіла, відаць. Занадта суровы выглядаў мабыць меў, не ведаю. Усё адбывалася вельмі хутка, таму гэтае фота добра адлюстроўвае мой псіхалагічны стан. А менавіта: моцная прыгнечанасць ад бясконцага прэсінгу, няўпэўненасць ні ў чым, недавер да ўсіх, чаканне горшага і пастаянных правакацый з усіх бакоў".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці