Пасля нападу Расіі на Украіну па ўсёй беларускай чыгунцы адбываюцца шматлікія акты сабатажу, каб запаволіць рух цягнікоў.
Так, 28 лютага на лініі Жлобін – Калінкавічы (пабудаванай ў Першую Сусветную вайну для вайсковых эшэлонаў у бок Украіны), на перагоне Астанкавічы – Жэрдзь «рэйкавыя партызаны» спалілі рэлейную шафу сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання. У выніку светлафоры і стрэлкі на гэтым участку перасталі працаваць.
Частку пашкоджанага абсталявання немагчыма адрамантаваць.
«Рэйкавая вайна» адбываецца таемна, і пра акты сабатажу праваабаронцы даведваюцца ад сілавікоў, якія затрымліваюць людзей па падазрэнні ў «партызанцы». Сілавікі здымаюць з некаторымі «пакаяльныя» відэа, дзе бачна, што людзі моцна збітыя.
На фота - Дзяніс Дзікун. У праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае відэа" з яго ўдзелам. На відэа ён кажа, што па ўказанні ByPOL падпаліў яшчэ з двума чалавекамі 28 лютага шафу сігнальнай устаноўкі на станцыі "Жэрдзь-Астанковічы".
Сёння праваабаронцам вядома пра восем затрыманых чалавек па «рэйкавых» справах. Некаторых абвінавачваюць у тэрарызме (арт. 289 КК РБ) , ім пагражае да 20 гадоў турмы.
Праваабаронцы «Вясны» сабралі ўсё, што вядома пра затрыманых па «рэйкавай вайне», ў адзін артыкул.
"Вось што засталося ад шафы ЦСБ пасля дыверсіі на прыпынку Сінява каля станцыі Стоўбцы, Баранавіцкае аддзяленне Белчыгункі" - напісана ў ТГ-канале "Live. Сообщество железнодорожников Беларуси".
Пра «рэйкавую вайну» таксама распавядае BYpol (аб’яднанне сілавікоў Беларусі, апазіцыйных рэжыму Аляксандра Лукашэнкі). BYpol узяў на сябе адказнасць за акты сабатажу:
«Знішчаныя шляхам падпалу дзьве шафы кіравання сігналізацыяй, цэнтралізацыяй і блакіроўкай на ўчастках Баранавіцкага і Гомельскага аддзяленняў Белчыгункі, чым парушаная работа светлафораў і стрэлачных пераводаў і заблакаваны рух. Таксама на магілёўскім участку закарацілі рэйкавыя ланцугі.
У выніку гэтых і папярэдніх паспяховых акцый – Расейская чыгунка забараніла рух сваіх саставаў, у тым ліку, ваенных эшэлонаў, па Беларусі ўночы. А беларускія машыністы масава адмаўляюцца ад кіравання лакаматывамі і выездаў на перагоны».
Байпол заяўляе, што акцыі здзейсненыя ў знак салідарнасці з украінскім народам і з мэтай дапамагчы ў вайне супраць расейкага агрэсара.