У гадавіну нападу Расеі на Украіну «Вясна» распавядае вынікі пераследу беларусаў за антываенную пазіцыю

24 February 2023, 3:54 PM
У гадавіну нападу Расеі на Украіну «Вясна» распавядае вынікі пераследу беларусаў за антываенную пазіцыю

«Вясна» расказвае пра вынікі пераследу беларусаў за антываенную пазіцыю:


З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазіцыю: ладзяць маршы і пікеты, псуюць чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расейскай ваеннай тэхнікі, дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, ваююць на баку Украіны.

Сёння гадавіна ўварвання расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны, а ў Беларусі налічваюцца 12 асуджаных за дыверсіі на чыгунцы агулам на 191,5 гадоў няволі. За перадачу фота расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ асуджаныя не меней за 31 асоба, за жаданне ваяваць на баку Украіны ў няволі мінімум 11 чалавек, восем з якіх асуджаныя. Не меней за 20 асобаў зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі і падтрымку Украіны. За першыя паўтара месяца вайны ў Беларусі за антываенныя акцыі затрымалі больш за 1500 чалавек.

Агулам за праяву антываеннай пазіцыі затрымана не меней за 1575 беларусаў і беларусак. З іх 56 чалавек асуджана паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў. “Вясна” распавядае пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.

vjasna_vaina_va_ukraine_pratest_facebook"Вайна ва Украіне". Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Затрыманні і катаванні за ўдзел у антываенных акцыях

Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага 2022 года. За два дні ў Беларусі было затрымана больш за 1100 чалавек.

Удзельнікаў антываенных акцый пераследвалі за адзенне і сімволіку жоўта-блакітных колераў, за надпіс “Не вайне” на адзенні, за ўскладанне кветак каля Украінскай амбасады ў Мінску. Беларусы пратэставалі не толькі ў сталіцы, але ў большасці рэгіёнаў Беларусі.

Затрыманыя на акцыях падвяргаліся катаванням з боку сілавікоў. Пратэстоўцаў моцна збівалі ў РУУСах, адкуль некаторыя траплялі наўпрост у лякарні.

"Калі я ляжаў у лякарні, то мне знаёмыя скінулі спасылку на TikTok, дзе ролік са мной сабраў каля 60 тысяч праглядаў. Гэта сагрэла мне душу, і я спадзяваўся, што калі нейкая частка ўкраінцаў паглядзіць гэта відэа, то хоць трошкі зразумеюць, што сапраўдныя беларусы ніколі ў жыцці не запусцілі б у іх ракеты", - расказаў Павел, якога затрымалі на антываеннай акцыі, збілі ў РУУС і пасля адвезлі ў лякарню.

Вытрымка з інтэрв’ю былога арыштанта аб збіцці на антываеннай акцыі ў Мінску.

“У некаторы момант людзі пачалі крычаць "Пуцін ху*ло". Менавіта гэта, на думку хлопца, і стала прычынай жорсткіх затрыманняў сілавікамі. Да хлопца адразу падбеглі тры ці чатыры вайскоўцы, павалілі на зямлю і пачалі збіваць дубінкамі. Яму нанеслі 14 удараў, пяць з каторых былі па галаве. Пасля гэтага падбег амапавец і прытрымаў хлопца, пакуль чакаў сваіх калегаў. У выніку, некалькі сілавікоў за ногі і рукі пацягнулі хлопца ў аўтазак”.

Расповед жанчыны пра збіццё ў ізалятары на Акрэсціна пасля затрымання на акцыі супраць вайны.

«З ім (супрацоўнікам ізалятара Урублеўскім) канфлікт выйшаў з нагоды таго, што мы папрасілі туалетную паперу і адкрыць кармушку. У адказ пачулі "За что боролись на то и напоролись" і лаянку. Пачаўся канфлікт паміж намі і ім. У выніку, адну жанчыну адцягнуць я яшчэ паспела, бо зразумела хто ён. А другую Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну».

Мінімум 6 380 затрыманых: вынікі адміністрацыйнага пераследу беларусаў у 2022 годзе

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўлады пачалі актыўна пераследаваць беларусаў за антываенныя пратэсты. Па звестках праваабаронцаў, агулам за 2022 год было затрымана не менш за 6381 чалавек — гэта мінімум 17 чалавек у дзень.

Прастрэленыя калені і рэкордныя тэрміны зняволення “рэйкавым партызанам”

reikavyja-partyzany.jpg12 асуджаных "рэйкавых партызанаў" агулам на 191,5 гадоў няволі

Расія актыўна выкарыстоўвае са згоды Лукашэнкі тэрыторыю Беларусі дзеля вайны супраць Украіны. Шмат ваеннай тэхнікі перамяшчаецца па чыгуначных шляхах. Беларусы з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання выводзяць з ладу чыгуначнае абсталяванне, каб перашкодзіць руху тэхнікі.

Праз дыверсіі на чыгунцы ўлады ўнеслі спецыяльныя змены ў крымінальнае заканадаўства. Цяпер вышэйшая мера пакарання можа пагражаць не толькі за акт тэрарызму, але нават за замах на здзяйсненне акту тэрарызму.

На сёння вядома пра 12 асуджаных "рэйкавых партызанаў" агулам на 191,5 гадоў няволі.

Мінск

Рэзанансная справа Віталя Мельнкіа, якому пры затрыманні прастрэлілі каленныя суставы. 22 снежня мужчыну асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі паводле пяці крымінальных артыкулаў, сярод якіх Акт тэрарызму. 40-гадоваму Віталю паставілі ў віну, што ён у сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады-Барысаў падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым вывеў са строю сістэму сігналізацыі чыгункі. Супрацьпраўныя дзеянні нібыта стварылі рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджання рухомага складу, гібелі альбо траўмавання людзей.

Віталь з вёскі Мінскага раёна. У яго ёсць маленькае дзіця.

Светлагорск

Гомельскі абласны суд 27 снежня вынес прысуд траім мужчынам са Светлагорску па справе “рэйкавых партызан”, якіх абвінавацілі ў тэрарызме і здрадзе дзяржаве. Дзяніса Дзікуна асудзілі на 23 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Равіча – на 22 гады, Алега Малчанава – 21 год.

Пакуль гэта самы суровы прысуд за дыверсіі на  беларускай чыгунцы.

Мужчынам паставілі ў віну падпал рэлейнай шафы. Інфармацыю аб чым яны нібы перадалі плану “Перамога” і BYPOL.

Стоўбцы

Сяргея Глебку затрымалі ў ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах. Паводле інфармацыі МУС, каб запаволіць рух цягнікоў, мужчына падпаліў бярвенні на чыгуначных шляхах. Супраць Глебкі ўзбудзілі крымінальную справу за акт тэрарызму (арт. 289 УК).

Пасля затрымання Сяргея збівалі – гэта бачна на пакаяльным відэа.

19 кастрычніка Мінскім гарадскім судзе Сяргею прызначылі 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў. 

Віцебск

Віцебскі абласны суд 16 верасня асудзіў палітзняволенага Сяргея Канавалава на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у некалькі артыкулах, у тым ліку ў тэрарызме (арт. 289 КК).

Сяргей Канавалаў – супрацоўнік Віцебскай чыгункі, якога абвінавацілі ў вывядзенні з ладу сістэмы, якая адказвае за бяспеку чыгункі.

Асіповічы

2 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗ затрымалі 43-гадовага мясцовага жыхара Аляксея Шышкаўца. Яго абвінавацілі ў тым, што Аляксей увайшоўшы ў склад BYPOL, атрымаў ад іх указанні па блакіроўцы чыгуначных шляхоў.

12 кастрычніка Магілёўскі абласны суд прызначыў палітвязню Аляксею Шышкаўцу 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бабруйск

У ноч на 30 сакавіка затрымалі траіх жыхароў Бабруйска 27 і 28 гадоў, Яўгена Мінкевіча, Дзмітрыя Клімава, Уладзіміра Аўрамцава, якія, паводле інфармацыі МУС, мелі дачыненне да знішчэння дзвюх рэлейных шафаў сігнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання супраць Дзмітрыя Клімава сілавікі ўжылі зброю і прастрэлілі яму каленныя суставы. Пазней стала вядома, што мужчыны, якія не аказвалі супраціву, пасля затрымання былі мэтанакіравана расстраляныя ў каленныя суставы.

У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага вынеслі прысуд Дзмітрыю Клімаву, Уладзіміру Аўрамцаву і Яўгену Мінкевічу. Двум першым прызначылі па 22 гады калоніі, а апошняму — 1,5 года калоніі. Адзначаецца, што Мінкевіча вызвалілі ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год паводле Закона «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». З улікам часу знаходжання пад вартай пакаранне лічыцца адбытым.

Мазыр

10 сакавіка 2022 года стала вядома аб затрыманні палітзняволенных Сяргея Плешкуна і Юрыя Сельвіча.

Мазыранаў абвінавацілі паводле сямі крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў акце тэрарызма, экстрэмісцкай дзейнасці і распальванні сацыяльнай варожасці. У прыватнасці, Плешкуна абвінавацілі ў вырабе “кактэйляў Молатава” і падрыхтоўцы да пашкоджання транспартных сродкаў.

Гомельскі абласны суд 8 лютага асудзіў Сяргея Плешкуна на 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юрыя Сельвіча – на 14 гадоў.

Інфармацыйная вайна

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за перадачу інфармацыі аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі беларускія ўлады завялі як мінімум 32 крымінальныя справы. Асуджана не меней за 31 асобу.

Іншы від антываеннага супраціву  – так званая інфармацыйная вайна. Беларусы па ўсёй краіне фатаграфуюць калоны расійскай ваеннай тэхнікі і перадаюць інфармацыю ў праект маніторынгу ваеннай актыўнасці ”Беларускі Гаюн” або незалежным СМІ. Праз тое, што амаль усе недзяржаўныя медыя прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, то беларускія ўлады расцэньваюць перадачу ім дадзеных, як “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (арт. 361-4 КК), удзел у экстрэмісцкім фармаванні (арт. 361-1 КК) або нават “здрада дзяржаве” (арт. 356 КК). Усім тым, хто паведамляе аб перасоўванні расійскіх вайскоўцаў пагражае паводле арт. 361-4 ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі. За “здраду” – ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Так, 15 снежня Брэсцкае дзяржсмі апублікавала відэаролік пра затрыманне былога вайскоўца Дзмітрыя Гуліна, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. Сілавікі называюць Дзмітрыя “агентам украінскіх спецслужбаў”. Былы вайсковец нібыта паведамляў украінскім вайскоўцам аб размяшчэнні расійскіх частак на тэрыторыі Беларусі.

Былую настаўніцу Ірыну Абдукерыну 6 снежня асудзілі на чатыры гады калоніі паводле чатырох артыкулаў, сярод якіх арт. 361-1 (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні) Крымінальнага кодэкса.

Палітзняволеная Ірына Абдукерына  — былая настаўніца англійскай мовы з Хойнікаў, якую затрымалі раніцай 5 красавіка 2022 г. на лецішчы. Падставай для затрымання стала нібыта тое, што Ірына запісала на тэлефон перамяшчэнне калоны расейскай вайсковай тэхнікі і пераслала запіс у тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн". 

Ваеннага эксперта, палітзняволенага Ягора Лебядка 23 снежня асудзілі паводле арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса на 5 гадоў калоніі за інтэрв’ю “Еўрарадыё” пра вайну ва Украіне.

Мужчыну затрымалі 13 ліпеня 2022. Згодна з матэрыяламі справы, Ягор “даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі".

vjasna_vaina_va_ukraine_represii_faceboo"Вайна ва Украіне". Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Пераслед за жаданне ваяваць за Украіну

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну многія беларусы ўступілі ў беларускі полк (раней батальён) імя Кастуся Каліноўскага. Сілавікі пачалі затрымліваць беларусаў за жаданне ваяваць на баку Украіны і спробы далучыцца да палка. Ім ставяць у віну замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы (арт. 14 і 361-3 КК) або найміцтва (арт. 133 КК).

На сённяшні момант вядома не меней за 11 затрыманых беларусаў за жаданне ваяваць на баку Украіны. Восем з іх ужо асудзілі. Вось іх імёны: Сяргей ГрыбовічАндрэй Раптуновіч, Анатоль Міхайлаў, Андрэй Маслаў, Міхаіл Лістападаў, Яўген Карпаў, Сяргей Вайцюк, Аляксандр Айнутдзінаў.

Расказваем пра некаторых з іх.

37-гадовы айцішнік з Брэста Сяргей Вайцюк – адзін з першых, каго асудзілі за жаданне ваяваць на баку Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.

Згодна з версіяй абвінавачвання, Вайцюк "у красавіку 2022 года праз розныя інтэрнэт-рэсурсы высветліў парадак і магчымыя спосабы залічэння ва ўзброеныя фарміравання Украіны, а таксама звязаўся з іх прадстаўнікамі”.

24 красавіка мужчыну змясцілі пад варту па падазрэнні ў "найміцтве" па артыкулу 133 Крымінальнага кодэкса. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі на крыху больш мяккае: замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса).

28 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе Сяргея Вайцюка асудзілі паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса на два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Напрыканцы снежня дзяржаўны тэлеканал АНТ зняў рэпартаж пра затрыманых беларусаў, якія хацелі ваяваць на баку Украіны.

20-гадовага мастака Андрэя Раптуновіча асудзілі ў Мінску за жаданне далучыцца да палка імя Каліноўскага.

Андрэй — мастак, які выкладаў у цэнтры дадатковай адукацыі ў Мінску. Яго затрымалі 16 траўня 2022 года — на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае" відэа з ім, дзе ён кажа пра ўдзел у акцыях пратэсту і рэгістрацыю ў плане "Перамога" і боце батальёна.

14 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе Андрэя асудзілі на чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за намер ваяваць на баку Украіны (ч. 1 арт. 13 і арт. 361-3 КК) і за рэгістрацыю ў плане “Перамога” (ч. 3, арт. 361-1 КК).

46-гадовага Аляксандра Айнутдзінава затрымалі ў ліпені. Сярод іншага, яго абвінавацілі ў намеры ваяваць на баку Украіны.

У "пакаяльным" відэа мужчына распавядае пра тое, што 24 лютага, калі Расія распачала вайну ва Украіне, ён пачаў "чытаць розныя Telegram-каналы" і вырашыў далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага, каб абараняць Украіну. Для гэтага Аляксандр спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з Украінай, але быў затрыманы беларускімі памежнікамі.

16 лістапада ў Гомельскім абласным судзе Аляксандра асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-3 і ч. 1 арт. 317-2 Крымінальнага кодэкса на 2 гады і 1 месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Ціск на каліноўцаў

Прызнанне “экстрэмісцкім фармаваннем”, крымінальная справа і пагромы ў кватэрах.

Таксама ўлады актыўна пераследуюць тых, хто ўжо далучыўся да палка Каліноўскага. 23 верасня МУС прызнала аўдыторыю палка “экстрэмісцкім фармаваннем”.  А 11 кастрычніка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага.

У 2022 годзе сілавікі прыдумалі новы спосаб ціску і запужвання тых нязгодных з уладай, хто знаходзіцца за мяжой – граміць кватэры. Сілавікі здымаюць відэа пагромаў, якія затым выкладваюць у сваіх тэлеграм-каналах. Спачатку яны здымаюць стан кватэры да вобшука, затым паказваюць яе стан пасля: раскіданыя рэчы і зламаная імі мэбля, выпатрашаныя шафы.

Так, напрыканцы лістапада сілавікі зладзілі вэрхал у кватэры прэс-сакратаркі палка Каліноўскага Крысціны “Чабор” і яе мужа. Таксама сілавікі разграмілі кватэру Наталлі Суславай, маці загінулага каліноўца Паўла “Волата”.

Сястра добраахвотніка батальёну імя Кастуся Каліноўскага Яна Мельнікава Вікторыя Навіцкая была затрымана напрыканцы траўня 2022 года. Пасля двух адміністрацыйных арыштаў працягласцю 26 сутак жанчына не выйшла на волю, а была перазатрымана па крымінальнай справе паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 13 кастрычніка 2022 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска палітзняволеную асудзілі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Мы не можам апублічваць усе прозвішчы, але таксама праваабаронцам вядома, што сілавікі перыядычна затрымліваюць і саджаюць на суткі сваякоў каліноўцаў.

Затрыманні за антываенныя каментары, данаты каліноўцам і праяву салідарнасці з Украінай

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з пачатку поўнамаштабнай вайны не меней за 20 асобаў зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі і падтрымку Украіны.

danuta-peradnja.jpgСтудэнтка Данута Перадня, якую ў 2022 годзе асудзілі за антываенны рэпост на 6,5 гадоў калоніі

Так, за пералічэнне грошаў палку Каліноўскага 21 кастрычніка 2022 года затрымалі Анастасію Петрачэнка. На дзяўчыну завялі крымінальную справу і змясцілі ў СІЗА. Уладзіслава Яцэнка 16 студзеня 2023 года асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён таксама данаціў на патрэбы каліноўцаў.


Напрыканцы снежня 2022 года стала вядома, што за антываенны надпіс на 68-гадовую Людмілу Коган з Брэста завялі крымінальную справу за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. Жанчына напісала “Жыве Беларусь” і “Не вайне” на прыпынку грамадскага транспарту ў Брэсце.

22 лютага 2023 года Маскоўскі суд Брэста асудзіў Людмілу на адзін год “хатняй хіміі” за апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці (арт. 341 КК). Да прысуда жанчыну ўтрымлівалі пад хатнім арыштам.


Па даносе з чат-рулеткі вядома аб затрыманні пяці беларусаў, якія выказаліся супраць вайны і ў падтрымку Украіны. Агулам за антываенныя інтэрнэт-каментары затрымалі 11 асобаў.


Спявачку Мэрыем Герасіменка затрымалі 4 жніўня 2022 года пасля канцэрту ў мінскім бары «Банкі-бутэлькі», дзе яна выконвала песню «Обійми» гурта «Океан Эльзи» ў падтрымку Украіны. Факт выканання песень на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў. 20 студзеня 2023 года ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска Мэрыем асудзілі да трох гадоў “хатняй хіміі” за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).


За адмову абслугоўваць у краме расійскіх вайскоўцаў 20 лютага суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызначыў дырэктару крамы аўтазапчастак Віктару Макарэнку штраф у памеры 300 базавых велічыняў (11 100 беларускіх рублёў). Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 190 КК («парушэнне раўнапраўя грамадзян»).


З-за малітвы за воінаў і абаронцаў Украіны 5 студзеня 2023 года ГУБАЗіК затрымаў мінскага святара Дыянісія Карасталёва.


У сярэдзіне верасня 2022 года сілавікі затрымалі пяць мінчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома ў Мінску. Супраць іх узбудзілі крымінальную справу за "злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў" паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і змясцілі ўсіх пад варту ў жодзінскую турму. Але пераслед затрыманых на гэтым не спыніўся. Праз два тыдні пасля іх затрымання Міністэрства ўнутраных справаў прызнала "экстрэмісцкім фармаваннем" канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі мінчукі пры арганізацыі акцыі. Затрыманыя – Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая.

Сярод інкрымінуемых артыкулаў няма "злоснага хуліганства", на падставе якога затрымалі і змясцілі пад варту палітвязняў. Цяпер пяць чалавек абвінавачваецца па больш цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1, 3 арт. 361–1 (стварэнне і ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні") і ч. 2 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ім пагражае да 7 гадоў калоніі.


У канцы лютага 42-гадовы Аляксандр пералічыў каля дзвюх тысяч еўра для ўкраінскай арміі. Пасля гэтага яго забралі на размову ў КДБ, а потым абвясцілі падазраваным у фінансаванні тэрарызму. У дадатак арыштавалі кватэру, бізнэс, асабістыя рахункі і нават карту 10-гадовага сына з інваліднасцю.

Мужчына паспеў з'ехаць разам з сям'ёй. Але сілавікі ўзяліся за яго бацькоў: настойліва патрабуюць, каб яны ўгаварылі сына вярнуцца ў краіну — інакш пагражаюць 66-гадовай маці і 68 бацьку арыштам.


Студэнтку Дануту Перадню затрымалі 28 лютага 2022 года ў Магілёве. На дзяўчыну завялі крымінальную справу па арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). У віну ёй паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну.

У выніку, 22 лістапада 2022 Магілёўскі абласны суд асудзіў 21-гадовую дзяўчыну за антываенны рэпост на шэсць з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму.

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 September 2024, 2:08 PM
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці