«У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям». Як праваабаронцы дапамагаюць рэпрэсаваным

21 March 2024, 10:34 AM
«У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям». Як праваабаронцы дапамагаюць рэпрэсаваным

Сёння ў Беларусі налічваецца амаль 1500 палітзняволеных. Усе яны, а таксама іх сваякі сутыкаюцца з такімі сітуацыямі, якія ў звычайных умовах нават не прадстаўляліся б магчымымі. Адвакаты, спатканні ў СІЗА і калоніях, перадачы, моцны стрэс. Каб дапамагчы людзям даць гэтаму рады, “Вясна” склала падрабязны гайд. У ім можна зразумець, па якіх запытах можна звяртацца ў “Вясну” калі на гэтым шляху ўзнікаюць канкрэтныя запыты. Шукаць і знаходзіць дапамогу — гэта не прывілей, а права кожнага і кожнай, хто сутыкаецца з рэпрэсіямі.   

Для зручнасці пошуку дапамогі, якая вам неабходная, можна скарыстацца планам матэрыялу.

  1. Я сутыкнуўся (-лася) з рэпрэсіямі і цяпер, не ведаю, што рабіць.

  2. Мне патрэбная юрыдычная кансультацыя.

  3. Я хачу непублічна зафіксаваць сваю гісторыю, каб у будучыні злачынцы панеслі адказнасць.

  4. Я хачу распавесці журналістам пра сваю гісторыю.

  5. Мне патрэбная дапамога з адвакатам ці перадачкамі.

  6. Я выйшаў (-ла) з месцаў зняволення і цяпер не ведаю, што мне рабіць.

Нагадаем, што Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Фармальна за дапамогу ад праваабаронцаў няма адказнасці ў законе. І хаця праваабарончая дзейнасць не мусіць быць рэпрэсавана, у рэальнасці адбываецца інакш. Таму пры камунікацыі з намі важна прытрымлівацца пэўных правілаў бяспекі: гэта мы тлумачылі ў адмысловым матэрыяле. 

"Вясну" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем"

Як цяпер супрацоўнічаць з намі?

1. Я сутыкнуўся (-лася) з рэпрэсіямі ў Мінску ці рэгіёнах і цяпер, не ведаю, што рабіць

Першае, што адчуваюць людзі, калі іх ці іх блізкіх затрымліваюць, — разгубленасць. Як правіла, яны не ведаюць, што рабіць, дзе шукаць чалавека, як яму дапамагчы.

«Спрасонку я не зразумела, што ён мне распавядае, але калі зразумела, што <мужа> няма дома, папрасіла паўтарыць інфармацыю яшчэ раз. І толькі тады ўсвядоміла, што яго затрымалі», — распавядае жонка аднаго з палітвязняў.

 «Калі <дачка> знікла, я знайшла яе ў спісах Цэнтральнага РУУС толькі праз суткі. Тэлефанавала туды, там казалі, што яна на допыце, следчыя не здымалі трубкі, усе абяцалі ператэлефанаваць – і не званілі. Калі скончыліся 72 гадзіны з моманту затрымання, я зразумела, што пасля суда яе не адпусцілі», — узгадвала маці іншай палітзняволенай. 

«Да нас у кватэру прыйшлі супрацоўнікі з аўтаматамі, правялі вобшук. Забралі тэлефоны, жорсткія дыскі, флэшку і цішотку з гербам. Што нас чакае далей?» — пытаюцца людзі. У такіх і шмат іншых сітуацыях дапамагае Гарачая лінія Праваабарончага цэнтра «Вясна». 

ViasnaSOS як "хуткая дапамога"

6 жніўня Гарачая Лінія "Вясны" адзначае сваё двухгоддзе.

Калі ў вас ёсць любыя пытанні па тэме палітычна матываваных крымінальных справаў па ўсёй краіне, затрыманняў і арыштаў, адміністрацыйных працэсаў, вас ці вашага блізкага чалавека затрымалі, вас выклікаюць на допыт, вы не ведаеце, што можна пакласці ў перадачку ці што рабіць, калі ваш родны не тэлефануе з калоніі, дзе атрымаць дапамогу пасля рэпрэсій, звяртайцеся на Гарачую лінію «Вясны». Аператары і аператаркі патлумачаць вам любую незразумелую сітуацыю наконт парушэння правоў чалавека з боку беларускіх уладаў, а таксама дадуць адказы на пытанні, што рабіць далей. Кансультаваннем займаюцца толькі валанцёры і валанцёркі. Усе яны знаходзяцца не ў Беларусі. Па некаторых пытаннях у нас ужо ёсць падрабязныя адказы: напрыклад, пра спатканні і перадачы ўжо можна прачытаць на сайце, гэта будзе карысна сваякам. 

Для аператыўнай кансультацыі і падтрымкі людзей, якія сутыкнуліся з парушэннем правоў чалавека па ўсёй краіне, звяртайцеся на @ViasnaSOS. Не забывайцеся прытрымлівацца правілаў бяспекі: ставіць таймер аўтавыдамлення, чысціць ліставанні.

2. Мне патрэбная юрыдычная кансультацыя

Шмат з тых, хто пакутуе ад рэпрэсій ў Беларусі, раней ніякім чынам не сутыкаўся з патрэбамі ў юрыдычнай кансультацыі. Юрыдычная служба «Вясны» кансультуе наконт палітычна матываванага адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу штодзень, без святаў і выходных. Таму ў юрыстаў і юрыстак «Вясны» ёсць ужо гатовыя адказы на большасць пытанняў пра рэпрэсіі, якія ўзнікаюць у той ці іншы момант у людзей. Толькі за 2023 год яны апрацавалі больш за 600 зваротаў ад людзей з усёй Беларусі.

Важна, што юрыдычная служба не толькі дае кансультацыі, але і дапамагае скласці скаргі і звароты ў дзяржаўныя органы.  

Больш за 2300 зваротаў.

Юрыдычная служба і Гарачая лінія "Вясны" падвялі вынікі сваёй працы за 2023 год

Юрысты і юрысткі «Вясны» ўжо падрабязна адказвалі на пэўныя пытанні. На сайце можна прачытаць, што рабіць, калі вас выклікаюць у якасці сведкі па крымінальнай справе, за данаты, ці калі ў вас адбываецца ператрусці можа падача апеляцыі ўзмацніць прысуд, ці варта абскарджваць рэпрэсіі на нацыянальным узроўні, як звярнуцца ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, якія абмежаванні могуць накладацца на чалавека пасля вызвалення, якія абмежаванні накладаюць на людзей са спісаў «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

Калі вы не знайшлі адказ на сваё пытанне, калі ласка, пішыце ў Юрыдычную службу «Вясны»: @zvarot96

3. Я хачу зафіксаваць сваю гісторыю, каб у будучыні злачынцы панеслі адказнасць

З часам людзі забываюць дэталі і падзеі, таму пры парушэнні правоў чалавека важна як мага хутчэй зафіксаваць усе дэталі гэтага як мага падрабязней. Зафіксаваць усе дэталі і мець доказы парушэння правоў чалавека ў будучыні, каб потым прыцягнуць вінаватых да адказнасці ў межах як нацыянальнай, так і міжнароднай юрысдыкцыі дапамагаюць праваабаронцы «Вясны», якія дакументуюць гісторыі ў межах Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці. У яе, акрамя "Вясны", уваходзяць Міжнародны камітэт па расследаванню катаванняў у Беларусі, Дацкі інстытут супраць катаванняў Dignity і міжнародная праваабарончая арганізацыя Redress. Напрыклад, людзі звяртаюцца да дакументатараў пасля вызвалення, каб зафіксаваць сваю гісторыю пераследу і катаванняў падчас зняволення.

Аддзел дакументавання збірае і надзейна захоўвае гісторыі людзей, якія пацярпелі ад дзеянняў сілавых структур. Дакументаванне жорсткага абыходжання – гэта збор фактаў шляхам аўдыё- і відэазапісу апавяданняў людзей, якія падвергліся маральнаму ці фізічнаму ціску, збіццю, катаванням з боку сілавых структураў органаў, а таксама пашкоджанню маёмасці або змяшчэнню ў дрэнных і бесчалавечых умовах у РУУС і/або месцах несвабоды.

"Мяне жорстка затрымалі, запалохвалі і пагражалі"

Як зафіксаваць парушэнні правоў?

Недахоп паветра, перапоўненая камера, ноч са святлом

Пра што беларусы распавядалі падчас дакументавання ў 2023 годзе.

Варта памятаць, што дакументаванне — гэта не публічны працэс, даныя выкарыстоўваюцца для праваабарончай працы. Толькі з вашай згоды пэўныя даныя могуць быць перададзеныя для публікацыі, аднак гэта не абавязкова. Вашыя гісторыі не захоўваюцца ў Беларусі, каманда рупліва дбае пра іх бяспеку. Як і пра псіхалагічную бяспеку людзей, якія вырашылі задакументаваць свае гісторыі, бо дакументаванне такога кшталту – гэта другасная траўматызацыя, таму мы прапануем людзям псіхалагічную дапамогу. Гэта частка чалавека арыентаванага падыходу. 

FAQ ад праваабаронцаў

"Мяне збівалі сілавікі. Што цяпер рабіць?"

Калі вы сутыкнуліся з парушэннем правоў чалавека, былі незаконна затрыманыя, пацярпелі ад катаванняў, гвалту (а ён бывае не толькі фізічны) ці жорсткага абыходжання з боку сілавікоў, сутыкнуліся з дрэннымі ўмовамі і бесчалавечным абыходжаннем у месцах зняволення, калі прайшлі праз вобшук ці допыт, ці калі сталі сведкам падобных падзей — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC . Email: viasnadoc@spring96.org.

4. Я хачу распавесці журналістам пра сваю гісторыю

Калі вы сутыкнуліся з парушэннем сваіх правоў, катаваннем і жорсткім абыходжаннем, вы можаце звярнуцца да журналістаў і журналістак «Вясны», якія напішуць пра гэта на сайт Праваабарончага цэнтру. «Гэта <апублічванне пераследу> хоць неяк рэабілітуе чалавека», — распавядаў былы палітвязнь Аляксандр Казакевіч, які расказаў «Вясне« сваю гісторыю. Яшчэ адзін палітвязень, які даваў ананімнае інтэрв’ю праваабарончаму сайту, адзначаў: «Калі мы будзем казаць пра гэта, то там яны будуць больш баяцца і стрымліваць сябе ў нейкіх момантах. А калі не казаць пра рэпрэсіі, то ў іх будуць развязаныя рукі… Калі мы гаворым пра рэпрэсіі, то яны могуць пачаць прэсаваць яшчэ больш, але не таму, што ты пра гэта кажаш, а таму што ім робіцца яшчэ страшней. Прэсуюць яшчэ больш, каб запалохваць людзей, каб яны маўчалі. На ланцугу гэтага страху ісці не трэба, бо нам будзе яшчэ горш. Трэба апублічваць усё, каб ім было страшней, каб сусветная супольнасць і людзі разумелі, што ў нас адбываецца. Калі пра гэта не казаць, то яны проста будуць забіваць у турмах...»

"Свет мусіць пра гэта ведаць"

Былыя вязні і праваабаронца пра статус палітвязня і апублічванне рэпрэсій.

Праваабаронца "Вясны": "Калі пра сітуацыю ў Беларусі не будуць ведаць звонку, то гэта яшчэ больш раскруціць спіраль рэпрэсій"

Канстанцін Старадубец падзяліўся з намі ўражаннямі і вынікамі візіту, а таксама распавёў пра важнасць адвакацыі беларускага пытання на міжнародным узроўні.

«Вясна» на сваім сайце распавядае пра палітвязняў, палітычныя суды, адміністрацыйны пераслед, умовы ўтрымання ў СІЗА і калоніях. У цэнтры Еўропы людзей катуюць і трымаюць у нечалавечых умовах за іх грамадзянскую пазіцыю, але большасць такіх гісторый замоўчваецца. Калі ласка, паведамляйце пра затрыманні, суды і ціск праваабаронцам. Па жаданні, ваша інфармацыя можа застацца ананімнай. Не маўчыце пра рэпрэсіі — дапамажыце паказаць свету маштаб катастрофы з правамі чалавека ў Беларусі!

Звязацца з інфармацыйнай службай «Вясны«: @Viasnainfo.

5. Мне патрэбная дапамога з перадачкамі

Калісьці «Вясна» пачыналася з таго, што Алесь Бяляцкі прапанаваў збіраць перадачкі затрыманым на пратэстах людзям. «Людзей арыштоўвалі, закідвалі на Акрэсціна. Ён тады заахвоціў маладых фронтаўцаў: „Давайце будзем збіраць усё, што можна – макароны, цукар, прадукты, каб перадаць сем’ям зняволеных, каб перадаць самім зняволеным. Вось з гэтага паўстала ўсё», — распавядала праваабаронца «Вясны« Алена Маслюкова. Ужо тады стала зразумела, што рэчы такога кшталту — першая патрэба сем’яў палітвязняў. «Нам, родным, маральна вельмі цяжка спраўляцца з гэтымі выпрабаваннямі. Страшна застацца сам-насам са сваімі праблемамі. Пакуль палітвязень знаходзіцца ў следчым ізалятары, пераводы, бандэролі, грашовыя пераводы – гэта тая магчымасць выказаць сваю салідарнасць з палітзняволеным, якой ужо няма ў калоніі. Таму варта ёй карыстацца», — распавядаюць сваякі палітвязняў.

Таму не маўчыце пра патрэбы палітзняволеных. Часам дапамога не знаходзіць адрасата, проста таму што пра ягоныя патрэбы не ведаюць. Таму не саромцеся звяртацца па дапамогу, для яе існуе шмат механізмаў. Калі вам цяжка зарыентавацца ва ўсёй магчымай дапамозе, пішыце нам на @ViasnaSOS, мы рапавядзем як і дзе бяспечна атрымаць дапамогу ў выпадку рэпрэсій.

6. Я выйшаў (-ла) з месцаў зняволення і цяпер не ведаю, што мне рабіць

«Калі выйдзеш <з турмы>, ты як тая рыба, выкінутая на бераг. Цяжка — у першыя дні я нават не мог узяць тэлефон ці прачытаць нешта на камп’ютары, гэта было псіхалагічна цяжка», — распавядаў праваабаронца Леанід Судаленка. «За тры гады я страціў зубы. Там няма стаматалагічнай дапамогі; ёсць людзі з аголенымі дзёснамі, якія не могуць жаваць ежу», — дадаў ён. Умовы ў беларускіх СІЗА і калоніях імкліва пагаршаюць фізічны і маральны стан нават здаровых людзей. 

«Шмат палітычных і выходзіць. Некаторыя разгубленыя, расчараваныя. Яны ўжо і не чакаюць падтрымкі аднекуль, але іх і важна падтрымліваць — нават проста збіраць грошы на першы час пасля калоніі», — распавядаў «Вясне» былы палітвязень.

За апошні год ва ўсёй Беларусі вызвалілася найменей 313 палітвязняў, штомесяц гэтая лічба павялічваецца на некалькі дзясяткаў чалавек. Усе яны патрабуюць хуткай рэабілітацыі — паправіць фізічнае здароўе, палепшыць псіхалагічны стан, проста адпачнуць пэўны час пасля жудасных умоваў. 

"Я, напэўна, проста памру тут"

Хто з палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі.

Апроч гэтага, большасць з палітвязняў вымушаная з’язджаць пасля вызвалення, асцерагаючыся новых рэпрэсій, таму яны наўпрост вымушаныя пачынаць новае жыццё. «З пункту гледжання звычайнай жанчыны з грамадзянскімі і прафесійнымі амбіцыямі я разумею, што я чалавек без статусу. Тут людзі майго ж веку не ўспрымаюць мяне як роўную, нават калі я звяртаюся на ламанай польскай, для мясцовых жыхароў я як быццам толькі праз гэта ўжо дурнейшая за іх. Мае дзве вышэйшыя адукацыі тут не дапамагаюць», — распавядала «Вясне» былая палітзняволеная. Таму для былых палітвязняў таксама вельмі важна мець пэўны «стартавы капітал», які дазволіў бы стаць на ногі і выдыхнуць перад тым, як пачынаць жыццё наноў у іншай краіне.

Для ўсяго гэтага патрэбныя немаленькія грошы, і за некалькі апошніх гадоў выклік вымусіў беларусаў і беларусак каардынавацца ў гэтым пытанні. Яны прыдумалі шмат спосабаў дапамогі людзям у такіх сітуацыях, пастаяння з’яўляюцца новыя, якія таксама акумулюць сродкі. Не заставайцеся сам-насам з гэтай сітуацыяй, карыстайцеся магчымасцямі дапамогі. Калі вы не ведаеце, як зарыентавацца ў прапановах ці сумняецеся, ці можна ім давяраць, звяртайцеся на гарачую лінію «Вясны», мы распавядзем, як атрымаць дапамогу бяспечна, а калі трэба — накіруем да іншых арганізацый, якія аказваюць дапамогу.

Псіхалагічная дапамога. Агляд артыкулаў

Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія.

__________________________________________________________________________

За некалькі гадоў у Беларусі беспрэцэдэнтная сітуацыя склалася не толькі ў масштабах палітычных рэпрэсій, але і ў салідарнасці людзей адно з адным. На агромністы запыт аб дапамозе імкліва адказваюць асобныя людзі і арганізацыі, таму што ў такія часы важна быць разам і побач. Сістэмная салідарнасць працуе, менавіта таму ўлады спрабуюць яе задушыць. 

«У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе», — сказаў у апошнім слове старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі.  Праваабаронца «Вясны» Павел Сапелка адзначаў: «Толькі наша салідарнасць і падзяка падтрымае палітвязняў, дасць ім разуменне каштоўнасці іх ахвяры; толькі наша памяць пра падзеі апошніх гадоў, памножаная на ўцягванне максімальнай колькасці людзей, якія падтрымліваюць ідэю свабоды і дэмакратыі, вяршэнства права і каштоўнасці правоў чалавека ў падтрымку палітвязняў, іх сем'яў, іншых ахвяр крымінальнага пераследу і іншых палітычных рэпрэсій, дапаможа нам супрацьстаяць намаганням таталітарных уладаў па ўсталяванні неабмежаванай улады, што пазбавіць надзеі на вызваленне палітвязняў і іх рэабілітацыю». Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны», а цяпер палітзняволеная Марфа Рабкова на судзе казала: «Я бачыла столькі добрых і светлых твараў, я бачыла столькі сапраўдных людзей, што ўпэўненая — мы абавязкова ўсё пераадолеем, па-іншаму проста быць не можа. Штораз, калі мы дапамагаем адно аднаму, клапоцімся, працягваем руку ўзаемадапамогі, выказваем салідарнасць, калі наша сэрца не глухое да чужога болю — мы набліжаем надыход нашай будучыні, нашай Беларусі. Не адчайвайцеся і верце ў сябе, у свае сілы! Праўда на нашым баку!»

Калі ў вас засталіся пытанні — звяртайцеся ў Праваабарончы цэнтр «Вясна» па згаданых вышэй кантактах, адпаведна з тэмай пытання і дапамогай, якая вам патрэбная.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
15 April 2024, 12:44 PM
Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
Беларуская прапаганда спрабуе ачарніць і крыміналізаваць грамадскі кантроль: у прыватнасці, назіранні за выбарамі і судамі. Разам з праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч разбіраемся, чаму гэта — не проста цалкам законнае права, але і абавязак жыхароў краіны.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
15 April 2024, 11:37 AM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
Савет па правах чалавека ААН сёлета 15 сакавіка апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
15 April 2024, 11:31 AM
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў.
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
15 April 2024, 11:13 AM
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou Дэвід Лега, Элізабэт Гётцэ, Лукас Мандл і Барбара Гізі сталі "хроснымі" Кацярыны Джыг, Таццяны Курылінай, Алега Завадскага і Юліі Лаптановіч.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці