Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў
Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі забраў у Беларускай асацыяцыі журналістаў даменнае імя Baj.by. Арганізацыя лічыць гэта найгрубейшым парушэннем права на ўласнасць і чарговым наступам на свабоду слова. БАЖ звяртаецца ў ICANN – Міжнародную Карпарацыю па кіраванні даменнымі імёнамі.
3 студзеня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі ажыццявіў рашэнне прыпыніць дэлегаванне даменнага імя Baj.by яго ўласніку нібыта ў сувязі з выяўленымі парушэннямі.
Зараз пры адкрыцці сайта з'яўляецца заглушка: «Доступ да рэсурсу абмежаваны ў сувязі з выкананнем рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятым на падставе Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі". Доступ да рэсурсу абмежаваны на аснове пункта 11 Палажэння аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх састаўных частак), змешчаных у глабальнай кап'ютарнай сетцы Інтэрнэт».
Раней ААЦ праз рэгістратара ТАА «Адкрыты кантакт» накіраваў ўладальніку дамена паведамленне аб неабходнасці падаць дакументы з пацвярджэннем дакладнасці асабістых звестак. Актыўныя дзеянні ўладаў у гэтым напрамку пачаліся адразу пасля апублікавання БАЖ пазіцыі адносна правядзення ў Мінску рэгіянальнага Форуму па кіраванні інтэрнэтам.
ТАА «Адкрыты кантакт» спачатку прапанавала ўладальніку дамена даслаць скан пашпарта на электронную пошту, але праз некалькі дзён паведаміла, што ААЦ настойвае на асабістым візіце ўладальніка ў офіс.
У адказ на гэта ўладальнік дамена (намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў) праінфармаваў ТАА «Адкрыты кантакт» пра тое, што Інструкцыя аб парадку рэгістрацыі даменных імёнаў у сетцы інтэрнэт не прадугледжвае «асабістыя візіты» ў офіс рэгістратара (даменамі ў зоне .by могуць валодаць нават замежныя асобы), а ўсе запатрабаваныя рэгістратарам дакументы былі прадстаўленыя, што пацвярджае сам рэгістратар.
Нягледзячы на гэта, ААЦ прыняў рашэнне пазбавіць БАЖ беларускага даменнага імя.
Нагадаем, што 29 снежня ў Беларусі анулявалі даменнае імя TUT.by, а таксама звязаныя з парталам дамены afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by.
«У пазбаўленні даменнага імя мы бачым нішто іншае, як рабаўніцтва. Акрамя абуральнага факту парушэння права на свабоду выказвання, беларускія ўлады парушылі яшчэ адно фундаментальная права — права на ўласнасць.
Амаль 20 гадоў сусветнапрызнаная Беларуская асацыяцыя журналістаў мела сайт на гэтым дамене і праз сайт прасоўвала каштоўнасці правоў чалавека, стандарты журналісцкай працы і права на выказванне. І ўсе гэтыя 20 гадоў ішла вайна ўладаў Беларусі са свабодай слова.
Але нават такія яе абвастрэнні, як прамое рэйдарства, не прывядуць да спынення актыўнасці незалежных медыя і не пазбавяць беларусаў праўдзівых крыніц інфармацыі. БАЖ не дазволіць уладам легітымізаваць рэпрэсіі, дзяржаўную цэнзуру і ціск на незалежныя медыя.
Захопніцкія дзеянні ўладаў парушаюць сусветныя правілы адміністравання даменаў, таму БАЖ праінфармуе ICANN — Міжнародную Карпарацыю па кіраванні даменнымі імёнамі — і будзе разлічваць на адпаведную ацэнку інцыдэнту на сусветным узроўні.
Гэта не першы выпадак даменнага рэйдарства з боку дзяржавы ў дачыненні да незалежных медыя. З упэўненасцю можна сказаць, што мець дамен у Беларусі цяпер проста небяспечна для любога бізнесу. І ніводная кампанія ці бізнес не застрахаваныя ад знішчэння праз адабранне дамена дзяржавай па надуманых прычынах.
Байнэт дыскрэдытаваны і небяспечны не толькі для незалежных медыя, але і для любога бізнесу, які можа стаць наступным», — каментуе сітуацыю намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік інфармацыйнага аддзела Барыс Гарэцкі.
Важна!
Ад сёння мы пазбаўленыя магчымасці кантраляваць сайт Baj.by і любыя электронныя скрыні ў дамене @baj.by.
Мы не ведаем, як улады будуць выкарыстоўваць іх далей, таму просім не заходзіць на стары сайт, не пісаць і не адказваць на любыя электронныя паведамленні з электронных скрыняў @baj.by.
Гэта не БАЖ!
Мы рыхтаваліся да такой сітуацыі яшчэ з траўня 2023 года і ўжо тады пераехалі на новы міжнародны дамен Baj.media.
Асноўная паштовая скрыня арганізацыі і рэдакцыі сайта: office@baj.media
Адрас для міжнародных кантактаў: intercomm@baj.media