Заклікаем да салідарнасці з палітвязнямі і ахвярамі ўсіх формаў палітычнага пераследу

23 May 2023, 11:17 AM
Заклікаем да салідарнасці з палітвязнямі і ахвярамі ўсіх формаў палітычнага пераследу

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі ў Дзень палітвязняў

Мы, беларускія праваабаронцы, нагадваем, што 21 траўня 2021 года ў ПКТ шклоўскай папраўчай калоніі № 17 загінуў палітвязень Вітольд Ашурак; аб'ектыўнага незалежнага расследавання яго смерці ўладамі не праведзена. Гэта трагічная падзея ў сукупнасці з крымінальнымі рэпрэсіямі, якія працягваюцца ў Беларусі па палітычных матывах, далі падставу да таго, каб у першую гадавіну падзеі, 21 траўня 2022 года зноў нагадаць пра больш за 1200 палітвязняў, якія знаходзіліся тады ў няволі, многія з якіх таксама сталі ахвярамі катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, абвясціўшы гэты дзень Днём палітвязняў у Беларусі.

За мінулы пасля пачатку прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года час 2291 чалавек, у тым ліку 381 жанчына прызнаныя палітвязнямі беларускай праваабарончай супольнасцю. 1525 з іх, у тым ліку 171 жанчына, знаходзяцца цяпер у месцах пазбаўлення волі ў сувязі з перакананнямі, негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, з-за негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, альбо пры наяўнасці палітычных матываў пераследу: пазбаўленыя волі ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, альбо на аснове фальсіфікацыі доказаў правапарушэння, альбо пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння, альбо такім чынам, што працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, альбо былі пазбаўленыя волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Незадоўга да Дня палітвязняў, 5 траўня гэтага года ў віцебскай калоніі № 3 памёр палітвязень, чалавек з інваліднасцю Мікалай Клімовіч, асуджаны да пазбаўлення волі за ўхвальную рэакцыю ў сацыяльнай сетцы на карыкатурную выяву А. Лукашэнкі. Гэта трагічная падзея зноў прымушае нагадаць, што да ліку парушаемых палітычна матываванымі прысудамі правоў дадаецца права на жыццё, што асабліва актуальна для больш як сотні вядомых нам людзей з інваліднасцю, цяжкімі захворваннямі, пажылых людзей сярод палітвязняў.

Мы падкрэсліваем, што спыненне рэпрэсій і вызваленне палітвязняў з'яўляюцца безумоўнымі і неад'емнымі ўмовамі для пачатку любога сапраўднага палітычнага дыялогу, аднаўлення нацыянальнай згоды перад тварам пагрозы страты беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту ў святле геапалітычных працэсаў апошніх гадоў.

Мы перакананыя ў тым, што менавіта на беларускіх уладах ляжыць абавязак вярнуць сапраўдныя функцыі права, забяспечыць адпаведнасць нацыянальнага закона і правапрымяняльнай практыкі міжнародным абавязацельствам Беларусі і агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права.

Мы абураныя тым фактам, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў, пракуратуры, падраздзяленняў Следчага камітэта і больш за траціну беларускіх суддзяў з усведамленнем уласнай ролі ў супрацьпраўных працэсах ўцягнуліся ў пераслед і пазбаўленне волі па палітычных матывах. З улікам таго, што іх дзеянні пацягнулі зняволенне ў турму і іншае жорсткае пазбаўленне волі мноства асобаў, сур'ёзна абмяжоўваюць у парушэнне нормаў міжнароднага права свабоду тысяч людзей з пункту гледжання ажыццяўлення асноватворных правоў, а ў якасці аб'екта для пераследаў абраная група асоб па палітычных матывах, у рамках шырокамаштабнага і сістэматычнага нападу на грамадзянскае насельніцтва, яны з'яўляюцца злачынствамі па міжнародным праве, іх выканаўцы будуць немінуча пераследвацца ў крымінальным парадку.

Звяртаючыся да суайчыннікаў і суайчынніц, мы заклікаем да салідарнасці з усімі палітвязнямі і людзьмі, падвергнутымі крымінальнаму, адміністрацыйнаму і іншым відам палітычнага пераследу. Пакуль не дасягнута мэта іх вызвалення і спынення пераследу, наша агульная дапамога і падтрымка – гэта тое нямногае, што мы можам супрацьпаставіць намаганням бяздушнай бязлітаснай тыраніі.

У сувязі з гэтым мы нагадваем уладам Беларусі пра нашы патрабаванні аб вызваленні ўсіх без выключэння палітвязняў, пераглядзе ўсіх палітычна матываваных спраў, спыненні пераследу грамадзян за мірнае ажыццяўленне сваіх палітычных і грамадзянскіх правоў, аб іх абароне ад парушэнняў і рэабілітацыі, а таксама рашуча пратэстуем супраць працягу палітыкі рэпрэсій і парушэнняў правоў чалавека.

Акрамя таго, мы па-ранейшаму патрабуем правядзення эфектыўнага расследавання ўсіх звязаных з пераследам пратэстоўцаў і іншадумцаў выпадкаў гібелі людзей і катаванняў, актаў жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, устанаўлення і прыцягнення да адказнасці вінаватых.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН.

See more news

Власти Грузии и Республики Сербской должны навсегда отказаться от законов, подавляющих независимое гражданское общество
18 April 2024, 10:47 AM
Власти Грузии и Республики Сербской должны навсегда отказаться от законов, подавляющих независимое гражданское общество
Фонд Домов прав человека и членские организации Сети Домов прав человека призывают парламент Грузии и Народную скупщину Республики Сербской отказаться от законопроекта об "иностранных агентах".
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Павел Ліпневіч і іншыя)
15 April 2024, 10:50 AM
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Павел Ліпневіч і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Сяргея Якубёнка, Ігара Новіка, Сяргея Соца, Паўла Ліпневіча, Яўгена Хамянкова, Паўла Казінцава, Сяргея Ільіна, Сяргея Зелянкова, Аляксандра Бародзіча, Іллю Шамілава, Арцёма Коласава, Ігара Іванова, Ігара Жука, Наталлю Рамашову і спыніць іх крымінальны пераслед.
Заява аб прызнанні 13 чалавек палітычнымі зняволенымі (Дзіяна Кішкарэнка і іншыя)
15 April 2024, 10:20 AM
Заява аб прызнанні 13 чалавек палітычнымі зняволенымі (Дзіяна Кішкарэнка і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Дзіяну Кішкаренка, Анастасію Юманаву, Вольгу Патрусаеву, Дзмітрыя Кучука, Міхаіла Петраша, Юрыя Хаванскага, Піліпа Сцёпіна, Яўгена Цыбульку, Вячаслава Баравіка, Дзмітрыя Шчамера, Андрэя Анпілогава, Івана Дыдышку, Сяргея Крука і спыніць іх крымінальны пераслед.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці