На фота: Андрэй Паднябенны
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
22 ліпеня 2022 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя са зняволеннем на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў пратэстоўцаў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што на думку міжнародных арганізацый павінна ўкладвацца ў гэта паняцце.
У адпаведнасці з рэзалюцыяй 1566 (2004) 2004 Савета Бяспекі, дзеянні, якія павінны прадухіляцца і карацца незалежна ад таго, ці апраўдваюцца яны меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага ці іншага падобнага характару, маюць наступныя тры характарыстыкі:
здзяйсняюцца, у тым ліку супраць грамадзянскіх асобаў, з намерам прычыніць смерць ці сур'ёзную шкоду здароўю ці захапіць закладнікаў;
здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, ці групы людзей, ці асобных асобаў, запалохаць насельніцтва ці прымусіць урад ці міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне ці ўстрымацца ад яго здзяйснення;
уяўляюць сабою злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.
Мы ўпэўнены, што ў адсутнасць гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і павінны кваліфікавацца як злачынствы супраць маёмасці з ужываннем санкцый, якія адпавядаюць цяжкасці і грамадскай небяспецы зробленага.
Разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым судовым пасяджэнні груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальнай ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там ні было доказаў абвінавачвання.
Нам вядома пра асуджэнне:
Андрэя Паднябеннага ў закрытым судовым пасяджэнні паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці) за спробу падпалу кола аўтакрана ў 2019 годзе, паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) за стварэнне і адміністраванне тэлеграм-канала, паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) за падпал аўтамабіля першага намесніка начальніка абласнога Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў, пракол колаў у 39 тралейбусаў да пазбаўлення волі тэрмінам на 15 гадоў у папраўчай калоніі;
Дзмітрыя Нешты паводле ч. 1. арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) і паводле ч. 1 арт. 289 КК (акт тэрарызму) за падпал трыма "кактэйлямі Молатава" аўтамабіляў, якія належаць вайскоўцам адной з вайсковых частак.
Таксама мы зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.
Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс незаконных рэпрэсій і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці. У прыватнасці, асуджаны:
Анатоль Яскевіч паводле ч. 1. арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы) за размяшчэнне ў сацыяльнай сетцы і відэахостынгу Tik-Tok відэазваротаў з выкарыстаннем навіны пра крушэнне вайсковага самалёта ў горадзе Баранавічы і гібелі дваіх лётчыкаў, а таксама паводле ч. 2 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі ў відэаазваротах да зняволення тэрмінам на 4 гады і 6 месяцаў у папраўчай калоніі;
Аляксандр Францкевіч паводле арт. 364 КК (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў і яго блізкіх у мэтах перашкаджэння яго законнай дзейнасці, прымусу да змены характару гэтай дзейнасці, з помсты за выкананне службовай дзейнасці); арт. 365 (уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам пагрозы знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці); ч. 1 арт. 366 (пагроза гвалтам у дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, у мэтах перашкаджэння законнай дзейнасці, прымусу да змены характару гэтай дзейнасці і з помсты за выкананне службовых абавязкаў); ч. 1 арт. 368 (публічная абраза А. Лукашэнкі); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады і яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненае праз размяшчэнне інфармацыі ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт); арт. 389 (пагроза забойствам у дачыненні да суддзі, здзейсненая ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя); арт. 391 (абраза суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя) за каментары ў тэлеграм-каналах да 4 гадоў і 6 месяцаў зняволення ў папраўчай калоніі;
Андрэй Дзенісенка паводле арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) за паведамленні ў тэлеграм-каналах да 4 гадоў зняволення;
Іван Губчык паводле арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы) за відэаролікі з развагамі пра прычыны жорсткасці ўладаў, заклікамі да прадстаўнікоў улады задумацца пра будучыню, заклікамі да пратэстоўцаў не ўжываць празмерны гвалт, асабліва да шараговых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, у Tik-Tok да 4 гадоў і 6 месяцаў зняволення.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.
Судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя. Паказаныя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметаў. Іх дзеянні не пацягнулі і не маглі пацягнуць цяжкіх наступстваў для пацярпелых.
У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах. Як правіла, каментары былі напісаны ў сувязі з інфармацыяй пра супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў МУС у дачыненні да мірных пратэстоўцаў.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:
a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Андрэя Паднябеннага, Дзмітрыя Нешты, Анатоля Яскевіча, Аляксандра Францкевіча, Андрэя Дзенісенкі, Івана Губчыка. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі ПЭН;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.