Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 9 палітычных зняволеных (Мікалай Аўтуховіч і іншыя)

24 October 2022, 7:55 AM
Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні 9 палітычных зняволеных (Мікалай Аўтуховіч і іншыя)

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

18 кастрычніка 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя са зняволеннем на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павінна ўкладвацца ў гэта паняцце.

Пад тэрарызмам у міжнародным праве звычайна разумеюцца акты гвалту, якія здзяйсняюцца ў адносінах да грамадзянскага насельніцтва ў палітычных ці ідэалагічных мэтах.

У Дэкларацыі аб мерах па ліквідацыі міжнароднага тэрарызму, сфармуляванай у рэзалюцыі 49/60, Генеральная Асамблея заявіла, што тэрарызм уяўляе сабою "злачынныя акты, накіраваныя ці разлічаныя на стварэнне абстаноўкі тэрору сярод шырокай грамадскасці, групы асоб ці пэўных асоб у палітычных мэтах".

У адпаведнасці з рэзалюцыяй 1566 (2004)2004 Савета Бяспекі, дзеянні, якія павінны прадухіляцца і карацца незалежна ад таго, ці апраўдваюцца яны меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага ці іншага падобнага характару, маюць наступныя тры характарыстыкі:

- здзяйсняюцца, у тым ліку, супраць грамадзянскіх асоб, з намерам прычыніць смерць ці сур'ёзную шкоду здароўю ці захапіць закладнікаў;

- здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, ці групы людзей, ці асобных асоб, запалохаць насельніцтва або прымусіць урад ці міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне ці ўстрымацца ад яго здзяйснення;

- уяўляюць сабой злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.

У адсутнасць гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і павінны кваліфікавацца як злачынствы супраць парадку кіравання (пагроза ўжывання гвалту супраць службовых асоб) ці супраць уласнасці (напрыклад, наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці) з ужываннем санкцый, якія адпавядаюць цяжкасці і грамадскай небяспецы здзейсненага.

Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым ці фактычна ў закрытым судовым пасяджэнні ў адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і крытычна дыскрэдытуе ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці доказаў абвінавачвання.

Нам вядома пра асуджэнне ў закрытым судовым пасяджэнні паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі (частка 2 артыкула 290-4 КК), акце тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча (частка 1 артыкула 359 КК), закліках да мер абмежавальнага характару (частка 3 артыкула 361 КК), удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць парадак (частка 1 артыкула 342 КК), распальванні сацыяльнай варажнечы (частка 3 артыкула 130 КК) і знішчэнні ці пашкоджанні чужой маёмасці (частка 1 артыкула 218 КК), што, згодна з версіяй абвінавачвання, выявілася ў розным спалучэнні ў абвінавачаных: ва  ўдзеле ў прызнанай тэрарыстычнай ініцыятыве "Супраціў" і яе складовай частцы "Буслы ляцяць"; удзеле ў акцыях пратэсту; пашкоджанні аўтамабіля суддзі Барысаўскага раёна і супрацоўніка праўладнага СМІ; кіданні камянёў у вокны кватэры супрацоўніка пракуратуры і праўладнай актывісткі; пашкоджанні элементаў сістэмы вулічнага відэаназірання:

Андрэя Будая да пазбаўлення волі на тэрмін пятнаццаць гадоў у папраўчай калоніі і штрафу ў 16 000 беларускіх рублёў;

Аляксея Гамезы да пазбаўлення волі на тэрмін чатырнаццаць гадоў і шэсць месяцаў папраўчай калоніі і штрафу ў 16 000 беларускіх рублёў;

Аляксея Іванісава да пазбаўлення волі на тэрмін чатырнаццаць гадоў у папраўчай калоніі і штрафу ў 16 000 беларускіх рублёў;

Аляксандра Мураўёва да пазбаўлення волі на тэрмін дванаццаць гадоў у папраўчай калоніі;

Аляксандра Сідарэнкі да пазбаўлення волі на тэрмін дванаццаць гадоў у папраўчай калоніі;

Мікалая Бібліса да пазбаўлення волі на тэрмін восем гадоў і шэсць месяцаў у папраўчай калоніі і штрафу ў 9 600 беларускіх рублёў.

Аляксей Гамеза і Аляксей Іванісаў ужо прызнаныя палітзняволенымі пасля змяшчэння іх пад варту першапачаткова паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў групавых дзеяннях; вынясенне прысуду па гэтым абвінавачванні ў закрытым судовым пасяджэнні не змяняе ацэнак праваабаронцаў.

Акрамя таго, нам вядома пра вынясенне прысуду ў дачыненні да Юрыя Зянковіча, Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты, Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука. В. Галубовіч і Д. Краўчук асуджаны за ўдзел у пратэсных мірных сходах да пазбаўлення волі тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў, раней прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі. Р. Кастусёў і А. Фядута асуджаныя за ўдзел у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам да дзесяці гадоў пазбаўлення волі, раней прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі з патрабаваннем забеспячэння справядлівага разгляду справы ў судзе і змены меры стрымання. З улікам акалічнасцяў, пры якіх былі здзейсненыя дзеянні абвінавачаных (адсутнасць легітымнай, канстытуцыйна і дэмакратычна абранай, прызнанай народам Беларусі і міжнароднай супольнасцю ўлады, часта ўтапічныя, непрыдатныя да рэалізацыі планы "змоўшчыкаў", правакацыя злачынства з боку прадстаўнікоў улады), а таксама шматлікія парушэнні правоў абвінавачаных на справядлівы суд (парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, адсутнасць незалежнага аб'ектыўнага разгляду довадаў у абарону абвінавачаных), вынікам якіх сталі відавочна занадта жорсткая кваліфікацыя і селектыўна празмерна жорсткія пакаранні, мы лічым неабходным захаваць свае ацэнкі і патрабаванні.

У дачыненні да Юрыя Зянковіча мы таксама лічым неабходным з гэтых жа прычынаў патрабаваць перагляду прысуду.

17 кастрычніка 2022 года вынесены прысуд у дачыненні да:  

Мікалая Аўтуховіча, якім ён паводле ч. 3 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй); ч. 1 арт. 14  і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам); ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве); ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы); ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь); ч. 1 арт. 14 , ч. 1 арт. 290-2 КК (замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць); ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго); ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, у тым ліку падрыхтоўка да такіх дзеянняў); ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перасоўванне праз мытную мяжу ЕАЭС і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад); ч. 1 арт. 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) асуджаны да дваццаці пяці гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 32 000 беларускіх рублёў;

Паўла Савы, якім ён паводле ч. 2 арт. 285 КК і ч. 3 арт. 289 КК  асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на дваццаць гадоў у папраўчай калоніі і штрафу;

Віктара Снегура, якім ён паводле ч. 2 арт. 285 КК, ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357, ч. 4 арт. 295 КК, ч. 3 арт. 333-1 КК асуджаны да пазбаўлення волі тэрмінам на дзевятнаццаць гадоў у папраўчай калоніі і штрафу;

Ірыны Гарачкінай, якім яна паводле ч. 3 арт. 295 КК і ч. 1 арт. 405 КК (укрывальніцтва цяжкага злачынства) асуджана да пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў і адзін месяц у папраўчай калоніі і штрафу.

Гэтым жа прысудам асуджаны да пазбаўлення волі Вольга Маёрава, Уладзімір Гундар, Сяргей Рэзановіч, Любоў Рэзановіч, Павел Рэзановіч, Галіна Дзербыш, Ірына Мельхер, якія раней былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітычнымі зняволенымі з патрабаваннем забеспячэння справядлівага разгляду справы ў судзе і змены меры стрымання.

Паказаныя патрабаванні выкананы не былі, судовы разгляд у дачыненні да ўсіх абвінавачаных адбыўся з надзвычай грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага суда і працэсуальных правоў абвінавачаных, у адсутнасць незалежнасці і аб'ектыўнасці, фактычна ў закрытым і часткова — у закрытым судовым пасяджэнні, ва ўмовах ігнаравання судом заяў абвінавачаных пра ўжыванне катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, у адсутнасць сапраўднай спаборнасці бакоў і бесстаронняй ацэнкі доказаў.

Гэта пацягнула (або выкарыстоўвалася дзеля ўтойвання сапраўдных нагодаў прымяніць) неправамерна жорсткую кваліфікацыю дзеянняў усіх абвінавачаных і прызначэнне ўсім ім надзвычай суровага пакарання.

Такім чынам, у нас няма падставаў змяняць ацэнкі і патрабаванні да прысуду ў дачыненні да абвінавачаных, ужо прызнаных палітвязнямі; адначасова ў сувязі з вышэйпададзенымі акалічнасцямі з'явіліся падставы патрабаваць перагляду прысуду ў дачыненні да астатніх абвінавачаных.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, не апраўдваючы дапушчальнасць выкарыстання абвінавачанымі гвалтоўных і небяспечных метадаў, тым не менш сукупнасць выкладзеных акалічнасцяў дазваляе прыйсці да высновы пра існаванне палітычнага матыву пераследу абвінавачаных. Мы лічым, што судовыя рашэнні прынятыя з палітычных матываў у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.

У чарговы раз падкрэсліваем, што характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  1. a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  2. d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Андрэя Будая, Аляксандра Мураўёва, Аляксандра Сідарэнкі, Мікалая Бібліса, Юрыя Зянковіча, Мікалая Аўтуховіча, Паўла Савы, Віктара Снегура, Ірыны Гарачкінай. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;

  • вызваліць згаданых палітвязняў;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН;

БАЖ;

Human Constanta;

Lawtrend.

See more news

Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
25 August 2024, 12:01 PM
Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі (Аляксей Кісялёў і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Антона Станкевіча, Аляксея Кісялёва, Наталлю Жыгар, Наталлю Давыдуліну, Віталя Лескаўца, Ягора Волкава, Ігара Нажэева.
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
25 August 2024, 11:38 AM
Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі (Станіслаў Шапель і іншыя)
Мы заяўляем, што пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі.
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
25 August 2024, 11:22 AM
Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі (Зміцер Шалак і іншыя)
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед.
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
13 August 2024, 8:13 AM
Патрабуем рэабілітацыі 22 былых палітычных зняволеных (Павел Башынскі і іншыя)
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў, права на асацыяцыю і свабоду выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых грамадска-значных падзей.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці