17 верасня пачынаецца міжнародная кампанія салідарнасці ў падтрымку зняволеных праваабаронцаў “Вясны” - #FreeViasna.
Расказваем, як да яе далучыцца ў Беларусі і па-за межамі.
Гэтая дата абраная не выпадкова: 17 верасня 2020 года па дарозе дадому з урачыстага ўручэння прэміі імя Яна Карскага была затрыманая прадстаўніца "Вясны" Марфа Рабкова. На працягу году ціск на праваабаронцаў толькі ўзмацняўся: было ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, праводзіліся шматлікія ператрусы, сябраў “Вясны” затрымлівалі, а некаторых пры гэтым збівалі, выклікалі на допыты нават тых, хто даўно не мае дачынення да арганізацыі.
Сёння за кратамі сямёра вясноўцаў:
старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі;
намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч;
каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч;
каардынатарка Валанцёрскай службы Марфа Рабкова;
кіраўнік Гомельскага аддзялення "Вясны" Леанід Судаленка;
валанцёрка з Рэчыцы Таццяна Ласіца;
валанцёр з Мінску Андрэй Чапюк.
Шмат год яны дапамагалі людзям у адстойванні і абароне іх правоў і грамадскіх інтарэсаў, аналізавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, рыхтавалі і падавалі скаргі і справаздачы ў ААН, прымалі ўдзел у яе сесіях, выпрацоўвалі рэкамендацыі да ўладаў Беларусі, падтрымлівалі стасункі з праваабарончымі арганізацыямі ўсяго свету, атрымоўвалі прэстыжныя ўзнагародны за сваю дзейнасці. А цяпер – салідарнасць і падтрымка патрэбная ім самім!
Мы заклікаем далучыцца да кампаніі па іх вызваленні і зрабіць тыя дзеянні, якія вам даступныя:
арганізаваць мітынг, шэсце ці пікет 17 верасня ў падтрымку “вясноўцаў”;
распаўсюджваць інфармацыю пра зняволеных праваабаронцаў і кампанію па іх вызваленні #FreeViasna;
зрабіць фота з банэрамі, постэрам кампаніі і размясціць у сацыяльных сетках з хэштэгам #FreeViasna;
напісаць адкрыты ліст да зняволеных праваабаронцаў і даслаць яго на пошту freeviasna@gmail.com (мы змесцім яго ў нашых сацсетках);
падпісаць паштоўкі салідарнасці і наўпрост даслаць іх “вясноўцам” (у тым ліку можна зрабіць гэта праз Майстэрню паштовак салідарнасці);
прыдумаць і рэалізаваць іншае дзеянне з патрабаваннем аб вызваленні праваабаронцаў “Вясны”.
Хто такія праваабаронцы?
Праваабаронцы – людзі, якія індывідуальна ці сумесна выступаюць у абарону грамадскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных правоў і асноўных свабодаў на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях, з’яўляюцца пасярэднікамі паміж дзяржавай і грамадзянамі – абараняюць правы апошніх, калі яны парушаюцца прадстаўнікамі дзяржавы. У сваёй дзейнасці праваабаронцы кіруюцца прынцыпамі ўніверсальнасці правоў чалавека для ўсіх без якога-небудзь адрознення і абараняюць правы чалавека мірнымі сродкамі.