Ад жніўня-2020 і да сёньня: злачынствы супраць чалавечнасьці?

20 March 2024, 2:45 PM
Ад жніўня-2020 і да сёньня: злачынствы супраць чалавечнасьці?

Фота: Менск, 2020. ITAR-TASS

Адмыслова для Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава экспэрт зладзіў дасьледаваньне дзеяньняў беларускіх уладаў як рэакцыю на выбарчую кампанію 2020 года, каб адказаць на пытаньне: ці можна назваць гэтыя рэпрэсіі міжнародным тэрмінам “злачынствы супраць чалавечнасьці”.

Выбарчая кампанія ў Беларусі ў 2020 годзе паклала пачатак рэпрэсіям, роўным якіх не было ў гісторыі сучаснай Беларусі. Як ахарактарызаваць гэтыя рэпрэсіі з пункту гледжаньня міжнароднага права? Ці можна назваць іх тэрмінам “злачынствы супраць чалавечнасьці”?

Гэтае пытаньне адмыслова для БДПЧ дасьледаваў экспэрт А.С. (у мэтах бясьпекі імя не названае).

Таксама ў дасьледаваньні апісанае і тое, якія мэханізмы выкарыстоўваліся і выкарыстоўваюцца сёньня ў сьвеце для пакараньня вінаватых у падобных злачынствах.

У гэтым артыкуле мы скарочана і спрошчана (апускаючы юрыдычныя тэрміны з захаваньнем і тлумачэньнем іх сутнасьці) пераказваем дасьледваньне.

З поўным тэкстам дасьледаваньня вы можаце азнаёміцца па спасылцы.

Дамо слова аўтару:

"Актуальнасьць тэмы абумоўленая тым, што цалкам няма хоць нейкай адказнасьці з боку вінаватых - прадстаўнікоў аўтарытарнай ўлады Беларусі - за падзеі, зьвязаныя са жніўнем-2020. Мала таго, што вінаватыя ў злачынствах пачуваюцца беспакаранымі - яны яшчэ і не спыняюцца. Мы чытаем пра новыя затрыманьні штодня, пра новыя формы перасьледу нязгодных з палітыкай дэ-факта ўладаў. Мне, як юрысту, складана бачыць тое, што адбываецца ў Беларусі, калі я бачу руйнаваньне прынцыпаў права. Палітычныя рэпрэсіі распаўсюджваюцца ня толькі на апанэнтаў улады, але і на ўсіх, хто выказвае найменшы сацыяльны пратэст.

Адным з прынцыпаў права ёсьць няўхільнасьць адказнасьці. Вельмі рэдка кажуць пра тое, што парушэньнем правоў чалавека ёсьць таксама і адсутнасьць дзейных мэханізмаў прыцягненьня вінаватых да адказнасьці. Я перакананы, што менавіта міжнародныя мэханізмы даюць нам спадзеў на справядлівыя суды над усімі вінаватымі".

ЯК ПРАВІЛЬНА: “СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЧНАСЬЦІ” ЦІ “СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЦТВА”?

Напэўна, вы сустракалі абодва варыянты, і цяпер вагаецеся, які зь іх слушны: “злачынствы супраць чалавечнасьці” ці “злачынствы супраць чалавецтва”?

У дасьледаваньні аўтар пазбаўляе чытачоў усялякіх сумневаў: тлумачыць, адкуль зьявілася блытаніна (з розных перакладаў таго самага выразу “crimes against humanity”) і чаму варта аддаць перавагу тэрміну “злачынствы супраць чалавечнасьці”.

КАЛІ ЗЬЯВІЎСЯ ПАНЯТАК “ЗЛАЧЫНСТВЫ СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЧНАСЬЦІ”

Галоўнае, што трэба ведаць пра злачынствы супраць чалавечасьці – тое, што яны маюць дачыненьне да міжнароднага права, а не таго, якое дзейнічае ўсярэдзіне краіны (нацыянальнага). Гэта значыць, што такія злачынствы судзяць не нацыянальныя суды, а спэцыяльна створаныя міжнародныя органы, у якія ўваходзяць прадстаўнікі розных краінаў.

Злачынствы супраць чалавечнасьці – адносна новы панятак; першыя спробы кваліфікаваць злачынствы па такой прыкмеце адбыліся на пачатку ХХ стагодзьдзя. Аўтар дасьледаваньня распавядае, калі ўпершыню былі згаданыя “злачынствы супраць чалавечнасьці” – гэта Канвэнцыя аб законах сухапутнай вайны 1907 года: сам тэрмін у Канвэнцыю не ўвайшоў, але была асобная прапанова згадаць такія злачынствы ў прэамбуле.

Як мы бачым, само ўяўленьне аб злачынствах супраць чалавечнасьці фармавалася ў зьвязку з вайной. 

І першы міжнародны дакумэнт, які ўтрымліваў вызначэньне “злачынстваў супраць чалавечнасьці” – гэта Статут усім вядомага Нюрнбэргскага трыбунала.

Статут Міжнароднага ваеннага трыбунала. 8 жніўня 1945 г.

Апублікавана: Нюрнбергский процесс. Сборник материалов в 8-ми томах. М., 1987–1999. Т. 8. С. 146–153.

Да таго ў міжнароднай практыцы не было закона, па якім можна было б асудзіць індывіда, вінаватага ў масавай гібелі людзей, калі гэты індывід дзейнічаў ад імя дзяржавы.

З улікам досьведу Нюрнбергскага трыбунала, злачынствы супраць чалавечнасьці ўвайшлі ў юрысдыкцыю наступных міжнародных трыбуналаў: па былой Югаславіі і па Руандзе, іх прымянялі і міжнародныя суды, якія разглядалі злачынствы ў Сьера-Лэонэ, Камбоджы, Усходнім Тымары.

Адбылася істотная зьмена ў разуменьні, што такое злачынствы супраць чалавечнасьці. Нюрнбергскі трыбунал разглядаў іх як ваенныя. А наступныя міжнародныя суды – ужо аддзялілі іх ад вайны.

Ад таго моманту ў юрыспрудэнцыі ўважалася, што і без вайны можна здзейсьніць злачынствы супраць чалавечнасьці: гэта шырокамаштабны ці сыстэматычны напад на мірных людзей паводле нацыянальных, палітычных, этнічных, расавых ці рэлігійных матывах. Такія напады могуць мець рознай формы: забойствы, вынішчэньне, прыгон, дэпартацыя, заключэньне ў турму, катаваньні, згвалтаваньні, палітычны перасьлед і іншыя бесчалавечныя акты.

Такое разуменьне замацаванае цяпер у Статуце Міжнароднага крымінальнага суду – ён называецца Рымскі статут. Міжнародны крымінальны суд пашырыў разуменьне злачынстваў супраць чалавечасьці: ён далучыў да вызначэньня і гвалтоўныя зьнікненьні людзей, і апартэід.

На сёньня адзінага азначэньня злачынстваў супраць чалавечнасьці пакуль няма, і ў пэрспэктыве можна было б чакаць прыняцьце асобнай канвэнцыі, прысьвечанай гэтым злачынствам, дзе канчаткова будуць сфармуляваны і вызначэньне злачынстваў супраць чалавечнасьці, і іх прыкметы.

ЧЫМ ЗЛАЧЫНСТВЫ СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЧНАСЬЦІ АДРОЗЬНІВАЮЦЦА АД ІНШЫХ ЗЛАЧЫНСТВАЎ?

Злачынства ў нацыянальных законах і злачынства ў міжнародным крымінальным праве – ня тое самае. Злачынствы супраць чалавечасці – больш небясьпечныя для грамадства, і наступствы ад іх маюць большы маштаб.

Як зразумець, што было зьдзейсьнена: злачынства супраць чалавечнасьці ці злачынства, якое можна вырашыць нацыянальным крымінальным законам? Якое злачынства можа асудзіць нацыянальны суд унутры краіны, а для якога патрэбная міжнародная супольнасьць?  Тут нам дапамагае Рымскі статут.

З дапамогай Рымскага статуту вы нават зможаце самастойна прааналізаваць, ці можна назваць, напрыклад, рэпрэсіі, якія чыняць беларускія ўлады, злачынствамі супраць чалавечнасьці.

Вам трэба ведаць названыя ў Рымскім статуце чатыры крытэры, якія адмяжоўваюць злачынствы супраць чалавечнасьці ад агульнакрымінальных:

1.цяжкасьць, абумоўленая аб’ектам злачынства – жыцьцё, здароўе чалавека і ягоная фізычная недатыкальнасьць ў масавым маштабе – гэта значыць, злачынствы супраць чалавечнасьці заўжды замахваюцца на жыцьцё і на здароўе чалавека, на ягоную фізычную недатыкальнасьць;

2.масавы характар – злачыствы супраць чалавечнасьці цягнуць шмат ахвяраў;

3. узгоднены плян  - значыць, злачынствы супраць чалавечнасьці загадзя сплянаваныя, іх зьдзяйсьняюць невыпадкова;

4. матывы – іх мы ўжо пералічвалі: гэта перасьлед на падставе нацыянальных, палітычных, этнічных, расавых ці рэлігійных матываў.

Калі мы аналізуем, што перад намі – злачынства супраць чалавечнасьці ці агульнакрымінальнае злачынства, трэба вызначыць, ці гэтыя дзеяньні адбываюцца ў межах шырокамаштабнага або сыстэматычнага нападу. І такі напад зусім не абавязкова мае быць зьвязаны з вайной ці ўдзелам у ім дзяржавы. Ён мае зьдзяйсьняцца на любых грамадзянскіх асобаў.Юры Амбразевіч, прадстаўнік Беларусі ў ААН. Фота: © AFP 2021 / MARTIAL TREZZINI

ЦІ ПРЫЗНАЮЦЬ УЛАДЫ БЕЛАРУСІ ІСНАВАНЬНЕ “ЗЛАЧЫНСТВАЎ СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЧНАСЬЦІ”?

І так, і не.  Палажэньні аб злачынствах супраць чалавечнасьці яшчэ так-сяк імплемэнтаваныя ў беларускае нацыянальнае заканадаўства, хай і няпоўна, урывіста (законы Беларусі ня ўтрымліваюць галоўных кантэкстуальных прыкметаў злачынстваў супраць чалавечнасьці) – але гэтыя законы ў Беларусі ніколі не прымянялі. Хіба толькі згадвалі іх у прапагандысцкіх мэтах – калі казалі аб “генацыдзе беларускага народу” і аб сітуацыі зь мігрантамі на мяжы. Сьледчы камітэт РБ сьцьвярджаў, нібыта пачаў крымінальную справу супраць “пасадавых асобаў Латвіі і Польшчы” датычна міграцыйнага крызысу, але далей заяваў справа ня зрушылася.

ЦІ МЕЛІ ДЗЕЯНЬНІ ЎЛАДАЎ БЕЛАРУСІ АД ТРАЎНЯ-2020 ПРЫКМЕТЫ ЗЛАЧЫНСТВАЎ СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЧНАСЬЦІ

Давайце цяпер паспрабуем прааналізаваць, разам з аўтарам дасьледаваньня, ці можна назваць рэпрэсіі, якія ўчынілі ўлады Беларусі ў зьвязку з выбарчай кампаніі 2020 года, злачынствамі супраць чалавечнасьці. Ці можам мы карыстацца паняткамі міжнароднай юрысдыкцыі, каб асудзіць вінаватых у рэпрэсіях – або нам хопіць уласнага Крымінальнага кодэкса РБ?

Маштабнасьць

З геаграфічнага пункту гледжаньня, катаваньні, забойствы, сэксуалізаваны гвалт, гвалтоўныя зьнікненьні людзей былі ня толькі ў Менску, але і ў іншых гарадах Беларусі. Улады Беларусі таксама маюць намер пашырыць перасьлед геаграфічна і за межы краіны: абвяшчаюць нязгодных з рэжымам у міжнародны вышук.

Сыстэматычнасьць

Злачынныя дзеяньні палітычнага рэжыма Беларусі як і ў жніўні 2020 года, так і цяпер маюць арганізаваны характар, яны не выпадковыя, ня ёсьць эксцэсам выканаўцы (гэта не кіраўнікі РАУСаў і не асобныя сілавікі вырашылі прымяніць гвалт), ажыцьцяўляюцца паводле загадзя распрацаванага пляну і доўжацца дагэтуль.

Напад на грамадзянскіх асобаў (на мірных, а не на ўдзельнікаў узброенага канфлікту)

Гэтая прыкмета вельмі проста раскрываецца: на тэрыторыі Беларусі не было й няма ўзброенага канфлікту ці грамадзянскай вайны. А як жа сутыкненьні 9, 10, 11 жніўня? У пратэстоўцаў не было ніякай зброі, летальнай ці нелетальнай; мірны характар пратэстаў зафіксаваны ў дакладах міжнародных мэханізмаў.

Дзеяньні паводле пляну

Гвалтоўныя дзеяньні былі заплянаваныя загадзя. І ад пачатку, і цяпер вышэйшыя службовыя асобы ўзгадняюць рэпрэсіі паміж сабой і карэктуюць іх, каб караць нязгодных з рэжымам больш эфектыўна. Гэта пацьвярджаюць, напрыклад, перахопленыя тэлефонныя і іншыя перамовы дзяржаўных органаў. І рэалізацыя гэтага пляну далёкая ад завяршэньня: прадстаўнікі дзяржавы шукаюць кожную пэрсону, якая выказала нязгоду з палітыкай улады, удзельнічала ў мірных сходах, пакідала камэнтары аб прадстаўніках улады.  

Цяпер ацэнім маштаб злачынстваў колькасна.

 

Забойствы – мінімум 8 (паводле вэрыфікаваных зьвесткаў праваабаронцаў) выпадкаў спрычыненай сьмерці. І гэта – без уліку сьмерцяў палітычных зьняволеных у турмах.

Дэпартацыя ці гвалтоўнае перамяшчэньне насельніцтва: розныя крыніцы называюць да 500 000 грамадзянаў Беларусі, якія пакінулі сваю краіну праз палітыку ўладаў.

Заключэньне за краты: ад адвольных затрыманьняў і жорсткага пазбаўленьня фізычнай свабоды пацярпелі ня меней за 35 000 чалавек, а па стане на 10 лютага ў Беларусі было прызнана палітвязьнямі 1449 чалавек.

Катаваньні – відавочна, ад іх пацярпелі тысячы чалавек. Катаваньні пачыналіся ўжо ад моманту затрыманьня ў выглядзе нематываванага фізычнага гвалту разам з псыхалягічным гвалтам: пагрозамі забойствам, згвалтаваньнем, абразамі і прыніжэньнем. Катаваньні працягваліся ў месцах несвабоды, дзе паводле наўпроставага загаду кіраўніцтва для зьняволеных ствараліся бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня. Утрыманьне ў беларускай турме чыніць вялікую шкоду фізычнаму і псыхічнаму здароўю, а таксама спрычыньвае сьмерць.

Сёньня катаваньні адбываюцца таксама ў выглядзе ўтрыманьня інкамунікада – бяз сувязі з вонкавым сьветам, калі да вязьня ня можа прыйсьці адвакат, ён не атрымлівае лістоў і перадачаў, спатканьняў, а мы нічога ня ведаем пра іх стан здароўя.

Згвалтаваньні

Праваабаронцы задакумэнтавалі як найменей тры выпадкі сэксуальнага гвалту ў дачыненьні да затрыманых пасьля 9 жніўня 2020. 

Перасьлед паводле палітычных, расавых, нацыянальных, этнічных і іншых матываў

Фактычна ўсе злачынствы супраць чалавечнасьці беларускія ўлады робяць паводле матываў палітычнай варожасьці. Улады перасьледуюць усіх асобаў, якія непасрэдна ці ўскосна выступаюць супраць аўтарытарнай улады Беларусі.

Зьвярніце ўвагу на рысу, якая характарызуе беларускія ўлады: нават калі чалавек рэалізуе свае правы і свабоды ў адпаведасьці з законамі Беларусі – гэта таксама робіцца падставай для перасьледу. Людзі ставілі подпісы за кандыдатаў у прэзідэнты, зьбіралі гэтыя подпісы – цалкам паводле законаў; але надалей яны падпалі пад перасьлед: іх звальнялі з працы, ціснулі на іх псыхалягічна, і гэта – за рэалізацыю свайго права! Задакумэнтаваныя нават такія выпадкі, калі фота падпіснога аркуша з подпісам за Ціханоўскую было доказам у крымінальным працэсе.

Гвалтоўнае зьнікненьне людзей

Аўтар дасьледаваньня робіць выснову, што палітычныя зьнікненьні апанэнтаў улады ў 90-х гадах нельга разглядаць як злачынствы супраць чалавечнасьці, бо паміж тымі зьнікненьнямі і разгляданым пэрыядам існуе разрыў у 20 гадоў. Аднак, паводле ААН, ёсьць выпадкі гвалтоўнага зьнікненьня людзей і пасьля жніўня 2020 года. Гаворка пра людзей (у тым ліку - няпоўнагадовых), якія зьнікалі бязь зьвестак на некалькі дзён пасьля акцыяў пратэсту, а іх сваякі заставаліся без усялякай інфармацыі аб блізкіх.

З улікам пералічанага, а таксама на падставе высноваў, зробленых у дакладах Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН, аўтар дасьледваньня робіць высновы, што ад траўня 2020 года і па сёньняшні дзень улады Беларусі зьдзяйсьняюць злачынствы супраць чалавечнасьці.

Дасьледаваньне таксама падрабязна апісвае, якія ў сьвеце існуюць мэханізмы пакараньня вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасьці: ад вядомага ўсім Нюрнбэргскага трыбуналу да сучаснага Міжнароднага суду, а таксама мэханізм унівэрсальнай юрысдыкцыі, і якія з гэтых мэханізмаў маглі б быць выкарыстаныя для прыцягненьня да адказнасьці тых, хто сёньня чыніць рэпрэсіі ад імя беларускіх уладаў.

Цалкам дасьледаваньне знаходзіцца на сайце Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

See more news

Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
15 April 2024, 12:44 PM
Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
Беларуская прапаганда спрабуе ачарніць і крыміналізаваць грамадскі кантроль: у прыватнасці, назіранні за выбарамі і судамі. Разам з праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч разбіраемся, чаму гэта — не проста цалкам законнае права, але і абавязак жыхароў краіны.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
15 April 2024, 11:37 AM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
Савет па правах чалавека ААН сёлета 15 сакавіка апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
15 April 2024, 11:31 AM
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў.
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
15 April 2024, 11:13 AM
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou Дэвід Лега, Элізабэт Гётцэ, Лукас Мандл і Барбара Гізі сталі "хроснымі" Кацярыны Джыг, Таццяны Курылінай, Алега Завадскага і Юліі Лаптановіч.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці