Агляд «Вясны»: Ад «сутак» да прастрэленых каленяў: вынікі пераследу беларусаў за антываенную пазіцыю

20 January 2024, 2:10 PM
Агляд «Вясны»: Ад «сутак» да прастрэленых каленяў: вынікі пераследу беларусаў за антываенную пазіцыю

"Вясна" распавядае пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.

З пачаткам паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазіцыю: ладзяць маршы і пікеты, псуюць чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць рух расейскай ваеннай тэхнікі, падрываюць расейскія ваенныя самалёты, дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, ваююць на баку Украіны.

Па стане на 3 студзеня 2024 года ў Беларусі налічваецца 13 асуджаных за дыверсіі на чыгунцы агулам на 199,5 гадоў няволі. За перадачу фота і відэа расійскай ваеннай тэхнікі ў СМІ асуджаныя не меней за 35 асобаў, за намер ваяваць на баку Украіны асуджаныя 14 чалавек. Не меней за 40 асобаў зазналі пераслед за публічнае асуджэнне расійскай агрэсіі, данаты беларускім добраахвотнікам і падтрымку Украіны. За першыя паўтара месяца вайны ў Беларусі за антываенныя акцыі затрымалі больш за 1500 чалавек. У нашай краіне да гэтага часу пераследуюць за адкрытую падтрымку Украіны і падвяргаюць адміністрацыйнаму арышту. 

Агулам за праяву антываеннай пазіцыі затрымлівалі не меней за 1645 беларусаў і беларусак. З іх 82 асобы асуджана паводле крымінальных справаў на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.

vjasna_vaina_va_ukraine_pratest_facebook"Вайна ва Украіне". Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Затрыманні і катаванні за ўдзел у антываенных акцыях і адкрытую падтрымку Украіны

У Беларусі да гэтага часу пераследуюць за адкрытую падтрымку Украіны і падвяргаюць адміністрацыйнаму арышту: за публічныя лозунгі "Слава Украіне", за украінскі сцяжок на аватарцы ў сацсетках і нават за спевы гімна Украіны ў караоке. 

Андрэй Кудзік. Фота з FacebookБылы палітвязень Андрэй Кудзік

Так, былога палітвязня Андрэя Кудзіка 19 кастрычніка 2023 года арыштавалі на 15 сутак за віншаванне Украіны з днём Незалежнасці ў Tik Tok. Андрэя абвінавацілі ў тым, што 24 жніўня ён размясціў у сваім TikTok свае фотаздымкі з подпісам "З Днём Незалежнасці, Украіна". Гэта палічылі "несанкцыянаваным пікетаваннем".

У пачатку красавіка 2023 года ў Брэсце асудзілі мужчыну паводле арт. 24.23 КаАП, якога абвінавацілі ў тым, што ён, знаходзячыся ў мясцовым караоке-бары, праспяваў гімн Украіны, "чым публічна выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы". Віны сваёй ён не прызнаў і патлумачыў, што рабіў гэта насуперак мужчыну, які прасіў не спяваць украінскія песні.

Вядома, што незадаволены мужчына — грамадзянін РФ. Паводле яго сведчанняў, берасцеец прасіў яго з'ехаць з Беларусі і спяваў без мікрафона гімн Украіны, нягледзячы на шматлікія просьбы гэтага не рабіць. Яго прызналі вінаватым у "пікетаванні" і прызначылі 7 сутак арышту.


Фота ілюстрацыйнаеФотаздымак мае ілюстратыўны характар

У судзе Наваполацка 17 жніўня 2023 асудзілі мясцовага жыхара, якога затрымалі напярэдадні раніцай. Мужчыну абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні. Падставай для затрымання стаў апаблікаваны ў Instagram фотаздымак жыхара Наваполацка з адпачынку ў Грузіі, на якім ён стаіць на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны. Пры гэтым фота было апублікавана яшчэ 8 жніўня 2021 года, але міліцыянты заўважылі яго толькі праз два гады. 

У выніку мужчыну прызначылі 15 сутак арышту.

Але самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага 2022 года. За два дні ў Беларусі было затрымана больш за 1100 чалавек.

Удзельнікаў антываенных акцый пераследвалі за адзенне і сімволіку жоўта-блакітных колераў, за надпіс “Не вайне” на адзенні, за ўскладанне кветак каля Украінскай амбасады ў Мінску. Беларусы пратэставалі не толькі ў сталіцы, але ў большасці рэгіёнаў Беларусі.

Затрыманыя на акцыях падвяргаліся катаванням з боку сілавікоў. Пратэстоўцаў моцна збівалі ў РУУСах, адкуль некаторыя траплялі наўпрост у лякарні.

"Калі я ляжаў у лякарні, то мне знаёмыя скінулі спасылку на TikTok, дзе ролік са мной сабраў каля 60 тысяч праглядаў. Гэта сагрэла мне душу, і я спадзяваўся, што калі нейкая частка ўкраінцаў паглядзіць гэта відэа, то хоць трошкі зразумеюць, што сапраўдныя беларусы ніколі ў жыцці не запусцілі б у іх ракеты", - расказаў Павел, якога затрымалі на антываеннай акцыі, збілі ў РУУС і пасля адвезлі ў лякарню.

Вытрымка з інтэрв’ю былога арыштанта аб збіцці на антываеннай акцыі ў Мінску.

“У некаторы момант людзі пачалі крычаць "Пуцін ху*ло". Менавіта гэта, на думку хлопца, і стала прычынай жорсткіх затрыманняў сілавікамі. Да хлопца адразу падбеглі тры ці чатыры вайскоўцы, павалілі на зямлю і пачалі збіваць дубінкамі. Яму нанеслі 14 удараў, пяць з каторых былі па галаве. Пасля гэтага падбег амапавец і прытрымаў хлопца, пакуль чакаў сваіх калегаў. У выніку, некалькі сілавікоў за ногі і рукі пацягнулі хлопца ў аўтазак”.

Расповед жанчыны пра збіццё ў ізалятары на Акрэсціна пасля затрымання на акцыі супраць вайны.

«З ім (супрацоўнікам ізалятара Урублеўскім) канфлікт выйшаў з нагоды таго, што мы папрасілі туалетную паперу і адкрыць кармушку. У адказ пачулі "За что боролись на то и напоролись" і лаянку. Пачаўся канфлікт паміж намі і ім. У выніку, адну жанчыну адцягнуць я яшчэ паспела, бо зразумела хто ён. А другую Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну».

Мінімум 6 380 затрыманых: вынікі адміністрацыйнага пераследу беларусаў у 2022 годзе

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне ўлады пачалі актыўна пераследаваць беларусаў за антываенныя пратэсты. Па дадзеных праваабаронцаў, агулам за 2022 год было затрымана не менш за 6381 чалавек — гэта мінімум 17 чалавек у дзень.

Прастрэленыя калені і рэкордныя тэрміны зняволення “рэйкавым партызанам”

reikavyja-partyzany.jpg12 асуджаных "рэйкавых партызанаў" агулам на 191,5 гадоў няволі

Расія актыўна выкарыстоўвае са згоды Лукашэнкі тэрыторыю Беларусі дзеля вайны супраць Украіны. Шмат ваеннай тэхнікі перамяшчаецца па чыгуначных шляхах. Беларусы з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання выводзяць з ладу чыгуначнае абсталяванне, каб перашкодзіць руху тэхнікі.

Праз дыверсіі на чыгунцы ўлады ўнеслі спецыяльныя змены ў крымінальнае заканадаўства. Цяпер вышэйшая мера пакарання можа пагражаць не толькі за акт тэрарызму, але нават за замах на здзяйсненне акту тэрарызму.

На сёння вядома пра 13 асуджаных "рэйкавых партызанаў" агулам на 199,5 гадоў няволі.

Мінск

Рэзанансная справа Віталя Мельніка, якому пры затрыманні прастрэлілі каленныя суставы. 22 снежня мужчыну асудзілі на 13 гадоў пазбаўлення волі паводле пяці крымінальных артыкулаў, сярод якіх Акт тэрарызму. 40-гадоваму Віталю паставілі ў віну, што ён у сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады-Барысаў падпаліў рэлейную шафу святлафора аўтаматычнай блакіроўкі, чым вывеў са строю сістэму сігналізацыі чыгункі. Супрацьпраўныя дзеянні нібыта стварылі рэальную пагрозу цяжкіх наступстваў у выглядзе аварыі, пашкоджання рухомага складу, гібелі альбо траўмавання людзей.

Віталь з вёскі Мінскага раёна. У яго ёсць маленькае дзіця.

Светлагорск

Гомельскі абласны суд 27 снежня вынес прысуд траім мужчынам са Светлагорску па справе “рэйкавых партызан”, якіх абвінавацілі ў тэрарызме і здрадзе дзяржаве. Дзяніса Дзікуна асудзілі на 23 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітрыя Равіча – на 22 гады, Алега Малчанава – 21 год.

Пакуль гэта самы суровы прысуд за дыверсіі на  беларускай чыгунцы.

Мужчынам паставілі ў віну падпал рэлейнай шафы, інфармацыю аб чым яны нібы перадалі плану “Перамога” і BYPOL.


maksim-drabnica_1.jpgМаксім Драбніца

Гомельскі абласны суд дзясятага чэрвеня 2023 года вынес прысуд 22-гадоваму Максіму Драбніцу за ўступленне ў план "Перамога" і планы падарваць чыгунку ў Светлагорскім раёне. Хлопец прыехаў да чыгункі, дзе трапіў у засаду і быў затрыманы.

Максіму прысудзілі восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф памерам 3700 рублёў.

Стоўбцы

Сяргея Глебку затрымалі ў ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах. Паводле інфармацыі МУС, каб запаволіць рух цягнікоў, мужчына падпаліў бярвенні на чыгуначных шляхах. Супраць Глебкі ўзбудзілі крымінальную справу за акт тэрарызму (арт. 289 УК).

Пасля затрымання Сяргея збівалі – гэта бачна на пакаяльным відэа.

19 кастрычніка Мінскім гарадскім судзе Сяргею прызначылі 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў. 

Віцебск

Віцебскі абласны суд 16 верасня асудзіў палітзняволенага Сяргея Канавалава на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у некалькі артыкулах, у тым ліку ў тэрарызме (арт. 289 КК).

Сяргей Канавалаў – супрацоўнік Віцебскай чыгункі, якога абвінавацілі ў вывядзенні з ладу сістэмы, якая адказвае за бяспеку чыгункі.

Асіповічы

2 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗ затрымалі 43-гадовага мясцовага жыхара Аляксея Шышкаўца. Яго абвінавацілі ў тым, што Аляксей увайшоўшы ў склад BYPOL, атрымаў ад іх указанні па блакіроўцы чыгуначных шляхоў.

12 кастрычніка Магілёўскі абласны суд прызначыў палітвязню Аляксею Шышкаўцу 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Бабруйск

У ноч на 30 сакавіка затрымалі траіх жыхароў Бабруйска 27 і 28 гадоў, Яўгена Мінкевіча, Дзмітрыя Клімава, Уладзіміра Аўрамцава, якія, паводле інфармацыі МУС, мелі дачыненне да знішчэння дзвюх рэлейных шафаў сігнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання супраць Дзмітрыя Клімава сілавікі ўжылі зброю і прастрэлілі яму каленныя суставы. Пазней стала вядома, што мужчыны, якія не аказвалі супраціву, пасля затрымання былі мэтанакіравана расстраляныя ў каленныя суставы.

У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага вынеслі прысуд Дзмітрыю Клімаву, Уладзіміру Аўрамцаву і Яўгену Мінкевічу. Двум першым прызначылі па 22 гады калоніі, а апошняму — 1,5 года калоніі. Адзначаецца, што Мінкевіча вызвалілі ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год паводле Закона «Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства». З улікам часу знаходжання пад вартай пакаранне лічыцца адбытым.

Мазыр

10 сакавіка 2022 года стала вядома аб затрыманні палітзняволенных Сяргея Плешкуна і Юрыя Сельвіча.

Мазыранаў абвінавацілі паводле сямі крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў акце тэрарызма, экстрэмісцкай дзейнасці і распальванні сацыяльнай варожасці. У прыватнасці, Плешкуна абвінавацілі ў вырабе “кактэйляў Молатава” і падрыхтоўцы да пашкоджання транспартных сродкаў.

Гомельскі абласны суд 8 лютага асудзіў Сяргея Плешкуна на 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юрыя Сельвіча – на 14 гадоў.

Інфармацыйная вайна

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за перадачу інфармацыі аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі беларускія ўлады прцягнулі як мінімум 39 асобаў. Асуджана не меней за 35 чалавек.

Іншы від антываеннага супраціву  – так званая інфармацыйная вайна. Беларусы па ўсёй краіне фатаграфуюць калоны расійскай ваеннай тэхнікі і перадаюць інфармацыю ў праект маніторынгу ваеннай актыўнасці ”Беларускі Гаюн” або незалежным СМІ. Праз тое, што амаль усе недзяржаўныя медыя прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, то беларускія ўлады расцэньваюць перадачу ім дадзеных, як “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (арт. 361-4 КК), удзел у экстрэмісцкім фармаванні (арт. 361-1 КК) або нават “здрада дзяржаве” (арт. 356 КК). Усім тым, хто паведамляе аб перасоўванні расійскіх вайскоўцаў пагражае паводле арт. 361-4 ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі. За “здраду” – ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Маставы ДзмітрыйПалітзняволены Дзмітрый Маставы

Палітзняволенага праграміста Дзмітрыя Маставога затрымалі 26 лютага 2023 года пасля падрыву расейскага ваеннага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах. У прапагандысцкім фільме "Гаспар на сувязь не выйшаў", які выпусцілі неўзабаве пасля затрымання Дзмітрыя, распавялі, што Дзмітрый нібыта прапаноўваў "Беларускаму Гаюну" зліваць інфармацыю пра аэрадром Мачулішчы: ён наладзіў трансляцыю з камп’ютара, якая ішла два тыдні без перапынку.

У выніку Дзмітрыя абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 357 КК), "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК) і асудзілі на 10 гадоў калоніі.


aljaksandr-jaucikhau.jpgЗатрыманы трэнер па каратэ Аляксандр Яўціхаў

Так, 20 кастрычніка 2023 года стала вядома аб затрыманні ў Брэсце трэнера па каратэ Аляксандра Яўціхава за відэа з перасоўваннем ваеннай тэхнікі.

На "пакаяльным" відэа беларус расказаў, што працуе трэнерам па каратэ і яму прад'явілі абвінавачанне ў тым, што ён нібыта зняў на відэа ваенную тэхніку і выклаў яго ў "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал.


15 снежня 2022 года Брэсцкае дзяржсмі апублікавала відэаролік пра затрыманне былога вайскоўца Дзмітрыя Гуліна, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. Сілавікі называюць Дзмітрыя "агентам украінскіх спецслужбаў". Былы вайсковец нібыта паведамляў украінскім вайскоўцам аб размяшчэнні расійскіх частак на тэрыторыі Беларусі.


Былую настаўніцу Ірыну Абдукерыну 6 снежня асудзілі на чатыры гады калоніі паводле чатырох артыкулаў, сярод якіх арт. 361-1 (Удзел у экстрэмісцкім фармаванні) Крымінальнага кодэкса.

Палітзняволеная Ірына Абдукерына  — былая настаўніца англійскай мовы з Хойнікаў, якую затрымалі раніцай 5 красавіка 2022 г. на лецішчы. Падставай для затрымання стала нібыта тое, што Ірына запісала на тэлефон перамяшчэнне калоны расейскай вайсковай тэхнікі і пераслала запіс у тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн". 


Ваеннага эксперта, палітзняволенага Ягора Лебядка 23 снежня асудзілі паводле арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса на 5 гадоў калоніі за інтэрв’ю “Еўрарадыё” пра вайну ва Украіне.

Мужчыну затрымалі 13 ліпеня 2022. Згодна з матэрыяламі справы, Ягор “даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі".


Праграміста з Сеніцы Дзмітрыя Маставога затрымалі ў пачатку сакавіка 2023 года пасля дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах. У праўладным фільме на дзярж ТВ паведамлялася, што ён вёў стрым с аэрадрома для маніторынгавай групы "Беларускі Гаюн". Яго выкрылі і затрымалі падчас спробы забраць грошы з тайніка.

14 верасня 2023 года ў Брэсцім абласным судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць праграміста ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве) і ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. 

Дзмітрыя асудзілі на дзесяць гадоў калоніі.


Загадчыка гарадской аптэкі Дзмітрыя Макеева чацвёртага верасня 2023 года асудзілі па трох крымінальных артыкулах да шасці гадоў калоніі і штрафа 18500 рублёў за перадачу відэа расейскай ваеннай тэхнікі ў тэлеграм-канал, прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”, а таксама за данаты палку Каліноўскага.

vjasna_vaina_va_ukraine_represii_faceboo"Вайна ва Украіне". Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Пераслед за намер ваяваць за Украіну

З пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну многія беларусы ўступілі ў беларускі полк (раней батальён) імя Кастуся Каліноўскага. Сілавікі пачалі затрымліваць беларусаў за намер ваяваць на баку Украіны і спробы далучыцца да палка. Ім ставяць у віну замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы (арт. 14 і 361-3 КК) або найміцтва (арт. 133 КК).

На сённяшні момант вядома не меней за 14 асуджаных беларусаў за жаданне ваяваць на баку Украіны. Вось іх імёны: Аляксандр КулікоўСяргей ГрыбовічАндрэй Раптуновіч, Анатоль Міхайлаў, Андрэй Маслаў, Міхаіл Лістападаў, Яўген Карпаў, Сяргей Вайцюк, Аляксандр Айнутдзінаў, Кірыл Балахонаў, Павел Абозны, Ян Папковіч. Максім Стасюк, Васіль Якімаў

Расказваем пра некаторых з іх.

Аляксандр КулікоўПалітвязень Аляксандр Кулікоў

Палітвязня Аляксандра Кулікова затрымалі летам 2023 года па вяртанні з Польшчы. Ён мусіў з'ехаць за мяжу праз палітычны пераслед. Пазней сілавікі паабяцалі мужчыну ў выпадку вяртання не пазбаўляць волі. Але ў выніку Аляксандра асудзілі на тры гады калоніі за абразу і паклёп на Лукашэнку. 

6 снежня 2023 года на Аляксандра завялі новую крымінальную справу паводле трох артыкулаў: арт. 361-1, 361-3, 361-5 Крымінальнага кодэкса. А 12 снежня выйшаў прапагандысцкі фільм пра Кулікова, які распавявёў пра сваю спробу далучыцца да палка Кастуся Каліноўскага і пра праходжанне вайсковай падрыхтоўкі пад Кіевам. 

20 снежня 2023 года Аляксандра Кулікова асудзілі на 4,5 гады калоніі. 


37-гадовы айцішнік з Брэста Сяргей Вайцюк – адзін з першых, каго асудзілі за жаданне ваяваць на баку Украіны пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.

Згодна з версіяй абвінавачвання, Вайцюк "у красавіку 2022 года праз розныя інтэрнэт-рэсурсы высветліў парадак і магчымыя спосабы залічэння ва ўзброеныя фарміравання Украіны, а таксама звязаўся з іх прадстаўнікамі”.

24 красавіка мужчыну змясцілі пад варту па падазрэнні ў "найміцтве" па артыкулу 133 Крымінальнага кодэкса. Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі на крыху больш мяккае: замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса).

28 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе Сяргея Вайцюка асудзілі паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса на два з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Напрыканцы снежня дзяржаўны тэлеканал АНТ зняў рэпартаж пра затрыманых беларусаў, якія хацелі ваяваць на баку Украіны.


20-гадовага мастака Андрэя Раптуновіча асудзілі ў Мінску за жаданне далучыцца да палка імя Каліноўскага.

Андрэй — мастак, які выкладаў у цэнтры дадатковай адукацыі ў Мінску. Яго затрымалі 16 траўня 2022 года — на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае" відэа з ім, дзе ён кажа пра ўдзел у акцыях пратэсту і рэгістрацыю ў плане "Перамога" і боце батальёна.

14 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе Андрэя асудзілі на чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за намер ваяваць на баку Украіны (ч. 1 арт. 13 і арт. 361-3 КК) і за рэгістрацыю ў плане “Перамога” (ч. 3, арт. 361-1 КК).


46-гадовага Аляксандра Айнутдзінава затрымалі ў ліпені. Сярод іншага, яго абвінавацілі ў намеры ваяваць на баку Украіны.

У "пакаяльным" відэа мужчына распавядае пра тое, што 24 лютага, калі Расія распачала вайну ва Украіне, ён пачаў "чытаць розныя Telegram-каналы" і вырашыў далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага, каб абараняць Украіну. Для гэтага Аляксандр спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з Украінай, але быў затрыманы беларускімі памежнікамі.

16 лістапада ў Гомельскім абласным судзе Аляксандра асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-3 і ч. 1 арт. 317-2 Крымінальнага кодэкса на 2 гады і 1 месяц калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.


Былога інкасатара "Белгазпрамбанка" Яна Папковіча другога верасня 2022 года затрымалі затрымалі разам з жонкай перад іх ад’ездам у Польшчу. Яго паказвалі ў некалькіх сюжэтах БТ, дзе прадстаўлялі наймітам, які збіраўся ехаць на вайну ва Украіну.

16 траўня 2023 года ў Мінгарсудзе Яна Папковіча асудзілі паводле арт. 361-3 і арт. 342 Крымінальнага кодэкса на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму.

Ціск на каліноўцаў

Прызнанне "экстрэмісцкім фармаваннем", крымінальная справа і пагромы ў кватэрах.

Таксама ўлады актыўна пераследуюць тых, хто ўжо далучыўся да палка Каліноўскага. 23 верасня МУС прызнала аўдыторыю палка “экстрэмісцкім фармаваннем”.  А 11 кастрычніка Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць стваральнікаў і ўдзельнікаў палка Каліноўскага.

У 2022 годзе сілавікі прыдумалі новы спосаб ціску і запужвання тых нязгодных з уладай, хто знаходзіцца за мяжой – граміць кватэры. Сілавікі здымаюць відэа пагромаў, якія затым выкладваюць у сваіх тэлеграм-каналах. Спачатку яны здымаюць стан кватэры да вобшука, затым паказваюць яе стан пасля: раскіданыя рэчы і зламаная імі мэбля, выпатрашаныя шафы.

backa-kalinouca-paula-kukhty.jpgБацька прадстаўніка палка Каліноўскага Паўла Кухты. Фота: скрыншот з прапагандысцкага відэа

Так, у лістападзе 2023 года сілавікі прымусілі бацьку прадстаўніка палка Каліноўскага Паўла Кухты запісаць відэазварот да сына з просьбай вярнуцца ў Беларусь і "адсядзець столькі, колькі трэба".

Напрыканцы лістапада 2022 года сілавікі зладзілі вэрхал у кватэры прэс-сакратаркі палка Каліноўскага Крысціны “Чабор” і яе мужа. Таксама сілавікі разграмілі кватэру Наталлі Суславай, маці загінулага каліноўца Паўла “Волата”.

Сястра добраахвотніка батальёну імя Кастуся Каліноўскага Яна Мельнікава Вікторыя Навіцкая была затрымана напрыканцы траўня 2022 года. Пасля двух адміністрацыйных арыштаў працягласцю 26 сутак жанчына не выйшла на волю, а была перазатрымана па крымінальнай справе паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 13 кастрычніка 2022 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска палітзняволеную асудзілі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Мы не можам апублічваць усе прозвішчы, але таксама праваабаронцам вядома, што сілавікі перыядычна затрымліваюць і саджаюць на суткі сваякоў каліноўцаў.

Новыя метады пераследу ў 2022 годзе нязгодных з рэжымам Лукашэнкі

"Вясна" ўзгадвае, якія метады дзяржава пачала выкарыстоўваць у 2022 годзе ў барацьбе з палітычнымі нязгоднымі.

Затрыманні за антываенныя каментары і праяву салідарнасці з Украінай

danuta-peradnja.jpgСтудэнтка Данута Перадня, якую ў 2022 годзе асудзілі за антываенны рэпост на 6,5 гадоў калоніі

Напрыканцы снежня 2022 года стала вядома, што за антываенны надпіс на 68-гадовую Людмілу Коган з Брэста завялі крымінальную справу за апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці. Жанчына напісала “Жыве Беларусь” і “Не вайне” на прыпынку грамадскага транспарту ў Брэсце.

22 лютага 2023 года Маскоўскі суд Брэста асудзіў Людмілу на адзін год “хатняй хіміі” за апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці (арт. 341 КК). Да прысуда жанчыну ўтрымлівалі пад хатнім арыштам.


Па даносе з чат-рулеткі вядома аб затрыманні пяці беларусаў, якія выказаліся супраць вайны і ў падтрымку Украіны. Агулам за антываенныя інтэрнэт-каментары затрымалі 11 асобаў.


Спявачку Мэрыем Герасіменка затрымалі 4 жніўня 2022 года пасля канцэрту ў мінскім бары "Банкі-бутэлькі", дзе яна выконвала песню «Обійми» гурта «Океан Эльзи» ў падтрымку Украіны. Факт выканання песень на ўкраінскай мове абурыў прапагандыстаў. 20 студзеня 2023 года ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска Мэрыем асудзілі да трох гадоў “хатняй хіміі” за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).


За адмову абслугоўваць у краме расійскіх вайскоўцаў 20 лютага суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызначыў дырэктару крамы аўтазапчастак Віктару Макарэнку штраф у памеры 300 базавых велічыняў (11 100 беларускіх рублёў). Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 190 КК («парушэнне раўнапраўя грамадзян»).


З-за малітвы за воінаў і абаронцаў Украіны 5 студзеня 2023 года ГУБАЗіК затрымаў мінскага святара Дыянісія Карасталёва.


"Справа сцягоў"

У сярэдзіне верасня 2022 года сілавікі затрымалі пяць мінчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома ў Мінску. Супраць іх узбудзілі крымінальную справу за "злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў" паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса і змясцілі ўсіх пад варту ў жодзінскую турму. Але пераслед затрыманых на гэтым не спыніўся. Праз два тыдні пасля іх затрымання Міністэрства ўнутраных справаў прызнала "экстрэмісцкім фармаваннем" канал у дадатку Zello, праз які камунікавалі мінчукі пры арганізацыі акцыі. Затрыманыя – Дзяніс Варозаў, Вячаслаў Панцюшэнка, Вольга Церах, Уладзімір Лавор і Кацярына Зарэцкая.

Сярод інкрымінаваных артыкулаў няма "злоснага хуліганства", на падставе якога затрымалі і змясцілі пад варту палітвязняў. Цяпер пяць чалавек абвінавачваецца па больш цяжкіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1, 3 арт. 361-1 (стварэнне і ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні") і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Ім пагражае да 7 гадоў калоніі.

У Мінскім гарадскім судзе шостага красавіка 2023 года ўсім удзельнікам справы прысудзілі па пяць гадоў калоніі, а Уладзіміру Лавору чатыры гады і дзевяць месяцаў зняволення. 


"Мінчане віншуюць украінскі народ з цудоўнымі навінамі з Крымскага моста"

У пачатку кастрычніка 2022 гогда ў Мінску на апоры лініі электраперадач невядомыя вывесілі бел-чырвона-белы сцяг і сцяг Украіны.

У тэлеграм-канале Антона Матолькі на наступны дзень з'явіўся пост з фатаграфіяй сцяга і подпісам: "Мінчане віншуюць украінскі народ з цудоўнымі навінамі з Крымскага моста. Крым — це Україна! Жыве Беларусь! Слава Украіне!". Пазней супрацоўнікі міліцыі затрымалі шасцярых мінчан ва ўзросце ад 34 да 36 гадоў, якія нібыта гэта зрабілі: Ігара Цікача, Несцярэнку Юрыя, Цяпцеева Ігара, Савельева Уладзіміра, Грынько Віктара.

15 чэрвеня 2023 года ўсіх шасцярых палітвязняў асудзілі да пазбаўлення волі паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Вынік суда праваабронцам невядомы.


У канцы лютага 42-гадовы Аляксандр пералічыў каля дзвюх тысяч еўра для ўкраінскай арміі. Пасля гэтага яго забралі на размову ў КДБ, а потым абвясцілі падазраваным у фінансаванні тэрарызму. У дадатак арыштавалі кватэру, бізнэс, асабістыя рахункі і нават карту 10-гадовага сына з інваліднасцю.

Мужчына паспеў з'ехаць разам з сям'ёй. Але сілавікі ўзяліся за яго бацькоў: настойліва патрабуюць, каб яны ўгаварылі сына вярнуцца ў краіну — інакш пагражаюць 66-гадовай маці і 68 бацьку арыштам.


Студэнтку Дануту Перадню затрымалі 28 лютага 2022 года ў Магілёве. На дзяўчыну завялі крымінальную справу па арт. 361 КК (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). У віну ёй паставілі тое, што яна 27 лютага перапосціла ў адзін з магілёўскіх чатаў тэкст, у якім у рэзкай форме крытыкаваліся дзеянні Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па развязванні вайны ва Украіне. Таксама там утрымліваўся заклік да вулічных выступленняў і канстатавалася адсутнасць перспектыў у беларускай арміі ў выпадку яе прамога ўступлення ў вайну.

У выніку, 22 лістапада 2022 Магілёўскі абласны суд асудзіў 21-гадовую дзяўчыну за антываенны рэпост на шэсць з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму.


13 красавіка 2023 года ў Гомельскім абласным судзе электрыка гомельскай крамы "Green" Уладзіміра Якімца асудзілі на два гады калоніі за публічнае асуджэнне ў адным з чатаў расійскай ваеннай агрэсіі. 

Затрыманні за данаты беларусам, што ваююць на баку Украіны

Леанід РайчонакПраграміст Леанід Райчонак, асуджаны 17 кастрычніка 2023 года за данаты беларускім добраахвотнікам, што ваююць на баку Украіны, на шэсць гадоў калоніі

36-гадовага праграміста з Брэста Леаніда Райчонка 17 кастрычніка 2023 года асудзілі на шэсць гадоў калоніі за данаты беларускім дабраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны.

Згодна версіі абвінавачвання, ён летась пералічыў добраахвотнікам 400 даляраў на бронекамізэлькі. Другое ахвяраванне ён зрабіў на суму 150 даляраў на карысць "Prague Support Team" (аб'яднанне беларусаў Прагі, якія збіраюць данаты і на іх закупляюць абмундзіраванне, часам на зброевыя аксэсуары для беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны).


За пералічэнне грошай палку Каліноўскага 21 кастрычніка 2022 года затрымалі Анастасію Петрачэнка. На дзяўчыну завялі крымінальную справу і змясцілі ў СІЗА.

14 чэрвеня 2023 года ў Гомельскім абласным судзе Анастасію асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму. 


Уладзіслава Яцэнка 16 студзеня 2023 года асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён таксама данаціў на патрэбы каліноўцаў.

Дыверсія ў Мачулішчах

Затрыманне ў СенніцыЗатрыманне ў Сенніцы пасля дыверсіі ў Мачулішчах. Скрыншот з праўладнага фільма

На ваенным аэрадроме ў гарадскім пасёлку Мачулішчы пад Мінскам 26 лютага 2023 года прагучалі два выбухі. Пазней стала вядома, што быў падарваны і выведзены з ладу расійскі ваенны самалёт дальняй выведкі ДРЛВ-50, які знаходзіўся на гэтым аэрадроме. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.

Пасля здзяйснення дыверсіі па Беларусі прайшла хваля затрыманняў, якую сілавікі назвалі "зачысткай". Супрацоўнікі КДБ зладзілі масштабную аперацыю па выкрыццю так званых "дыверсантаў". У дамах дзясяткаў беларусаў ладзілі вобшукі, пасля чаго іх дапытвалі і затрымлівалі. Частку з іх пазней адпусцілі.

"Украінскі дыверсант", айцішнік, супрацоўнік аблвыканкама: на дзяржТВ распавялі пра гучныя затрыманні

Сярод затрыманых — "украінскі дыверсант" Мікалай Швец, друкар Алег Сычоў, айцішнік Дзмітрый Маставы, супрацоўнік Віцебскага аблвыканкама Андрэй Шмай і іншыя.

Пад пераслед патрапілі тыя, хто пераследаваўся па адміністрацыйных палітычных артыкулах з 2020 па 2023 год. Таксама былі масавыя затрыманні па прафесійнай прыкмеце: псіхатэрапеўтаў і рэканструктараў. Гэта звязана з тым, што два фігуранты справы, якія знаходзяцца за мяжой, па логіцы сілавікоў, маглі мець сувязі сярод знаёмых у Беларусі ў гэтых суполках.

На праўладным тэлеканале АНТ выйшаў фільм, у якім распавядалася пра некаторыя гучныя затрыманні.

Трэцяга сакавіка КДБ паведаміў,што па справе праходзіць каля 30 чалавек, супраць якіх узбудзілі крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 289 Крымінальныга кодэкса (акт тэрарызму, здзейснены арганізаванай групай). А затрымана больш за 20 чалавек. Фігурантам крымінальнай справы дыверсіі ў Мачулішчах можа пагражаць выключная мера пакарання ў выглядзе расстрэлу.

Пазней 10 чалавек, затрыманых на дзесяць сутак у СІЗА КДБ, адпусцілі. На сёння вядомыя прозвішчы 13 чалавек, якіх затрымлівалі па гэтай справе.

Галоўным фігурантым справы стаў затрыманы ўкраінец Мікалай Швец з пазыўным "Гаспар". Паводле дзяржСМІ, ён нібыта яшчэ ў снежні 2022 года атрымаў заданне на падрыў расейскага борта ад куратара са Службы бяспекі Украіны. 

Алег СычоўДрукар Алег Сычоў. Фота: скрыншот з праўладнага відэа

Чацвёртага сакавіка, ужо пасля дыверсіі і няўдалай спробы эвакуявацца з Беларусі, Швеца затрымалі сілавікі. Затрыманне адбывалася ў доме друкара Алега Сычова ў садовым таварыстве "Бярозавы Гай" у вёсцы Чарцяж (Бараўлянскі сельсавет). Сычова разам з жонкай Настай Пілько.

Дзявятага сакавіка затрымалі памочніка старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Дзмітрыя Шадко. 24 сакавіка яго вызвалілі.

Украінец з Чарнігава Андрэй Шмай, які працаваў рабочым у Віцебскім аблвыканкаме, быў затрыманы яшчэ 19 студзеня. З 2006 па 2013 год служыў на беларуска-украінскай мяжы. Яго абвінавачваюць у тым, што Андрэй нібы з верасня 2022 года рэгулярна адпраўляў інфармацыю “аб становішчы ў Беларусі” свайму брату, які служыць у войску ў Чарнігаве.

Цяпер мужчына ўтрымліваецца ў СІЗА КДБ па абвінавачванні па артыкуле 358-1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць).

Яшчэ адзін фігурант справы — беларус Вадзім Пацэнка. На кадрах допыту ён кажа, што яму нібыта паставілі задачу падарваць нафтабазу з дапамогай дрона і выбухоўкі. Яму інкрымінуюць ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму).

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

See more news

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 October 2024, 9:07 AM
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 September 2024, 3:12 PM
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 September 2024, 2:59 PM
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 September 2024, 2:30 PM
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці