Агляд «Вясны». У студзені па крымінальных палітычных справах судзілі мінімум 120 чалавек

15 February 2024, 4:04 PM
Агляд «Вясны». У студзені па крымінальных палітычных справах судзілі мінімум 120 чалавек

На працягу студзеня беларускія ўлады актыўна ўжывалі рэпрэсіі крымінальна-прававога характару ў дачыненні да грамадзян. У судовым парадку па палітычна матываваных крымінальных справах цягам месяца маглі быць асуджаныя каля 120 чалавек – з іх праваабаронцам сталі вядомыя 19 прысудаў. Гендэрныя суадносіны гэтай лічбы выглядаюць наступным чынам: мужчыны складаюць 93, жанчыны – 27. "Вясна" традыцыйна распавядае асаблівасці крымінальнага пераследу ў мінулым месяцы.

Судебное заседание по делу Валерия Цепкало. Фото: mlyn.byІлюстрацыйнае фота

Мінск і Гродна – лідары па палітычных судах

У рэгіянальным разрэзе прыблізная колькасць асуджаных размеркавалася ў студзені наступным чынам:

  • Мінск – 70;

  • Гродзенская вобласць – 16;

  • Гомельская вобласць – 14;

  • Брэсцкая вобласць – восем;

  • Мінская вобласць – шэсць;

  • Магілёўская вобласць-пяць;

  • Віцебская вобласць – адзін.

Таемныя суды

Праваабаронцы "Вясны" на працягу студзеня фіксавалі істотнае і паўсюднае абмежаванне галоснасці судовых разглядаў па палітычна матываваных крымінальных справах у частцы паведамлення грамадскасці звестак пра іх як такіх, часу і месцаў правядзення судовых слуханняў.

У раздзеле "Электроннае судаводства. Расклад судовых пасяджэнняў" на афіцыйным сайце Вярхоўнага суда не была загадзя размешчаная інфармацыя аб месцы правядзення ў судзе Заводскага раёна Мінска разгляду ў дачыненні да Веранікі Махнач, абвінавачанай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Інфармацыя пра месца была даступная ўжо пасля разгляду справы. Такая ж праблема мелася і ў выпадку судовага разбору ў дачыненні да Іллі Чудзіна, справа якога разглядалася па тым жа артыкуле ў судзе Першамайскага раёна Мінска.

Адсутнасць пазнакі месца судовага разбору суправаджала судовыя пасяджэнні ў дачыненні да Віктара Астапука, асуджанага на паўтара года хатняй хіміі і 100 базавых велічынь штрафу, і Максіма Гурыновіча ў судах Маскоўскага раёна Брэста і Івацэвіцкага раёна адпаведна, па справах аб абразе прадстаўніка ўлады. Першае судовае пасяджэнне ў судзе Заводскага раёна Мінска па справе Максіма Ганеста і Яўгена Парфёнчыка па "народным" і наркатычным артыкуле суправаджалася адсутнасцю пазнакі месца судовага разбору.

Адсутнічалі звесткі аб месцы разгляду справы ў дачыненні да палітвязня Вадзіма Гусева, які абвінавачваецца ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. У графе, прызначанай для ўказання месца разбору, стаяла толькі абрэвіятура – ВСП (выязное судовае пасяджэнне), гэта азначае, што супраць яго ўжылі рэпрэсіі на тэрыторыі папраўчай установы ў парушэнне стандарту галоснага і справядлівага судовага разбору.

Адсутнічала інфармацыя пра час пачатку пасяджэння 11 студзеня па справе Дзмітрыя Шаўчэнкі, асуджанага Гомельскім абласным судом на паўтара года пазбаўлення волі па артыкулах аб распальванні варожасці, стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім і абразе прэзідэнта. Таксама не публікавалася інфармацыя пра час пачатку судовых пасяджэнняў і месца іх правядзення ў дачыненні да Валерыя Самсоненкі, асуджанага да года пазбаўлення волі судом Светлагорскага раёна па артыкуле аб здзеку з дзяржаўных сімвалаў.

На працягу студзеня зафіксаваны шэраг выпадкаў апублікавання звестак аб пачатку разгляду палітычна матываваных справаў ужо пасля таго, як яны пачалі слухацца судовай інстанцыяй па факце. Гэта справы ў дачыненні:

  • Дзмітрыя Кузьмы, справу якога разглядаў суд Цэнтральнага раёна Мінска па "народным" артыкуле;

  • Аксаны і Віталя Каражан, іх справу разглядаў суд Савецкага раёна Мінска па тым жа, "народным" артыкуле;

  • Максіма Ганеста і Яўгена Парфенчыка, якія абвінавачваліся па "народным" і наркатычным артыкулах;

  • Аляксандры Саковіч ды Іллі Селязнёва, справы якіх разглядаў суд Маскоўскага раёна Мінска паводле "народнага" артыкула;

  • Аляксея Шкоды, Ігара Асечкіна і Таццяны Гідлеўскай, рэпрэсаваных судом Фрунзенскага раёна Менска паводле "народнага" артыкула;

  • Андрэя Пратасевіча, абвінавачанага па артыкуле аб абразе Лукашэнкі, яго справа разглядалася ў судзе Быхаўскага раёна;

  • Валерыя Самсоненка, асуджанага судом Светлагорскага раёна па артыкуле аб здзеку з дзяржаўных сімвалаў;

  • Аляксандра Скарахода, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве, справу працягне разглядаць Брэсцкі абласны суд у лютым;

  • Аляксандра Сігіневіча, які абвінавачваецца ў распальванні варожасці, паклёпе, пагрозе гвалту ў дачыненні да службовай асобы, абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, справу працягне разглядаць Гродзенскі абласны суд у лютым.

Суды на сем'ямі

На працягу студзеня праваабаронцы працягвалі фіксаваць рэпрэсіі ў дачыненні да цэлых сем'яў і груп сваякоў. Усё гэта суправаджаецца заявамі ўладаў аб пагаршэнні дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне, неабходнасці ўкаранення ў школах прадметаў, "накіраваных на абарону і развіццё традыцыйных сямейных каштоўнасцяў".

У студзені стала вядома пра пераслед па "народным" артыкуле:

  • Аляксандра і Дзіяны Пракапенкаў, а таксама Сяргея і Дар'і Касцюкевічаў, справы якіх разглядаў суд Фрунзенскага раёна Мінска;

  • Віталя і Аксаны Каражан, Максіма і Аляксея Казлоўскіх, іх справы разглядаў суд Савецкага раёна Мінска;

  • Аляксея і Вольгі Шарадоўскіх, якіх судзілі ў судзе Заводскага раёна Мінска.

Вынікі гэтых судовых разглядаў высвятляюцца.

Суды за данаты

На працягу студзеня зафіксаваны адзін выпадак асуджэння па артыкуле, які прадугледжвае адказнасць за "фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўку альбо падрыхтоўку асоб да такога ўдзелу" (ч. 2 арт. 361-3 КК). Галіну Краснянскую Мінскі гарадскі суд асудзіў да пяці гадоў пазбаўлення волі за добраахвотнае ахвяраванне на адрас згуртавання беларусаў пад назвай "Полк Кастуся Каліноўскага", якое бярэ ўдзел у баявых дзеяннях на баку Узброеных сіл Украіны супраць Расейскай Федэрацыі.

Варта адзначыць, што прыцягненне грамадзян па гэтым артыкуле ідзе па шляху вынясення абвінаваўчых прысудаў і пакаранняў усім, незалежна ад абставін крымінальнай справы і памеру даната, у выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі. Гэтая практыка сведчыць аб парушэнні прынцыпу індывідуалізацыі крымінальнай адказнасці.

Масавыя палітычныя справы

У студзені ў Ваўкавыску праходзіў разгляд групавой справы за актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Фігурантамі гэтай справы з'яўляюцца Вадзім Боўфал, Мікалай Распопаў, Павел Ажэхоўскі, Вацлаў Аніська, Валерый Хлодніцкі, Уладзімір Апановіч, Мікалай Ляпешка, Сяргей Зелянкоў, Максім Дзярнейка і Павел Плюшчэўскі. Вынікі гэтага судовага разбору высвятляюцца.

Разам з тым, варта вылучыць пэўную рэгіянальную спецыфіку. Цягам 2022-2023 гадоў органы ўнутраных спраў праводзілі ў невялікіх гарадах "рэйды, хапуны і зачысткі", мэтай якіх з'яўляліся рэпрэсіі ў дачыненні да тых, хто ўдзельнічаў у стыхійных мірных сходах у 2020 годзе ў гэтых рэгіёнах, быў актыўным у дваровых ініцыятывах і мясцовых чатах. Напрыклад, такога кшталту акцыі застрашвання ў Фаніпалі і Дзяржынску заканчваліся судовымі разглядамі, што ішлі на працягу ўсяго 2023 года, у дачыненні да кожнага затрыманага паасобку. Таму можна адзначыць, што ў Ваўкавыску практыка рэпрэсій пайшла па тым жа шляху разгляду вялікай групавой справы.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
15 April 2024, 12:44 PM
Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
Беларуская прапаганда спрабуе ачарніць і крыміналізаваць грамадскі кантроль: у прыватнасці, назіранні за выбарамі і судамі. Разам з праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч разбіраемся, чаму гэта — не проста цалкам законнае права, але і абавязак жыхароў краіны.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
15 April 2024, 11:37 AM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
Савет па правах чалавека ААН сёлета 15 сакавіка апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
15 April 2024, 11:31 AM
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў.
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
15 April 2024, 11:13 AM
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou Дэвід Лега, Элізабэт Гётцэ, Лукас Мандл і Барбара Гізі сталі "хроснымі" Кацярыны Джыг, Таццяны Курылінай, Алега Завадскага і Юліі Лаптановіч.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці