Агляд «Вясны»: За 2023 год у Беларусі асуджаны як мінімум 1603 чалавекі: вынікі крымінальнага пераследу

20 January 2024, 3:53 PM
Агляд «Вясны»: За 2023 год у Беларусі асуджаны як мінімум 1603 чалавекі: вынікі крымінальнага пераследу

Па стане на 15 студзеня ў Беларусі 1413 палітычных зняволеных. У нашай краіне працягваюць пераследваць і рэпрэсаваць беларусаў за адкрытае выказванне нязгоды з дзеяннямі ўладаў.

На працягу 2023 года "Вясна" фіксавала палітычныя крымінальныя справы, па якіх актыўна судзілі беларусаў. Больш за ўсё асуджаных зафіксавана ў Мінску — 57%. Прысуды выносілі за песні, развіццё нацыянальнай культуры, праяву антываеннай пазіцыі і дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій.

"Вясна" публікуе статыстыку, а таксама распавядае пра гучныя крымінальныя справы.

Агульная колькасць асуджаных

За мінулы год "Вясна" сабрала даныя як мінімум аб 1603 асуджаных па палітычных матывах. З іх 73% — мужчыны, 27% — жанчыны. 

Агульная колькасць гадоў пакарання

Сумарна паводле ўсіх відаў пакарання было вынесена прысудаў на 2996 гадоў. 

Віды пакаранняў

У 2023 годзе суды вынеслі наступныя прысуды:

  • 1935 гадоў пазбаўлення волі для 458 чалавек;

  • 854 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі") для 389 чалавек;

  • 106 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі") для 51 чалавека;

  • чатыры гады арышту для 18 чалавек;

  • прымусовае лячэнне для пяці чалавек;

  • адзін год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай для аднаго чалавека;

  • 2700 базавых велічыняў штрафа для сямі чалавек.

Геаграфія прысудаў па абласцях

Больш за ўсё асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах зафіксавана ў Мінску (57%). Сярод рэгіёнаў найбольшая колькасць асуджаных у Гомельскай (10%) і Берасцейскай (10%) вобласці.

Самыя распаўсюджаныя палітычныя крымінальныя артыкулы

Больш за ўсё беларусаў судзілі ў 2023 годзе паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) — 863 чалавекі. За "абразу прадстаўніка ўлады" (арт. 369) асудзілі як мінімум 187 чалавек. 324 чалавекі асудзілі за "абразу Лукашэнкі" (арт. 368), а за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130) — 162 чалавекі.

Гучныя крымінальныя справы

У 2023 годзе па палітычных справах актыўна судзілі беларусаў розных групаў і ўзростаў, незалежна ад прафесіі і сацыяльнага стану: праваабаронцаў і адвакатаў, музыкаў, айцішнікаў і менеджараў культуры. Выносілі прысуды за песні, развіццё нацыянальнай культуры, праяву антываеннай пазіцыі і дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій.

Ад 7 да 10 гадоў зняволення за праваабарончую дзейнасць. Справа "Вясны"

Уладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч. Калаж: svaboda.orgУладзімір Лабковіч, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч

Старшыню праваабарончага цэнтра "Вясна", лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня 2021 года. Разам з ім затрымалі намесніка старшыні Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча.

Усіх траіх праваабаронцаў абвінавацілі нібы ў кантрабандзе (ч. 4 арт. 228 КК) і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342 КК).

Правабаронцам паставілі ў віну аплату штрафаў за рэпрэсаваных беларусаў, выплаты ім кампенсацый, аплату працы адвакатаў і рахункаў за харчаванне падчас адбыцця адміністрацыйных арыштаў. Так, напрыклад, доказам віны праваабаронцаў па гэтаму складу стаў збор грашовых сродкаў у верасні 2020 году на аплату штрафаў для беларускіх жанчын спявачкай беларускага фальклору, якая жыве ў Польшчы, Настай Някрасавай.

"Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая", —  абураўся на судзе Алесь Бяляцкі.

3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска суддзя Марына Запаснік прызначыла Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу за іх легальную праваабарончую дзейнасць адпаведна 10, 9 і 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыма. Праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва, які вымушана пакінуў краіну, асудзілі завочна на 8 гадоў калоніі. Таксама ўсім праваабаронцам прызначылі буйныя штрафы і пастанавілі спагнаць суму памерам амаль 300 000 даляраў, якую яны нібыта "здабылі злачынным шляхам" праз "кантрабанду арганізаванай злачыннай групай".

"Распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізма". Культурніцкі менеджар Павел Белавус

Павел БелавусПавел Белавус

Павел Белавус вядомы актыўным прасоўваннем і пашырэннем беларускай нацыянальнай культуры. Ён заснаваў і кіраваў культурніцкай пляцоўкай "Арт Сядзіба", стварыў у Мінску краму нацыянальнай сімволікі Symbal.by, якая летам 2020 года стала адным з сімвалаў пратэсту беларусаў. Таксама ён быў адным з суарганізатараў святкавання 100-годдзя абвяшчэння БНР у 2018 годзе.

Паўла затрымалі 15 лістапада 2021 года. Спачатку яму тройчы прызначалі адміністрацыйны арышт (агулам на 35 сутак). А пасля завялі крымінальную справу. Першапачаткова Паўлу паставілі ў віну "ўдзел у пратэсных акцыях" (арт. 342 КК). Але пазней яму дадаткова прад’явілі больш жорсткія абвінавачванні: "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" (арт. 361-2), "здрада дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК) і "заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі" (ч. 3 арт. 361 КК).

Дзейнасць Паўла па развіцці нацыянальнай беларускай культуры абвінавачанне трактавала як спробу змяніць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам.

"Следствам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай змены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы".

11 траўня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе суддзя Жана Брысіна асудзіла Паўла на 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.  

Ад 7,5 да 9 гадоў зняволення за песні. Справа Tor Band  

torband1.jpegМузычны гурт Tor Band

Tor Band – музычны рок-гурт з Рагачова. Першы гурт, які беларускія ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".  У яго склад уваходзяць вакаліст і гітарыст Дзмітрый Галавач, бас-гітарыст Андрэй Ярэмчык і бубнач Яўген Бурло.

Музыкаў затрымалі разам 28 кастрычніка 2022 года. Спачатку ім некалькі разоў запар прызначалі адміністрацыйны арышт. Адзін з пратаколаў паводле арт. 19.11 КаАП на Дзмітрыя Галавача быў складзены за тое, што ён напісаў "экстрэмісцкую" песню "Родная Зямля" і выклаў яе ў інтэрнет. Таксама ў гітарыста канфіскавалі гітару. Падчас знаходжання музыкаў у няволі, сацсеткі і песні гурта заднім чыслом прызналі "экстрэмісцкімі" матэрыяламі.

Пасля завялі крымінальную справу і прад'явілі абвінавачванні паводле чатырох артыкулаў: у "распальванні сацыяльнай варожасці" (арт 130 КК), "стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім" (арт. 361 КК), у "дыскрэдытацыі Беларусі" (арт. 369-1 КК) і "абразе Лукашэнкі" (арт. 368 КК).

У зняволенні ў Яўгена Бурло здарыўся рэцыдыў захворвання – некроз тазабедранных суставаў. На судовае пасяджэнне бубнача прывязлі ўжо на мыліцах. Праз кепскі стан здароўя ён не змог устаць падчас абвяшчэння прысуду.

У Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў Дзмітрыя Галавача, Яўгена Бурло і Андрэя Ярэмчыка на 9, 8 і 7,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна.

10 гадоў калоніі за антываенную пазіцыю

Маставы ДзмітрыйМаставы Дзмітрый

Праграміста з Сеніцы Дзмітрыя Маставога затрымалі 26 лютага 2023 года па справе аб дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах.

Пазней на дзяржтэлебачанні выйшаў прапагандысцкі фільм "Гаспар на сувязь не выйшаў", у якім распавядалася, што Дзмітрый нібы прапаноўваў маніторынгавай ініцыятыве па адсочванні ваеннай тэхнікі "Беларускі Гаюн" дасылаць інфармацыю пра ваенны аэрадром у Мачулішчах. Мужчына два тыдні вёў відэатрансляцыю са свайго кампутара.

Дзмітрыя абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (арт. 356 КК) і "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4 КК).

14 верасня 2023 года ў Брэсцкім абласным судзе суддзя Вера Філонік асудзіла Дзмітрыя на 10 гадоў калоніі.

Зняволенне адваката за прафесійную дзейнасць

danilevich_90.jpegАляксандр Данілевіч

Адваката Аляксандра Данілевіча затрымалі 20 траўня 2022 года ў межах крымінальнай справы. Яго абвінавацілі ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4).

Паводле абвінавачання, Аляксандр нібы заклікаў да санкцый у дачыненні да беларускага спорту і займаўся "дыскрэдытацыяй айчынных прадпрыемстваў перад замежнымі партнёрамі". Таксама адвакату паставілі ў віну дачу інтэрв’ю інтэрнэт-рэсурсу "Трыбуна", які ўлады прызналі "экстрэмісцкім".

На судзе Аляксандр настойваў, што выконвае свае прафесійныя абавязкі. На судзе ён казаў:

"Я не згодны з тым, што тыя дзеянні, якія мной здзяйсняліся ў межах маёй адвакацкай дзейнасці, яны маюць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Тое, што напісана ў абвінавачанні, я лічу неабгрунтаваным. Там не пазначаны ані канкрэтныя тэрміны ў дзеяннях, тым больш не пазначаны факты накіравання мною якіх-небудзь матэрыялаў шляхам сеціва інтэрнэт, на што паказвае ч. 3 арт. 361 КК. Гэта істотны момант. Канкрэтна не пазначаны, калі казаць пра эпізод з "Yara", якія дакументы я рэдагаваў. Там шэсць дакументаў, і некаторыя нават не маглі быць рэдагаваны".

У выніку 10 красавіка 2023 года ў Мінгарсудзе суддзя Таццяна Фалькоўская асудзіла Аляксандра на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

10 гадоў калоніі па вяртанні з Польшчы

Аляксандра КаскоАляксандра Каско

Аляксандру Каско затрымалі 9 лютага 2023 года, калі тая вярнулася з Польшы ў Беларусь. Пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту нібы за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу.

Жанчыну абвінавацілі ў "здзяйсненні злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці" паводле 8 крымінальных артыкулаў. Сярод іншага, у стварэнні экстрэмісцкага фармавання і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці.

Згодна версіі абвінавачання, Каско "з'яўляючыся адміністратаркай некалькіх дэструктыўных Telegram-каналаў, прызнаных ва ўстаноўленым парадку экстрэмісцкімі фармаваннямі, і фактычна кіруючы імі, наўмысна стварала і размяшчала на названых рэсурсах публікацыі".

Аляксандру яшчэ да вынясення судовага рашэння дадалі ў “тэрарыстычны” і "экстрэмісцкі" спісы.

У Гродзенскім абласным судзе 19 снежня 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык асудзіў Аляксандру на 10 гадоў калоніі.

Асуджаныя журналіст і адвакатка

Юлія ЮргілевічЮлія Юргілевіч

Журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч затрымалі напрыканцы жніўня 2022 года па вяртанні ў Беларусь з Польшчы.

Ім паставілі ў віну "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна, групай асобаў па папярэдняй змове" (ч. 2 арт. 361-4 КК). Паўла і Юлію абвінавацілі ў перадачы інфармацыі тэлеканалу "Белсат", якія ўлады раней прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".

Згодна з матэрыяламі справы, Юлія Юргілевіч перадала Паўлу Мажэйку інфармацыю пра пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзі, сваё выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама даныя пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні да Алеся Пушкіна і прызначэнні яму пакарання. А Павел нібы перадаў гэтую інфармацыю для публікацыі ў "Белсат".

У Гродзенскім абласным судзе 26 ліпеня 2023 года суддзя Максім Філатаў прысудзіў Юліі і Паўлу па шэсць гадоў калоніі.

7 гадоў калоніі за напісанне праваабарончай справаздачы

Наста Лойка. Фота з архіва сяброўкі НастыНаста Лойка. Фота з архіва сяброўкі Насты

Праваабаронцу Насту Лойку затрымалі ў межах крымінальнай справы 28 кастрычніка 2022 года. Спачатку ёй некалькі разоў запар прызначалі адміністрацыйны арышт, пасля чаго завялі крымінальную справу за "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК).

Падставай для гэтага зрабіўся ўдзел праваабаронцы ў напісанні справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

У Мінскі гарадскім судзе 20 чэрвеня 2023 года суддзя Алена Шылько у закрытым рэжыме асудзіла Насту на сем гадоў калоніі.

12 гадоў калоніі за "адміністраванне трох тэлеграм-каналаў"

Яна ПінчукЯна Пінчук

Беларуску Яну Пінчук затрымалі ў Расіі першага лістапада 2021 года. Ёй паставілі ў віну пяць крымінальных артыкулаў: "стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарэстычнай дзейнасці або ўдзелу ёй" (ч. 1 арт. 290-4 КК), "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК), "заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі" (ч.3 арт. 361 КК), "стварэнне экстрэмісцкага фармавання" (ч. 1 арт. 361-1 КК), "навучанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках" (ч. 3 арт. 293 КК).

9 жніўня 2022 года Яну экстрадавалі з Расіі ў Беларусь, нягледзячы на забарону Камітэта па правах чалавека ААН.

Яне прад’явілі абвінавачванні, не прадугледжаныя пастановай аб выдачы. ч. 1 арт. 290-4 і ч. 3 арт. 293 КК РБ не згадваліся ў матэрыялах крымінальнай справы да выдачы і, як вынік, не разглядаліся падчас экстрадыцыйнай праверкі ў Расійскай Федэрацыі. Такім чынам, Беларусь парушыла ўласныя пісьмовыя гарантыі аб тым, што Яна не будзе прыцягнутая да крымінальнай адказнасці або падвергнутая пакаранню за ўчыненае ёю да выдачы злачынства, за якое яна не была выдадзена, і тым самым парушае патрабаванні Канвенцыі аб прававой дапамозе 1993 года.

Паводле матэрыялаў следства, "Пінчук больш за год займалася дыскрэдытацыяй афіцыйнай улады ў інтэрнэце і заклікамі да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту". Таксама паведамлялася, што Яна праходзіць па трох эпізодах, у тым ліку "прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы і кіраванне незаконным фармаваннем".  

Таксама абвінавачанне сцвярджала, што Яна з верасня 2020 года па лістапад 2021 года нібы адміністравала тры пратэсныя тэлеграм-каналы.

У Мінскім гарадскім судзе шостага чэрвеня 2023 года суддзя Любоў Сімахіна прызначыла Яне 12 гадоў калоніі.

8 гадоў калоніі кіраўніку ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі

babaryka_eduard.jpgЭдуард Бабарыка

Эдуардра Бабарыку затрымалі разам з бацькам 18 чэрвеня 2020 года, калі тыя адвозілі ў ЦВК здаваць сабраныя подпісы.

Ад моманту затрымання да агучвання прысуду Эдуарда ўтрымлівалі ў зняволенні рэкордны тэрмін – больш за тры гады.

Яму паставілі ў віну "пасобніцтва ў арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак" (п. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 КК), "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК), "ухіленне ад выплаты падаткаў" (ч.2 арт. 243 КК).

Таксама з Эдуарда знялі абвінавачванне, якое раней яму ставілі ў віну – легалізацыя ("адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).

У тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ да 14 снежня 2021 года, то бок паўтара года. Менавіта тады Эдуард стаў падазраваным па новай крымінальнай справе. Да гэтага яго ўтрымлівалі максімальныя 18 месяцаў паводле ч. 2 арт. 243 КК ("Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры").

У Мінскім абласным судзе пятага ліпеня 2023 года суддзя Уладзімір Арэшка асудзіў Эдуарда на восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэта на два гады менш, чым прасіў пракурор.

45,5 гадоў калоніі бабруйскім "рэйкавым партызанам"

Уладзімір Аўрамцаў, Яўген Мінкевіч, Дзмітрый КлімаўУладзімір Аўрамцаў, Яўген Мінкевіч, Дзмітрый Клімаў

У ноч на 30 сакавіка 2022 года затрымалі траіх жыхароў Бабруйска, Яўгена МінкевічаДзмітрыя КлімаваУладзіміра Аўрамцава, якія, паводле інфармацыі МУС, мелі дачыненне да знішчэння дзвюх рэлейных шафаў сігнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання супраць Дзмітрыя Клімава сілавікі ўжылі зброю і прастрэлілі яму каленныя суставы. Пазней стала вядома, што мужчыны, якія не аказвалі супраціву, пасля затрымання былі мэтанакіравана расстраляныя ў каленныя суставы.

У Магілёўскім абласным судзе 10 лютага 2023 года вынеслі прысуд Дзмітрыю Клімаву, Уладзіміру Аўрамцаву і Яўгену Мінкевічу. Суддзя Ігар Шведаў двум першым прызначыў па 22 гады калоніі, а апошняму — 1,5 года калоніі. Адзначаецца, што Мінкевіча вызвалілі ад пакарання часткова тэрмінам на адзін год паводле Закона "Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства".

Да 25 гадоў калоніі па "справе Гайдукевіча"

Фігуранты справы падчас абвяўчэння прысуду 21 чэрвеня 2023 годаФігуранты справы падчас абвяшчэння прысуду 21 чэрвеня 2023 года

Па гучнай справе аб нападзе на дом дэпутата Алега Гайдукевіча праходзіла 18 чалавек. З іх 15 знаходзілася пад вартай, а трох асудзілі завочна. Судовы працэс цягнуўся чатыры з паловай месяцы.

У абвінавачванні асноўную ролю адыграў экс-рэстаратар Вадзім Пракоп’еў, якому завочна прысудзілі 25 гадоў калонііва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Паводле версіі абвінавачвання, з 14 ліпеня 2020 года да 6 студзеня 2022 года на тэрыторыі Беларусі, Турцыі, Польшчы, Украіны і іншых дзяржаў была створана і дзейнічала арганізаваная злачынная група, асноўная мэта якой заключалася ў здзяйсненні нявызначанай колькасці злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Злачынствы павінны былі здзяйсняць радыкальна настроеныя да дзеючай улады асобы, сярод якіх былыя і дзеючыя вайскоўцы, супрацоўнікі праваахоўных органаў, перш за ўсё падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння, спартсмены рукапашнага бою, бізнесмены і іншыя, хто падзяляў погляды захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. У склад "злачыннай групы" ўвайшлі сам Пракоп'еў, Віталь, Анастасія, Уладзіслаў і Вольга Вайцяховічы, Сяргей Лісоўскі, Мікалай Рой, Уладзімір Савянкоў, Сяргей Сакалоў, Пётр Юркевіч, Ігар Чамякін і іншыя. Вадзіма Пракоп’ева абвінавачванне назвала арганізатарам групы.

Агулам іх асудзілі па 14 крымінальных артыкулах. Сярод іх "змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады" (ч.1 і ч. 2 Арт. 357 КК) "акт тэрарызму" (ч. 2 і ч. 3 арт. 289 КК), "гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў" (арт. 364 КК), "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім" (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1), "незаконныя дзеянні у дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў" (ч. 2, ч. 3 і 4 арт. 295 КК).

У Мінскім гарадскім судзе 21 чэрвеня 2023 года суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў 18 абвінавачваным ад двух да 25 гадоў зняволення.

Па 12 гадоў калоніі па "справе TUT.BY"

Людміла Чэкіна і Марына Золатава на судзе 17 сакавікаЛюдміла Чэкіна і Марына Золатава на судзе 17 сакавіка 2023 года

Былую галоўную рэдактарку найбуйнейшага незалежнага медыя TUT.BY Марыну Золатаву і былую генеральную дырэктарку Людмілу Чэкіну затрымалі 18 траўня 2021 года.

Іх абвінавацілі ў "распальванні іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК) і "заклікаў да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі" (ч. 3 арт. 361 КК).

Прапагандысты ў сваім "расследванні" пра працу TUT.BY, якое выйшла на дзяржтэлебачанні, выказалі меркаванне, што журналісты парталу "распальвалі сацыяльную варожасць", калі, у тым ліку публікавалі фота і відэа з апазіцыйных і  праўладных акцый пратэсту. 

У Мінскім гарадскім судзе 17 сакавіка 2023 года суддзя Валянціна Зянькевіч прызначыла Марыне і Людміле па 12 гадоў калоніі.

Ад 11 да 15 гадоў калоніі па "справе Рабочага Руху"

Суд па справеСуд па справе "Рабочага Руху"

Па справе праходзіла 10 чалавек. Затрыманыя – супрацоўнікі "Гродна Азот", "Беларускай чыгункі", "Нафтана" і іншых беларускіх прадпрыемстваў. Іх усіх затрымалі ў верасні 2021 года.

Удзельнікаў "Рабочага Руху" абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (арт. 356 КК), "стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ўдзеле ў ім" (арт. 361-1 КК), а таксама па іншых крымінальных артыкулах.

18 кастрычніка 2021 "Рабочы Рух" улады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".

Згодна з матэрыяламі справы ўдзельнікі "Рабочага руху", "ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб'ектаў гаспадарання пра спосабы абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама механізмах процідзеяння такім спосабам".

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 года суддзя Аляксандр Піскуноў прызначыў абвінавачваным ад 11 да 15 гадоў калоніі.

Па 10 гадоў калоніі экспертцы і паліталагіні

kuzina_kasciuhova1.jpgВалерыя Касцюгова і Таццяна Кузіна

Паліталагіню, рэдактарку "Беларускага штогодніка" Валерыю Касцюгову і сузаснавальніцу школы маладых менеджараў Sympa Таццяну Кузіну затрымалі ў чэрвені 2021 года.

Агулам ім паставілі ў віну "дапамаганне дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады" (ч. 1 арт. 357 КК), "заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі" (ч. 3 арт. 361 КК), "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (ч. 3 арт. 130 КК).

У Мінскім гарадскім судзе 17 сакавіка 2023 года суддзя Дзіна Кучук асудзіла Таццяну і Валерыю да 10 гадоў калоніі кожную.

Суровыя прысуды актывістам незалежных прафсаюзаў

Генадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў і Вацлаў АрэшкаГенадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў і Вацлаў Арэшка

Ранейшага кіраўніка незлежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, лідара аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіля Бераснева і актывіста прафсаюза РЭП Вацлава Арэшку затрымалі 19 красавіка 2022 года.

Ім паставілі ў віну "заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі" (арт. 361 КК), "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім" (арт. 361-1 КК)  і "распальванне іншай сацыяльнай варожасці" (арт. 130 КК).

У Мінскім гарадскім судзе пятага студзеня 2023 года суддзя Анастасія Папко прысудзіла Генадзю Фядынічу і Васілю Берасневу па дзевяць гадоў калоніі, а Вацлаву Арэшку – восем гадоў калоніі.   

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

See more news

Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
15 February 2024, 4:44 PM
Распавядае «Вясна»: Мінімум 65 чалавек судзяць за атрыманне «замежнай дапамогі» праз INeedHelpBY
"Вясна" распавядае пра вынікі пераследу беларусаў за прадукты для сем'яў палітзняволеных.
Запрашаем на канферэнцыю. Штрафны ізалятар, карцар, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?
15 February 2024, 4:41 PM
Запрашаем на канферэнцыю. Штрафны ізалятар, карцар, ПКТ: інструмент выпраўлення ці знявагі?
“Пакаранне ў зняволенні: інструмент выпраўлення ці знявагі? Міжнароднае і нацыянальнае права і практыка” – канферэнцыю на гэтую тэму праводзіць 20 лютага ў Вільні праваабарончая ўстанова “Лекары за праўду і справядлівасць”.
«Не будзе АБСЕ, ну дык што?» Хто будзе назіраць за выбарамі* ад місіі СНД
15 February 2024, 4:33 PM
«Не будзе АБСЕ, ну дык што?» Хто будзе назіраць за выбарамі* ад місіі СНД
Ужо на наступным тыдні пройдзе адзіны дзень галасавання, падчас якога прапануюць выбраць дэпутатаў у парламент і мясцовыя саветы.
Аналітычны агляд БХК. «Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка»
15 February 2024, 4:25 PM
Аналітычны агляд БХК. «Для парушэнняў правоў чалавека ствараецца законная рамка»
Беларускі Хельсінкскі Камітэт падрыхтаваў агляд найбольш значных зменаў у беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыях на яе з боку міжнароднай супольнасці. Аналітыка дапамагае лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, дае магчымасць адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, пашырыць правачалавечны фокус аналітыкі ў сумежных галінах.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці