Не «беларусы ў выгнанні», а «Беларусь у выгнанні». Якія парушэнні правоў чалавека вымушаюць стаць мігрантам

30 November 2022, 11:58 AM
Не «беларусы ў выгнанні», а «Беларусь у выгнанні». Якія парушэнні правоў чалавека вымушаюць стаць мігрантам

На пляцоўцы Прэс-клуба Беларусі прайшла анлайн-дыскусія "Беларусь у выгнанні: як абараніць правы чалавека", у якой прынялі ўдзел беларускія праваабаронцы, а таксама спецдакладчыца па сітуацыі з правамі чалавека Анаіс Марэн.

"Вясна" зрабіла канспект абмеркавання.

Адно з пытанняў дыскусіі — якія групы беларусаў у найбольшай ступені сутыкаюцца з парушэннямі правоў чалавека, што вымушае пакінуць Беларусь? Вось як на яго адказалі запрошаныя эксперты.


"Зачыстка іншадумцаў — падрыхтоўка глебы для будучых выбараў"

Спецдакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн нагадала пра прэзентаваны ёю ў ліпені 2022 года даклад для Генеральнай Асамблеі ААН. У дакладзе распавядаецца аб практыцы, палітыцы і заканадаўстве, якія вымусілі шматлікіх беларусаў пакінуць краіну: ператрусы, адвольныя затрыманні, пераслед па палітычных матывах, грубыя парушэнні пры затрыманні і судовым разглядзе…

"Парушэнні правоў чалавека працягваюцца і да сённяшняга дня. Гэта вядзе да фактычнай зачыстцы грамадзянскай супольнасці. Таму тытул нашай дыскусіі не "беларусы ў выгнанні", а "Беларусь у выгнанні". Атрымліваецца, што частка краіны знаходзіцца за мяжой", — адзначыла Анаіс Марэн.

У цэлым, усю сітуацыю парушэння правоў чалавека ў Беларусі можна абагульніць і звесці да адной тэмы — свабоды меркаванняў, лічыць спецдакладчыца:

"Калі аналізаваць палітыку і заканадаўства, якія прымяняюцца ў Беларусі, каб прымусіць людзей выбіраць паміж трыма варыянтамі — самацэнзура, сядзець у турме альбо бегчы — усё гэта паказвае, што на самай справе ідзе зачыстка іншадумцаў. І гэта ў тым ліку падрыхтоўка глебы для будучых выбараў. Бо людзі, якія крытыкавалі [уладу] і самаарганізоўваліся у 2020-м — і ёсць сутнасць грамадзянскай супольнасці. Таму вельмі сумна тое, што малюецца для будучыні Беларусі: гэтыя выдатныя людзі не ў Беларусі, каб будаваць будучыню сваёй краіны".

"Людзі выязджаюць і для таго, каб займацца сваёй прафесіяй"

Юрыстка-міжнародніца, экспэртка Беларускага Хельсінкскага камітэта Кацярына Дэйкала зрабіла фокус на парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да мэтавых груп:

"Вельмі выразны ўдар ідзе па прафесійных сектарах. Цэлыя прафесіі падвяргаюцца пераследу: незалежныя журналісты, акадэмічныя выкладчыкі, адвакаты (а таксама і сацыяльныя групы — студэнты). Выехаў практычна ўвесь незалежны экспертны пул. Такім чынам, асаблівая рыса гэтай хвалі эміграцыі — у тым, што ганенням падвяргаюцца цэлыя прафесійныя групы. Адыгрываюць ролю ўжо не твае актыўныя дзеянні [як прычына рэпрэсій — заўв.], а сам факт прыналежнасці да прафесіі вядзе да таго, што ты вымушаны з'язджаць.

Акрамя таго, што парушаюцца грамадзянска-палітычныя правы, важна таксама разумець, што ў сувязі з пераследам цэлых прафесій людзі выязджаюць і ў тым ліку для таго, каб займацца сваёй прафесіяй. А магчымасць займацца сваёй прафесіяй — гэта таксама вельмі важнае права чалавека", — адзначыла Кацярына Дзейкала.

Актывісткі і праваабаронцы: правы чалавека парушаліся ў дачынанні да кожнай

Юрыстка і дырэктарка праваабарончай арганізацыі "Lawtrend" Вольга Смалянка спаслалася на вынікі нядаўна праведзенага даследавання, дзе мэтавай групай былі актывісткі і праваабаронцы. Усяго ў апытанні прынялі ўдзел 83 жанчыны. І кожная з іх адзначыла, што ў Беларусі ў дачыненні да яе правы чалавека парушаліся.

"З 83-х жанчын 80 адзначылі, што ў дачыненні да іх парушаліся права на свабоду выказвання меркаванняў. 73 — права на справядлівае судовае разбіральніцтва. 75 — свабода сходаў. 72 — свабода асацыяцыяў, — пералічыла Вольга Смалянка. — Удумайцеся, якія гэта лічбы. Яны вялікія. І яны адлюстроўваюць сітуацыю ў Беларусі, праз што многія людзі вымушаныя былі з'ехаць — таму што ў дачыненні да іх парушаліся многія правы".

Вольга Смалянка таксама нагадала, што ў групе рызыкі знаходзяцца некамерцыйныя арганізацыі. Бо ў 2021 годзе ў Беларусі пачалася іх масавая ліквідацыя. І ў Беларусі на сённяшні момант ліквідавана альбо знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі 695 арганізацый.

"І трэба разумець, што за кожнай з гэтых арганізацый стаяць людзі. І калі ўлады ліквідуюць арганізацыі — то гэта распаўсюджваецца на людзей. І гэтыя людзі, якія былі актыўнымі ў Беларусі, якія праводзілі розныя мерапрыемствы (культурныя, экалагічныя), якія рабілі Беларусь лепшай, таксама вымушаныя былі з'ехаць. І гэта сапраўды страшна проста таму, што ў Беларусі застаецца менш людзей, якія могуць прыўносіць у краіну нешта інавацыйнае".

"Ад парушэння правоў чалавека — да злачынстваў супраць чалавечнасці"

Юрыст і намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў распавёў, як тэма "Беларусі ў выгнанні" бачыцца ўнутры медыя-сектара:

"Сітуацыя беспрэцэдэнтная: за апошнія два з паловай гады ў медыя-сектары практычна ўсе суб'екты (журналіты, фрылансеры, блогеры, рэдакцыі) сутыкаліся з рэпрэсіямі. Гэтым летам мы праводзілі маніторынг і апыталі 44 найбуйнейшых рэдакцыі — з іх усе былі падвергнутыя ў той ці іншай форме рэпрэсіям. Некаторым рэдакцыям удалося сабраць фул хауз: прызнанне экстрэмісцкім фарміраваннем, блакіроўкі сайтаў, забароны выхаду друкаваных версій — гэта значыць усе віды рэпрэсій былі складзеныя. Некаторыя рэдакцыі абмежаваліся адным-двума відамі. Гэта суровая статыстыка".

У размове аб парушэннях правоў чалавека падчас гэтых рэпрэсій Алег Агееў падзяліўся сваім бачаннем:

"Мы перайшлі тую стадыю, калі можам казаць толькі аб парушэннях правоў чалавека. У якасці прыкладу: мы на працягу паўтары гадоў дакументавалі парушэнні правоў журналістаў, і ў нас было апісана каля 150 кейсаў. Калі мы пачалі даваць прававую ацэнку, то з гэтых кейсаў 44 ўтрымлівалі прыкметы злачынства супраць чалавечнасці. Гэта значыць надышла наступная стадыя: калі ад парушэння грамадзянскіх або палітычных правоў ўлады ўжо перайшлі мяжу да адкрытага здзяйснення злачынстваў".

Па стане на люты 2022 года прыкладна траціна незалежных медыя Беларусі была цалкам рэлакаваная за межы краіны, траціна працавала ў змяшаным рэжыме, а яшчэ траціна рэдакцый цалкам знаходзілася ў Беларусі (гэта, як правіла, тычылася рэгіянальных СМІ) —такія назіранні Алег Агееў зрабіў пасля наведвання адной з сустрэч найбуйнейшых медыя Беларусі. Але, адзначае ён, з лютага сітуацыя яшчэ больш пагоршылася.


Удзельнікі анлайн-сустрэчы таксама далі парады аб тым, якія міжнародна-прававыя палажэнні могуць выкарыстоўваць беларускія вымушаныя мігранты, а таксама далі рэкамендацыі іншым дзяржавам, міжнароднай супольнасці і міжнародным арганізацыям аб тым, як ім выканаць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека ў дачыненні да вымушаных мігрантаў з Беларусі. Што тычыцца самой Беларусі, то спікеры сышліся ў меркаванні:

"Неабходна патрабаваць ад беларускіх уладаў захавання правоў чалавека".

Больш падрабязна пра гэта можна пачуць на відэа-версіі дыскусіі, якая будзе размешчана на youtube-канале Прэс-клуба Беларусі.

Матэрыял з сайту "Вясны"

See more news

Вакансія: Мэнэджэр накірунку "Абарона і падтрымка"
27 January 2023, 11:28 AM
Вакансія: Мэнэджэр накірунку "Абарона і падтрымка"
Мэнэджэр мае адказваць за планаванне, развіццё, агульную каардынацыю і рэалізацыю дзейнасці ў пазначаным накірунку, які ўключае некалькі больш вузкіх паднакірункаў.
Научный онлайн-семинар о выходе Беларуси из Факультативного протокола к Пакту о гражданских и политических правах
26 January 2023, 1:00 PM
Научный онлайн-семинар о выходе Беларуси из Факультативного протокола к Пакту о гражданских и политических правах
Центр Конституционализма и прав человека  в рамках цикла научных семинаров приглашает на первый научный семинар.
Новае відэа "Прававой ініцыятывы": "Права на жыццё"
24 January 2023, 11:58 AM
Новае відэа "Прававой ініцыятывы": "Права на жыццё"
Праваабарончая арганізацыя "Прававая ініцыятыва" запісала чарговы відэаролік, дзе папулярна тлумачыцца змест права на жыццё.
Руководство для иностранных граждан по организации работы в Литве Представляем вашему вниманию Руководство для иностранных гра
23 January 2023, 1:15 PM
Руководство для иностранных граждан по организации работы в Литве Представляем вашему вниманию Руководство для иностранных гра
Руководство подготовлено экспертами Института НПО Права (VšĮ „NVO teisės institutas) при поддержке Международного центра некоммерческого права (МЦНП).

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці